— Вы так будзеце піць, кузен, ці падагрэць з вадой?
— Калі вам не цяжка, Амелія,— адказаў гарбун. (I з якога гэта часу да міс Амеліі пачалі звяртацца без пачцівага «міс»? Ва ўсякім разе, яе жаніх, які потым на дзесяць дзён стаў яе мужам, не дазваляў сабе такога. Па сутнасці, з таго часу, як памёр яе бацька, які чамусьці называў яе Малая, ніхто не адважваўся звяртацца да яе настолькі фамільярна.) — Калі не цяжка, падагрэйце.
Так з’явілася ў горадзе кафэ. Адбылося гэта вось так проста. Успомніце — на дварэ было холадна і панура, нібыта зімой, і ад туляння ў цемры пазавуголлю было б мала радасці. А ў краме, у кампаніі, было цёпла і весела. Нехта падкінуў дроў у печ, а тыя, хто купіў гарэлкі, пачаставалі ёю прыяцеляў. У краме аказалася некалькі жанчын. Яны пілі лікёр, кактэйлі і нават паспыталі віскі. Да гарбуна яшчэ не прывыклі, і ён быў дадатковай забавай. З канторы вынеслі лаўку і паставілі яшчэ некалькі крэслаў. Тыя, каму не хапіла месца, стаялі, абапёршыся аб прылавак, ці ўладкаваліся на бочках і мяхах. I хоць віскі пілі тут, у краме, не было чутно ні лаянкі, ні грубых жартаў, ні непрыстойнага рогату. Наадварот, усе паводзілі сябе паважна, нават крыху саромеліся. Справа ў тым, што людзі ў гэтым горадзе не прывыклі збірацца разам, каб павесяліцца. Разам яны ішлі на фабрыку працаваць. У нядзелю іх збіраў на паляне каля царквы свяшчэннік; і хоць пасядзець там было і нядрэнна, але весялосці ад таго, што табе напаміналі пра жахі пекла і наганялі страх перад госпадам богам, было мала. У кафэ панавала зусім іншая атмасфера. У сапраўдным кафэ нават самыя багатыя, самыя прагавітыя вядуць сябе прыстойна, нікога не абражаючы. Ну, а тым больш беднякі — тыя з удзячнасцю аглядаюцца па баках, і калі трэба ўзяць соль з сальніцы, робяць гэта зграбна і сціпла. Бо сама атмасфера ў сапраўдным кафэ вымагае такіх якасцей, як прыязнасць, сытасць, добры настрой і тактоўнасць. Ніхто не тлумачыў гэтага людзям, што сабраліся ў той вечар у краме міс Амеліі. Але яны зразумелі гэта самі, хоць да таго часу ў горадзе ніколі не было кафэ.
А міс Амелія, дзякуючы якой усё гэта адбылося, прастаяла ўвесь вечар у дзвярах, што вялі ў кухню. Вонкава яна быццам зусім не змянілася. Але многія звярнулі ўвагу на выраз яе твару. Яна наглядала за ўсім, што адбывалася ў краме, але часцей за ўсё затрымлівала позірк на гарбуне. А той фанабэрыста хадзіў па краме, раз-пораз даставаў ласунак са сваёй скрыначкі з кіслым і адначасова прыязным выразам твару. Водсветы агню ў пліце высвечвалі доўгі цёмны твар міс Амеліі. Вочы яе нібыта глядзелі ўсярэдзіну. У іх адлюстроўваліся боль, разгубленасць і няўпэўненая радасць. У той вечар яна не сцінала вуснаў, а толькі раз-пораз глытала сліну. Шчокі былі бледныя, а далоні спацелыя. Позірк яе вачэй сведчыў, што перад вамі — адзінокая закаханая жанчына.
Адкрыццё кафэ завяршылася апоўначы. Усе прысутныя прыязна пажадалі адзін аднаму добрай ночы. Міс Амелія прычыніла дзверы, але забылася засунуць засаўку. I хутка ўсюды — і на галоўнай вуліцы з яе трыма крамамі, і на фабрыцы, і ў кожным доме, карацей кажучы, ва ўсім горадзе,— стала цёмна і ціха. Такім чынам прайшлі тры дні і тры ночы, на працягу якіх здарылася столькі падзей: з’яўленне незнаёмца, разгул злараднасці і адкрыццё кафэ.
