Ужо ў пакоі Генадзь дастаў з тумбачкі паўпляшкі гарэлкі і завінаваціўся:
- Во, колькі пакінула. Каб не схаваў, усё высмактала 6.
Тут у дзвярах пакоя з’явілася кудлатая галава з радаснаю ўсмешкаю на твары і ласкава-пяшчотны голас запытаў:
- Гена! Ты не перадумаў?
Патоніч цяжка ўздыхнуў і бязвольна апусціўся на голы казённы ложак. Гледзячы на Генадзя, уладальніца шыкоўнай фрызуры ўпэўнілася ў марнасці сваіх памкненняў ды вынесла свой жорсткі прысуд:
- Ну і хадзі галодны.
Дзяўчына штосілы ляпнула дзвярыма і пакінула інтэрнат у пошуках новага шчасця. Генадзь, нягледзячы на такое сумнае развітанне, застаўся задаволены.
- Дзякуй Богу, - з палёгкаю ўздыхнуў ён. - Я не робат. Іншы раз і адпачыць трэба.
Што б ні казалі медыкі пра шкоднасць ужывання алкаголю, а тым болей апахмелу, яны нахабна ілгуць. Ілгуць усім людзям, а яшчэ больш самім сабе. Той "эліксір чалавечай маладосці", што не знайшла ды не выпіла, па вызначэнні Генадзя Патоніча, дваццацігадовая секс-бомба, падзейнічаў на агульны стан былых студэнтаў як нельга лепш. На душы стала бадзёра і радасна. Зноў пацягнула на подзвігі. Зноў захацелася арганізаваць узыходжанне на Эверэст ці паход у "Папараць-кветку". Магчыма, гэта ўсё і адбылося б зараз, але тут Патоніч успомніў, што сёння праз паўгадзіны яго будучы цесць прызначыў яму з кіраўніком фірмы "Будбумінтэрнэйшнл" дзелавую сустрэчу. Генадзь хуценька дажаваў кавалак учарсцвелага хлеба, паціснуў на развітанне руку і пайшоў.
Тут і Мармулак успомніў, што залатыя гультайскія дзянёчкі сканалі ў адначас з атрыманнем чырвонага дыплома і яму належыць без усялякай дзяржаўнай апекі самасгойна здабываць кавалак хлеба. Вядома, пяць гадоў запар яго вучылі сеяць разумнае, добрае, вечнае, але як абабіць сабе капейчыну ці проста ўладкавацца на працу, ніхто не наўчыў.
План працаўладкавання выспеў нечакана: наведаць дырэктара школы, у якой праходзіу педпрактыку. Такі добразычлівы, сціплы чалавек. Пэўна, шчыры беларус. Заўжды з імі, студэнтамі філалагічнага факультэта, размауляў на чыстай беларускай мове. Не прамінаў выпадку, каб не запрасіць іх, студэнтаў, пасля атрымання дыплома працаваць у гэтай школе.
...Антон Антонавіч Мікалайчык поўнымі журбы і смутку вачыма пранікнёна глядзеў на Мармулка, што ўжо добрыя дзесяць хвілінаў намагаўся нешта вытлумачыць на зусім незразумелай яму мове. У рэшце рэшт чалавеку абрыдзелі нечалавечыя высілкі карантыша, і ен з гонарам дырэктара беларускай гімназіі запытаў на чыста расейскай мове:
- Што ты хотишь?
- Працаваць у вас настаўнікам.
Адказ быў настолькі нечаканы, што Антон Антонавіч знямеў ад такога нахабства, колькі хвілінаў хапаў, быццам астматык, ротам паветра, і толькі пракаўтнуўшы сліну, змог прамовіць:
- Як...
- Вы ж нас заўжды клікалі да сябе на працу...
- Цябе? - вочы ў дырэктара сталі круглыя, быццам яблыкі, і ён яшчэ раз ці то запытаўся, ці то сцвердзіў: - Цябе?.. А хіба на філалагічным факультэце болей дзяўчат няма?
