Ён пастаяў нейкi момант на верхняй прыступцы. На тым баку завулка быў невялiчкi брудны шынок, вокны якога выглядалi заледзянелымi, напраўду ж былi пакрытыя тоўстым слоем пылу. Нейкi надта стары чалавек, пахiлы ад часу, але яшчэ бадзёры, з белымi вусамi, што тырчалi наперад, як у рака, штуршком расчынiў дзверы i ўвайшоў. Пакуль Ўiнстан стаяў i глядзеў, яму ў галаву прыйшла думка, што гэты стары, якому было сама меней восемдзесят гадоў, быў пад час Рэвалюцыi ў самым сталым веку. Ён i нешматлiкiя iншыя людзi яго пакалення былi апошнiм злучвом са светам капiталiзму, што знiк назаўсёды. У Партыi ўжо амаль не засталося людзей, светапогляд якiх склаўся да Рэвалюцыi. Старэйшыя пакаленнi былi знiшчаныя пад час вялiкiх чыстак 50-х i 60-х гадоў, а тыя нешматлiкiя, што ацалелi, даўно стэрарызаваныя да поўнай духоўнай пакоры. Калi яшчэ заставаўся хоць адзiн жывы чалавек, якi б мог паведамiць што-небудзь праўдападобнае пра жыццё ў першай палове стагоддзя, дык гэта мог быць толькi прол. Раптам Ўiнстан зноў згадаў урывак, што ён перапiсаў з падручнiка гiсторыi ў свой дзённiк, i яго ахапiла вар'яцкае жаданне. Ён зойдзе ў шынок, пазнаёмiцца са старым i распытае яго. Ён скажа яму: «Раскажыце мне пра сваё жыццё, пра сваё дзяцiнства. Як тады ўсё выглядала? Цi было ўсё лепш, чым цяпер, — цi, можа, горш?»
Хутка, толькi каб не паспець спалохацца, ён спусцiўся па прыступках i перайшоў вузкi завулак. Натуральна, гэта было чыстае вар'яцтва. Як заўсёды, не было нiякай канкрэтнай забароны гаварыць з проламi або наведваць iх шынкi, але гэтыя дзеяннi былi болей чым нязвыклыя, каб застацца незаўважанымi. Калi б з'явiўся патруль, ён мог бы прыкiнуцца, што яму зрабiлася блага, але было непраўдападобна, што яму паверылi б. Ён расчынiў дзверы, i жахлiвы сырны пах кiслага пiва ўдарыў яму ў нос. Калi ён зайшоў, шум галасоў напалову прыцiшыўся. Ён адчуваў, як за спiнай усе ўтаропiлiся ў яго сiнi камбiнезон. Партыя гульнi ў «дроцiкi», што адбывалася на другiм канцы залы, спынiлася на нейкiя паўхвiлiны. Стары чалавек, за якiм ён зайшоў, стаяў каля стойкi i за нешта сварыўся з бармэнам, каржакаватым дзецюком з вялiзнымi рукамi. Iншыя стаялi з куфлямi ў руках i назiралi за сцэнай.
— Я вас прыстойна папрасiў, што, не? — казаў стары, ваяўнiча распростваючы плечы. — А вы кажаце, што ў вашым няшчасным будане няма куфля ў адну пiнту?
— А што за трасца гэтая пiнта? — пытаўся бармэн i нахiляўся цераз стойку, абапiраючыся на яе кончыкамi пальцаў.
— Паглядзiце на яго! Лiчыць сябе бармэнам, а сам не ведае, што такое пiнта! Пiнта — гэта палова кварты, а чатыры кварты — гэта галон. Можа, яшчэ навучыць цябе чытаць?
— Нiколi ў жыццi не чуў, — рэзка адказаў бармэн. — Лiтр i паўлiтра — усё, чым мы мераем. Вунь куфлi на палiцы.
— А я хачу пiнту, — упарта паўтараў стары. — Гэтак жа вы можаце мне налiць i адну пiнту. Калi я быў малады, мы гэтых дурных лiтраў не ведалi.
— Калi вы былi малады, мы ўсе яшчэ жылi на дрэвах, — сказаў бармэн, скоса паглядзеўшы на клiентаў.
Пачуўся выбух смеху, i збянтэжанасць, выклiканая Ўiнстанавым прыходам, здавалася, рассеялася. Парослы белай шчэццю твар старога злёгку пачырванеў. Мармычучы нешта сабе пад нос, ён павярнуўся ад стойкi i наткнуўся на Ўiнстана. Той асцярожна ўзяў яго пад руку.
— Цi магу я вас запрасiць выпiць са мной? — спытаўся ён.
— Вы джэнтльмен, — адказаў стары i зноў расправiў плечы. Здавалася, ён не заўважыў Ўiнстанавага сiняга камбiнезона. — Адну пiнту! — крыкнуў ён ваяўнiча бармэну. — Адну пiнту светлага.
Бармэн налiў два паўлiтры цёмна-бурага пiва ў тоўстыя куфлi, якiя ён папаласкаў у цэбры пад стойкай. Пiва было адзiным напоем, якi можна было атрымаць у пролаўскiх шынках. Пролам не дазвалялася пiць джын, хоць на практыцы яны даволi лёгка маглi яго здабыць. Кiданне дроцiкаў зноў было ў разгары, а група людзей каля стойкi пачала абмяркоўваць вынiкi розыгрышу Латарэi. Пра Ўiнстана на нейкi час забылiся. Пад акном стаяў маленькi столiк, дзе ён i стары маглi спакойна пагаварыць, не баючыся, што iх падслухаюць. Гэта было надзвычай небяспечна, але, ва ўсялякiм разе, у зале не было тэлегляда. У гэтым Ўiнстан упэўнiўся адразу, як толькi ўвайшоў.
