Генадзь падняўся і выйшаў, але хутка вярнуўся.
- Мармулак, патрэбны пакой. Схадзі падрыхтуйся да заліку.
- Якога?
- Па тэорыі "Уплыў прамянёў Месяца на пасмяротнае жыццё прусакоў".
- А-а-а...
- Бэ-э. Давай-давай. Няма часу. Чытальная зала не зачыненая.
Пятро, як заўсёды, падпарадкаваўся.
МРОІ П’ЯНАГА МАРМУЛКА
Чалавеку ўласціва марыць. А6 прыгожай жанчыне, утульнай шматпакаёвай кватэры (лепш, вядома, катэдж), любімай не зварушы пальцам працы, салявым мяшку грошай, скарбе з галеры іспанскіх канкістадораў, рамантычным падарожжы з цнатліўкай, ночы ў ложку з Брыжыт Бардо... О! Ці мала што можа жадацца простаму смяротнаму савецкаму чалавеку! Кожны з нас марыць адпаведна сваёй выхаванасці, адукацыі, укладу жыцця, месцу жыхарства, дазволу цешчы, недагляду жонкі!.. Шафёр марыць пра новы карданны вал ды зменш нормы расход паліва; прыбіральшчыца штоноч бачыць у сне новую анучу, міністр разлічвае не менш як на пасаду прэм’ер-міністра, прафесар да апошняга ўздыху ўпэўнены ў прызнанні яго вар’яцкай тэорыі... Кожны салдат марыць быць генералам, а кожная дзяўчына - выйсці замуж.
Дык вось, паколькі Пётр Іванавіч Матыль не атрымаў, будзем праўдзіва-шчырыя, шафёрскіх правоў, пасведчання слесара, не стаў міністрам, а толькі набыў у пяцігадовай чарзе дыплом аб вышэйшай адукацыі, вырашыў ён марыць адвольна.
Марыць дык марыць!
Мармулак, як і ўсе мы, з самага першага дня свайго заганнага зачацця быў выхаванцам савецкай сістэмы, але, нягледзячы на тое, разумеў: каб здзейснілася мара - самая простая ці самая авантурная, - трэба мець грошы. Чым больш, тым лепш. Такі няпісаны закон існавання Homo Sapiens; незалежна ад колеру скуры, а таксама яе адцення. Як казаў мой сябра Толя Кунцэвіч, зараз за так і певень не кукарэкае. Пэўна, з тае прычыны ў нашай мясцовасці куры перасталі несціся.
...Па пустым калідоры другога паверха інтэрната з пакоя нумар дзвесце шэсць гулка разносілася рыпенне панцырнай сеткі і раз-пораз чуліся ўздыхі, што нечым былі падобныя на індзейскі баявы кліч. Яны (уздыхі) без ніякай перашкоды пранікалі праз шкляныя дзверы чытальнае залы ды больш настойліва абуджалі п’яную фантазію чалавека.
Дзе можна зарабіць многа грошай, Пётр Іванавіч не ведаў. Трасты, кампаніі, акцызы, дзяржаўныя фіскальныя манаполіі, мытныя зборы, пасіў, дэфляцыя ды нават усімі чутая "пракрутка" грошай, просты хабар ці звычайны рэкет па праграме палітэканоміі сацыялізму ім не выкладалі. Прафесары і дацэнты, кандыдаты і дактары апошнімі словамі лаялі Маркса, Энгельса, Леніна, але што такое грошы, разумелі толькі ля акенца касы, калі распісваліся ў ведамасці, у вінна-гарэлачным аддзеле гастранома, калі са студэнтамі скідваліся "на траіх" ды падчас сурова-непрымірымых спрэчак з жонкамі наконт мізэрнага заробку дзеячаў адукацыі і навукі. Таму хлопец, паклаўшы п’яную галаву на стол, не знайшоў іншага выйсця, як папоўніць сваю пустую кішэню марамі пра выпадкова знойдзены скарб - чамадан беларускіх рублёў. "Фу-у ты-ы!.. Прытрызніцца ж такое! Во дурань! - гучна вылаяў сам сябе хлопец. - Лепш чамадан "зялёненькіх": новенькіх, хрумсткіх. Халява дык халява".
