— Вера?..
На свеце ёсць толькі той, хто цябе пакліча.
Яна ўжо прайшла за фантан, і мы глядзелі адна на адну скрозь вясёлку, што ззяла ў сонечных пырсках. І відаць было, што вясёлка — падман.
Зіхоткая пустата.
Космас.
Яна сама паклікала мяне, дык што ж… Лёс…
Калі можна напотым адкласці жыццё, дык чаму нельга адкласці на потым смерць?..
Я адчыніла.
— Ты чаму голая? — спытала Вера, пераступіўшы па рог і раскінуўшы рукі для абдымкаў. У адной руцэ яна трымала сумку, у другой — пляшку. Феміністкі кветак не прыносяць.
— У ванну сабралася… Не ведала, што ты ў Менску.
— Толькі што прыехала. Можна распрануся, як ты?.. Яна была феміністкай з лесбійскім ухілам.
— Распранайся.
Голая Вера зусім такая, як я. Я ў люстэрку. Толькі радзімак на левым плячы на адну болей.
— А Наста дзе?.. Я амаль нелегальна, праз Маскву, у мяне віза толькі расейская. Дык каб Наста, калі што, прыкрыла.
Па што гэта яна да нас без візы кінулася?..
— Нікуды не падзелася твая Наста. Прыкрые. Наста вялікая прыкрывальшчыца.
Я пазнаёміла іх, бо Вера захацела ўзяць інтэрв’ю у кагонебудзь з улады…
Людзей цікавяць не людзі, а нелюдзі. Яны сышліся, зблізіліся.
Дзіўныя задумы твае, Госпадзі.
— А што тут такога? — здзівілася Вера, калі я спыта ла, як яна магла зблізіцца з чалавекам, які прыслужвае ўладзе. — Што яна робіць кепскага? Кар’еру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Не трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэння чаго заўгодна ча лавечага, пачынаючы з сям’і… Дарэчы, ты мяне з мужам дасюль не пазнаёміла.
— Няма ў мяне мужа.
— Няма дык няма. У мяне таксама няма, хоць і ёсць.
— Як гэта?..
— А то ты не ведаеш, як… Праўда што.
Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэа тра ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нель га, а не ёй; яна апусціла шкло і, не выходзячы з машыны, замовіла каву. Пасля ўсё ж выйшла, села да нас за столік, падняла, адстаўляючы мезенец, кубачак — і пазногці на ўсіх яе пальцах, у тым ліку на адстаўленым мезенцы, былі бездакорна адлакаваныя.
— Пра што шчабечам? Пра дыктатуру?
Шведская журналістка глядзела на служку беларускай дыктатуры, як зачараваная.
Каханне пераступае цераз усё. Таму я цераз яго пераступіла.
— Пра мужыкоў. Вера кажа, што ў яе мужыка няма.
— У яе ёсць, — не згадзілася Наста. — Гэта ў мяне няма, яна адбіла.