Прайшлі чатыры гады — вельмі падобныя адзін на адзін. Змены адбыліся, і значныя, але ўсе падзеі здараліся не адразу, а паступова, і таму ўрэшце ім не аддавалі вялікай увагі. Гарбун, як і раней, жыў у міс Амеліі. Кафэ паступова пашыралася. Міс Амелія пачала прадаваць гарэлку на разліў, і ў краме з’явіліся сталы. Наведвальнікі былі кожны вечар, ну, а ў суботу ад іх было не прадыхнуць. Міс Амелія пачала падаваць на вячэру смажаную рыбу па пятнаццаць цэнтаў за порцыю. Гарбун угаварыў яе купіць механічнае піяніна. За два гады крама ператварылася ў сапраўднае кафэ, адчыненае штодзённа з шасці гадзін вечара да дванаццаці ночы.
Кожны вечар гарбун спускаўся ў кафэ з выглядам чалавека, які ведае сабе цану. Ад яго заўсёды пахла бацвіннем бручкі, бо міс Амелія двойчы на дзень націрала яго моцным настоем, каб надаць яму сілы. Яна песціла яго без ніякай меры, але ўсё дарэмна: ад сытнай ежы большалі толькі горб і галава, а ўсё астатняе было такое ж нямоглае і перакрыўленае. Міс Амелія вонкава не змянілася. Яна, як і раней, насіла балотныя боты і камбінезон, і толькі ў нядзелю надзявала цёмна-чырвоную сукенку, што сядзела на ёй вельмі нязграбна. Але ў яе манерах і ў ладзе жыцця адбыліся значныя змены. Яна па-ранейшаму любіла судзіцца, але ўжо не гарэла, як раней, жаданнем ашукаць каго-небудзь і дамагчыся як мага большых выплат. Паколькі гарбун быў вялікі ахвотнік да кампаній, яна пачала патроху выходзіць «у свет»: прыходзіла на пахаванні, рэлігійныя сходы і гэткія ж іншыя мерапрыемствы. Яе лекарская практыка была па-ранейшаму паспяховая, гарэлка цяпер яшчэ больш удавалася, хоць здаецца, лепшай і быць не можа. Кафэ давала прыбытак, і на многія мілі наўкол яно было адзінае месца, дзе было можна прабавіць час.
А цяпер азірніцеся на мінулыя чатыры гады, звярнуўшы ўвагу на выпадковыя, асобныя эпізоды. Вось барвовым зімнім ранкам гарбун крочыць следам за міс Амеліяй — яны ідуць у сасновы бор на паляванне. Вось яны на полі міс Амеліі — кузен Лаймэн стаіць, засунуўшы рукі ў кішэні, але пільна сочыць за рабочымі і не дае спуску таму, хто замарудзіць. Восеньскім надвячоркам яны сядзяць на ганку, што з двара, і крышаць цукровы трыснёг. Сонечным летнім днём брыдуць па балоце паміж цёмна-зялёных кіпарысаў, дзе пад зблытанымі галінамі балотных раслін пануе дрымотны змрок. Калі сцяжына губляецца ў багне ці абрываецца каля яміны з чорнай балотнай вадой, міс Амелія нахіляецца, каб Лаймэн мог узлезці ёй на спіну, і вось яна крочыць па калена ў балоце, а гарбун сядзіць у яе на плячах, ухапіўшыся рукамі за яе вушы ці шырокі лоб. Часам міс Амелія заводзіла «форд», які яна паспела за гэты час купіць, і везла кузена Лаймэна ў кіно ў Чыха, куды-небудзь на кірмаш ці на пеўневыя баі — гарбун страшэнна захапляўся рознымі відовішчамі. Ну, і, зразумела, кожнае раніцы яны былі ў кафэ, гадзінамі сядзелі каля каміна ў «зале» на другім паверсе. Справа ў тым, што гарбуну ноччу нядужылася і ён баяўся заставацца адзін у цемры. Думка аб смерці звычайна наганяла страх. I міс Амелія не кідала гарбуна сам-насам з пакутлівымі перажываннямі. Можна было нават пагадзіцца з думкай аб тым, што, зрэшты, і кафэ было патрэбнае толькі таму, што там збіраліся кампаніі, да якіх ён быў такі аматар, і гэта дапамагала яму перажыць начныя кашмары. Паспрабуйце скласці вось з такіх асобных момантаў уяўленне аб тым, як яны пражылі гэтыя чатыры гады. Але давайце павядзём гаворку пра іншае.
