— Я ненавiджу цнатлiвасць. Я ненавiджу дабрыню. Я не выношу нiдзе нiякай дабрачыннасцi. Я хачу, каб усе былi ўшчэнт сапсаваныя заганамi.
— Ну дык я табе падыду, каханы. Я ўшчэнт сапсаваная.
— Цi ты любiш гэта рабiць? Я кажу не пра мяне, а пра сам акт.
— Вельмi люблю.
Менавiта гэта ён больш за ўсё жадаў пачуць. Не проста каханне, скiраванае на адну асобу, але жывёльны iнстынкт, простае сляпое пахацiмства — вось сiла, якая разарве Партыю на шматкi. Ён паклаў яе на траву, сярод рассыпаных пралесак. Гэтым разам нiякiх цяжкасцяў не было. Дыханне, што ўздымала i апускала iх грудзi, супакоiлася i аднавiла свой нармальны рытм. Яны разлучылiся ў нейкай салодкай знямозе. Сонца, здавалася, пякло яшчэ мацней. Абое хацелi спаць. Ён пашукаў кiнуты побач камбiнезон i накрыў яе. Амаль адразу яны заснулi i праспалi каля паўгадзiны.
Ўiнстан прачнуўся першы. Ён сеў i стаў глядзець на рабацiнiсты твар. Яна яшчэ спакойна спала, падклаўшы далонь сабе пад галаву. Калi б не вусны, дык i не сказаў бы, што яна прыгожая. Калi глядзець зблiзу, вакол вачэй можна было ўбачыць адну-дзве зморшчынкi. Кароткiя чорныя валасы былi незвычайна густыя i мяккiя. Ён падумаў, што так i не ведае нi яе прозвiшча, нi яе адрасу.
Маладое моцнае цела, агорнутае сном, абудзiла ў iм апекавальную шкадобу. Але пачуццё той безразважлiвай пяшчоты, якое ён адчуў пад кустом ляшчыны, калi спяваў дрозд, яшчэ не вярнулася. Ён адхiнуў камбiнезон i пачаў разглядаць яе белы i мяккi бок. Даўнейшымi часамi, падумаў ён, мужчына глядзеў на дзявочае цела, адчуваў жаданне, i на гэтым справа канчалася. Але сёння было немагчыма адчуваць чыстае каханне цi чыстую пажадлiвасць. Нiводнае пачуццё не было чыстае, бо да яго дамешвалiся страх i нянавiсць. Iх абдымкi былi бiтвай, iх злiццё было перамогай. Гэта быў удар, нанесены Партыi. Гэта быў палiтычны акт.
3
— Калi-небудзь мы можам яшчэ раз сюды прыйсцi, — сказала Джулiя. Увогуле, тую самую схованку можна выкарыстаць двойчы не баючыся. Але, вядома ж, не раней чым праз месяц-два.
Прачнуўшыся, яна нiбы перамянiлася. Яна зноў зрабiлася жвавая i заклапочаная, адзелася, падперазалася чырвоным поясам i ўзялася падрабязна выпрацоўваць план вяртання. Здавалася натуральным, што за гэта ўзялася яна. У яе быў практычны розум, чаго бракавала Ўiнстану, да таго ж, здавалася, яна дасканала ведала лонданскiя ваколiцы дзякуючы незлiчоным калектыўным паходам. Яна паказала яму зусiм iншую дарогу, якая вяла ўжо да iншай чыгуначнай станцыi.
— Нiколi нельга вяртацца дарогай, па якой ты прыйшоў, — сказала яна, быццам абвяшчаючы нейкi важны закон.
Яна мусiла iсцi першая, а Ўiнстан — счакаць паўгадзiны, перш чым выправiцца за ёй.
