Стоп: мытня. Пасажыры аўтобуса суцішыліся, і неўзабаве прапаршчык- пагранічнік, паказаўшыся спераду, загадаў падрыхтаваць пашпарты для праверкі. Калі ласка. Працэдура знаёмая. Ён моўчкі разглядваў пашпарты, вяртаў іх уладальнікам, а загаварыў толькі, калі ў ягоных руках аказаўся пашпарт, які падаў яму Васіль Будзёнаўскі. Пагранічнік зверыў картку па пашпарце, зноў паглядзеў на яго, загадаў:
– Выходзьце. У вас чужы пашпарт.
– Як – чужы?!– не паверыў спярша Васіль Будзёнаўскі, а калі той апынуўся ў ягоных руках, усё зразумеў: гэта быў пашпарт жонкі. У адно імгненне ён ўявіў, як вяртаецца назад, пашкадаваў, што не сустрэнецца з Віктарам Ярасем, і не менш – што не прывязе комплексных угнаенняў. Кранты ўраджаю.
Тым не менш, настрой у Васіля Будзёнаўскага – ён і сам здзівіўся гэтаму –быў на належным узроўні, і ён, выйшаўшы з аўтобуса і не зважаючы на спачуванні пасажыраў, што свідравалі яго вачмі, трымаў жончын пашпарт на выцягнутай руцэ, не адрываў ад карткі позіркі і артыстычна прызнаваўся жонцы ў каханні:
– Бачыш, маё сэрцайка, як моцна я цябе кахаю! То што я табе раней гаварыў? Вось цяпер вер. Нават пашпарт твой узяў замест свайго... А чаму? Што, табе і гэта не цікава? Выбачай. Бо картка ў тваім пашпарце прыклеена. А я без цябе ні кроку! Хоць з самой, хоць з карткай, каханне маё! Да сустрэчы. І даруй, што вяртаюся без азотных, калійных і фосфарных угнаенняў.
Віктар Ярась займаў два сядзенні ў шыкоўным «Ікарусе»: на першым сядзеў сам, а на тое, што было бліжэй да акна, паставіў сумку. У сумцы была новая кніжка вершаў, выдадзеная на сродкі спонсараў, і гасцінцы ўнуку Васіля Будзёнаўскага Багданчыку, якога ён бачыў усяго адзін раз, але які яму нечым дужа падабаўся: кемлівы, жывенькі хлопчык. Мо таму яшчэ так хінуўся Віктар Ярась да Васілёвага ўнука, што ён і сам марыў пра такое шчасце, але гэтым пакуль пахваліцца не мог. У чым, пэўна ж, вінаваты і сам. Хоць шмат што залежыла і ад абставін... Але ж абставіны ствараў і ён сам. Як атрымалася, адным словам, так атрымалася. Прычына адна і банальная, чаму ў яго пакуль няма ўнучыка, пра якога марыў, з якім спадзяваўся размаляць толькі на беларускай мове—як Васіль з Багданчыкам на ўкраінскай: позна ажаніўся. Вучоба ва ўніверсітэце ў Мінску, потым, калі іх, групу шчырых студэнтаў, адлічылі быццам бы за яркае праяўленне нацыяналізму ( запатрабавалі, каб усе лекцыі чыталіся на роднай мове), з цяжкасцямі і не без дапамогі Максіма Танка ўладкаваўся ў Гомельскі ўніверсітэт, потым працаваў у раённай газеце, на тэлебачанні, пакуль, нарэшце, не знайшоў сябе ва ўніверсітэце. Пачаў выкладаць. Абараніўся. Пісаў вершы. Паэтычны набытак не багаты, хоць друкуецца шмат: кніжкі выходзяць рэдка, вельмі нават, бо , разважае Віктар – і справядліва!– каб працаваў дзе-небудзь бліжэй да выдавецтваў, а лепш у самім ім, то усё было б лацвей. А та-а-ак! Пшык справа. У апошні час ён нават не заходзіць у кнігарні, хоць раней любіў гэты занятак: пагартаць кніжкі, якія яшчэ пахнуць свежай фарбай, нешта набыць для хатняй бібліятэкі. А цяпер... толькі сабе нашкодзіць – сапсаваць настрой, завітаўшы ў кнігарню, і можна. У выдавецтваў у пашане адны і тыя ж паэты – і ў першую чаргу, абскакаўшы нават класікаў, самі выдаўцы. Завалілі кнігарні сваімі тамамі. Ні сумлення, ні... Што гэта яшчэ можа адсутнічаць у такіх людзей? А трасца яго ведае! Загрудкі б узяць ды трасянуць, як гэта ў вёсках мужчыны разбіраюцца, калі знойдзецца які разумнік і абдурыць іншага. Дык не возьмеш. І характар не такі, і рукі пэцкаць не хочацца. Хоць, калі так пойдзе далей, можа быць і нешта больш страшнае... Знойдуццца паэты, якія умеюць пісаць не толькі вершы... Знойдуцца... Усё гэта прарастае – хоць і кволым пакуль парасткам, але прарастае – адтуль, з няблізкай даўніны, калі людзі, не зважаючы на кроў, змагаліся за кавалак хлеба. Бо хацелі есць.