Як кожны сумленны савецкі чалавек, Пецька Матылёнак да гэтай буржуазнай валюты ставіўся насцярожана і, нават нягледзячы на пэўныя змены ў грамадстве, у руках яе не трымаў.
Ды ўсе ж меў ён на слыху, што тутэйшыя чыноўнікі-забаранялы ды пранырлівыя тарбэшнікі з вялікім задавальненнем карыстаюцца ёю. А наша самае праўдзівае на свеце радыё несупынна цвердзіць, што некаторыя народныя дэпутаты прапануюць прывязаць нашага клышаногага "зайчыка" да "зялёненькага": няхай пасецца...
Спрадвечна-балючае чалавечае пытанне грошай (дакладней кажучы, іх хранічнай адсутнасці) учарашні студэнт, а цяпер дыпламаваны настаўнік роднай мовы і літаратуры вырашыў хутка, без асаблівых цяжкасцяў і намаганняў. Тут з пакоя нумар дзвесце шэсць ад прыходу доўгачаканага шчасця данёсся гучны ўздых і прымусіў Матыля ўзняць галаву са стала ды распачаць вырашэнне новае праблемы, што каторы ўжо год не давала яму ні сну, ні спакою. Гэта старая і адначасова вечная тэма кахання. Цяпер, калі ў чалавека воз грошай, каханне ні ў якім разе не павінна абмінуць яго, нягледзячы на тое, што ён малы ростам ды, мякка кажучы, не прыгажун з твару. Калі ёсць грошы, ніякіх праблем быць не можа. Маладыя дзеўкі таксама на грошы ласыя. Ласыя і ўладальнікаў грошай кахаюць. Кахаюць не толькі маленькіх ростам, але й пузатых ды лысых. Кахаюць усіх, абы толькі былі грошы. Чым болей грошай, тым мацнейшае каханне.
На пытанне, якая павінна быць пані сэрца, Пецька меў адзін адказ: вядома, прыгожая. Навошта за такія грошы купляць кракадзіла? Пётр Іванавіч Матыль, як чалавек казачна багаты, набудзе сабе шыкоўны асабняк дзесьці ля Ждановічаў. Аднойчы арганізуе ў ім шыкоўны баль, запросіць знакамітых людзей горада-героя, ды не толькі яго. Сталы будуць гнуцца ад разнастайных закусак, заморскіх вінаў ды нашай айчыннай гарэлкі. Міша будзе цешыць публіку цудоўнаю музыкаю. Ліка - непаўторнымі спевамі. "Песняры" будуць залівацца салаўямі. Шмат будзе маладых ды прыгожых дзяўчат. Тую, што зараз так млосна ўздыхае ў пакоі нумар дзвесце шэсць, ён не запросіць да сябе на вечарыну. Не запросіць на вечарыну і свайго адзінага сябра, бо той настолькі спрактыкаваны ў сардэчных справах, што за вечар можа перацалаваць усіх прысутных там дзяўчат і кабет. Тут, як і ў рынкавых адносінах, канкурэнт - суб’ект непажаданы.