Яна прызначыла яму месца, дзе яны маглi праз чатыры днi сустрэцца пасля працы. Гэта была вулка ў бедным квартале, там быў рынак, звычайна гаманлiвы i поўны людзей. Яна будзе хадзiць сярод прылаўкаў i ўдаваць, што шукае матузкi да чаравiкоў або цыравальныя нiткi. Калi ёй здасца, што ўсё спакойна, яна, убачыўшы яго, высмаркаецца. Калi не — ён павiнен прайсцi мiма, не пазнаўшы яе. Але калi пашчасцiць, сярод натоўпу яны змогуць без рызыкi пагаварыць чвэрць гадзiны i дамовiцца аб наступным спатканнi.
— А цяпер мне трэба iсцi, — сказала яна, як толькi ён засвоiў усе iнструкцыi. — У дзевятнаццаць трыццаць мне трэба вярнуцца. Я мушу прысвяцiць дзве гадзiны Антысексуальнаму Саюзу Моладзi — разнесцi нейкiя ўлёткi цi нешта такое. Ну, цi не свiнства? Прычашы мяне, калi ласка. У мяне няма былiнак у валасах? Праўда? Тады да пабачэння, каханы, да пабачэння.
Яна кiнулася яму ў абдымкi i амаль гвалтам пацалавала. Праз хвiлiну яна рассунула маладыя дрэўцы i амаль бясшумна знiкла ў лесе. I нават цяпер ён так i не ведаў нi яе прозвiшча, нi яе адрасу. Але не мела вялiкага значэння, бо нельга было нават уявiць, каб яны некалi маглi сустрэцца ў памяшканнi цi нейкiм чынам знесцiся пiсьмова.
Лёс наканаваў так, што iм болей не давялося спаткацца на той лясной палянцы. За ўвесь травень iм толькi аднаго разу ўдалося па-сапраўднаму сустрэцца. Гэта адбылося ў iншым таемным мёсцы, якое ведала Джулiя, на званiцы зруйнаванай царквы ў амаль пустэльнай мясцовасцi, дзе трыццаць гадоў таму ўпала атамная бомба. Гэта была добрая схованка, але дарога да яе была надта небяспечная. Апроч гэтага, яны сустракалiся толькi на вулiцы, кожнага вечара ў iншым месцы, i нiколi болей чым на паўгадзiны за раз. На вулiцы звычайна можна было сяк-так паразмаўляць. Пакуль натоўп нёс iх па тратуары, яны, нiколi не паварочваючыся тварам у твар i нiколi не гледзячы адно на аднаго, працягвалi дзiўную перарывiстую размову, якая ўзнiкала i затухала, як прамень маяка, яна раптам абрывалася маўчаннем, калi наперадзе паяўлялася ўнiформа сябры Партыi або тэлегляд, пасля, праз некалькi хвiлiн, распачыналася зноў, з сярэдзiны сказа, пасля раптам спынялася, калi яны расставалiся ў прызначаным месцы, i працягвалася наступнага дня без папярэдняга ўступу. Джулiя, здавалася, была звыклая да гэткае размовы, яна называла гэта «гаварыць порцыямi». I яшчэ яна з надзвычайным умельствам гаварыла, не варушачы вуснамi. I толькi адзiн раз за гэты месяц штодзённых спатканняў iм удалося пацалавацца. Яны спускалiся зацiшным завулкам (Джулiя размаўляла толькi на вялiкiх вулiцах), калi пачуўся аглушальны грукат. Зямля задрыжала, неба пацямнела, i Ўiнстан, збiты i напалоханы, апынуўся на зямлi. Недзе зусiм побач упала ракетная бомба. Раптам ён заўважыў твар Джулii побач са сваiм, знежывела бледны, белы, як крэйда. Нават вусны былi белыя. Яна памерла! Ён прытулiў яе да сябе i, схамянуўшыся, заўважыў, што цалуе жывы i цёплы твар. Толькi вусны адчулi нейкi парашок. Iх твары былi ўкрыты тоўстым слоем тынку.