Відаць, дзяўчат там не бракавала, бо Антон Антонавіч болей не захацеў весці размову з Мармулкам, а, далікатна паклаўшы руку на стан нейкай маладой асобе, павярнуўся і пайшоў прэч.
Пакрыўджанаму чалавеку заўжды хочацца шукаць праўды, змагацца за справядлівасць, весці непрымірымую барацьбу з усімі чалавечымі заганамі. I гэты выпадак не быў выключэннем. Пятру Матылю здалося, што калі ён паскардзіцца ў адпаведны раённы аддзел народнай адукадыі, дык пытанне з яго прызначэннем на пасаду вырашыцца адразу. I не трэба будзе ніякіх іншых высілкаў.
Загадчык раённага аддзела народнай адукацыі ўважліва выслухаў наведніка і добразычліва папрасіў яго звярнуцца ў аддзел кадраў. Мармулак, упэўнены, што пытанне з яго працаўладкаваннем вырашана канчаткова, радасна памкнуў туды. Начальнік аддзела кадраў, трыццаціпяцігадовая жанчына, не апошняе страхалюддзе, у поўным росквіце фізічных здольнасцей, запытальным позіркам глянула на госця. Позірк кабеты ўспыхнуў зоркай Венерай і патух дробным вуглікам: што з яго возьмеш? Аналізы для санэпідэмстанцыі, і тыя, пэўна, няякасныя. Жанчына яшчэ зразумела, што загадчык таксама не выяўляе асаблівай зацікаўленасці ў працаўладкаванні наведніка, а праяўляць уласную ініцыятыву не мела для яе ніякага сэнсу. Выпадковы, нічым не адметны чалавек. У той момант, калі былы студэнт падрабязна тлумачыў, дзе ён хацеў бы працаваць і што на гэта атрымаў згоду ад загадчыка, жанчына глядзела паверх ягонай галавы на сцяну, дзе дзве мухі практыкаваліся ў сексе. Прамова была закончана якраз у той момант, калі павук напаў на пералюбаў.
- Заява, - строга запатрабавала жанчына, як толькі ўпэўнілася, што парачка заўжды застанецца у павуцінні. Яе ахапіла журба.
- Зараз напішу, - схамянуўся малады спецыяліст і паспешліва дастаў асадку.
- Малады чалавек, - жанчына гаварыла цвёрда, самаўпэўнена, голасам, якім суддзя выносіць прысуд. - Вы павінны з’явіцца сюды з заяваю, падпісанаю загадчыкам аддзела. Я дробны чыноўнік І не прызначаю на пасады, а толькі, як звычайная бюракратка, афармляю паперкі.
Матыль ірвануў у кабінет загадчыка аддзела народнай адукацыі. Сакратарка з мілай усмешкай на вуснах паведаміла:
- Іван Сымонавіч праводзіць нараду. Калі пытанне неадкладнае, прыходзьце заўтра.
Заўтра Івана Сымонавіча не было на працоўным месцы: паехаў інспектаваць школы. Паслязаўтра быў выкліканы ў міністэрства. Толькі на пяты дзень удалося Матылёнку пабачыць загадчыка аддзела. Сустрэча была неспадзяваная. Іван Сымонавіч разгубіўся. Рэзка памкнуўся быў зайсці ў бліжэйшы кабінет, але, як наўмысна, дзверы кабінета былі зачынены на ключ. Ён патузаў ручку дзвярэй, цяжка ўздыхнуў і ў роспачы апусціў рукі. Іван Сымонавіч добра ведаў назоллівых людзей, бо толькі настырны чалавек можа хадзіць у адно і тое самае месца столькі дзён запар. Хуткім крокам з радаснаю ўсмешкаю на твары набліжаўся да яго Мармулак.
- Падпішыце заяву, калі ласка, - заміж прывітання выпаліў карантыш і працягнуў паперку.
Загадчык аддзела ўзяў заяву і накіраваўся ў аддзел кадраў.
- Лідзія Пятроўна! У нас ёсць што-небудзь для маладога спецыяліста?