— Паглядзіце на карціну! — параіў Пісьменнік.
Зірнуўшы на коннага Дзяржынскага, Афіцэр шчасліва выдыхнуў:
— Тупат быстрага каня!
Яшчэ недзе з паўгадзіны доўжылася гэтая слаўная сустрэча.
Афіцэр дзякаваў Пісьменніку за свойскасць ягонай натуры і асабліва за тое, што размаўляе ён па-беларуску; а яшчэ частаваў з тэрмасу гарачай гарбатай і нават прызнаўся, што пакінуў бы міліцыю, але пакуль няма куды яму дзявацца…
Нарэшце, аддаючы членскі білет, прамовіў:
— Ну, добра, ідзіце сабе, святкуйце. А калі што якое, то заходзьце… Пасядзімо, школьныя вершы разам паўспамінаем…
— А чаму ў вас Дзяржынскі на кані? — ужо стоячы ў парозе, пацікавіўся Пісьменнік.
— Каб не забываць паэзію, — хітра ўхмыльнуўся Афіцэр…
Калі Пісьменнік адчыніў дзверы ў свой пад’езд, то пачуў песню (якраз у двары заспявалі):
«I песня добрая, і жыць яшчэ можна, і ў міліцыі неблагія людзі ёсьцека, і зрэшты ўсё добра… Трэба толькі памірыцца з жонкай, дачкой і сынам… Якія ні ёсць, а ўсё ж такі родныя… Трэба як-небудзь намагнуцца і на стары Новы год купіць ім іхнія падарункі…» — думаючы так, Пісьменнік паволі падымаўся на свой паверх, усміхаўся самому сабе, крыху саромеўся, што стукнуў Вулічніка, і крыху шкадаваў, што ня даў Абакрадзенаму грошай на білет да Слоніму.
1 красавіка 2004