— Я папрасіў яе сказаць, што Зэнусь зойдзе, што размо ва ў яго… Каб вы ведалі, каб не знячэўку… Яна паабяцала, а сама забегла і да Зэнуся, і да Казіміра, перадала ад вас, каб не прыходзілі. А Зэнусь зусім слабы, можа не сёння, дык заўтра… — Поп ступіў да дзвярэй. — Клікаць?
Нічыпару не хацелася бачыць нікога, а Зэнуся — менш за ўсіх. Як і Казіміра… Калі той сёння ўзнік на парозе, Нічыпар толькі здзівіўся, што ён яшчэ жывы. І ўсё.
Нікому ж не наказваў Нічыпар на парог не ступаць. Прыцягнуўся ж Казімір, хоць яго не клікалі. Дык што раптам за цырымоніі — папа паперадзе пасылаць?
— Бацюшка, а вы за што сядзелі? Поп прыстыў каля парогу.
— Што значыць: за што?
— Ну, за нешта ж вас пасадзілі былі…
— Ніхто мяне ні за што не садзіў. Скуль вы ўзялі?
— Людзі кажуць…
— Ці мала што кажуць… Вунь пра вас таксама…
— І вы не з каталікоў?
У папа барада кіўнулася — гэтак твар выцягнуўся. Ён адышоў ад дзвярэй, стаў пасярэдзіне хаты.
— Тактак… І што яшчэ?
— Наколкі на вас ёсць?
— Якія наколкі?
— Розныя. Якія зэкі робяць.
— Дык я ж не сядзеў.
— Тады пакажыце.
— Што паказаць?
— Што няма наколкаў.
— Распрануцца, ці што?
— Да пояса.
Поп, трохі падумаўшы і ўважліва паглядзеўшы на Нічыпара, зняў і паклаў на крэсла крыж, расу, сцягнуў чорны свэтар, потым белую кашулю…
— Крутніцеся, — папрасіў Нічыпар.
Поп крутнуўся… І на плячах, і на грудзях, і са спіны быў ён для мужыка ягоных гадоў вялаваты, падабвіслы, але ўвесь, як і кашуля ягоная, белы, чысты.
Нічыпар паспрабаваў успомніць, хто ж казаў яму пра наколкі?.. Пра тое, што поп сядзеў, што быў ксяндзом… Ці не Казімір? Альбо Зэнусь?.. Але не ўспамінаўся нех та адзін, неяк так выходзіла, быццам казалі ўсе…
Усе пра аднаго казалі адно і тое ж… Чаго няма. Вось і вер людзям.
— І вам не сорамна? — азябла пацепнуўся поп, бо ў хаце, як заўсёды, не было горача. Антаніна амаль не паліла, гуг нела: «Сярод тыдня памрэш, дык не згніеш, пакуль пры еду». — Хіба можна гэтак з людзьмі абыходзіцца?
Нічыпар зусім не засаромеўся праз тое, што гэтак абыйшоўся з папом, і ўсё ж сказаў для прыліку:
— Выбачайце… Я не думаў, што…
Ён хацеў сказаць: не думаў, што вы распранецеся, — бо насамрэч не чакаў такога, але поп, апранаючыся, перапыніў яго: