Прыхільнік нязвычнай думкі i верлібра, Янка Сіпакоў i ў новай кнізе застаецца верны сваім прынцыпам: філасофскае асэнсаванне з'явы, шматаспектнае ўспрыняцце прадмета служаць не паўтарэнню сутнасці i нават не сцвярджэнню яе, a заўсёднаму выпрабаванню i асэнсаванню яе вечнасцю, зменлівай працягненасцю жыцця.
Хочацца адзначыць толькі яшчэ больш узросшую ролю ў творах фантастычных канструкцый, наўмысна гіпертрафіраваных сітуацый, надзвычай напружаных i абвостраных кожнадзённых рэалій, што разам з філасофскай насычанасцю i імкненнем да сучаснага гучання як правіла прыносіць плён.
Зразумела, як усякая праца, кніга «Усміхніся мне» — толькі шлях да дасканаласці i завершанасці. Суцэльная кампазіцыйная будова кнігі, пэўная згрупаванасць вершаў, адзіная ідэйна-тэматычная задума дазваляюць выходзіць за межы асобнага верша, суседнія творы атрымліваюць магчымасць дапаўняць адзін аднаго, узаемадзейнічаць, нараджаць думку i пачуццё на сутыкненні, на ўзмежжы. Таму вялікае значэнне мае канкрэтны адбор вершаў у «міжсанетныя групы», а таксама далікатнае спалучэнне ўнутранага зместу санета з агульным зместам вершаў яго групы (другая задача, магчыма, паэтам i не ставілася, але такое імкненне ўзнікае ў працэсе чытання). З гэтага пункту гледжання кампазіцыйны адбор вершаў унутры многіх груп i некаторых груп цалкам не заўсёды верны i ўдалы. Так, напрыклад, не зусім упісваюцца ў агульную тканіну кнігі «Новыя балады» i вершы пра паэтаў, творы добрыя самі па сабе, але ўсё ж такі далёкія ад асноўнага зместу кнігі. Тлумачыцца ix прысутнасць сярод іншых твораў тым, што «Усміхніся мне» ўвабрала ў сябе, відаць, усе творы, напісаныя паэтам за апошнія гады. Таму, безумоўна, кола тэм i мае тэндэнцыю да непадпарадкаванасці i разнастайнасці.
Скончыць гаворку хацелася б некалькімі словамі пра назву кнігі. Сапраўды, добра, калі ў жыцці чалавека сярод напружанняў i трывог ёсць каму ўсміхнуца, пяшчотна i радасна. Пасля яго смерці чалавецтва бясшумна, як вада, насыціць вызваленую прастору. Але праб'ецца ў гэты сусвет, запоўнены людзьмі, слязьмі i смехам, настойлівы парастак, як абнаўленне, як другое кола жыцця, як сімвал яго працягненасці i бясконцасці. I калі новыя людзі пройдуць каля парастка, яны абавязкова яму ўсміхнуцца, бо ўсміхнуцца жыццю. I ў гэтым таксама будучыня.
З ЧАРАДЫ СУМНЕННЯЎ I РОСПАЧЫ
Няпроста ўсё ж пісаць пра кнігу Ренадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», хаця адначасова i цікава. Няпроста, бо «Гнязду для птушкі радасці» ўсяго годам раней папярэднічала «Пяшчота» — адна з лепшых кніг паэта, у якой былі сабраныя не толькі вершы пэўнага перыяду, аб'яднаныя чарговым уключэннем у выдавецкія планы, а вершы адной, свядома абранай тэмы — тэмы кахання, выяўленай адметна-лірычна i інтанацыйна-свежа, з падключэннем да пластыкі пачуццяў нечаканай думкі i разнастайных паэтычна-жыццёвых сітуацый: ці то досыць умоўных, ці то пераканаўча-рэальных.
Зразумела, што, разглядаючы новы зборнік паэта, немагчыма не параўноўваць яго з папярэднім, свядома альбо падсвядома шукаючы тое новае, што вылучае яго сярод іншых зборнікаў, i тое характэрнае, акрэсленае ў творчай манеры Генадзя Бураўкіна, што індывідуальна вылучае паэта сярод іншых творцаў. Але нават па ўзроўні не бывае ў пісьменніка дзвюх аднолькавых кніг, таму пры аналізе новага зборніка непазбежна спыняешся перад нялёгкай дылемай: прызнаць яго параўнальна далейшым у творчай эвалюцыі паэта ці (параўнальна) — дагматычна нерухомым, другасным. Безумоўна, вырашэнне такой дылемы зусім неабавязковае ў межах артыкула, але паколькі суб'ектыўна-псіхалагічна, па-за тэкстам яна так ці інакш вырашаецца, дык шмат у чым уплывае на грунтоўнасць i доказнасць аналізу, асабліва пры негатыўных высновах.
