3
Калі б хто-небудзь стварыў глабальны рэйтынг падполляў, Менскае магло б прэтэндаваць на самае экстраардынарнае. Рэч у тым, што Менскае падполле ўтварылася не з пачаткам баявых дзеянняў, а ў чаканні вайны. ІІІ сусветнай вайны. Ніхто не сумняваўся, што вось-вось мусіць пачацца, але як канкрэтна? Ворагі адразу бабахнуць ракетамі ці пяройдуць у наступ малымі групамі ва ўніформе без апазнавальных знакаў? Зрэшты, галоўны «ікс» у раўнанні быў у цэнтры Менску: на чыім баку ў глабальным канфлікце будуць улады? А найперш, уласна, чыны Міністэрства абароны. Паколькі з адкрытых крыніцаў было зразумела, што многія генералы прададуць сваю краіну за нядорага, то спачатку ўтварыўся Супраціў, а вось з яго крыху пазней сфармавалася Падполле.
Калі Дзікун вырас, ён пэўны час нёс памежную варту разам з Альгердычам на базе ў Білева, колішнім мікрараёне Віцебску. Гэта была такая заморская, насамрэч запраліўная, тэрыторыя Новай Зямлі. Дзікун як бачун дапамагаў адбіваць напады бандытаў, якія прыходзілі з боку Веляшковічаў і Лёзна. А таксама Ваўкоў, Брусоў, Шапак і Задняй. Гэта ўжо за колішняй усходняй мяжой. У першыя гады, як пачалося фармаванне супольнасцяў Новай Зямлі, госці са зброяй не спынялі атак.
А на поўдзень ад Білева ляжала мноства выспаў. Ад незлічоных драбнюткіх да некалькіх вялікіх. Найбліжэйшай была самая аграмадная, якая звалася Талачынскай, — кавалак сушы, які застаўся ў межах былых ды існых мястэчак: Круглае, Друцк, Шчацінка, Талачын, Усвіж-Бук, Абольцы, Латыгаль, Юрцава. Вада між Білевам і Талачынскай выспай была адзіным уваходам у акваторыю Новай Зямлі.
Талачынская выспа — у некалькі разоў большая за Новую Зямлю, але мала заселеная. Пераважна дробнымі бандыцкімі групоўкамі, якія рабавалі хутаранаў з невялічкіх выспаў. А таксама шукалі здабычу па гарадах, якія самі нібы выспы вытыркаліся з вады. Ды хоць бы Жодзіна са сваім аграмадным БелАЗам. А дадай туды яшчэ шчыльныя рады дзясятка заводаў, а дадай мікрараёны шматпавярховікаў. Было дзе і што здабываць! Толькі ведай фарватары ды пільнуй, каб не закрыліся. Калі на заводах найперш шукалі каштоўныя металы, то па жылых дамах выглядалі прыдатную для ўжывання побытавую тэхніку. І каштоўныя металы, зноў жа. Усё перапраўлялася кантрабандай у Горад-Герой.
Апроч Дзікуна ў Білеве разам з салдатамі неслі варту іншыя бачуны. Сядуць маладыя хлопцы і дзеўкі пасля змены каля вогнішча, а тут і Альгердыч падыдзе. Хтосьці запаліць, хтосьці трынькне на гітары, а пасля хтосьці папросіць: «Пане Фларыяне, а распавядзіце, калі ласка, як вы ў Падполлі змагаліся». «Ну як змагаліся, — пачне Альгердыч, відавочна задаволены ўвагай, — мы рыхтаваліся».
Яшчэ да Вялікага Выбуху Альгердыч быў сувязным з адной з групаў, што схавалася ў падземным Менску. Працаваў у рэстаўрацыйнай майстэрні мастацкага музею. А гэта значыць, што ён камунікаваў не толькі з навуковымі супрацоўнікамі-мастацтвазнаўцамі, але з вялікім колам прыватных заказчыкаў. Ідэальны сувязны. Проста ў цэнтры гораду ў сябе на рабоце сустракаўся з кліентамі. А кліенты былі розныя: ад чорнага капача да калекцыянера, ад нуварыша-пакупніка да прафесійнага гандляра антыкварыятам. Усе ўзросты, полы, сацыяльныя становішчы.
Усе роўныя перад майстрам-рэстаўратарам, «як у лазні ці аўташколе». Хто ні зойдзе — западозрыць хоць у чымсьці практычна немагчыма. Напрыклад, ва ўдзеле ў Супраціве.