— Ён мог спакойна налiць мне адну пiнту, — бурчаў стары, займаючы месца за столiкам. — Гэтага мне будзе замала. А цэлы лiтр — замнога. Будзе цiснуць мне на мачавы пузыр. Не кажучы ўжо пра цану.
— З таго часу, як вы былi малады, шмат чаго, напэўна, змянiлася, — сказаў Ўiнстан, нiбы прымерваючыся.
Позiрк пабляклых блакiтных вачэй старога перайшоў ад круга для кiдання дроцiкаў да стойкi, ад стойкi да дзвярэй з надпiсам «М», быццам гаворка iшла пра змены, што адбылiся ў шынку.
— Пiва было лепшае, — урэшце сказаў ён. — I таннейшае! Калi я быў малады, пiва каштавала — мы называлi яго «светлае» — чатыры пенсы за пiнту. Гэта было недзе перад вайной.
— Перад якой вайной? — спытаўся Ўiнстан.
— Вайна ёсць вайна, — неяк незразумела адказаў стары.
Ён падняў куфаль, яго плечы зноў выпрасталiся.
— Ваша здароўе!
Востры кадык на схуднелай шыi старога незвычайна рэзка таргануўся, i пiва знiкла. Ўiнстан схадзiў да стойкi i вярнуўся з яшчэ двума паўлiтрамi. Здаецца, стары забыўся пра свае перасцярогi што да цэлага лiтра.
— Вы значна старэйшы за мяне, — сказаў Ўiнстан. — Калi я нарадзiўся, вы былi ўжо дарослым чалавекам. Вы яшчэ памятаеце старыя, дарэвалюцыйныя часы. Людзi майго веку, па сутнасцi, нiчога пра тыя часы не ведаюць. Мы можам толькi прачытаць пра iх у кнiгах, але там можа быць няпраўда. Я б хацеў пачуць, што вы пра гэта думаеце. Падручнiкi гiсторыi сцвярджаюць, што жыццё да Рэвалюцыi было зусiм iншае, чым цяпер. Тады панаваў жахлiвы прыгнёт, несправядлiвасць, беднасць — горш, чым мы сабе можам уявiць. Тут, у Лондане, большасць людзей ад нараджэння да смерцi нiколi не елi ўдосыць. Палова з iх не мела нават чаравiкаў на нагах. Яны працавалi дванаццаць гадзiн на дзень, кiдалi школу ў дзевяць гадоў, спалi па дзесяцёра ў адным пакоi. I ў той самы час былi таксама некаторыя, iх было зусiм мала — усяго пару тысяч, iх называлi капiталiстамi што былi багатыя i магутныя. Яны мелi ўсё, што толькi можна было мець. Яны жылi ў вялiкiх шыкоўных дамах, мелi па трыццаць слуг, ездзiлi на аўтамабiлях i на чацвёрках коней, пiлi шампанскае, насiлi цылiндры…
Твар старога раптам прасвятлiўся.
— Цылiндры! — паўтарыў ён. — Дзiўна, што вы згадалi пра гэта. Учора я таксама думаў пра цылiндры, не ведаю чаму. Я якраз думаў — во ўжо колькi гадоў я не бачыў нiводнага цылiндра. Болей няма, ага. Апошнi раз я надзяваў цылiндр, гэта было, як хавалi маю швагерку. Гэта было… не, ужо не помню, мо ўжо гадоў пяцьдзесят таму. Вядома ж, я яго браў напракат, самi разумееце.
— Цылiндры — гэта не так важна, — цярплiва працягваў Ўiнстан. — Пытанне ў тым, што гэтыя капiталiсты — ды яшчэ трохi суддзяў i святароў, што жылi за iх кошт, — былi гаспадарамi зямлi. Усё iснавала для iх. Вы, звычайныя людзi, працоўныя, былi ў iх за рабоў. Яны маглi зрабiць з вамi ўсё, што хацелi. Яны маглi адправiць вас у Канаду, як жывёлу. Яны маглi спаць з вашымi дочкамi, каб хацелi. Яны маглi загадаць адхвастаць вас нечым, што звалася «дзевяцiхвосты кот». Мiнаючы iх, вы мусiлi здымаць шапку. Усе капiталiсты хадзiлi паўсюль з хеўрай лёкаяў, якiя…
Твар у старога засвяцiўся зноў.
— Лёкаi, — сказаў ён. — Вось слова, якое я не чуў ужо так даўно. Лёкаi! Адразу прыгадваюцца даўнiя часы, ну так! Памятаю, як… колькi ж гэта гадоў ужо? а, не ведаю. Часам я хадзiў у Гайд-парк вечарамi ў нядзелю, паслухаць, як там гавораць. Армiя збаўлення, рыма-католiкi, жыды, iндусы. Каго толькi не было. Быў там адзiн, iмя я ўжо не помню, але ж добры прамоўца, надта прыгожа казаў! «Лёкаi! — казаў. — Лёкаi буржуазii! Паслугачы кiраўнiчае клясы!» «Паразiты», — таксама казаў. А яшчэ: «Гiены!» Во, як ён iх называў. Вядома ж, гэта ён казаў пра лейбарыстаў.
Ўiнстану здавалася, што ён гуляе ў сапсаваны тэлефон.
— Папраўдзе, я хацеў бы ведаць вось што… — сказаў ён. — Цi вы думаеце, што цяпер болей свабоды, чым тады? Цi вас болей лiчаць цяпер за чалавека? У старыя часы багатыя людзi, людзi, што кiравалi…
У галаве ў старога блiснуў успамiн.