— Возьмеш у касе шэсцьдзясят рублёў — на прадстаўнічыя выдаткі — і выпраўляйся да Эвенкава, толькі патэлефануй папярэдне. Адрас Жанна ведае. Заўтра абгаворым дэталі, а ў пятніцу паедзеш на месца.
— А можа, у панядзелак? — падаў голас Іван, і Аўдошка, які ўжо адчыніў быў дзверцы, з грукатам іх зачыніў і падышоў да падначаленага.
— Адкрою табе дзяржаўную тайну. Інстытут марксізму рыхтуе да брэжнеўскіх угодкаў біяграфічны нарыс. Бацькавы прайдзісветы шукаюць матэрыялы дзе толькі можна. Перакулілі дагары нагамі ўсе архівы; не сёння-заўтра ў Коханаве з’явяцца. Мы іх мусім апярэдзіць. Зразумеў? І вось яшчэ што, — Аўдошка керхануў у жменю, — скажаш пісаку, што будзем друкаваць ягоную аповесць. Гэта на выпадак, калі не захоча аддаваць матэрыялы… Карацей, пакруцішся ў Коханаве пару дзён, а там прышлем падмацунак, — Аўдошка ляпнуў Івана па спіне, рушыў да машыны, і цяпер ужо на Іванаву нюхаўку апусцілася яршыстая сняжынка; сняжынка ўмомант растала, дрыготкай кропляй завісла на кончыку носа, адбіўшы ў сваёй глыбіні счарнелыя ліпы, міргатлівы святлафор і аўдошкаву «Волгу», якая з прыглушаным вуркатаннем паехала па вуліцы.
На калідоры панавала цемра. Іван пстрыкнуў запалкай, выглядаючы нумар кватэры, тыцнуў пальцам у званок, і яму адразу ж адчынілі.
— Заходзьце-заходзьце…— азваўся гаспадар і ступіў два крокі назад, падставіўшы сваю бліскучую лысіну пад зыркае бра.
На гаспадары былі зашмальцаваныя піжамныя нагавіцы і салатавага колеру саколка, пад якой узбуджана калыхаўся па-жаночы пукаты жывот.
Іван пераступіў парог, расшпіліў два гузікі палітона і тут жа спалохана ўсхапіўся: пад нагамі ягонымі круціўся вялізны шэры кот.
— Барсік! Псік! — гукнуў гаспадар, няўклюдным рухам запрашаючы госця прайсці ў бакавы пакой.
— Дык што… вырашылі выдаваць?
Пытанне прагучала нечакана, таму Іван і адказаў не адразу: патрабавальна нюхнуў паветра і, вызначыўшы, што ў пакоі пахне старымі газетамі і кацінымі сцакамі, кіўнуў галавой.
Палову пісьменніцкага катуха займала кніжная шафа. Тут жа стаяў дыхтоўны, прыціснуты дапатопнай друкаркай і гарою папяровага хламу стол, а над сталом вісела ўвабраная ў залачоны багет карціна. Іван мелькам зірнуў на яе і знерухомеў: пасярод неабсяжнага поля стаяў брывасты дзяцюк у кірзавых ботах і, наваліўшыся грудзінай на каморніцкую «казу», зачаравана глядзеў на асветлены ранішнім сонцам далягляд. «У. Сцяпук. “Светлая раніца”. Л. І. Брэжнеў на Коханаўшчыне», — прачытаў Іван на таблічцы.
— Валодзя Сцяпук намаляваў… па матывах маёй аповесці, — сказаўшы так, пісьменнік пакутліва ўздыхнуў. — Ездзіў у Талачын, у райкам партыі. Думаў, набудуць…
— Хто ездзіў? Сцяпук? — перапытаў Іван, але пісьменнік як і не чуў ягоных слоў; яшчэ больш спахмурнеў, змахнуў рукавом скупую мужчынскую слязіну. — Вось тое ж і з аповесцю. Цэлы год пісаў… з архіваў не вылазіў…
Пачуўшы пра архівы, Іван неўпрыкмет пацёр далоні.
— А што, знайшлі нешта? Дакументы там, ці людзей, з якімі Леанід Ільіч працаваў?
Пісьменнік адвёў вочы, пацёр вуграватую шыю.
— Столькі гадоў мінула… Дый прабыў ён у Коханаве зусім няшмат — некалькі месяцаў.
Цяпер ужо Івану давялося спахмурнець і правесці далонню па карку.
— А дзе гэты Коханаўскі раён знаходзіцца?
Пісьменнік падхапіў са стала тоўстую тэчку, ляснуў ёю па сцягне, і ў паветры расплылася і паволі растала пыльная аблачынка.
— Вось тут! — мовіў творца, тузануўшы — спачатку дрыжачымі пальцамі, а потым рэдкімі зубамі — непадатны матузок.
Развязаўшы тэчку, творца прысмаліў папяросу.
— Раён той даўно зліквідавалі, — над лысай пісьменніцкай галавой прывідным німбам узнялося колца тытунёвага дыму. — Вось, зірніце, мапа 27-га года выдання, і спіс сельсаветаў…
Мапа была дарэшты пацёртая, падраная на згібах.
— Усяго ў дваццаць сёмым годзе ў складзе раёна было дванаццаць сельсаветаў: Аболецкі, Алёнавіцкі, Палюдаўскі, Шыбецкі, Малатынскі, Сялецкі…
— А вы на месца выязджалі? — перапыніў Іван бясконцы пералік.
— Быў, — незадаволена выдыхнуў пісьменнік. — Як на добры лад, там трэба было цэлы месяц працаваць — людзей апытаць, сустрэцца з ветэранамі, а гэтыя сволачы з Саюза пісьменнікаў камандзіроўку на два дні выпісалі. Толькі і паспеў, што ў райкам зайсці ды з мясцовым краязнаўцам сустрэцца. Міла Сяргееўна… маладая яшчэ жанчына. У Коханаўскай прафтэхвучэльні працуе. Яна мяне там з адной цётухнай пазнаёміла. Цётухне восемдзесят гадоў: памятае, як у іхнай хаце, прыканцы дваццатых, каморнік жыў. Паказаў фотаздымак — паглядзела, прымружылася, кажа: «Здаецца, ён…»
— Адрас ёсць… той кабеты? — запытаўся Іван, выцягнуўшы з кішэні нататнік.
— Клічуць Сазоніхай, а жыве-е…— пісьменнік паскроб лысіну. — Як ад шашы ехаць на Коханава, дык першая вёска. Там яшчэ царква стаіць… разбураная…
— Значыцца, так, — Іван піхнуў у кішэнь нататнік, зірнуў на гадзіннік. — Зараз едзем у рэстаран і там абгаворым усе дэталі. Аповесць вашу занясу ў выдавецтва. Тэчку з дакументамі таксама забіраю. За сабраныя матэрыялы будзе налічаны дадатковы ганарар. Ну і карціну, відаць, прыхаплю, — госць прыкусіў губу, калупнуў пальцам багетавую раму, — пойдзе ў якасці ілюстрацыі да кнігі.