Задача нумар адзін падпольшчыкаў была ў тым, каб захаваць сябе для чаканых баявых дзеянняў. Для большай эфектыўнасці спачатку трэба было выканаць задачу нумар нуль: высветліць, хто канкрэтна будзе на чыім баку ва ўладных структурах, калі вайна пачнецца. Адпаведна, зразумець, як сябе паводзіць з пачаткам баявых дзеянняў. Ці трэба будзе выходзіць з Падполля, каб падтрымаць уладу ў змаганні з агрэсарам, ці наадварот — застаючыся ў Падполлі, ударыць у тыл здраднікам радзімы. Пакуль чакалі канкрэтыкі, абжывалі метро, калектары, пераходы між заводамі і нават між дотамі часоў папярэдняй — ІІ сусветнай — вайны. У Менску было дзе разгарнуцца пад зямлёю.
А над зямлёй... А над зямлёй адна з канспіратыўных кватэраў мясцілася ў раёне плошчы Перамогі, вокнамі на раку Свіслач. Недалёка на пагорку быў бачны масіўны будынак Міністэрства абароны. Кватэру ў гэтым месцы знялі выпадкова, проста прапанова падалася выгаднай. Але ўдзельнікі Супраціву жартавалі, маўляў, знялі «спецыяльна для натхнення» — каб мець перад вачыма аб'ект інтарэсу. Кватэру замаскіравалі пад блатхату.
Нават калі спецслужбы і ладзілі праслухоўванне, яны ўсё роўна не маглі пачуць тых важных размоваў, якія вялі міжсобку падпольшчыкі: у гармідары крыкаў, рогату і няроўных песень, што часта пачыналіся, але рэдка даводзіліся да канца. Кутняя кватэра не межавала наўпрост з іншымі. А таўсценныя «сталінскія» сцены ахоўвалі падпольшчыкаў ад канфлікту з суседзямі. Такая тактыка маскіроўкі дала найбольшы плён. Групы, якія абіралі для сябе іншыя віды канспірацыі, больш цярпелі ад выкрыцця і пераследу.
Неяк Альгердыч чарговы раз уздымаўся па нестандартна высокіх прыступках туды, на самую верхатуру, дзе сябры па барацьбе ўжо нарэзалі закускі, адкаркавалі бутэлькі і падрыхтаваліся да сур'ёзнай — на ўсю ноч — работы.
У рэдкіх выпадках, калі трэба было працягнуць і рана ранкам, недалёка — каля крамы «Акіян» — дзень і ноч працаваў шапік «Хутка-смачна» (у народзе «Хутка-брыдка») з півам і хот-догамі, якім далі мясцовую менскую назву — «хадуны». Альгердыч для сябе жартам называў «хадунамі» публіку, якая таўклася каля шапіка а пятай раніцы.
Альгердыч зайшоў у кватэру і ўбачыў яе — Зулю. Пазней менавіта выведніца Зуля здабудзе найбольш каштоўную інфармацыю, якая паўплывае на хаду дзейнасці ўсяго Супраціву. А пакуль Зуля сядзела ў коле мужчынаў і трымала бутэльку віскі ў руцэ. У класіфікацыі аднаго з Зулевых паплечнікаў па змаганні, «у жанчыны адсутнасць жопы кампенсуецца высока задраным носам». У Зулі і жопа была што трэба, выпуклая і пругкая, і нос быў задраны. Ну як нос — носік.
Рост у Зулі быў ніжэйшы за сярэдні. «Не, не так, — сказаў Альгердыч. — Калі шчыра, малюпасенькая ростам, цыцкастая, дупастая, энергічная кабетка, у якой рот не закрываецца ні на імгненне. І якая можа ўліць у сябе неверагодную колькасць алкаголю, усё вакол перавярнуць і разбамбіць і пры гэтым застацца на нагах. Вось такая была Зуля».
Каштанава-мядзяна-брунецісты колер густых валасоў быў натуральным. Вочы змянялі адценне ад татальна — на ўсю зрэнку — цёмна-карычневага, амаль чорнага, да залаціста-карычневага ў зеляніну. Ні ад асвятлення, ні ад прыняцця якіх-небудзь рэчываў змена адцення вачэй не залежала. Зуля выказвала меркаванне, што ў такі спосаб выяўляюцца патаемныя жаданні, якіх яна сама не фіксуе. У залежнасці ад настрою Зуля магла выглядаць дзевачкай-прыпевачкай, а магла быць кабетай «я вас усіх з'ем, сукі».
У вечар знаёмства з Альгердычам Зуля накаціла грамаў трыста пяцьдзясят і пачала спяваць песні ўласнага сачынення. Пра любоў, каханне і змаганне. Паціху, паціху, усё галасней, а пасля Зуля ўхапілася за гальштук сувязнога з аддаленай ускраіны гораду і пацягнула яго ў калідор, а адтуль у туалет. Зулю спынілі.