Адзначым адразу, што «Гняздо для птушкі радасці» ўключае ў сябе васемнаццаць вершаў пра каханне з «Пяшчоты», што сведчыць, з аднаго боку, аб цеснай блізкасці зборнікаў, дазваляе перанесці некаторыя характарыстыкі «Пяшчоты» на асобныя элементы новай кнігі, але, з другога боку, выклікае падазрэнні ў выпадковасці кампаноўкі кнігі i хаатычнасці яе структуры. Акрамя таго, некаторыя з гэтых вершаў ужо сталі песнямі, што падкрэслівае свядомую песеннасць i многіх вершаў новага зборніка, якая, зразумела, абумоўлівае асаблівасці ix кампазіцыі, рытмікі, інструментоўкі. Паколькі гэтыя вершы з «Пяшчоты» добра вядомыя чытачу (а некаторыя i слухачу), дастаткова разгледжаны ў крытычных працах,— засяроджваць на ix увагу немэтазгодна, таму ў пошуках ідэйна-тэматычнага ядра кнігі звернемся найперш да вершаў новых, крытычна непазначаных.
Пошукі ж гэтыя, хаця i не дэтэктыўныя, але зусім не такія простыя, як можа здацца на першы погляд. Нават на даўно абсвістанае i абсмяянае пытанне «пра што?» (ніжэйшы, напаўпрафесіны ўзровень крытычнага даследвання, на думку спецыялістаў) у адносінах да зборніка «Гняздо для птушкі радасці» спяшацца адказваць не будзем, хаця i возьмем пошукі гэтага адказу ледзь не за галоўную мэту, рызыкуючы раптам саграшыць прастатой i схематызмам.
Што заўсёды адзначалася ў паэзіі Генадзя Бураўкіна да «Пяшчоты»? Публіцыстычнасць яго вершаў i публіцыстычныя вершы. Бо публіцыстычнасць у шырокім сэнсе слова — гэта, безумоўна, не тэма, а ўласцівасць, гучанне вершаў самай рознай тэматыкі, інтымнай лірыкі нават. Але ў публіцыстычнасці як уласцівасці ёсць унутраная абавязковая ўласцівасць, згодна з якой публіцыстычны твор павінен распавядаць аб найбольш важным, самым галоўным, актуальным,— i таму зараз тэма вайны i міру — самая публіцыстычная, i ў такім жорстка скіраваным разуменні публіцыстычнасць — тэма.
Ёсць некалькі публіцыстычных вершаў i ў новым зборніку Генадзя Бураўкіна. У «Запісцы з палатачнага гарадка Грынэм-Коман», пабудаванай як разгорнутае пытанне «Каму гэта трэба?», аўтар на імгненне ўяўляе апакаліпсічны малюнак знішчэння, невядома каму патрэбнага i не патрэбнага нікому (ідэя верша), уяўляе зыходзячы не толькі з агульнага пратэсту ўсіх людзей планеты, але i з асабістага пратэсту, таму такія абгрунтавана мяккія, інтымныя фарбы вобразнага ўвасаблення ідэі:
У «Песеньцы англійскага салдата» нечакана прагучалі нязнаныя для беларускай літаратуры олдрыджаўскія ноткі; вайна ў разуменні салдата выяўлена блізка да традыцый англа-амерыканскай паэзіі XX стагоддзя, з характэрнай для яе вонкавай легкаважкасцю i глыбокім псіхалагічным падтэкстам.
Але акрамя гэтых двух твораў, верша «Дэвальвацыя» з заўважным маральна-этычным ухілам i няверна акцэнтаванага верша «Каля Бона зноў затворам кляцае...», публіцыстычных вершаў у вузкім значэнні гэтага слова мы ў зборніку не знойдзем, таму, відавочна, не яны складаюць ідэйна-тэматычнае ядро кнігі.
Не ўтвараюць гэтага структурнага ядра i вершы пра радзіму, пра лёс народа i лёс мовы; ix параўнальна няшмат, хоць некаторыя з ix самі па сабе ўспрымаюцца глыбока суадчувальна i балюча-праўдзіва: «Наша песня...», «Слова наша роднае...», «Я не ганю землі чужыя...».
