— Зэнусь з Казімірам.
— Дык не толькі яны… Усе… І яны…
Падсунуўшы крэсла бліжэй да Нічыпара, поп сеў.
— Ведаеце, мой бацька і дзед святарамі былі, дзеда саслалі… Пятнаццаць гадоў па лагерах, цудам выжыў. Калі вярнуўся, амаль нічога не распавядаў, толькі адну гісторыю. Іх па Енісеі на баржы да лагеру цягнулі, а ўжо чутка прайшла, што ў вусці Енісею, за Ігаркай, баржы топяць. Разам з тымі, хто на іх… Нехта не верыў: як гэта?.. А хтосьці да смерці рыхтаваўся: маліўся, спавядаўся… І адзін адкрыўся святару ў забойстве. І прызнаўся, што не раскайваецца, не шкадуе, што забіў. Усіх бы, сказаў, пазабіваў, бо лютую меў да ўсіх людзей нянавісць. Так сама і да Бога, які іх стварыў… Амаль жа ўсе астатнія казалі, што любяць Бога як і блізкіх сваіх… І вось калі баржа тануць пачала, выпадкова, бо яе ад буксіра адар вала і аб скалу прыбярэжную ўдарыла, дык людзі на тую скалу адзін па адным караскаліся. Па блізкіх сваіх. Па спінах, па галовах, адзін аднаго топчачы і скідваючы ў ваду. І святара, дзеда майго скінулі… Ніхто й не падумаў дапамагчы яму зратавацца, апроч аднаго чалавека. Таго, які прызнаўся ў забойстве і нянавісці да людзей. Паспавядаўся…
Поп гэтак жа ўважліва, як толькі што ў твар Зэнуся, угледзеўся ў твар Нічыпара. Нічыпар не адвёў вачэй:
— Вы да чаго гэта?.. Поп падняўся.
— Так, успомніў… Свечкі ў вас ёсць? Трэба было б свечку паставіць.
— За абразом на чыстай палавіне. Калі Антаніна дзверы туды не замкнула, яна замыкае…
Дзверы аказаліся незамкнёнымі, Антаніна сёння надта ў горад спяшалася…
— У вас гэтакі дом на пяць пакояў, а вы ўсё на кухні пры печы, — прайшоў на чыстую палавіну поп, падаўшы голас адтуль праз хвіліну: — Дык я і абраз здыму…
— Здымайце…
Пяць пакояў на пяцёх сыноў… Але не лёс…
— За ім яшчэ і паперына нейкая, — вярнуўся поп з абразом і свечкамі, аддаў паперыну Нічыпару, абраз паставіў на столік каля канапы ў галаве Зэнуся. — А свечку ў што?..
— Хіба не ў рукі?..
— У руках загасіць трэба будзе. Вы ўстанеце?..
— Устану. Мне ўсё адно на вядро ўставаць…
— Тады падаслаць бы нешта, каб не капала… — Поп пашнарыў вачыма ў куце, дзе рукамыйнік вісеў і вядро стаяла, шукаючы чысцейшы ручнік.
— У шафе на паліцы чысты… Антаніна купіла…
— Панакупляла… — дастаў поп ручнік, пасцяліў на грудзі Зэнуся, прыпадняўшы і спрытна абгарнуўшы яго ныя рукі. — А крыж Антаніна не купіла? Чамусьці няма на ім крыжа…
Нічыпар зняў з шыі алюмініевы крыжык на зашмальцаваным да чарнаты матузку.
— Можа, мой можна?..
— Можна, чаму не… Толькі матузок я адрэжу? Няхораша неяк…
— Адразайце…
Знайшоўшы на прыпечку нож, поп адрэзаў матузок, паклаў крыжык на ручнік, паставіў свечку.
— Вы толькі глядзіце, як дагараць будзе. — Ці ўсё ж патушыць, заўтра запалім?..
— Няхай гарыць. Я ўстану…
— Ну то глядзіце, як будзе дагараць… — паўтарыў поп і, выходзячы, усё ж не стаў развітвацца. — Бадай, я паз ней яшчэ зайдуся…
Пазней ён не зайшоўся.
На паперыне, знойдзенай папом за абразом разам са свечкамі, было напісана, што грамадзянін Янчэўскі Нічыпар Рыгоравіч, знаходзячыся ў здаровым розуме і пры цвёрдай памяці, па смерці сваёй пакідае дом і ўсё, што ў ім, грамадзянцы Любцэвіч Антаніне Аляксееўне… Папера была падпісаная Нічыпарам, а ніжэй красавала ся пячатка Крыўскага сельсавета з подпісам стыршыні: маўляў, як яно тут напісана, так яно і ёсць. Вось чаму Антаніна, для якой не аднойчы падпісваў Нічыпар чы стыя паперы: то ёй трэба заяву за яго напісаць, каб пенсію яму пералічылі, то заяву тую перапісаць, каб грошы яго ныя ёй на пошце аддалі, — не хацела, каб прыходзілі Зэ нусь з Казімірам, бо раптам Казіміра следам за Зэнусем вінаваціцца пацягне і ён прагаворыцца…
Антаніна таксама была з Крыўя, але бясхатняя: бацька яе, калі аўдавеў, хату прапіў і пад плотам згінуў. А такі ж некалі хвэцкі мужык быў, на гармоніку граў… Дачка ягоная на бухгалтарку ў Гародні вывучылася і вышла замуж за гарадскога… Той гарадскі абдзеціў яе, траіх настругаўшы, і кінуў разам з дзецьмі. Паўпіралася, па гарбела баба — дзвюх дзевак і хлопца падняць… Цяпер гады пад пенсію, дык чаго ў горадзе ўпірацца? Вось яна і прыйшла да Нічыпара, калі ён злёг. Давай, сказала, так: табе зараз — мой дагляд, мне пасля — твая хата. І хоць дагляду таго раз на тыдзень, але нібыта дамовіліся. А яна не паверыла на слова, дакумент падрабіла…