Зуля ледзь не перасварыла ўсіх мужчынаў, прычым ніхто не зразумеў прычыны. Зуля выліла сабе на галаву кухаль піва, змяшала ў сабе ўсе напоі, што былі на стале. Зулю выцягвалі з акна, у якое яна раўла яшчэ нядаўна мілагучныя песні. Яна паспрабавала залезці на стол, на шафу і ў штаны ўсім прысутным, а пасля захрапла ў суседнім пакоі, і дзелавая сустрэча працягнулася.
Поўнае імя Зулі было Сузана Анатолеўна Шубзда, але пра гэта ведалі хіба бухгалтары, якія налічвалі ганарары. Працавала Зуля на палову стаўкі рэдактаркай навінаў незалежнага інтэрнэт-рэсурсу «Белоп», працавала з дому. А раз на тыдзень — аператаркаю крану на ток-шоу галоўнага каналу дзяржаўнага тэлебачання. Шэсць дзён на тыдзень пасля абеду была вольная. Час запаўняла тым, што вяла ўласны відэаблог пад назвай «Сама не свая». Пра «нечаканыя знаёмствы з цікавымі людзьмі ў незвычайных месцах».
У адно незвычайнае месца Зуля трапіла на заданне падполля — у вайсковае інфармацыйнае агенцтва «Баец». Спачатку было нечаканае знаёмства, а пасля ўжо заданне. З цікавым чалавекам генерал-маёрам Ціцюкіным Зуля перасеклася ў прыёмнай прыватнага венералагічнага кабінету.
Зуля любіла і ўмела бухнуць так, што мужыкі ў радыусе кіламетра выстройваліся ў чаргу, каб правесці юную мадам дадому. А больш за ўсё ў жыцці відэаблогерка любіла экстрэмальны секс з незнаёмцамі. Пра секс пасля ў дэталях распавядала на ю-т'юбе, праз што зрабілася дзіка папулярнай у падлеткаў. Але ў рэальным жыцці блогерку цікавілі сталыя мужчыны. Сталыя мужчыны відэаблогаў не глядзелі, пра вядомасць Зулі ў інтэрнэце не ведалі, таму аддавацца свайму хобі яна магла не асцерагаючыся выкрыцця і пераследу з боку сваіх выпадковых партнёраў.
Бывала, што Зуля раздавала прызыўныя флюіды, як роўтар раздае беспарольны інтэрнэт.
А бывала, выпраменьвала кропкавы секс.
З Ціцюкіным атрымалася кропкава. Што не адмяняла промні «ўай-фаю», у выніку працы якога палова службоўцаў Міністэрства абароны пачала рэгулярна сустракацца з журналістамі паловы незалежных і дзяржаўных СМІ ў адных і тых самых венеролагаў.
Вось гэтую частку гісторыі і чакалі ад Альгердыча маладыя байцы каля вогнішча, бо кожны раз расповед поўніўся новымі дэталямі і красаваў новымі фарбамі. Адзінае што, Альгердыч ніколі не раскрываў імя Зулі, казаў «адна выведніца». Прычым гісторыю падаваў так, што яна выглядала хутчэй на анекдот уласнага сачынення. На вайсковы гумар.
Аднойчы Зуля засядала з Ціцюкіным у рэстаране гатэлю «Менск». Засядалі яны ўжо не першы дзень — кватэра Ціцюкіна была па дыяганалі праз дарогу, дакладней — праз праспект Незалежнасці, у доме побач з Галоўным паштамтам. А было перад Новым годам.
Генерал квасіў, а Зуля час ад часу адскоквала ў казіно, якое было ў суседняй зале. Ціцюкін пагрузіўся ўжо ў той стан, калі размова з цікавым чалавекам — сабою — была самадастатковай і змястоўнай. Генерал механічна вымаў з партманета купюру, Зуля механічна яе забірала. Праз кароткі час вярталася, каб забраць наступную. І вось пасля чарговага паходу ў казіно Зуля завалілася ў рэстаран пад руку з новым цікавым чалавекам, высокім падцягнутым джэнтльменам з кароткай стрыжкай.
— Бля-а-а-а!.. Роб-берт-а-авіч! — генерал крыху працверазеў. — Братуха!
— Нікіфаравіч, Валодзя, аааа! Здароў!
Высветлілася, што Ціцюкін і Робертавіч — калегі па службе ў Міністэрстве абароны. Якія не бачыліся ўжо цэлых... цэлых пяць дзён!