— Наша партыя пераможа на любых вольных выбарах, — секануў з-за пляча Раман Пашкавец. — Духоўныя каштоўнасці продкаў, традыцыі здаровых паводзінаў, усяго гэтага бракуе людзям. Таму за намі цягнецца просты народ!
— Ды вы на дазволеную акцыю не можаце і дваццаці чалавек сабраць, — фыркнула Альжбета. — Таму вас і не рэгіструюць.
— Гэта пакуль! Людзі не хочуць напружвацца дзеля дробных імпрэзаў, але як будуць вольныя выбары, то прагаласуюць за нас. А за вас — не, спадарыня Альжбета.
— Чаму? — тон Альжбеты быў паблажлівы.
— Таму што вы прэзентуеце толькі невялікую частку грамадства. Усе гэтыя айцішнікі, прадпрымальнікі сярэдняй рукі, якія адкрыта пагарджаюць простым народам, яны, яны...
— Яны сваймі падаткамі кормяць ваш просты народ, — прыпячатала Альжбета. — Большасць, меншасць: плаціш падатак — маеш правы грамадзяніна. Хочаш узяць удзел у выбарах? Плаціш...
— Плаціш эквівалент сярэдняй цаны бутэлькі гарэлкі. Чуў я гэтыя абразлівыя прапановы, вас не падтрымаюць.
— Плаціш адзін працэнт ад папярэдняга гадавога даходу. Выбары праз краўдфандынг. Сабралі грошы на арганізацыю — прагаласавалі. Гэта вельмі чэсна.
Пашкавец няўхвальна пахістаў галавой:
— Падаткі ідуць у бюджэт, з бюджэту — на выбарчую кампанію. Навошта множыць працэдуры, калі людзі давяраюць свае галасы парламентарам?
Альжбета зноў фыркнула:
— Множыць працэдуры — гэта вунь Фларыян наш Корд, ака Альгердыч, прапаноўвае.
— Я прапаноўваю ў выпадку нашай перамогі пачаць з чыстага ліста. Твая сучасная заходняя дэмакратыя, Альжбета, можа прывесці да таго, што зноў абяруць тую ці іншую дыктатуру, як гэта было ўсю гісторыю Менску. А мы прапаноўваем сістэму майстроўняў. У адрозненне ад партыяў, якія збіраюць палітычных адзінадумцаў, мы прынцыпова запрашаем людзей, вельмі розных у іхных занятках і поглядах. Галоўны крытэр адбору — чалавек мусіць быць свабодным. У мыслены і дзеяннях, якія скіраваныя на стварэнне, а не разбурэнне.
— Надта абстрактна, — фыркнула Альжбэта.
— Так, на моманце ўваходу ў майстроўню дэмакратыі для канкрэтнага чалавека няма. Мы ацэньваем кандыдата, абмяркоўваем і галасуем. Прычым «за» мусіць быць ад дзевяноста працэнтаў усіх, хто мае права голасу. І вось толькі калі цябе прымаюць, ты трапляеш у валадарства дакладна прапісаных законаў. Унутры майстроўняў дэмакратычныя працэдуры вытрымліваюцца дасканала. Што бывае не ў кожнай партыйнай дэмакратыі.
Альгердыч узняўся і пачаў наварочваць кругі вакол більярднага стала.
— А пакуль што я бачу іншую праблему, звязаную з нашым заўтра і пазаўтра. Мы з вамі абмяркоўваем, як будзем змагацца са зброяй у руках. Больш за тое, мы ўжо змагаемся ў Супраціве, мы здабываем інфармацыю, якую зможам выкарыстаць падчас актыўных баявых дзеянняў. А вось там, — Альгердыч кіўнуў галавой у бок будынку з канферэнц-залай, — ёсць нашы фармальныя паплечнікі, якія ведаеце як адрэагавалі на маю прапанову сыходзіць пад зямлю? Яны сказалі: «Фларыян, гэта крутая ідэя! Ужо ведаеце, як прафінансаваць праект? Краўдфандынг, донарская дапамога фондаў, КСА?..» КСА! Я дазнаўся пра гэтую абрэвіятуру. Карпаратыўная сацыяльная адказнасць: прыватны бізнес выступае спонсарам сацыяльна ці культурна значнага праекту. Мне сказалі: «Трэба пісаць заяўку на грант. Зробім серыю перформансаў пад назвай «Мы сыходзім у падполле!». Галоўнае — дакладна сфармуляваць, супраць чаго мы пратэстуем».
Альгердыч ударыў кіем па шары.
— Яны нават не адразу ўзгадалі, што менавіта для нас непрымальнае ў сучаснай грамадска-палітычнай сітуацыі. Супраць чаго мы арганізавалі Супраціў. Кажуць: «Ээээ... Мы супраць вайны? Супраць таго, што сусед з Усходу нас уцягвае ў вайну? Аааа... Супраць таго, што наш урад не можа ўцямна агучыць, на чыім баку выступае... І навошта нам класціся пад танкі?» «Так, — кажу, — прыблізна так».
— Гэта хто? — змрочна ўдакладніла Альжбета.
— Гэта Вальжына і Юстына, — актывісткі твае любімыя. Чым яны адрозніваюцца ад бабулек у райцэнтрах, якія па старой звычцы набралі запалак і солі і рыхтуюцца перасядзець-перачакаць?
— Лекамі трэба запасацца, без солі пражыць можна, — важна сказаў Пашкавец.
— Так, — адказаў Альгердыч, — асобная тэма пра тое, што і бабулькі і генералы рыхтуюцца да мінулай вайны. Але. Я пра іншае. Пра тое, што ў новым свеце, у якім мы возьмем уладу, важна да галасавання не дапускаць людзей без здатнасці да самастойнага мыслення. Вальжыну з Юстынай ці браць у грамадзяне? Паглядзім. Яны маладыя і могуць змяніцца. У кожным разе, у крытычнай сітуацыі, калі пачынаецца гармідар, не трэба агітаваць за сваё абсалютна усіх, а трэба шукаць толькі адзінадумцаў, каб разам з імі выстаяць. Таму цяпер, калі крытычная сітуацыя дыхае ў патыліцу, я прапаноўваю зацвердзіць сістэму майстроўняў як матрыцу будучага палітычнага жыцця.
Пашкавец катэгарычна махнуў рукой:
— А ў новай сістэме ачольнікам грамадства будзеце вы, спадар Корд?
— Як атрымаецца, але я, не я — гэта дэталі. Важны прынцып: хто выбірае, — Альгердыч зрабіў націск на слова «хто».
Прысутныя катэгарычна адмовіліся нават абмяркоўваць прапанаваную Альгердычам тэму. «Чым яны лепшыя за нас са сваймі майстроўнямі?», «А суддзі хто?», «А чым свабодны адрозніваецца ад несвабоднага?».
Альгердыч распавядаў, як на нарадзе на базе адпачынку ўдзельнікі звыкла цягнулі коўдру на сябе. Нацыянальныя дэмакраты, «почвеннікі-простанароднікі», кшталту лібералы, якім было ўсё роўна, якая ўлада, юрысдыкцыя чыёй краіны, акупацыя — не акупацыя. «Ім усё роўна, за каго адчуваць сябе вышэйшымі», — з агідай узгадваў Альгердыч.
— Дык вы з майстроўнямі таму і пакінулі горад, што не хацелі працягваць спрэчак?
— Так. Як толькі скончылася грамадзянская вайна, і горад падзяліўся на Менск і Горад-Герой, мы ў майстроўнях вырашылі, што прасцей сысці. Чыя партыя урэшце перамагла ў Менску, мы не ведаем.