А калі не хацелі?
Іншы раз і Віктару Ярасю хацелася папярэдзіць такіх літаратурных нахабнікаў: бойцеся, сцеражыцеся! А потым, калі пачынала забывацца тая кніжная крама, заваленая тамамі саміх выдаўцоў, супакойваўся памалу, астываў... і заракаўся больш не рыфмаваць, але ненадоўга: не з тых людзей ён, каб не пісаць. Каб не пісаць?.. Някляеў усё ж паэт ад Бога – выдаў нядаўна: у нас няма прычын, каб не піць... А ў яго, у Віктара Ярася, была прычына, каб не пісаць... Толькі не пісаць ён ужо не мог. Нават і цяпер, седзячы ў аўтобусе , падбірае рыфму, мумкае нешта сабе пад нос, а на паперу запісвае: «На дне Дняпра – якіх дуброў дубы, якіх вякоў, што лісцем адшумелі? На бераг іх выцягваюць, нібы часоў знямелых і душу, і цела...»
Ад чаго ўжо адбрыкваецца дык адбрыкваецца Віктар Ярась – гэта ад сустрэч з чытачамі. Па-першае, тыя не самі яго клічуць, а звычайна бібліятэкі, і на сустрэчах збіраюцца аматары літаратуры, якія нават і не чулі раней яго прозвішча, не кажучы ўжо, што чыталі нешта. Сядзяць тады, у носе калупаюцца... Брыдка! Ну, а па-другое, цяпер час не той, каб бясплатна ездзіць, лічыць Віктар Ярась. Хопіць, мінуў час бясплатных выступаў. Яму нават не заўсёды ганарар высылаюць за публікацыі, а цяпер жа, па горадзе праехаць... грошы плаціць трэба. Бохан хлеба можна купіць. Ёсць і трэцяя прычына, па якой вядомы паэт цураецца сустрэч. Хто звычайна кліча? Бібліятэкары. А калі трэба было сабраць – прыдумаў жа нейкі д’ябал і такое! – тыраж на кніжку, тыя заказалі ўсяго пяць асобнікаў ягонага зборніка вершаў на вобласць. Вядома ж, зборнік не трапіў у выдавецкі план. Цяпер поўнае табу на выступы. Нават калі клічуць сябры- калегі. Ці, да прыкладу, акцёр драматычнага тэатра і яго даўні знаёмы Уладзіслаў Драбавікоў. Гэты дык чалавек увогуле цікавы. Паэт слабы, а са сцэны вершы быццам бы гучаць, людзі прымаюць. Звычайна ён сваю сустрэчу з чытачамі пачынае так: «Я, сябры, паэт пад даты...» Тыя глядзяць на яго павесялелымі вачамі: быццам і праўда кульнуў горкай ці чаго там, прыкметна. Малайчына, што прызнаецца. Шчыры чалавек. Свой. А ён тут жа іх супакойвае: «Пішу вершы пад даты... Да Новага года... Да Восьмага сакавіка.... Да Першамая... Да дня Перамогі...» Гэта выклікае ажыўленне ў зале. Кантакт са слухачамі знойдзены.
Незадоўга да гэтай паездкі ў Чарнігаў Віктар Ярась надрукаваў у часопісе «Маладосць» артыкул «Прэлюдыя да спрэчкі», якая нарабіла ляманту ў літаратурным асяродку. Ён асмеліўся скласці спіс са ста паэтаў, выстраіў іх па рангу, а такое не ўсім падабаецца. Многія палічылі, відаць, што павінны яны быць хоць і не першымі, дык бліжэй да гэтага, а ні ў якім выпадку не ўсярэдзіне, хоць і залатой, а тым больш у канцы. А што тады было казаць тым паэтам, якім і зусім не знайшлося месца ў той табліцы, якую нехта нават параўнаў з Перыядычнай сістэмай Мендзялеева, у якой, праўда, 105 элементаў і не без іроніі раіў Віктару Ярасю дабавіць яшчэ пяцёра паэтаў. Паэты заварушыліся! У газетах з’явіліся водгукі – больш злыя, калючыя. Нехта прапаноўваў нават Саюзу пісьменнікаў вырабіць бірачкі з нумарамі і абавязаць усіх жывых паэтаў і паэтак насіць паверх портак ці спадніцы на правым баку бірачку. Зайшоў той ( ці зайшла) у рэдакцыю літаратурнага выдання, а ў яго на бірачцы нумар ажно 85. «Ну вядома, слабак ці і зусім графаман, пайшоў прэч!»
