Развітальная імпрэза канчалася. Сваякі і блізкія сябры загінулых на чаўнах павязуць целы да колішніх гарадоцкіх могілак, якія цалкам сышлі пад ваду — як і ўсё мястэчка Гарадок Віцебскай вобласці. Да нябожчыкаў прывяжуць камяні з імёнамі і датамі жыцця і пусцяць на дно. На ваду пакладуць вянкі з кветак, з васковымі свечкамі на іх. Так прынята.
***
Пасля праверкі дакументаў Дзікун чакаў у чарзе дагляду рэчаў і круціў у галаве фрагменты падзеяў месяцавай даўніны. Тыя, хто арганізаваў напад, мусілі быць дзесьці тут — у Горадзе-Героі. Іншых варыянтаў не было. «Яны нас знайшлі! А мы знойдзем іх!» — заявіў пан Фларыян Корд, якога паўжартам называлі імем па бацьку — Альгердыч. Паўжартам, бо ў супольнасцях Новай Зямлі імя па бацьку не практыкавалася, ветлівы зварот быў «пан», «пане», «пані», «панове». Корд — не псеўданім, а сапраўднае прозвішча — ад тыпу кароткай шаблі ў сярэднявечнай Усходняй Еўропе. Альгердыч, старэйшы сябар і настаўнік Дзікуна, здавалася, нарадзіўся не адну сотню гадоў таму, столькі ён усяго ведаў пра жыццё. А пан Фларыян, як і большасць тых, хто ў дарослым узросце дабраўся з Менску да Новай Зямлі, не выглядаў на свае гады. Вось Дзікун са сваймі аднагодкамі рос і змяняўся з аблічча. А старэйшыя — нібы закансерваваліся ва ўзросце, у якім заснавалі Добрае Месца. Загадка прыроды.
Хоць яшчэ большай таямніцай прыроды сталіся непрадказальныя кліматычныя катаклізмы. Гаворка — найперш пра новы водны свет. Адлегласць тры кіламетры па вадзе човен мог ісці паўгадзіны, а мог — тры дні ці нават тры месяцы. А мог і нікуды не дайсці. Тут, напрыклад, такое надвор'е, а за пяць кіламетраў — зусім іншае. Тут пячэ, там цячэ: раптам навальніца, і раптам яе няма.
Спакойная вада, і — знянацку смерч, здатны засмактаць у сябе цэлую вёску на плывучым востраве. Тут лютуе шторм, а за дзвесце метраў вада застаецца ціхаю. Прагназаваць не было як.
Людзі шукалі больш-менш спакойныя мясціны для падарожжаў па вадзе. Спакойныя — гэта значыць, там радзей утваралася прыродная небяспека. Такія водныя трасы зваліся фарватарамі. Трывалых у часе, амаль нязменных фарватараў было зусім мала. Вакол выспаў Новай Зямлі меўся толькі адзін чысты кірунак — на былы Віцебск. Як выглядала жыццё ў астатніх напрамках, спраўдзіць не было магчымасці. А вось прыбярэжныя воды былі заўжды спакойнымі. Побач з зямлёй прыродных катаклізмаў чамусьці не здаралася.
Затое на вадзе! Апроч кліматычнай небяспекі ўзніклі новыя пагрозы ад флоры і фаўны. Напрыклад, шаблязубыя зайцы-плывунцы. Яны вандравалі, скачучы між бярвёнаў, выспачак са смецця і друзу, кінутых чаўноў, вершалінаў дрэваў і дахаў дамоў, якія тырчэлі з вады. Пры неабходнасці зайцы маглі праплысці па вадзе да кіламетра. Яны падбіраліся да ахвяры бязгучна, зграяй ад пяці да пятнаццаці жывёлінаў, накідваліся і не пакідалі ад здабычы нічога, нават самых цвёрдых касцей.
На зайцоў-плывунцоў палявалі падводныя звяругі. Найперш гіганцкія марскія выдры, свінавасьміногі, а таксама вялікія зубастыя крэветкі. Пакуль заяц у вадзе, ён безабаронны. Каб туша зайца кілаграмаў на трыццаць-сорак знікла за пару хвілінаў, хапала сарака-пяцідзесяці зубастых крэветак.
Вялікія зубастыя крэветкі часцяком хадзілі велічэзнымі — на тысячы асобінаў — касякамі. Рыбакі Усходнепалескага мора здабывалі крэветак тралам у прамысловых маштабах. Трал быў зроблены з вельмі моцнай сталёвай сеткі. Галоўнае — адразу на палубе апарыць здабычу кіпнем.