Асобна вылучым вершы «літаратуразнаўчыя», творы пра творцаў i творчасць: «Амаль сур'ёзнае пасланне маладзейшым калегам», «Не думаючы надта пра вякі», «Бяздумных вершаў чараду...», «Я славы не малю...», «Заўвагі на старонках адной літаратурнай дыскусіі», «Лісток альбома з XIX стагоддзя». Роздум пра ўласнае месца ў паэзіі, асабістае творчае крэда, пратэст супраць абмяшчаньвання i абпасаджвання літаратуры, абгрунтаваная прыхільнасць да пэўнага віду паэзіі — вось асноўныя матывы гэтых вершаў. Аўтар падкрэслівае прафесіяналізм i дакладнасць «пазнавальна-зрокавай», аб'ектыўна-нейтральнай паэзіі, але сэрцам аддае перавагу паэзіі суб'ектыўна-пачуццёвай, з адкрыта выяўленай ідэяй-думкай, блізкай асабістым перажыванням кожнага чалавека:
Наяўнасць у зборніку самалітаратурнага аналізу — рыса характэрная, якая дазваляе нам лепш зразумець эстэтычную праграму паэта, але, зноў жа,— не вызначальная, не галоўная для кнігі.
А вось вершы «Дэвальвацыя», «Сябры, не адключайце тэлефон!..», «У звышсучаснай каламуці...», «Часамі нахлыне сумненне...» з узмоцненым маральна-этычным гучаннем, з імклівай пачуццёвасцю i пафасам найбольш цесна набліжаны да цэнтральнага кірунку зборніка, поўнасцю адпавядаюць аўтарскай задуме «Гнязда для птушкі радасці»: паказаць непаўторны, безабаронна-адкрыты, шматкаляровы, супярэчлівы, велічны свет пачуццяў чалавека i ў першую чаргу — свет пачуццяў, народжаных каханнем.
Падкрэсленая ўвага да экалогіі пачуццяў, экалогіі кахання чалавека яшчэ больш характэрная была для папярэдняй кнігі Генадзя Бураўкіна, «Гняздо для птушкі радасці» — водгук i свядомы працяг яе.
За будзённасцю i стэрэатыпнасцю ўзаемаадносін мы часам усцешана забываем, што каханне пры ўсёй сваёй зямной аснове i ўседапушчальнасці — цуд i талент незвычайныя, дадзеныя, як гэта ні парадаксальна, далёка не кожнаму (а хутчэй — не кожным узятыя). Каханне патрабуе пэўнага ўзроўню пачуццёвай арганізацыі, развітага ўяўлення i рашучасці не забіваць у сабе яго кволыя парасткі, не спрашчацца, баючыся сентыментальнасці i надуманасці. Менавіта супраць спрашчэння кахання, схематызацыі яго i звядзення да вядомага, раз i назаўсёды аднолькавага прымітыву змагаецца паэт:
Вершы Г. Бураўкіна пра каханне непадобна-разнастайныя па форме i зместу, па інтанацыі i філасофскім падыходзе; адлюстроўваючы шматлікія адценні пачуцця, аўтар шукае адметныя сітуацыі, псіхалагічныя ўзроўні, абурэнне i адчай змяняюцца пяшчотай i элементамі гульні, сур'ёзнасць суседнічае з жартам. Шмат чаго аўтар дасягае на гэтым шляху новымі, нечакана сканструяванымі падыходамі да звыклых, знівеліраваных уяўленняў i адносін, як, напрыклад, у вершы «Я ўсіх вас, закаханыя зямлі...», дзе лірычны герой небеспадстаўна ўяўляе сябе «братам па шчасцю» ўсіх закаханых зямлі i нахабным злодзеем, бо эгаістычна «схаваў» ад усіх, забраў толькі сабе самую прыгожую з дзяўчат на свеце. У глыбока інтымных вершах аўтар не саромеецца шчырасці i «грахоўнасці», але, адрынуўшы пурытанскі аскетызм у выяўленні, ён не ўпадае ў фрывольнасць, куртуазнасць апісальнасці i інтанацыі, яго лірычны герой дастаткова плоцевы i праўдападобна духоўны. Асабліва адбіліся частыя пераходы ад пяшчотнай мяккасці i жартаўлівасці да глыбокага чалавечага болю на інтанацыі вершаў; менавіта новая, свежая інтанацыя надае многім творам асаблівую пранікнёнасць i суадчувальнасць, індывідуальную каштоўнасць, як, напрыклад, вершу «Жанчын прыгожых трэба берагчы» з даўно знаёмай для паэзіі ідэяй, але асабіста прачутай i прыгожа выказанай аўтарам:
У многіх вершах пра каханне гучаць ноткі яшчэ адной дамінуючай мелодыі зборніка — восеньскай мелодыі незваротнасці i няўмольнасці часу, усёразбуральнага i абыякавага ў сваёй адвечнай хадзе. I невыпадкова мелодыя гэтая нараджаецца менавіта ў вершах кахання, якое сведчыла заўсёды пра маладосць i жыццёвую сілу чалавека i якое найперш пакутуе ад імклівасці i няспыннасці плыні жыцця. Мелодыя адыходзячага часу напоўнена лёгкім смуткам i роспаччу па незваротным:
Калі ўлічыць адзначаную вышэй прысутнасць у зборніку «Гняздо для птушкі радасці» яшчэ двух дзесяткаў вершаў з «Пяшчоты», галоўнай тэмай кнігі відавочна бачыцца тэма кахання i цесна звязаная з ёй тэма адналінейнай скіраванасці часу, крохкасці чалавечага жыцця, якое набывае таму асаблівую каштоўнасць i сэнс, дорыць узмоцненую асалоду пачуццяў i адчуванняў. Безумоўна, прысутнасць вершаў іншага плана ў нечым узбагачае тэматычную (і не толькі) палітру зборніка, больш рознабакова (хоць i не больш глыбока) выяўляе характар лірычнага героя.
