I сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лiчбы Мiнiстэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзiцу замянялi на другую. Матэрыял, якi трэба было перарабiць, у большасцi выпадкаў не меў нiчога агульнага з рэчаiснасцю. Лiчбы ў першапачатковым варыянце былi гэткiм жа прадуктам фантазii, як i выпраўленнi. Часцей за ўсё iх проста выдумлялi. Напрыклад, Мiнiстэрства Дастатку ў сваiх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мiльёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мiльёны. Перапiсваючы прагнозы, Ўiнстан, аднак, зменшыў лiчбу да 57 мiльёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мiльёны былi не блiжэй да рэчаiснасцi, чым 57 або 145 мiльёнаў. Вельмi верагодна, што ўвогуле не было выпушчана нiводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што нiхто не ведаў, колькi ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нiкога не цiкавiла. Вядома было толькi, што на паперы за квартал выпушчана астранамiчная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельнiцтва Акiянii хадзiла босая. I гэтак было з кожным дакументальна зафiксаваным фактам, незалежна ад яго важнасцi. Усё расплывалася ў нейкiм свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталi няпэўнымi.
Ўiнстан кiнуў позiрк праз залу. У гэткай самай нiшы-кабiнеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькi педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мiкрафонам мовапiса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусiла застацца таямнiцай памiж iм i тэлеглядам. Ён падняў вочы, i яго акуляры варожа блiснулi.
Ўiнстан мала ведаў Тылатсана i не меў нiякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзi ў аддзеле дакументацыi не любiлi гаварыць пра сваю працу. У вялiкай зале без вокнаў з двума радамi нiшаў, з заўсёдным шамаценнем паперы i цiхiм гоманам галасоў, што дыктавалi на мовапiсы, было з дзесятак людзей, якiх Ўiнстан не ведаў нават па iмёнах, хоць i бачыў iх штодня, калi яны паспешлiва снавалi сюды-туды па калiдоры або махалi рукамi пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Ён ведаў, што ў суседняй нiшы маленькая жанчына з пясочнымi валасамi дзень пры днi корпалася ў прэсе, вышукваючы i выкрэслiваючы iмёны людзей, што былi выпараныя, i гэткiм чынам выходзiла, нiбыта яны нiколi не iснавалi. I чамусьцi не здавалася недарэчным, што ўсяго толькi пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нiшаў ад Ўiнстана сядзеў рахманы, няўдачлiвы, летуценны чалавек, якога звалi Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы i нязвыклы талент штукарыць з рыфмамi i строфамi i таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў гэтак званых канчатковых тэкстаў — вершаў, якiя зрабiлiся iдэалагiчна шкоднымi, але з той цi iншай прычыны пакiдалiся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцiдзесяцi чалавек, была толькi падсекцыяй, асобнай камерай у велiзарным корпусе аддзела дакументацыi. Побач, зверху i знiзу ад iх працавалi iншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялiстаў. Там былi гiганцкiя друкарнi з рэдактарамi i друкарамi, былi адмыслова абсталяваныя студыi, у якiх падраблялiся фотаздымкi. Там была секцыя тэлепраграм са сваiмi тэхнiкамi, аператарамi i групамi актораў, якiх адмыслова набiралi з улiкам iх iмiтатарскiх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бiблiятэкараў, якiя займалiся толькi тым, што складалi спiсы кнiг i часопiсаў, што падлягалi канфiскацыi. Там былi вялiзныя печы, дзе знiшчалi першапачатковыя выданнi. I недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, якi ўсё выпраўляў i вызначаў галоўную палiтычную лiнiю, згодна з якою той фрагмент мiнулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкi ўвогуле пераставаў iснаваць.
I разам з тым аддзел дакументацыi быў толькi адным асобным адгалiнаваннем Мiнiстэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапiсваць мiнулае, а каб забяспечваць грамадзян Акiянii газетамi, фiльмамi, падручнiкамi, тэлепраграмамi, тэатральнымi п'есамi, раманамi, карацей кажучы, усiмi магчымымi вiдамi iнфармацыi, навучання i забаў, ад помнiкаў да лозунгаў, ад лiрычных вершаў да бiялагiчных трактатаў, ад дзiцячых лемантароў да слоўнiкаў навамоўя. I Мiнiстэрства мусiла задавальняць не толькi разнастайныя патрэбы Партыi, але i паўтараць увесь вытворчы працэс на нiжэйшым узроўнi для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якiя адмыслова займалiся пралетарскай лiтаратурай, музыкай, тэатрам i забавамi. Тут фабрыкавалi бульварныя газеткi, у якiх пiсалася толькi пра спорт, злачынствы i гараскопы, танна-задзiрлiвыя 5-цэнтавыя нiзкапробныя выданнi, поўныя сексу фiльмы i сентыментальныя песнi, што складалi цалкам механiчна, з дапамогай адмысловага калейдаскопа, гэтак званага версiфiкатара. Была нават цэлая падсекцыя — Порнасек на навамоўi — што фабрыкавала найбруднейшую парнаграфiю, якую пасля рассылалi ў запячатаных пакетах i якую не меў права бачыць нiводзiн сябра Партыi, апрача тых, хто займаўся яе вырабам.
