Лідзія Пятроўна, не ўстаючы з крэсла, двума пальцамі левай рукі адчыніла дзверцы насценнай шафы і з ладнага стоса выцягнула журнал. Другою рукою яна ўвесь час падтрымлівала самлелую галаву. Надалей усю працу жанчына чыніла ўсё той жа рукою. Разгарнула журнал. Доўга гартала старонку за старонкаю, творачы мускуламі твару няведамыя мігі, а потым узняла свае цнатлівыя вочкі і з дзявочай нявіннасцю запыталася:
- А дзе вы жывеце?
- Нідзе, - шчыра адказаў Матыль.
- Як нідзе? - здзіўлена перапытаў загадчык аддзела народнай адукацыі. - Дзе вы прапісаны?
- Раней быў прапісаны ў інтэрнаце, - патлумачыў Пецька, - а зараз нідзе.
- Сур’ёзна? - радасна ўздыхнуў Іван Сымонавіч.
Лідзія Пятроўна моўчкі загарнула журнал.
- Кажу праўду, - каб быць як мага больш чыстасардэчным, паклаў руку на грудзі Мармулак.
- Тады выбачайце. Калі будзеце мець мінскую прапіску, тады прыходзьце да нас, і мы вас працаўладкуем.
Загадчык РАНА няспешна павярнуўся і спакойна пашыбаваў у свой кабінет. Лідзія Пятроўна хуценька вярнула журнал на месца і перавяла позірк на сцяну, дзе на павуцінні матляліся высушаныя мухі.
...Кабінеты міністэрства народнай адукацыі былі больш прасторныя, і іх было вельмі шмат. За адзін дзень абысці ўсе было проста немагчыма, нават калі чалавек быў тут і не адзін раз. Чалавеку, які выпадкова трапіў сюды з вуліцы, можна было заблудзіцца. Сумяціцу ўносілі яшчэ самі супрацоўнікі міністэрства. Яны не ведалі, куды неабходна звярнуцца маладому спецыялісту, каб атрымаць працу. Усе як адзін уголас цвердзілі, што з працаўладкаваннем ў яго не можа існаваць ніякіх праблем, але... Але як гэта здзейсніць практычна, ніхто канкрэтна не мог сказаць, і таму пасылалі хлопца з кабінета ў кабінет. Давялося Пятру Матылю пабываць нават у пакоі сантэхнікаў. Гэта было напрыканцы трэцяга дня яго вандроўкі па міністэрскіх кабінетах. У пакоі стаяў густы дымагарэлачны пах. Чатыры прадстаўнікі слаўнага працоўнага класа "забівалі казла". Пётр Іванавіч звярнуўся да бліжэйшага мужчыны з сінім носам і чырвонымі вачыма.
- Скажыце, калі ласка...
- Скажу.
- Можна...
- Нельга. Замежных унітазаў няма.
- Ды не, Дуст. Не тое шэпчаш, - умяшаўся ў гутарку сусед, што сядзеў злева. - Ён да Бугра папасць хоча, наконт працы.
- Сёння - не! - аўтарытэтна зазначыў сіні нос. - Ён з Манькай з методкабінета заняткі практычныя праводзіць у сябе на лецішчы. Няхай заўтра прыходзіць раніцай.
Сантэхнік, што сядзеў леваруч, падрабязна патлумачыў Мармулку сэнс сказанага сваім начальнікам:
- Раненька бярэш паўхір адзін-нуль і канаеш сюды. Усё будзе як у лепшых хатах Парыжа і Лондана. Кумекаеш?
На наступны дзень Пётр Іванавіч прыйшоў у вышэйзгаданую ўстанову роўна ў прызначаны тэрмін. Яго ўжо чакалі. Хлопцу здалося, што перад ім іншыя людзі, 6о насы іх мелі звычайны колер. Ен палічыў, што памыліўся, і павярнуў быў назад, але давялося вярнуцца, 6о усе сантэхнікі ў адзін голас зараўлі:
- Давай хутчэй!
Адразу пасля першай шклянкі іх насы і твары набылі ўчарашні колер. Сантэхнік з чырвонымі вачыма ад другога падыходу адмовіўся, сваю шклянку паставіў у водаправоднае калена і звярнуўся да Матыля:
- Хадзем. Да самога Бугра. Што вы ўсе яго баіцеся? Мужык як мужык. Можа, крыху горшы, чым я.
У прыёмнай тоўпіліся нейкія людзі. Сантэхнік нахабна-шчыра кінуў сакратару-машыністцы "Прывітанне!" і строга запытаў: "У сябе?"
- Так, - без лішніх слоў адказала маладзіца.
Бугор, перадпенсійнага веку лысы мужчына, сядзеў у крэсле і адваротным канцом ручкі з залатым пяром прачышчаў вуха. Сіні Hoc Чырвоныя Вочы паціснуў яму руку і зрабіў справаздачу:
- Сантэхнічнае абсталяванне на аб'екце ўстаноўлена.
- Ведаю-ведаю, - размінаючы старыя косці, пацягнуўся Бугор. Потым дадаў: - Не жанчына, а звер. Адна толькі скруха - вельмі дорага міністэрству абходзіцца гэты занятак... Адным словам - шчыра дзякую.
- Тады я пайшоў. Калі што, дык... А гэты таварыш да вас на прыём без запісу, - прадставіў сантэхнік Мармулка.
- Сядайце, - прапанавала сонным голасам дзяржаўная асоба. Па ўсім было бачна, што практычныя заняткі на лецішчы закончыліся толькі раніцай.