Нягледзячы на папярэджаньне аб недакладнасьці зьвестак, я вырашыў паспытаць шчасьця й на падставе апублікаваных зьвестак напісаць лісты нашчадкам арамітаў, якія працавалі ў Беларусі[89]. Пасьля жорсткага адбору ў розныя куткі ЗША я адправіў каля дзьвюх сотняў лістоў:
Шаноўны спадар!
Як дасьледнік Гувэраўскага інстытуту, што ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, я займаюся вывучэньнем дзейнасьці АРА. Вашае прозьвішча супадае зь імем супрацоўніка АРА, які працаваў у Беларусі ў 1922–1923 гадох. У архівах Гувэраўскага інстытуту мною знойдзеныя зьвесткі пра гэтую асобу. Калі вы альбо нехта з вашай сям’і нешта ведаеце пра гэта, пільна прашу паведаміць. Калі не, прабачце за клопат.
Пакуль пошта развозіла мае пасланьні й незнаёмыя адрасаты ў розных штатах са зьдзіўленьнем разгортвалі лісты з Каліфорніі, я нумар за нумарам гартаў бюлетэнь АРА й чытаў вясёлыя рэдакцыйныя камэнтары, допісы і ўспаміны.
Ужо з архіўных дакумэнтаў 1922–1923 гадоў пра дзейнасьць АРА ў Беларусі вынікала, што трое амэрыканцаў — Фрэнк Вілі, Г’ю Рамсэй і Джордж Шрэмэл — вярталіся дадому разам з жонкамі, якіх знайшлі ў Менску й Гомелі. Была няпэўная інфармацыя, быццам кіраўнік Менскай акругі Чарлз Ўілабі ўсынавіў дваіх дзетак зь сіроцкага дому. Сустракаліся сьведчаньні, што кіраўнік Гомельскай акругі Джон Мэйтланд пазьней наведваў Беларусь. Аднак гэтыя зьвесткі былі няпоўныя і ўскосныя.
Бюлетэнь АРА друкаваўся больш за чатыры дзесяцігодзьдзі, апошні нумар выйшаў у 1965 годзе, калі памёр Гербэрт Гувэр. Бюлетэнь даваў магчымасьць заглянуць наперад — у мінулае.
Кожны нумар меў разьдзел пад назовам «Хто дзе й чаму». Рэдакцыя заклікала арамітаў пісаць лісты, паведамляць зьвесткі пра калегаў і зьмяшчала фрагмэнты допісаў паводле альфабэту:
Бюлетэнь выпушчаны зь верай у тое, што ўдзел у працы АРА для нас азначаў болей, чым простае сяброўства ў вясковым аркестры з дудкамі й барабанам. Сяброўствы й знаёмствы, якія завязаліся падчас гэтай працы, — больш чым звычайныя сустрэчы.
Самы першы нумар пачынаўся прозьвішчам чалавека, які працаваў у Беларусі:
1923, сьнежань. Пасьля Віцебску Айкер ніколі ўжо ня быў такім, як раней[90]. Мы гэта разумеем. Ён правёў лета, спрабуючы вылечыцца ад «беларускай хваробы» на моўных курсах у Біярыцы, а цяпер знаходзіцца ў Оксфардзе. Спадзяёмся, з прычыны свайго акцэнту. Ён дазволіў сабе вучобу там не дзякуючы заробкам у АРА, а на свае ранейшыя капіталы.
1926, сьнежань. Джон займае пасаду сакратара партовай кампаніі ў Лос-Анджэлесе, займаецца афармленьнем даставаў жывёлы. Ён піша:
«Калі б я мог рэклямаваць сябе, як некаторыя, што ўвесь час на радыё, дык ня мусіў бы слаць паштоўкі, каб паведаміць, што я ў парадку й не жанаты, дзякаваць Богу».
1928, ліпень. Джон піша з Лос-Анджэлесу:
«Клюб АРА ў гэтым горадзе, выглядае, сканаў, але, спадзяюся, нехта зь сяброў, хто мае час, зьбярэ нас калі-небудзь разам. Пару гадоў таму ў горадзе налічвалася каля 15 чалавек, якія працавалі ў розных арганізацыях Гувэра. Няма чаго й казаць, мы вельмі шчасьлівыя, што Шэф стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША…»
1929, люты. Джон — віцэ-прэзыдэнт Ціхаакіянскай фінансавай карпарацыі ў Лос-Анджэлесе. Ён піша:
«Хацеў бы быць у Вашынгтоне на інаўгурацыі прэзыдэнта. Але калі пачынаеш новы бізнэс, мусіш быць увесь час у офісе. Рады паведаміць, што вынікі прымальныя…»
1932, кастрычнік. Бюлетэнь не надрукаваў аднаго з допісаў Айкера. Джон піша:
«Атрымаў ваш апошні адказ за жнівень 1932-га, падпісаны “рэдактар”. А хто такі рэдактар? Вы ж ня можаце спадзявацца, што нехта напіша аб’ёмісты кавалак ангельскай літаратуры, а потым атрымае адмову ад якога-небудзь будучага рэдактара, які вучыўся некалі ў Гарвардзе ці Ельскім унівэрсытэце й думае, што ведае ангельскую мову. Рабіце як Гандзі — пераначуйце перад адказам, — калі будзеце адказваць увогуле».