Чыстая вада — для вялікіх караблёў. Чыстая вада дае магчымасць хутка перасоўвацца, бо там найбольш фарватараў. Дзе былі касякі зубастых крэветак — не было дробнай рыбы. Затое былі вялікія істоты, якія палявалі на крэветак: свінавасьміногі, вугры-цмокі, скаты-бегемоты (у народзе іх празвалі «гіпаэсэсаўцамі»), шчупакі-акулы і ляшчы-быкі... У прыбярэжных водах — марскія бабры, здаравушчыя, як мядзведзі.
***
Пасля пахавання Дзікун сядзеў у кавярні «Трэці Статут» на скрыжаванні вуліцы Усяслава Чарадзея і бульвара Вітаўта Вялікага і згараў ад сораму і роспачы. Псіхаваў пад словы з папулярнай песні:
«Катуй мяне, ратуй мяне,
Катуй мяне, ратуй мяне,
Катуй мяне, ратуй мяне-е-е!..»
Яны з Рамонкай толькі-толькі пачалі гуляць разам. Літаральна напярэдадні ўпершыню ўзяліся за рукі, акурат сёння Дзікун планаваў першы пацалунак, і вось...
Дзікун кідаў нажы і сякеры ў сцяну насупраць. «Няма чым працаваць, — паскардзіўся шэф-кухар уладальніку кавярні, пану Андрэю. — Пятнаццаты раз слухае і інструменту не аддае». Жылісты дзядзька з пшанічнымі вусамі, пан Андрэй моўчкі падышоў да сцяны, складзенай з бярвёнаў, павымаў кухарскі рыштунак, перадаў шэфу, прынёс Дзікуну травяную гарбату і падсеў да стала — маральна падтрымаць вядомага ўсяму Добраму Месцу, ды што там — усёй Новай Зямлі і прылеглым тэрыторыям, чалавека. Дзікун абхапіў рукамі галаву і цяжка выдыхнуў з сябе: «Тры-май-ся за по-руч-ні...»
«Трымайся за поручні!» — любімая фраза Дзікуна. Дзікун ніколі ў рэальным жыцці не бачыў не тое што поручняў, але грамадскага транспарту наагул. Але Дзікуна быў развесяліў расповед Альгердыча пра тое, што некалі ў Менску дзяржаўную арганізацыю «Менсктранс» завалілі тысячамі лістоў і тэлефанаванняў: абураныя менчукі фактычна крычалі: «Вы што — нас за поўных ідыётаў лічыце?!» А ўсіх клопатаў было, што нейкі дробны клерк склаў такі тэкст, які круціўся ў тралейбусах і аўтобусах: «Шаноўныя пасажыры, падчас руху трымайцеся за поручні, якія спецыяльна для гэтага прадугледжаныя». «Не, блін, мы на поручнях бялізну сваю развесім сушыцца!» — абураліся пасажыры.
Дзікун быў апантаны Менскам. З дзяцінства чытаў і глядзеў усё, што было ў Новым Месцы датычнага Менску. Тэксты і фоткі, гісторыю і сучаснасць на момант сыходу старэйшых у пошуках новай зямлі.
Тры-май-ся за по-руч-ні... У жыцці Дзікуна была ўжо аднойчы невыносная роспач. Яе перажыў шмат гадоў таму — неўзабаве пасля інцыдэнту з вадзяным пацуком. Памяць падкідала ўспаміны кароткімі выбліскамі. Будынак аэрапорту, шмат людзей, нервовыя крыкі. Мама трымае Стасіка за руку. Тата цягне за сабой валізу. Дзікун з бацькамі — у канцы чаргі на чартарны рэйс Менск — Сант'яга-дэ-Чылі. Апошні самалёт, які мусіць пакінуць аэрапорт «Менск-2». Вада падступіла да самай узлётнай паласы. Салдаты адціскаюць аўтаматамі тых, хто не паспеў ускочыць у апошні вагон, у сэнсе — самалёт. З дынамікаў ідзе апавяшчэнне пра тое, што з вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах, прадмесці Менску, таксама ладзіцца эвакуацыя ўсіх ахвочых. Гэтыя дэталі Дзікун дазнаўся пазней ад старэйшых, калі падрос, а ў памяці круціліся адно карцінкі штурханіны і поціск напружанай рукі мамы. Малы востра адчуваў неверагодную пагрозу, крычаў, каб папярэдзіць, але бацькі, відаць, думалі, што ён проста баіцца агульнай панічнай атмасферы. Рука мамы літаральна на імгненне адпусціла Стасіка, і малога хтосьці адразу падхапіў. Гэта быў вайсковец з ачаплення. Ён перакінуў хлопчыка камусьці з натоўпу. Маці залямантавала, салдаты закрылі праход. Ні туды, ні сюды больш ніхто не змог прайсці.
