– А калі ім пазваніць туды? – зацікавіўся Васіль Будзёнаўскі.
– Так не робім. Раз пазвоніш, два... і будзем гэтым займацца... будзем толькі што і ведаць, як адзін аднаму услужваць... А нам нельга. Навошта тады мытні рабілі? Служба такая, брат паэт. Нічога не паробіш.
Васіль Будзёнаўскі схаваў пашпарт нарэшце ў кішэню, сказаў гучна і хлёстка:
– А хрэн вас ведае, навошта і сапраўды парабілі гэтыя мытні? Ездзілі ж... І было нам усім добра. І было хораша. Дык не – парабілі! Гульня нейкая дарослых людзей. Ну няма ж граніц! Няма! На паперы толькі... А галоўныя ігракі тыя ж самыя, кажуць, вакол Гомеля і Чарнігава катэджы фугуюць – будзь ласкаў!..
Мытнік яго ужо не слухаў – махнуў рукой і патупаў да турнікету: там спыніўся чарговы аўтобус, і яму належала паглядзець, што вязуць пасажыры...
І ў гэты самы час Васіль Будзёнаўскі і Віктар Ярась сустрэліся позіркамі, доўга глядзелі адзін на аднаго і нічога не разумелі. «Хіба Віктар? Ды не, адкуль ён тут можа ўзяцца? Гэта ж яшчэ наша тэрыторыя...». «Васіль? Васіль, здаецца. Але, пачакай. Быццам падобны ён на сябе, быццам і не. Пацікаўлюся. Па галаве не ўдарыць». На ўсялякі выпадак Віктар Ярась крактануў, паўшэптам прамовіў:
– Васіль?
У адказ пачуў:
– Віктар?
Паэты пачалі камячыць адзін аднаго, бы дзеці. Смяяліся ад шчасця і тузаліся, тузаліся і смяяліся. Пасажыры, што дзівіліся на іх з аўтобусаў, якія ішлі з пункта «А» у пункт «Б» , і наадварот, глядзелі на гэтых мужчын і на тварах некаторых з іх свяціліся шчаслівыя ўсмешкі.
На гэтай мытні ў мінулым годзе крыху асарамаціўся Ягор Барханаў. Чарнігаўскай абласной пісьменніцкай арганізацыі споўнілася тады трыццаць год, і яго запрасілі на юбілей. Калі вяртаўся назад, то на аўтавакзале да яго звярнуўся хлапец у кепцы і з прарэхай у роце і папрасіў выручыць – правесці праз мытню чатыры бутэлькі віна. Усяго чатыры. Дробязі. Хіба цяжка? І калі яшчэ славянін не выручаў славяніна! Якраз у той самы момант Ягор Барханаў успомніў прыгожа выштукаваны паліраваны стол з фігурнымі ножкамі вішнёвага колеру, які стаяў у хаце дзеда Якава. Стол той меўся ў дзеда з трыццатых гадоў, калі на Украіне шалеў голад. Ён, пэўна ж, выратаваў ад смерці не адно жыццё. Бо дрэва есць толькі шашаль, а хлеб – людзі.
– Давайце ваша віно, – паглядзеў на хлапца Ягор Барханаў, і ўзяў з ягоных рук цяжкаваты цэлафонавы пакет.
– Вам жа ўсё роўна – адзін дыпламат. Думаю, не абцяжарыў...
– І я так думаю.
Але так не думаў супрацоўнік мытні. Калі толькі спыніўся аўтобус, у яго заглянуў вусаты дзядзька ў форме, і адразу яго твар зрабіўся строгім, а голас быў жорсткім і непадступным:
– А, гэта вы! Усе знаёмыя твары. Так, так, зразумела. Узяць рэчы – і праз залу!
Людзі доўга сноўдаліся ў пакоі, які, адчуў Ягор Барханаў, тым добра знаёмы, а потым паступіла каманда па адным з рэчамі заходзіць у іншы пакой – да вусатана мытніка. Аднак неўзабаве чарга парушылася, бо мытнік – той самы, што вымеў усіх з аўтобуса – прыдзіраўся, да чаго толькі можна было, некалькі чалавек зусім павярнуў назад, а людзі напіралі, напіралі, бо хто з нас любіць стаяць ў чарзе! Хоць у краме, хоць у аўтакасе... хоць дзе! Нават, здавалася, і там, дзе нічога добрага не абяцалася ім, усё роўна б лезлі, напіралі, абы толькі быць першымі...
Тых, у каго не было ніякіх рэчаў, адразу адпусцілі. У Ягора Барханава – віно ж, і хоць ён патраціў гадзіну на доглядзе рэчаў, быў задаволены, што ўлез у гэтую справу. Іначай як бы ён паўдзельнічаў у гэтай гульні, дзе з аднаго боку былі пасажыры, з іншага – вусаты мытнік. Трэба было бачыць. У думках пісьменнік дзякаваў хлапцу ў кепцы і з прарэхай у роце, што той падсунуў яму гэты цэлафанавы пакет. Вось ужо мытнік і паздзекваўся над пасажырамі! Як таго жадаў. Стараўся паказаць сваю эрудыцыю, але не зусім атрымлівалася. Высока задзіраў нос. Глядзеў на пасажыраў зняважліва, з пагардай, бы на людзей, нікуды не вартых... А людзі, а людзі гатовы былі лізаць яму, задаволенаму, відаць жа, жыццём і сваім становішчам, чаравікі... толькі б адчапіўся, толькі б не адабраў што-небудзь, а яшчэ горш—не павярнуў назад.
Калі Ягор Барханаў паставіў пакет з віном на стол, мытнік глянуў на яго, папытаў:
– Што?
– Чатыры бутэлькі віна.
– Пакажы мне таго чалавека, віно якога правозіш, дзядзька.
– Я магу правесці праз мяжу чатыры бутэлькі віна?
– Можаце і больш.
– Дык у чым справа?
– Пакажы мне таго, чыё віно!
– Быў на свяце пісьменніцкім, там далі – у падарунак,– схлусіў Ягор Барханаў, не міргнуўшы і вокам.
– Даставай.
Неўзабаве бутэлькі ляжалі на стале – паставіць іх было немагчыма, бо на кожную нацягнуты старэнькія, дзе-нідзе з дзіркамі, шкарпэткі. Каб не разбіліся ў дароге. Толькі цяпер Ягор Барханаў зразумеў, што... папаўся. Хто ж будзе прэзентаваць табе віно, абутае ў старыя шкарпэткі? Пашкадаваў пісьменніка і мытнік, а напаследак сказаў:
– Ідзіце, толькі больш не бярыце ні ў кога рэчы для перавозкі. Мая вам парада.