Пакуль Ўiнстан працаваў, з трубкi пнеўматычнай пошты выпала яшчэ тры паведамленнi. Гаворка iшла аб простых рэчах, i ён паспеў скончыць з iмi да пачатку Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Калi Нянавiсць скончылася, ён вярнуўся ў сваю нiшу, узяў з палiцы слоўнiк навамоўя, адсунуў убок мовапiс, працёр акуляры i ўзяўся за галоўную справу сённяшняй ранiцы.
Найвялiкшай Ўiнстанавай радасцю ў жыццi была яго праца. Хоць у большасцi выпадкаў яму даводзiлася сутыкацца з нуднымi штодзённымi справамi, усё ж сярод iх траплялiся такiя цяжкiя i мудрагелiстыя заданнi, што можна было патануць у iх, як у глыбiнях якой-небудзь складанай матэматычнай праблемы, — адмысловыя фальшаваннi, рабiць якiя можна было толькi добра разумеючы прынцыпы Ангсоцу i патрабаваннi Партыi. Ўiнстан меў талент на гэткiя справы. Час ад часу яму нават даручалi выпраўляць перадавiцы «Таймз», якiя былi цалкам напiсаныя навамоўем. Ён разгарнуў паведамленне, якое ранiцай адклаў убок. Там было напiсана:
На старамоўе гэта можна было перакласцi так:
Ўiнстан прачытаў забракаваны артыкул. Загад дня Вялiкага Брата быў у асноўным прысвечаны выхваленню дзейнасцi арганiзацыi, вядомай пад назвай ПКЦР, якая забяспечвала матросаў Плывучых Крэпасцяў цыгарэтамi i рыштункам. Нейкi таварыш Ўiдэрз, дзеяч Унутранай Партыi, быў згаданы па iменi i ўзнагароджаны Ордэнам за Асаблiвыя Заслугi другой ступенi.
Праз тры месяцы ПКЦР была нечакана распушчана без абвяшчэння прычыны. Можна было меркаваць, што Ўiдэрз i кампанiя цяпер страцiлi ласку, аднак нi газеты, нi тэлегляд пра гэта нiчога не паведамлялi. I ў гэтым не было нiчога дзiўнага, бо звычайна палiтычных злачынцаў не судзiлi i публiчна не абвiнавачвалi. Вялiкiя чысткi, што закраналi тысячы людзей, з публiчнымi працэсамi над здраднiкамi i думзлачынцамi, якiя складалi прызнаннi аб сваiх нялюдскiх злачынствах, былi адмысловымi вiдовiшчамi i адбывалiся не часцей, чым раз на некалькi гадоў. Звычайна ж людзi, якiя выклiкалi незадавальненне ў Партыi, проста знiкалi, i пасля ўжо нiхто пра iх нiколi нiчога не чуў. Нiколi не заставалася нават найменшай згадкi пра тое, што з iмi сталася. У некаторых выпадках яны нават заставалiся жывыя. Прыблiзна трыццаць чалавек, якiх Ўiнстан асабiста ведаў, не лiчачы яго бацькоў, знiклi якраз такiм чынам.
Ўiнстан пацёр сашчэпкай нос. У нiшы па той бок прахода сядзеў таварыш Тылатсан, якi яшчэ нiжэй сагнуўся над сваiм мовапiсам. На iмгненне ён падняў галаву — зноў варожа блiснулi акуляры. Ўiнстан падумаў, цi не займаецца таварыш Тылатсан той самай працай, што i ён. Гэта было цалкам магчыма. Гэткае складанае заданне нiколi б не даверылi толькi аднаму выканаўцу, з другога ж боку, перадаць гэтую працу цэлай камiсii было б раўназначна публiчнаму прызнанню ў тым, што трэба зрабiць фальсiфiкацыю. Вельмi верагодна, што з дзесятак людзей шчыравала цяпер над тым, каб найлепшым чынам перапiсаць прамову Вялiкага Брата. А пасля нейкi «мозг» з Унутранай Партыi выбера той або iншы варыянт, выдасць яго нанова i пусцiць у ход складаны механiзм неабходных выпраўленняў у iншых галiнах, пасля чаго старанна апрацаваная хлусня пойдзе ў архiў i зробiцца праўдай.
