— Без цябе і Насты?
— Пры чым тут Наста?
— Ты і з ёй, як са мной?
— Во… Ужо й рэўнасць… Цяжка з вамі, славянкі-лесбіянкі.
— Якая рэўнасць?.. Я не лесбіянка. У мяне мужык ёсць, хоць і няма. Проста цікава, як?
— Калі цікава, дык не так.
— А як?
— Іначай.
— Як іначай?
— Як лесбіянка дэмакратыі з лесбіянкай дыктатуры. Яны абедзве жывуць не сумна…
— А чаму ты…
Я не ведала: ці пытацца?..
— Што чаму?..
— Чаму ты ўвогуле гэтым займаешся?
— Чым гэтым?
— Гэтым… з жанчынамі?
— Бо не люблю мужыкоў.
— У цябе ж муж ёсць…
— Дык і што?.. Усё адно не люблю. З дзяцінства.
— І бацьку не любіла?
Спытаўшы, я адчула, як яна напружылася.
— Не любіла. Ён мяне не абараніў.
— Ад чаго?..
Вера павярнулася на спіну, кінула рукі ўздоўж цела, утаропілася ў столь…
— Ад таго, што са мной зрабілі…
Пра тое, што з ёй зрабілі, я магла б і не пытацца, бо ўжо ведала, што зрабілі з ёй тое самае, што і са мной, але я спытала:
— А што з табой зрабілі?..
Яна памаўчала. Відаць, думала: ці расказваць? Такое расказваюць ці некаму зусім выпадковаму, ці найблізкаму. Хоць якраз найблізкім казаць такое не варта, ім робіцца гідка. Такое распавядаюць толькі ці некаму зусім выпад коваму, ці толькі самім сабе.
Я не была выпадковай, я была пакліканай. Яна сама паклікала мяне праз вясёлкавыя пырскі фантана.
Праз пустату. Праз космас.