Але найобльш прыдатны ключ для разумення аўтарскай задумы i яе ўвасаблення дае нам сам паэт у апошнім (i ці ні самым лепшым) вершы кнігі:
Верш гэты ўяўляецца восеньскім святам вобразнасці i інтанацыі, настолькі ён суадчувальна-просты i пранікнёна-лірычны — тут чалавечы боль i чалавечая радасць максімальна набліжаны паміж сабой, непарыўна пераплецены i злучаны ў чалавечым сэрцы — гняздзе для птушкі радасці, якое высакародна дае прытулак для ўласных i людскіх сумненняў i нягод. Менавіта ў гэтым i бачыцца найперш глыбокі змест i верша, i кнігі Генадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», i ўсяго чалавечага жыцця.
НА ТРАПЕЦЫІ
I ўсё ж паўстае пытанне: ці раўназначна імкненне верша быць суцэльнай метафарай імкненню паэта тварыць верш на суцэльных метафарах; тоесныя ці ў чымсьці супрацьлеглыя паняцці «верш-метафара» i «верш з метафарамі»? Метафары лучаць мастацкі твор у гарманічную еднасць альбо разбіваюць яго на асобныя асклепкі, ізаляваныя i адарваныя ад агульнага зместу?
Кніга паэзіі Валянціны Коўтун «Метраном» пацвердзіла наяўнасць такой няпростай альтэрнатывы i адлюстравала ўсю няпростасць, супярэчлівасць адказу на яе, выбару, шмат у чым абумоўленага, папершае, пачуццём меры аўтара ў кожным канкрэтным выпадку i ўвогуле, а па-другое, залежнага ад такіх, здавалася б, далёкіх метафарычнасці рэчаў, як паэтычны рэквізіт, лірычны этыкет, інтанацыя.
Безумоўна, зусім не ў гэтым галоўная вартасць i паэтычная сутнасць кнігі, безумоўна, аўтарка яе, Валянціна Коўтун,— прыхільніца ў паэзіі адметна метафарычнага стылю ў працы над кнігай з вобразамі Янкі Куналы i Цёткі, менш за ўсё адшурхоўвалася ад другасных i супярэчлівых пытанняў паэтыкі.
Але ж мы — паспрабуем адштурхнуцца. Бо змястоўнасць i абаяльнасць такіх вершаў, як «Аповесць гутаперчавага хлопчыка», «Мілы наш сучасны дрывасек...», «Майстры, майстры», надзвычай вялікая прыцягальнасць i ўнутраны энергетызм верша «Ты помніш, Эванс, Крыт?» (аднаго з самых раскаваных i глыбокіх вершаў паэтэсы) непасрэдна звязаны з метафарычнасцю стылю, з гарманічным выкарыстаннем гарманічных метафар, як i наадварот: ix няўдалае i празмернае выкарыстанне, несуладнае з асноўнай кампазіцыяй верша, абумовіла з'яўленне такога хаатычнага i няроўнага, разапнутага на шматлікіх паасобных метафарах твора, як «Балада чорнага золата».
Што ёсць, напрыклад, у невялікім вершы «Мілы наш сучасны дрывасек...» i чаго ў ім, на шчасце, няма?