Наш найлепшы адказ — зробім як Гандзі й захаваем поўнае маўчаньне.
1933, сьнежань. Прэзыдэнт карпарацыі «Prudential Acceptance» піша, што ня мае навінаў і прыедзе ў Нью-Ёрк толькі калі будзе мець магчымасьць сустрэцца з рэдактарам. Калі ў вас зброя, якой на бойнях прыстрэльваюць коней, сп. Айкер, не марнуйце часу на прыезд. А іначай — будзьце ласкавыя. Вам трэба было б быць больш памяркоўным, бо, калі б мы хацелі сканцэнтраваць агонь на вас, мы б выкінулі й вашыя першыя два допісы.
1937, сьнежань. Джон піша з Лос-Анджэлесу:
«Дагэтуль я лавіў рыбу ў горных рэках Сіера-Нэвады, аднак летась зь сябрамі паехалі на вусьце ракі Керн. Я падумаў, што сёлета добра было б паехаць да вытокаў Керн, напісаў запыт і атрымаў брашуру з тае мясьціны. Некалькі знаных чальцоў асацыяцыі АРА былі сярод сяброў — удзельнікаў паездкі…»
1945, кастрычнік. Джон піша:
«Толькі што вярнуўся з заходняй часткі Ціхага акіяну. Апошняя мая база была ва Ўлітгі, выспы Заходнія Караліны. Тры з паловай дні ляцеў у Сан-Францыска, 6700 міляў, бо захварэла маці, і быў зь ёю тыдзень, да самага канца. Паколькі ў мяне было дастаткова балаў, штаб у Гуаме адпусьціў мяне, і цяпер я звольнены ў запас і жыву ў сваім доме ў Пасадэне. Перад службаю за мяжой служыў у Арызоне, Нью-Ёрку й Каліфорніі. Спадзяюся вярнуцца да мірнага жыцьця…»
1946, сьнежань. Піша з Лос-Анджэлесу:
«Са мной можна зьвязацца праз унівэрсытэцкі клюб. Я пляную сабраць старую гвардыю АРА на абед ці вячэру».
1950, красавік. З Лос-Анджэлесу:
«Ужо год як пакінуў заняткі бізнэсам. Аднак яшчэ даю сабе рады й, раптам нехта са старых сяброў будзе тут узімку, усьцешуся, калі яны мяне адведаюць».
1952, кастрычнік. «Меў магчымасьць гэтым летам тры месяцы падарожнічаць па Эўропе зь сям’ёй. Я ўпершыню ў Эўропе пасьля 1920-х гадоў. Мы наведалі Англію, Шатляндыю й Валію, затым Нарвэгію, Швэцыю, Данію й вярнуліся ў Галяндыю, потым была Бэльгія, затым у Нямеччыне плылі па Рэйне, пасьля адправіліся ў Інсбрук і праз горы ў Італію, дзе правялі некалькі тыдняў. Затым падарожнічалі па поўдні Францыі ды ў Швэйцарыі й перад вяртаньнем дадому наведалі Парыж. Па-за вялікімі гарадамі ўсюды, дзе мы былі, усё выглядала ў парадку. Пара ангельскіх, нямецкіх і італьянскіх гарадоў, зразумела, у дрэнным стане. Я моцна сумняюся, ці насамрэч Эўропе патрэбная нашая дапамога, апроч як адбудаваць разбураныя гарады. Наглыя палітыкі, ясна, іначай глядзяць на гэтую справу».
1953, кастрычнік. «Ужо пару гадоў як я пайшоў на пэнсію, але патроху займаюся рознымі справамі. Думаю правесьці лета ў гарах паблізу ад Лос-Анджэлесу, а за мяжу ня ехаць».
[89] Некалькі дзён запар у бібліятэцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту я запускаў адмысловую пошукавую сыстэму кампутэрнай сеткі, пераглядаў тэлефонна-адрасныя кнігі гарадоў, дзе маглі жыць нашчадкі беларускае каманды АРА, і выдрукоўваў адрасы. Складанасьць палягала ў тым, што на прозьвішча Сьміт, напрыклад, кампутар выдаў 27 тысяч імёнаў — нават з улікам геаграфічных абмежаваньняў. Пазьней, у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, я працягваў пошукі ў розных базах зьвестак, пераглядаў газэтныя нэкралёгі, сьпісы пахаваных на могілках. Тое-сёе ўдалося ўдакладніць, але галоўныя знаходкі магчымыя, калі будуць выстаўленыя ў інтэрнэт зьвесткі ўсіх агульнанацыянальных перапісаў насельніцтва ЗША (пакуль апошні перапіс, да якога ёсьць доступ, — 1930).
[90] Летам 1922 Айкер быў пераведзены на працу на Волгу, а ў лютым 1923 узначаліў Харкаўскую акругу АРА. Ад’езд Айкера ў траўні з Харкава, які быў сталіцай Украіны, стаў супрацьлегласьцю ягонага разьвітаньня зь Віцебскам: