— Праўда… даўно… — даўка пракаўтнуў чмель, а ванд роўнік не ведаў, што рабіць з крывінкай: выціраць ці не?.. Паглядзеў на жонку чмяля, руплівую пчалу — тая зай малася ружай, ставіла яе ў вазу.
— Вытрыся, — сказала пчала чмялю. Той выцерся, паклаў каля сябе сунічнік і паглядзеў на ружу.
— Колькі і чаго кожнаму трэба?.. — спытаўся чмель не ў пчалы і не ў вандроўніка. І адказаў не ім. — Адно жыццё, адна смерць, адна кветка…
Вандроўніку стала ніякавата. Да сораму. Усё, што ён так і столькі прыдумляў, за што сябе хваліў, чмель раскусіў за імгненне, як ягаду. Таму вандроўнік сказаў тое, што не сказаў бы, калі б яму не стала ніякавата. Да сораму.
— Даруйце, што змусіў вас некалі мяне ўджаліць. Чмель павярнуў сівую галаву на высокай падушцы і ўтаропіўся ў сцяну. Доўга глядзеў у сцяну і маўчаў. Пакуль не выдыхнуў праз сілу, як выціснуў з сябе:
— Дзякуй.
Усё было сказана, больш між імі не было нічога… Вандроўнік прыпадняўся, каб пацалаваць чмяля і пайсці, але чмель спыніў яго, узяўшы за руку.
— Пачакай… я не ведаю…
Вандроўнік разгубіўся, бо таксама не ведаў. Толькі здагадваўся. І яму здавалася, што чмель ведае… Павінен ведаць.
— Пра што вы там? — занепакоілася пчала, і ў дзверы зазірнуў доктар, паклікаў яе, нечым заняў.
Вандроўнік глядзеў чмялю ў вочы, бачыў там смерць і не цяміў, што рабіць… Бог, які прывёў вандроўніка, падказаў: «Скажы яму, што смерці няма».
«Я іншым разам чую галасы, — стаў казаць вандроўнік тое, што падказваў Бог, — і ўчуў аднойчы голас дзеда:
«Прыязджай…» Я далёка быў і ехаў доўга, да таго ж мно га гадоў мы не бачыліся, а дзед спаткаў мяне ў падвор ку так, нібы я на хвіліну да суседзяў збегаў. Кіўнуў на дрывотню:
— Набяры бярэмя і паднясі ў лазню.
— Гэта калі было? — нечакана спытаў чмель, і вандроўнік адказаў, што зімой, і ён наскрозь прамерз, пакуль дабраўся.
Чмель сказаў: «Зараз лета…» Болей нічога ён не пытаўся, і вандроўнік, пачакаўшы, стаў казаць далей.
— У лазні я трохі папарыў дзеда, памыў, ён апрануўся ў белае сподняе — і мы селі ў сенцах. Дзед паклаў на лаву скібку сала, акраец хлеба, паставіў гарнец самагонкі, кілішкі… Калі я наліў, ён падняў кілішак і сказаў ціха, звычайна:
— Дзякуй, што прыехаў. Сёння ўночы я памру. Вандроўнік замаўчаў, спалохаўшыся прамоўленага, але ні чмель, ні Бог яго не спынілі. Чмель глядзеў і чакаў…
— Дзед, ты што! Мы сто разоў з табой яшчэ вып’ем! — пачаў я абдымаць і цалаваць дзеда, і ён сядзеў і ківаў: «Добра… добра…»
Ідучы ў хату, дзед прыпыніўся каля драбіны на гарышча. Сказаў: «Злазь. Там у куце пад самай страхой стаіць куфэрачак, вазьмі яго».
Я злазіў і ўзяў. Зялёны куфэрачак з пацёртым медным замочкам.
У хаце дзед адамкнуў куфэрачак і дастаў тое, што ў ім было. «Евангелле» і «Урок Закона Божага». Сказаў: «Па адной кнізе я вучыўся жыць, па другой жыў. Больш мне няма чаго табе пакінуць».
Куточак роту, з якога выкочвалася сунічная крывінка, торгнуўся ў чмяля, і вандроўнік зрабіў паўзу…
— Дзед хадзіў на вайну? — спытаў чмель.
— Так. Са Святым Пісаннем. Чмель зірнуў недаверліва.
— Не на вашу вайну, — сказаў вандроўнік. — На тую, якая была перад вашай.
Чмель кіўнуў.
— У хаце, апроч мяне і дзеда, дыхала шмат людзей: дзед склікаў усіх сваіх сыноў і дачок з іх дзецьмі, але не сказаў ім нашто. Яны думалі, што на дзень народзінаў, які павінен быў настаць заўтра, — і ўсе спалі на чыстай палавіне, позна ўжо было. Ложак дзеда стаяў на чорнай палавіне — каля печы, саганоў, карыта з паранкай…
Чмель слаба ўсміхнуўся:
— Выпіхвалі старога. Звычайная рэч…