Ўiнстан не ведаў, чаму Ўiдэрз страцiў ласку. Можа, праз хабарнiцтва, можа, праз некампетэнтнасць. Можа, Вялiкi Брат хацеў толькi пазбавiцца ад занадта папулярнага падначаленага. Можа, Ўiдэрз або нехта з блiзкiх яму людзей выказаў нейкiя шкодныя погляды. Цi, можа, — i гэта самае верагоднае — усё адбылося толькi таму, што кампанii чыстак i выпарэнняў былi мерапрыемствамi, неабходнымi для падтрымання жыццядзейнасцi дзяржаўнага механiзму. Адзiны ключ да разгадкi быў у словах «называе нечалавекаў» — гэта сведчыла пра тое, што Ўiдэрз быў ужо мёртвым. Нельга было напэўна сцвярджаць, што гэтак канчалi арыштаваныя людзi. Часам iх зноў выпускалi i давалi жыць яшчэ год цi два на волi i толькi тады каралi смерцю. Зусiм нечакана чалавек, якога даўно лiчылi мёртвым, з'яўляўся, нiбы прывiд, на публiчным судовым працэсе, дзе паспяваў выдаць у сваiх паказаннях сотнi iншых людзей, перш чым, гэты раз ужо назаўсёды, знiкнуць са свету. Ўiдэрз, аднак, быў ужо нечалавек. Ён не iснаваў: ён не iснаваў нiколi. Ўiнстан вырашыў, што недастаткова проста змянiць кiрунак прамовы Вялiкага Брата. Лепей, каб яна ўвогуле не мела нiчога агульнага з першапачатковай тэмай.
Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвiнавачанне здраднiкаў i думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыi, калi б апiсаў перамогу на фронце цi блiскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкi. Найлепей прыдалася б чыстая фантазiя. I ён уявiў сабе, як жывога, нейкага мiфiчнага таварыша Огiлвi, якi нядаўна ў гераiчных абставiнах загiнуў у баi. Часам здаралася, што Вялiкi Брат прысвячаў свой Загад дня памяцi якому-небудзь простаму сябру Партыi, жыццё i смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такiм чынам, 3 снежня ён павiнен быў згадаць пра таварыша Огiлвi. Хоць чалавека з такiм iмем i не iснавала, аднак некалькi друкаваных радкоў i пара падробленых здымкаў маглi хутка i без цяжкасцi яго ажывiць.
Ўiнстан хвiлiнку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапiс i пачаў дыктаваць у добра вядомым стылi Вялiкага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнiчы i педантычны, лёгка было падрабiдь дзякуючы звычцы Вялiкага Брата ставiць пытаннi i адразу на iх адказваць («Якi ўрок атрымлiваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, якi таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавiта…»).
У тры гады таварыш Огiлвi адмовiўся ад усiх цацак, акрамя барабана, аўтамата i верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступiў у Шпiёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзiнаццаць гадоў ён выдаў Палiцыi Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыi. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзi. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Мiнiстэрствам Мiру i пад час першага выпрабавання забiла адным выбухам трыццаць аднаго эўразiйскага палоннага. У дваццаць тры ён загiнуў у баi. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знiшчальнiкаў, што праследавалi яго, калi ён ляцеў праз Iндыйскi акiян з важнымi дэпешамi, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамi, захапiўшы дзеля вагi бартавы кулямёт, каб адразу пайсцi на дно, — гэткай смерцi, сказаў Вялiкi Брат, можна толькi пазайздросцiць. Вялiкi Брат дадаў яшчэ колькi слоў пра сумленне i беззаганнае жыццё таварыша Огiлвi. Ён нiколi ў жыццi не пiў i не палiў, не ведаў iншага адпачынку, акрамя штодзённай трэнiроўкi на спортпляцоўцы, i склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лiчыў шлюбныя i сямейныя клопаты несумяшчальнымi з штодзённай дваццацiчатырохгадзiннай адданасцю абавязку. Ён не меў нiякiх iншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, i нiякай iншай жыццёвай мэты, акрамя знiшчэння эўразiйскiх ворагаў i абясшкоднення шпiёнаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў i ўсiх iншых здраднiкаў i падазроных элементаў.
Ўiнстан вагаўся, цi не ўзнагародзiць таварыша Огiлвi Ордэнам за Асаблiвыя Заслугi. Урэшце вырашыў, што не трэба, бо гэта пацягнула б за сабой зашмат непатрэбных выпраўленняў.
