Напраўду…
Пасля гэтага маўклівага «напраўду…» і заявіўся Кучкін.
— Здароў, Зміцер Аляксандравіч! Са святам цябе, дарагі! Добра мы ўчора пасядзелі, га? А ты проста арол! Скажу табе, ты зрабіў ого які від! Радзівілам сядзеў за сталом! Нічога не шкадаваў! А кажуць, што беларусы ня ўмеюць зрабіць вялікую гульню! Умеюць, яшчэ як умеюць, а, прайграўшы, ня плачуць!
Кучкін памаўчаў, выпіў каморынскую каву, а ўслед за каваю і гарбату.
— Зміцер Аляксандравіч. Я на адну хвіліну… Я, так сказаць, па капейчыну сваю… Забег напомніць…
— Як гэта! — вырачыўся Каморын. — Мы ж дамовіліся, што я аддам праз тыдзень!
— Такога ўгавору не было! Ты проста забыў! Ты ж заўсёды забываеш! Быў іншы ўгавор: я табе пазычаю да сённяшняга абеду! — Кучкін паглядзеў на гадзіннік. — О, дык у цябе яшчэ гурба часу! Зайду пасля чацвёртай… Падрыхтуй гэтыя няшчасныя чатырыста даляраў…
— Чатырыста?! — ажно здрыгануўся Каморын. — Я ж у цябе браў толькі трыста!
— Бачу, галаву ў цябе зусім адбіла! Ня варта было піва з каньяком жлукціць! Карацей… Прыйду са сведкамі! Я ж баксы даваў пры Мусе, Пятрове і Калодзе!
«Э-э, праўду шукаць у Кучкіна, што галаву ў агонь засоўваць!..»
— Знаю я тваіх сведкаў, — млява адказаў Каморын, — чорт з табою, няхай будзе чатырыста…
— Ну, ня думай толькі, што я нячысты на руку! — з прыемнай для сябе крыўдай у голасе вымавіў Кучкін. — I не табе ж быць скнарным, Зміцер Аляксандравіч! Ты ж вялікае карыта маеш, а ў мяне так… вераб’іная кармушка. У класнай фірмусе працуеш! Пазвані свайму шэфу, ён добры, ён цябе ня раз выручаў… Я ж ведаю, у цябе ўсё падмазана! А ў доме якім жывеш! Гэта ж трэба, яго немцы будавалі! А я немцаў паважаю! Я добрыя грошы даў бы, каб жыць у цэнтры Менску і ў такім білдзінгу! Аднак жа пакуль у кішэні ня надта… Ну, добра, пасля чацвёртай гадзінкі я ў цябе… Мне капейчына сёння, хоць вешайся, патрэбна!..
Кучкін пайшоў, і Каморын, як у ліпучы сон, паглыбіўся ў свае думкі.
«Зноў уляцеў! I зноў адно і тое ж: дзе ўзяць пенёндзы? Быў бы ў мяне рахунак у банку… Летась яшчэ быў! Можа, і сапраўды патэлефанаваць шэфу?!. Не, нельга. Я яму й без таго вінаваты… Ды ўжо й папярэдзіў ён мяне, што больш памагаць у такіх маіх штуках ня будзе… А, можа, стрэльбу прадаць?! Але каму? За гэтыя паўдня ці знойдзеш купца на стрэльбу?! А, можа, застрэліцца?! Добрая думка, але не разумная…»
Напраўду…
У шалапутным Каморыну часта гучала гэтае малазмястоўнае «напраўду…»
Што яно значыла, Бог яго ведае?
Гучала і ўсё.
I вось пасля чарговага такога «напраўду…», каб хоць як заняць сябе, каб хоць на хвіліну адступілася гаркота, ён прыдумаў сабе імгненны занятак: уважліва агледзеў дзірку ў сцяне, якую трэба было пасля свята замазаць.
Калупнуў адвёрткай раз, другі…
Пастукаў.
«I праўда ж, нейкая жалязяка…»
I тут нешта з сярэдзіны падштурхнула Каморына, усмешка асвятліла ягонае аблічча.
Арудуючы ўжо долатам і малатком і амаль што калоцячыся ад нецярплівасці, з цяжкасцю выняў з кладкі цагліну, за якой знайшоў металічную пушку з надпісам на вечку «Eiserne Kreuze».
Напружваючы свае школьныя веды ў нямецкай мове, уражаны Каморын прачытаў уголас:
— Айзэрнэ Кройцэ…
I нават пераклаў:
— Жалезныя крыжы…
Акрамя ваенных узнагародаў, у пушцы яшчэ ляжаў драўляны пенал, у якім былі схаваныя рэйхсмаркі і дзесяць царскіх залатых манетаў, кожная вартасцю ў 10 рублёў.
«Божа, гэта ратунак! — ад неверагоднай радасці Каморын ажно памаладзеў. — Што праўда, то праўда: маю камяніцу немцы будавалі! Мусіць жа, нейкі палонны штабфельдфебель прыхаваў пушачку! Надзейна прыхаваў, аднак жа пажывіцца ёю ня здолеў… Так, я ўратаваны!.. Дык вось, гэту манетку падарую сваёй цудоўнай жонцы! Гэту — сваёй дзівоснай дачцы! А гэту кіну ў морду казлу Кучкіну! Астатняе ж усё маё…»