Казкавая ідылія з сярэднявечнага балю: хтосьці бражнічае, нехта аб’ядаецца на дарэмшчыну, каму належыць - спявае ды танчыць, а тым часам Пётр Іванавіч Матыль выбірае сабе нявесту. Высокія ды цыбатаногія, што прымушаюць мужчын пры сустрэчы лыпаць вачыма, яго чамусьці не вабілі яшчэ са школы. Неяк на выпускным балі ён запрасіў на танец сваю аднакласніцу, дзяўчыну прыгожую, стройную ды высокую, якая, папраўдзе казаць, яму падабалася. Памылку свайго выбару ён зразумеў адразу. 3 першага музычнага такту нахлынулі нястрыманыя юначыя пачуцці і хлопец вырашыў прытуліцца да дзяўчыны і яго нос лёг акурат між Венерыных узвышшаў. Пакатыя спускі бугроў сціснулі яму шчокі. Як ні кажы, яно, вядома, прыемна, але няёмка было, што з іх пары шчыра пацяшаліся аднакласнікі. Тут Матылёнак уявіў сябе ў інтымнай абстаноўцы з жанчынаю, якая вышэйшая ростам, і з жалем канстатаваў, што тыя самыя ўзвышшы пры добрым натхненні могуць увогуле задушыць яго. Смерць на жанчыне ганарова-пачэсная, але просты абывацель можа не зразумець.
Тоўстых дзяўчат і жанчын Мармулак таксама абыходзіў за колькі метраў, бо аднаго разу на першым курсе яму давялося сустрэцца з шыракафарматнаю жанчынаю у вузкіх дзверах крамы.
Задумаўся аб стане філалагічнай навукі ў нашай дзяржаве і з гэтае прычыны не заўважыў кабету, не паспеў своечасова ўхіліцца, не праявіў культуру і не саступіў жанчыне дарогу. "Хуткая дапамога" прыехала праз пяць хвілін, скарыстала ўвесь да кроплі ёд. Сінякі сышлі толькі праз месяц. Пасля таго здарэння Пётр Матыль са страхам і спачуваннем адначасова глядзеў на пары, дзе шчыпер-муж і гром-кабета, ды з жахам уяўляў іх пяшчотныя адносіны.
Калі выбіраць, дык выбіраць. Дзяўчына павінна мець вышэйшую адукацыю, але пажадана не філалагічную. 3 дзяўчатамі з філалагічнага факультэта роднага універа ён вырашыў у будучым не мець нічога супольнага. Ну хіба толькі калі надта будзе даспадобы. Сэрцу не закажаш.
Толькі напрыканцы таго шумнага мройнага балю Пётр Іванавіч сустрэў сваю адзіную. Не брыдкую (такіх сюды не запрашалі), але і не з катэгорыі "міс". Проста прывабная воку дзяўчына. Танклявая. Ростам яму ўзровень. Сярод святочнай мітусні яна сядзела ў кутку і сумавала. Спрактыкаванае вока ўмомант вызначыла - яна. I Матыль адразу ўпаў на калені.
У гэты час з пакоя нумар дзвесце шэсць інтэрната філалагічнага факультэта чарговы раз данёсся адрывісты выдых і было чуваць, як панцырная сетка гучна стукнулася аб падлогу. I ўраз усё сціхла.
Матыль канчаткова прачнуўся.
Канчалася кароткая чэрвеньская ноч, і надыходзіў ранак светлае будучыні.
БЕЗНАДЗЕЙНЫЯ ПОШУКІ ЛЕПШАЕ ДОЛІ
Ранак светлае будучыні выдаўся змрочны. Балелі галовы. Ва ўсім целе адчувалася млявасць.
Беларуская хвароба - смага - душыла хлопцаў. Генадзь правёў па калідоры сваю паненку. Ісці куды-небудзь яна, відаць, не мела ніякага жадання. Горача шаптала свайму каханку: "Ну можа яшчэ, Гена! Усяго разочак..." Да ўсіх просьбаў дзяўчыны Патоніч заставаўся абыякавы: "Толькі не зараз... Нават не прасі... Калі-небудзь іншым разам". На зваротным шляху Патоніч завітаў у чытальную залу. Выгляд у яго быў бляклы, здавалася, што гэты чалавек, замардаваны цяжкаю хваробаю, вось-вось скончыць сваё зямное існаванне. Кволым дрыготкім голасам ён прапанаваў:
- Пеця, давай палечымся.