1923 год, сьнежань. Адрас: Кручэўская, 11, Гомель. Яшчэ адзін аптыміст, хаця ён уклаў ня грошы, а толькі самога сябе. Калі АРА была зьліквідаваная, Губсаюз ухапіўся за Мэйтланда, і цяпер ён дапамагае адбудоўваць Гомель. У Мэйтланда павінна быць флегматычная ўчэпістасьць кокні[93], якога ня выкурыць з акопу, альбо ён церпіць ад нейкага суму, і толькі пакутніцтва можа яго аблегчыць.
(Пазьней: ён выехаў — за мінусам таго, што ён прывёз.)
1923, сьнежань. Г’ю Рамсэй прывёз дахаты спадарыню Рамсэй з Гомелю. Ён не выходзіў на сувязь — верагодна, мае працу.
1925, кастрычнік. Ягоны паштовы адрас — Амэрыканскі легіён, Парыж. Рамсэй адзін зь нямногіх, хто вяртаўся ў Расею й наведаў Маскву, Гомель і іншыя месцы. Але гэта было летась.
1926, люты. Рамсэй піша:
«Я атрымаў бюлетэнь АРА й прачытаў ад дошкі да дошкі».
Мы любім атрымліваць такія лісты. Рамсэй займаецца рэклямай у Вашынгтоне.
1926, сьнежань. «1 кастрычніка я меў надзвычайнае задавальненьне — прынёс прысягу як прафэсійны віцэ-консул Злучаных Штатаў. Сустрэўся зь дзяржаўным сакратаром ЗША, абедаў разам зь сябрамі Асацыяцыі міністэрства замежных справаў і пачаў падрыхтоўчы курс у Дзярждэпартамэнце».
1929, люты. Працуе ў амэрыканскім кансулаце ў Штутгарце, Нямеччына.
1932, кастрычнік. Пасьля амаль трох гадоў у Цюрыху атрымаў прызначэньне на пасаду віцэ-консула ў Мюнхэне.
1965, травень. Працуе амэрыканскім консулам на Бэрмудах.
1923, сьнежань. Вось чалавек, які можа зарабіць на жыцьцё дзякуючы сваёй унівэрсытэцкай адукацыі. Ён гуляе ў прафэсійнай футбольнай камандзе й вельмі добра зарабляе. Цяпер пакутуе на пералом лучка[94].
1929, люты. Піша, што жыве ў Пітсбургу, штат Пэнсыльванія.
1923, лістапад. Ўілабі цяпер выдавец, раней спэцыялізаваўся ў газэтнай рэкляме. Ўілабі кажа, што ня хоча працаваць. Цяпер ён купіў газэту ў Луізіяне ці Місысыпі, ці ў нейкім іншым штаце, дзе ня надта ўлягаюць і пераймаюцца. Мяркуючы паводле велічыні места, працы будзе няшмат.
1925, кастрычнік. Выканаўчы рэдактар сеткі газэт у паўднёвым Місысыпі. Ад лістапада 1923 Ўілабі ў Гетысборгу й будзе заставацца там, «бо Місысыпі апярэдзіць эканамічна Флорыду да канца наступнага году».
1926, сьнежань. Прысьвячае вольны час выхаваньню расейскіх ваўкарэзаў, адзін зь якіх заваяваў тры прызы на выставе сабак у Новым Арлеане й на кірмашы ў Тэнэсі[95].
1927, кастрычнік. Чарлз Ўілабі, былы кіраўнік Менскай акругі АРА, памёр 20 чэрвеня ў шпіталі ў Новым Арлеане пасьля кароткай хваробы. Сп. Ўілабі працаваў 18 месяцаў у Маскве, Адэсе й Самары перад тым, як узначаліць працу ў Менску. Яму было 43 гады. У сп. Ўілабі было шырокае кола знаёмых сярод пэрсаналу АРА, і яны глыбока засмучаныя весткай пра ягоную сьмерць. Пахаваньне праходзіла ў родным месьце Ўілабі Джоўзьвілі.
…Ліст прыйшоў электроннай поштай на маё імя ў Гувэраўскім інстытуце — і прозьвішча ў зваротным адрасе належала супрацоўніку Менскай акругі АРА: Шрэмэл. Толькі ініцыялы розьніліся: таго Шрэмэла, які працаваў у Беларусі, звалі Джордж. У электронным адрасе першая літара была R:
Шаноўны сэр!
Мяне завуць Робэрт Шрэмэл, я першы сын Гордана Шрэмэла. Ён папрасіў напісаць вам у справе вашага ліста, дзе вы цікавіліся гісторыяй маіх дзеда й бабулі. Мой бацька прасіў перадаць, што ён і ягоны брат Доналд гатовыя дапамагчы вам чым толькі можна. Яны вельмі цікавяцца, якую інфармацыю вы маеце пра час, калі іхныя бацькі працавалі ў Менску.
…Джордж Шрэмэл працаваў у Менску ад студзеня да жніўня 1922. З архіўных дакумэнтаў я ведаў, што ўвосень ён захварэў і выехаў лекавацца ў Бэрлін. У Беларусі засталася спадарыня Шрэмэл — менская дзяўчына, зь якой сакратар акругі зарэгістраваў шлюб. Бюлетэнь АРА зьмяшчаў даволі шмат зьвестак пра Джорджа Шрэмэла.