Былi вечары, калi яны, прыйшоўшы на спатканне, мусiлi разысцiся, не падаўшы знаку, бо з-за рага паказваўся патруль або над iмi вiсеў верталёт. Нават калi гэта было не так небяспечна, iм было вельмi цяжка знайсцi час, каб сустрэцца. Ўiнстанаў працоўны тыдзень складаў шэсцьдзесят гадзiн, тыдзень Джулii быў яшчэ даўжэйшы, днi адпачынку мянялiся залежна ад напружанасцi працы i не заўсёды супадалi. Ва ўсялякiм разе ў Джулii рэдка надаралiся цалкам свабодныя вечары. Яна трацiла процьму часу на слуханне лекцый, на ўдзел у дэманстрацыях, на распаўсюджванне лiтаратуры Антысексуальнага Саюза Моладзi, на падрыхтоўку транспарантаў да Тыдня Нянавiсцi, на збiранне складак у рамках кампанii ашчаднасцi i на iншыя мерапрыемствы падобнага тыпу. Гэта апраўдвала сябе, казала яна. Гэта быў камуфляж. Выконваючы дробныя правiлы, можна парушаць буйныя. Яна нават прыцягнула Ўiнстана да ўдзелу ў адным з такiх мерапрыемстваў. Ён падключыўся да працы ў вытворчасцi боепрыпасаў, якую па чарзе рабiлi ахвотнiкi з лiку заўзятых партыйцаў. I цяпер адзiн раз на тыдзень, вечарамi, Ўiнстан гарбеў па чатыры гадзiны, дранцвеючы ад нудоты, над нейкiмi кавалачкамi металу, што былi, магчыма, часткамi ракетнае бомбы. Працаваць даводзiлася ў цьмянай майстэрнi, дзе дзьмула з усiх дзiрак, а грукат малаткоў сумна перагукваўся з музыкай тэлегляда.
Сустрэўшыся ў званiцы, яны запоўнiлi ўсе прагалы сваiх папярэднiх урывiстых размоў. Быў спякотны сонечны дзень, у маленькiм квадратным пакойчыку над званамi стаяла цяжкае гарачае паветра, у якiм панаваў пах галубiнага памёту. Яны гаварылi некалькi гадзiн, седзячы на пыльнай падлозе, засланай галлём. Час ад часу адзiн з iх уставаў i глядзеў праз акно, цi не iдзе хто.
Джулii было дваццаць шэсць гадоў. Яна жыла ў iнтэрнаце з трыццаццю iншымi дзяўчатамi. («Заўсёды смярдзiць жанчынамi! Як я ненавiджу жанчын!» прызналася яна мiж iншым.) Як ён i меркаваў, яна працавала ў аддзяленнi мастацкай лiтаратуры на раманапiсных варштатах. Яна любiла сваю працу, якая палягала з большага ў наглядзе за магутным, але чуйным электрычным маторам. Яна не была надта разумная, любiла працаваць рукамi i вольна адчувала сябе з машынамi. Яна магла дэталёва апiсаць працэс складання рамана, пачынаючы ад асноўных дырэктываў, выдаваных планавым камiтэтам, i аж да апошнiх штрыхоў, што дадавала перапiсная група. Але гатовая кнiга яе не цiкавiла. Яна не надта любiла чытаць. Кнiгi былi ўсяго толькi прадуктам, якi трэба было вырабляць, як джэм або матузкi да чаравiкаў.
Яна нiчога не памятала пра час да пачатку шасцiдзесятых. Адзiным чалавекам, з тых, каго яна ведала, якi часта гаварыў пра дарэвалюцыйны час, быў дзед, якi знiк, калi ёй было восем гадоў. У школе яна была капiтанам хакейнай каманды i выйгравала два гады запар гiмнастычныя спаборнiцтвы. Яна была важатай атрада Шпiёнаў i намеснiцай сакратара ў Юнацкiм Саюзе, перш чым уступiць у Антысексуальны Саюз Моладзi. Яна заўсёды мела бездакорную рэпутацыю. Яе выбралi нават (што было бясспрэчным знакам добрае рэпутацыi) на працу ў Парнасеку, падсекцыi ў аддзяленнi мастацкай лiтаратуры, дзе выраблялася танная парнаграфiя для пролаў. Людзi, што там працавалi, называлi гэты аддзел «Гнойная кантора», заўважыла яна. Яна працавала там адзiн год, удзельнiчала ў выпуску брашурак у запячатаных пакетах з назвамi накшталт: «Неверагодныя гiсторыi» цi «Ноч у школе для дзяўчат». Гэтыя брашуркi патаемна куплялi маладыя пролы, думаючы, што купляюць нешта нелегальнае.
