Той адляцеў, як трэска, і паваліўся (гэта ж трэба!) якраз на двух міліцыянтаў, што раптам выступілі з-за ратушы.
Яны моўчкі, як нешта непатрэбнае, адкінулі ад сябе Вулічніка і шчыра ўзяліся за Пісьменніка.
Нішто яму не памагло — ні тлумачэнні, ні ўгаворы, ні членскі білет…
Міліцыянты абыякава прачыталі прозвішча Пісьменніка і павялі яго ў міліцэйню.
Там аддалі дакумент дзяжурнаму Афіцэру, штосьці пашапталі яму на вуха, глынулі з тэрмасу гарачай гарбаты і зноў пайшлі на марозную вуліцу спраўляць службу…
Афіцэр сядзеў за сталом, які быў казённа аздоблены графінам і шклянкаю.
На сцяне, за спінай Афіцэра, ярчэла незвычайная карціна — Дзяржынскі на кані!
Сапраўды, дзіва дзіўнае!
Каб гэта Варашылаў на кані ці Булак-Балаховіч, а то Дзяржынскі…
Афіцэр нечакана з захапленнем прамовіў:
— Вы пісьменнік?!
— Але…
— Як я рады! Сядайце, калі ласка! Вы што, бамжу ў морду заехалі?
— Я не хацеў…
— Э, кіньце! Правільна зрабілі… Давайце пагаворым… Ну, проста так, па-чалавечы… Во! Паразмаўляйце са мной па-беларуску! Я люблю родную мову, але забываю яе, бо на службе няма з кім па-беларуску гаварыць! Часам балакаю тады, калі каго з пікету ці бэнээфаўскага мітынгу прывязуць… Хлопцы тыя, шчыра скажу, мне падабаюцца… Калі я адзін, без начальства, то іх заўсёды адпускаю дамоў!
— Добры вы, — квола ўсміхнуўся Пісьменнік.
— Вы праўду сказалі, я добры! Я радзіўся такім, скрозь хацеў быць добрым і хачу быць добрым! I вось што цікава, мая першая настаўніца яшчэ ў трэцім класе сказала мне: калі хочаш на ўсё жыццё застацца добрым, то вучы на памяць вершы!
— Што вы кажаце! — вельмі здзівіўся Пісьменнік.
— Вось тое і кажу… I я вучыў, вучыў, вучыў… Словам, вучыў шмат. Праўда, усе вершы пазабываў. Служба ж, як у той песні, дні і ночы… Ха-ха-ха!.. Хай на яе пляга! Адзін толькі вершык памятаю і то, здаецца, ня ўвесь. Ён пачынаецца так: Ноч… Ноч… Не, «ноч» трэба адзін раз… Дык вось, ноч… Хм, а як жа далей?
— Халодная зямлянка, — падказаў Пісьменнік.
— Сапраўды! — дужа ўзрадаваўся Афіцэр. — I як гэта вы так адразу ўгадалі?! Залатая ў вас галава!.. Ноч. Халодная зямлянка… Ну, дык вось, ноч, халодная зямлянка…
Узбіваючыся на другі радок, Афіцэр напружыўся — ажно бліснуў на ягоным лбе пот.
Пісьменнік гэтым разам вырашыў пачакаць з падказкаю, і тут адбылося проста нечаканае.
Афіцэр устаў з-за стала, пачухаў патыліцу, пашкроб падбароддзе і, апантана ўспамінаючы патрэбнае слова, машынальна пачаў абмацваць сябе — спачатку нагрудныя кішэні, нібы хацеў знайсці запалкі, пасля правёў далонямі па чорным рэмені.
Натыкнуўшыся на кабуру, з такой прафесійнай хуткасцю выхапіў з яе пісталет, што ад нечаканасці Пісьменнік засцярожліва выставіў перад сабой рукі.
— Перастрэлка! — ускінуўшы ўгару зброю, радасна крыкнуў Афіцэр. — Знаёмае слова «перастрэлка»… Ну, вось, а далей зноў забыў…
— Цішыня, — хуценька вымавіў Пісьменнік.
— Правільна! Цішыня!.. — пацвердзіў Афіцэр і схаваў пісталет у кабуру. — Неба, чыстае, як… Бля!.. Ну, што гэта сёння з маёй памяццю?!
Пісьменнік, з палёгкай апусціўшы рукі, паказаў на стол, на шклянку.
— Шклянка! — задаволена пляснуў у ладкі Афіцэр. — Неба, чыстае як шклянка!.. I… I…