1923, сьнежань. Амэрыканская амбасада ў Парыжы паслала Шрэмэла ў якасьці аташэ пры спэцыяльнай місіі Злучаных Штатаў у Лязане на мірнай канфэрэнцыі па Блізкім Ўсходзе. Ён працаваў зь місіяй тры месяцы, яшчэ тры месяцы езьдзіў па Нямеччыне й вярнуўся дахаты.
1925, ліпень. Шчасьліва жыве ў Мілўокі як галіновы аўдытар вытворчасьці, якая робіць Мілўокі знакамітым (бровары). Спадарыня Шрэмэл, якую многія памятаюць з працы АРА ў Менску, таксама шчасьліва жыве ў Мілўокі.
1929, люты. «Я па-ранейшаму бугальтар у кампаніі напояў, як і пяць папярэдніх гадоў. У мяне яшчэ адзін сын, Гордан, і многія ведалі ягоную маці, якая паходзіць зь Менску. Я й сям’я ў найлепшым здароўі».
1930, ліпень. Шрэмэл хоча зьвязацца з доктарам Вілі зь Менску, з Мэйтландам з Гомелю й ягоным сакратаром Рамсэем.
…Унук Джорджа Шрэмэла Робэрт прыслаў мне тэлефонны нумар свайго бацькі. Я пазваніў у мястэчка Ўэст-Алес у штат Вісконсін Гордану Шрэмэлу:
Мой бацька пазнаёміўся з маёй маці ў Менску, калі працаваў там у АРА. Яе дзявочае імя — Ганна Пылкоўская. Яна нарадзілася ў 1900 годзе, бацька быў на пяць гадоў старэйшы. Я нарадзіўся ў Амэрыцы, у 1926 годзе, мой брат Доналд — у 1928. Маці гаварыла па-польску, па-расейску й яшчэ на нейкай мове. Што яшчэ — яна была праваслаўная, бацька — каталік. У Амэрыцы яны пайшлі да царквы, каб яшчэ раз узяць шлюб. Бацьку падабаліся прыгожыя жанчыны. У маці былі глыбокія чорныя вочы, яна вельмі любіла музыку, любіла, каб навокал было весела.
…У сямейным архіве захоўваецца пашпарт АРА, які меў Джордж Шрэмэл, перапіска, фатаздымкі. Гордан Шрэмэл паабяцаў зрабіць копіі й прыслаць мне, а я паслаў яму зьвесткі пра ягонага бацьку, якія адшукаліся ў архіве.
1932, кастрычнік. «Файна выплываю ў гэтыя часы, што завуцца дэпрэсіяй. Насамрэч я больш заняты й працаваў летась як ніколі раней. Інакш кажучы, мой прыемны 8-гадзінны працоўны дзень ператварыўся ў 12 гадзінаў напружанай працы. Удалося падвоіць леташні гадавы даход і ўтрымацца ад небясьпекі патрапіць у чырвоную зону. Мая цудоўная кватэра-бунгала з мноствам розных ультрамадэрных выгодаў дабудаваная, і мы ўехалі туды разам з хлопцамі. Во! — як нам падабаецца! Адчуваю сябе падцягнутым як скрыпка й сьвежым як рамонак — і гэтаксама мая сям’я. Цяпер, як я ўладкаваўся, зьдзімаю пену з халоднага куфля цудоўнага піва «шліц» — на здароўе!»
1944, студзень. Ліст на блянку з выявай канарэйкі й тытулам «Зарэгістраваны настаўнік сьпеваў» і пячаткай.
[93] Мянушка прадстаўніка лёнданскіх сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва.
[94] Пасьля страйку ў АРА й вымушанага ад’езду зь Менску Сьміт быў накіраваны на працу ў Арэнбург. Падчас кароткага знаходжаньня ў Маскве ён пазнаёміўся зь мясцовай сакратаркай-перакладчыцай штаб-кватэры АРА Маргарытай Аранэт, якая неўзабаве папоўніла доўгі сьпіс «расейскіх жонак АРА». Вясельле згулялі ў кастрычніку 1923 у Амэрыцы.
[95] Некалькі амэрыканскіх газэт надрукавалі аповед Ўілабі аб прыгодах вяртаньня ў Амэрыку з двума ваўчанятамі, якіх ён вёз як трафэі: з Масквы ён даехаў да Менску й паспрабаваў выехаць у Рыгу, але латыскія памежнікі не прапусьцілі. Давялося накіравацца ў Літву, адтуль у Галяндыю. Ваўчаняты вылі, Ўілабі высялялі з гатэляў, ён мусіў начаваць на вакзалах; пасьля зьвяры прагрызьлі скураныя чамаданы, але ўрэшце ўся кампанія дабралася да Нью-Ёрку. Гісторыя з ваўчанятамі заняла дзьве траціны артыкула, апошняя частка апавядала пра дзейнасьць АРА ў Менску.