І гэтак далей. Адзін ляп усё ж і сапраўды быў у артыкуле Віктара Ярася – ён назваў старэйшую паэтэсу, якая яшчэ жыве, у ліку памерлых. Таму напісаў ёй асабіста пісьмо , папрасіў прабачэння і пажадаў доўгага жыцця... А на астатняе маглі крыўдаваць ці не паэты і паэткі – гэтая іхняя справа. Віктар Ярась ганарыўся, што разварушыў хоць трохі літаратурнае жыццё ў краіне, якое ў апошні час набыло аморфнасць і нейкую закасцянеласць. Хопіць спаць у шапку. Па ранжыры – станавіся-я-я!
З прапановай да Васіля Будзёнаўскага скласці спіс са ста лепшых паэтаў Украіны, аналагічны ягонаму, Віктар Ярась і ехаў у Чарнігаў...
На мытні праблем не было. Паказаў пашпарт, што ў сумцы... Тое ж самае прарабіў і на ўкраінскай мытні. І раптам ёкнула ў Віктара Ярася сэрца: ці не Васіль Будзёнаўскі?! Ён, здаецца! Трымае на выцягнутай руцэ пашпарт і, ніяк, чытае вершы? Пакуль стаіць аўтобус, Віктар Ярась выслізнуў з яго, але папярэдзіў жанчыну, якая сядзела наперадзе, што ён хутка будзе, каб не ад’ехалі без яго.
Тая паабяцала выканаць просьбу.
Драматург і празаік Ягор Барханаў выехаў з Гомеля ў напрамку Чарнігава на гадзіну пазней, чым Віктар Ярась, але паколькі ехаў ён з суседам на ягоным легкавіку, той выбраўся да сваякоў і выпадкова прагаварыўся, то да беларускай мытні дабраліся амаль адначасова. Ягор Барханаў вёз п’есу ў тэатр, хоць і ведаў, што гэта дарэмная праца – ягоны твор ніхто там і не разгорне, не тое, што нехта возьмецца за чытанне. Але вёз. Калі напісалася п’еса, то яе ж трэба некуды падзець. І для шафы адзін экземпляр маецца, хвалявацца нечага. Хопіць для усіх. Не хапае толькі што пакуль для гледачоў... Хоць некалькі разоў п’есы Ягора Барханава прабіваліся на сцэну, і тады пра яго пісалі ў газетах, бралі інтэрв’ю для радыё і тэлеэкрана. «Добра пачынаеш,-- заўважыў адзін вядомы драматург. – Гэтага табе не даруюць...» Хто не даруе,чаму і навошта? Тады ён не задумваўся над гэтымі пытаннямі, а ўспомніць пра ўсё значна пазней...
І вось цяпер ён, дзівак, спадзяваўся чамусьці на суседзяў-украінцаў.
Якраз у той час, калі ён размаўляў з карткай, на якой была выява жонкі, Васіля Будзёнаўскага пазнаў малады чырвонашчокі і крыху куртаты мытнік:
– Ба, паэт! Я ж вас па тэліку бачыў! І не раз! Не памыляюся?
Васіль Будзёнаўскі пацвердзіў:
– Так, так. А вы ж, ніяк , на мытні робіце?
– І шчэ скажаце! Ну а дзе ж? Тут!
– А мяне не пускаюць.
– Куды?
– У Гомель. Раней...
– Няма таго што раньш было. У беларускай, здаецца, так песні спяваецца. І што здарылася?
– Пашпарты пераблытаў. Замест свайго жончын узяў. Яны ж аднолькавага колеру – сінія. Што, нельга жанчынам падабраць іншы было? А мне цяпер вось хоць стой, хоць падай... Ужо тут і ехаць засталося. Парай што, добры чалавек? А я табе па тэліку прывітанне перадам. Рукой памахаю. І прозвішча назаву.
Мытнік зарагатаў:
– Ой, не! Што-небудзь іншае, толькі не гэта. Цярпець не магу, калі у Якубовіча прывітанні шлюць. Дык чым жа вам дапамагчы? Паслухай, паэт: я еду у Чарнігаў, давай падкіну, а тады зноў , калі востра трэба, сядзеш на аўтобус... і ўсе праблемы. Га?
– Дай падумаць хвілінку,– папрасіў Васіль Будзёнаўскі.
– Падумай. Я-та вас ведаю, а на беларускай мытні затрымаюць.