— Што гэта былi за кнiгi? — пацiкавiўся Ўiнстан.
— Ат, страшэнна тупыя i нудныя. Уявi сабе, усяго шэсць тыпавых сюжэтаў, у якiх час ад часу мяняюцца паасобныя дэталi. Але я працавала толькi на калейдаскопах i нiколi не прымала ўдзелу ў перапiсваннi. Я не маю лiтаратурных здольнасцяў, каханы, нават на такое.
Ўiнстан вельмi здзiвiўся, даведаўшыся, што апроч кiраўнiкоў аддзяленняў усе працаўнiкi Парнасеку былi дзяўчаты. Лiчылася, што палавы iнстынкт у мужчын утаймаваць цяжэй, чым у жанчын, мужчын значна лягчэй магло сапсаваць тое, з чым яны мелi справу.
— Яны неахвотна бяруць туды нават замужнiх жанчын, — дадала яна. — Яны ўсё яшчэ думаюць, што дзяўчаты такiя нявiнныя! Ва ўсялякiм разе адна з iх, што сядзiць тут, зусiм не такая.
Першы раз яна ўступiла ў палавую сувязь у шаснаццаць гадоў з шасцiдзесяцiгадовым сябрам Партыi, якi пазней скончыў самагубствам, каб пазбегнуць арышту.
— Мне пашанцавала, бо iнакш ён выдаў бы мяне, — дадала яна.
Пасля былi iншыя. Жыццё, у яе ўспрыманнi, было вельмi простае. Ты хочаш жыць весела. «Яны», гэта значыць Партыя, не даюць табе жыць весела, i ты абыходзiш законы, як толькi можаш. Ёй здавалася натуральным, што «яны» хочуць пазбавiць людзей асалодаў жыцця, а людзi спрабуюць супрацьстаяць гэтаму. Яна ненавiдзела Партыю i выказвала сваю нянавiсць самымi бруднымi словамi. Аднак яе крытыка не закранала агульных прынцыпаў. Партыйнае вучэнне цiкавiла яе настолькi, наколькi непасрэдна закранала яе жыццё. Ён заўважыў, што яна нiколi не ўжывала навамоўных слоў, апроч тых, што ўвайшлi ў штодзённую мову. Яна нiколi не чула пра Братэрства i адмаўлялася верыць у яго iснаванне. Усялякае арганiзаванае змаганне супраць Партыi здавалася ёй глупствам, бо загадзя было асуджанае на паражэнне. Адзiна разумным, на яе думку, было парушаць законы i, нягледзячы на гэта, заставацца жывым. Ўiнстан задумаўся, колькi магло быць такiх, як яна, сярод маладога пакалення, якое вырасла ў атмасферы рэвалюцыйнай рамантыкi, якое болей нiчога не ведала i ўспрымала Партыю як нешта непарушнае, як неба. Яны не паўставалi супраць яе панавання, а проста ўцякалi ад яе, як заяц ад сабакi.
Яны не абмяркоўвалi магчымасцi пажанiцца. Гэта было зусiм нерэальна. Нiякi ў свеце камiтэт не зацвердзiў бы гэты шлюб, нават калi б Ўiнстан здолеў вызвалiцца ад Кэтрын, сваёй жонкi. Нават у марах не было надзеi.
— Якая яна была, твая жонка? — спыталася Джулiя.
— Яна была… Цi ты ведаеш навамоўнае слова дабрадум, гэта значыць добранадзейны, той, хто думае правiльна, хто няздатны на благiя думкi?