Тады быў толькі адчай, малы не мог патлумачыць дарослым, што загадзя адчуў небяспеку. А цяпер Дзікун згараў не толькі ад роспачы, але і ад сораму — бо ён быў бачуном.
Як бачун Дзікун мусіў угледзець пагрозу смерці, якая прыйшла з-пад вады і забрала Рамонку і сяброў-рыбакоў. Бачуны наўперад адчувалі небяспеку з адносна блізкай адлегласці. «Бачуны», казалі людзі. Насамрэч ніякія карцінкі перад бачунамі не паўставалі. Кшталту, праз секунду сабака ўкусіць чалавека, ці праз хвіліну пачнецца атака бандытаў, ці праз пяць хвілінаў у кагосьці ўдарыць маланка.
«Штосьці будзе, — спрабаваў тлумачыць Дзікун, калі ў яго пыталі, як ён адчувае небяспеку. — Першы раз ты не ведаеш канкрэтна, што. Калі небяспечнае здараецца, адразу ў свядомасці фіксуецца нібы хімічная формула. І ты яе запамінаеш назаўсёды. Стрэл са зброі, рык звера, утварэнне віра... Наступны раз пры прадчуванні такой небяспекі формула ўсплывае ў мяне з памяці за некаторы час да падзеі: секунды ці хвіліны. І тады я магу папярэдзіць.
Крыніца пагрозы можа змяніць канфігурацыю. Напрыклад, злачынец дасць пас напарніку, і куля прыляціць з іншага дула, а значыць, па іншай траекторыі, чым ты прадбачыў, альбо драпежнік вось-вось кінецца, але трапіць у пастку, таму прадчуванне нападу спрацуе ўхаластую, — Дзікун шукаў вобразы, каб патлумачыць, што бачуны не ўсёмагутныя. — Калі небяспека для бачуна новая, то застаецца спадзявацца на шацунак, на тое, што ты правільна ўгадаеш удар. Як брамнік падчас пенальці».
Бачуны складалі базы формулаў небяспек, абменьваліся імі. Інфармацыю перадавалі зразумелымі толькі ім гукамі і жэстамі і — галоўнае — малюнкамі-іерогліфамі. Скрасці таямніцу бачуноў было немагчыма. Бо звычайны чалавек не мог успрыняць, а бачун не мог перавесці свае веды ў звыклае для людзей кадаванне.
Вельмі хутка людзі з мінулага, да катастрофы, жыцця высветлілі, што чым бліжэй чалавек быў да Вялікага Выбуху па часе нараджэння, тым лепш ён адчуваў небяспекі. Так сталася, што тым дарослым, які ўбачыў бой малога Стасіка з сінякрылым вадзяным пацуком, быў Альгердыч. Гэта ён досыць хутка здагадаўся пра незвычайную здатнасць хлопчыка. Стасік вырас найлепшым бачуном. Бо быў адзіным, чыё нараджэнне супала з момантам, калі адбыўся Вялікі Выбух.
Усе астатнія, хто прыйшоў на свет адразу пасля Вялікага Выбуху, таксама мелі здольнасці бачуноў, але ў крыху меншай ступені.
Дзікун вучыў малодшых сяброў з дарам бачуноў. Напрыклад, як адрозніваць фонавыя небяспекі. Вось проста нядобры па жыцці чалавек, а вось канкрэтны зламысны намер, які ад яго сыходзіць. Ці вось — стандартная прыродная пагроза, а гэта — невядомы прыродны катаклізм.
«Гады трэніровак і інтуіцыя, якая вынікае з жыццёвага досведу і аналітычных практыкаванняў, — падмурак поспеху бачуна», — так тлумачыў сваю работу Дзікун, калі навучаў маладзейшых.
Сярод іншага, бачуны суправаджалі рыбакоў, каб абараніць іх ад пагрозаў з боку людзей і прыроды. І вось Дзікун сядзеў у «Трэцім Статуце» і не глядзеў у вочы сябрам — вінаваціў сябе за тое, што прапусціў пагрозу «чорных п'явак». Прапусціў, бо не адчуў. Нічога. Нуль. А гаспадар кавярні пан Андрэй, акуратна падбіраючы словы, тлумачыў, што і Рамонка таксама была бачунняй. Можна было б спісаць сітуацыю на тое, што яна мела дар меншай магутнасці, але калі два бачуны адначасова... Значыць, усе разам сутыкнуліся з чымсьці новым, абсалютна не ўласцівым для ваколіцаў Новай Зямлі. Таму няма каго за што вінаваціць.