Ён яшчэ раз зiрнуў на свайго супернiка з нiшы насупраць. Нешта падтрымлiвала яго ўпэўненасць, што Тылатсан займаецца тым самым, што i ён. Невядома, чый варыянт будзе ўрэшце прыняты, але недзе ў глыбiнi душы ён адчуваў, што пераможа. Яшчэ гадзiну таму таварыш Огiлвi быў у цемры невядомасцi, а цяпер ён ужо рэальны факт. Яму падумалася, як лёгка можна ажывiць нежывога. Таварыш Огiлвi, якi нiколi не iснаваў у сучаснасцi, iснаваў цяпер у мiнуўшчыне, i як толькi забудзецца сам факт фальшавання, ён стане гэткiм жа сапраўдным, як Карл Вялiкi або Юлiй Цэзар.
5
У сталоўцы, што знаходзiлася глыбока пад зямлёй, чарга рухалася вельмi павольна. Зала была напханая да берагоў i аглушальна шумная. З акенца раздачы валiла пара ад густой полiўкi з кiсламеталiчным пахам, якi, аднак, не мог заглушыць смуроду джыну «Перамога» — у канцы залы быў маленькi бар, простая адтулiна ў сцяне, дзе можна было за дзесяць цэнтаў купiць вялiкую шклянку джыну.
— Вось каго я шукаў! — пачуўся голас з-за спiны Ўiнстана.
Ён азiрнуўся. Гэта быў яго сябар Сайм, якi працаваў у аддзеле даследаванняў. Можа, слова «сябар» не надта тут пасавала. Цяпер сяброў не было, былi таварышы; але былi таварышы, з якiмi было прыямней, чым з iншымi. Сайм быў мовазнаўцам, спецыялiстам у навамоўi. Ён належаў да вялiкай групы спецыялiстаў, якiм цяпер было даручана скласцi Адзiнаццатае выданне Слоўнiка навамоўя. Сайм быў дробны, нiжэйшы за Ўiнстана, чалавечак, цёмнавалосы, з вялiкiмi вылупленымi вачыма, што пазiралi адначасна сумна i насмешлiва i, здавалася, даследавалi пад час гутаркi твар размоўцы.
— Я хацеў спытацца, цi няма ў цябе часам лёзаў для галення, — сказаў ён.
— Нiводнага! — з вiнаватай паспешлiвасцю адказаў Ўiнстан. — Я шукаў паўсюль. Болей нiдзе няма.
Увесь час нехта пытаўся пра лёзы. Праўду кажучы, у Ўiнстана заставалiся яшчэ два нечапаныя. Ужо некалькi месяцаў лёзаў нiдзе не было. Цяпер увесь час бракавала якога-небудзь тавару першай неабходнасцi, якога не было ў партыйных крамах. Часам гузiкаў, часам цыравальных нiтак або матузкоў да чаравiкаў. Цяпер жа не было лёзаў. Калi i можна было iх здабыць, дык толькi наведваючы час ад часу «чорны рынак».
— Я ўжо шэсць тыдняў галюся старымi, — зманiў Ўiнстан.
Чарга зноў пасунулася наперад. Спынiўшыся, Ўiнстан зноў павярнуўся да Сайма. Кожны з iх узяў тлусты металiчны паднос з высока нагрувашчанага стоса, што стаяў на канцы стала раздачы.
— Ты хадзiў глядзець учора, як вешалi палонных? — спытаўся Сайм.
— У мяне было шмат працы, — адказаў безуважна Ўiнстан. — Пагляджу пасля ў кiно.
— Хiба ж кiно параўнаеш з сапраўднасцю, — сказаў Сайм i дапытлiва паглядзеў на Ўiнстана.
Яго насмешлiвы позiрк прабег па Ўiнстанавым твары. Здавалася, яго вочы казалi: «Я цябе ведаю! Я бачу цябе наскрозь! Я вельмi добра ведаю, чаму ты не пайшоў глядзець». Сайм быў зацяты артадокс, але з пэўнай дамешкай iнтэлектуальнасцi. Ён мог з нейкай асалодай, з нейкiм агiдным задавальненнем гаварыць пра верталётныя напады на варожыя вёскi, пра судовыя працэсы i прызнаннi думзлачынцаў i пра катаваннi ў сутарэннях Мiнiстэрства Любовi. Каб з iм пагаварыць, трэба было ўхiлiцца ад гэтых тэм i, калi магчыма, перавесцi гаворку на тэхнiчныя асаблiвасцi навамоўя, тэму, на якую ён мог гаварыць цiкава, з захапленнем i веданнем справы. Ўiнстан адвярнуўся ўбок, каб унiкнуць пранiзлiвага позiрку вялiкiх цёмных вачэй.
— Павешанне было вельмi цiкавае, — сказаў Сайм, прыгадваючы. — Я думаю, вельмi псуе ўсю справу тое, што iм звязваюць ногi. Я люблю глядзець, як яны дрыгаюць нагамi. I вельмi важна, каб пад канец вiдовiшча з рота вылазiў язык, блакiтны, светла-светла-блакiтны. Якраз гэтая дэталь мне падабаецца.