Цяпер варта даць некаторыя тлумачэнні да таго, што адбылося. Надышоў час загаварыць пра каханне.
Міс Амелія кахала кузена Лаймэна. Гэта было відаць кожнаму. Яны жылі ў адным доме і ўсюды былі разам. Такім чынам, на думку місіс Мак-Фэйл, гэтай пляткаркі з гузаватым носам, што ўвесь час соўгалася разам з крэслам каля вокнаў з аднаго канца пакоя ў другі (ды і не толькі яе), гэтая пара жыла ў граху. Калі яны і былі сваякамі, дык толькі траюраднымі, ды і тое віламі па вадзе пісана. Ну, так, міс Амелія была вялікая баба ростам больш за шэсць футаў, а Лаймэн — маленькі, нямоглы гарбун, што ледзь даставаў ёй да пояса. Што ж, тым лепш для місіс Мак-Фэйл і яе прыяцелек, бо іх хлебам не кармі, а дай папляткарыць наконт якога-небудзь мезальянсу. Ну, і няхай сабе! Добрыя людзі лічылі, што калі гэтым дваім соладка разам, дык гэта датычыцца толькі іх ды самога бога. Наконт адкрыцця місіс Мак-Фэйл у разумных людзей склалася аднолькавая думка. Дык якое ж гэта было каханне?
Па-першае, трэба адзначыць, што, хоць у каханні ўдзельнічаюць двое, гэта не азначае, што ў кожнага з іх аднолькавы ўдзел. Бо адзін — гэта той, хто кахае, а другі — той, каго кахаюць, і ў гэтым яны нібы чужаземцы. Часам каханы — толькі стымул для вызвалення плыні кахання, што на працягу многіх гадоў спакваля збіралася ў сэрцы. I той, хто кахае, ведае гэта. Ён сэрцам разумее нераздзеленасць свайго пачуцця. Яму даводзіцца спазнаць невядомае раней, дзіўнае пачуццё адзіноты, і гэта прычыняе шмат пакут. Такім чынам, яму застаецца толькі адно. Трымаць сваё каханне ў сэрцы, наколькі гэта магчыма, стварыць у сабе цэлы новы ўнутраны свет — трывожны, дзіўны і замкнёны. Трэба дадаць, што гэты закаханы — не абавязкова юнак, што збірае грошы на заручальны пярсцёнак — гэта можа быць і мужчына, і жанчына, і дзіця, адным словам, любая чалавечая істота на гэтай зямлі.
Гэтаксама і каханым можа быць невядома хто... Аб’ектам кахання могуць быць самыя нечаканыя людзі. Мужчына ў пажылым веку, маючы ўжо праўнукаў, можа захоўваць сваё адзінае каханне — да незнаёмай дзяўчыны, якую ён убачыў аднойчы надвячоркам, два дзесяцігоддзі назад, на вуліцы ў Чыха. Прапаведнік можа закахацца ў распусную дзяўчыну. Каханы можа быць здрадлівы, неахайны і распусны. I закаханаму гэта можа быць вядома не горш за іншых, але гэта ні на кроплю не ўплывае на яго каханне. Самая звычайная асоба можа выклікаць каханне, шалёнае, экстравагантнае і прыгожае, як атрутная балотная лілея. Прыстойны чалавек робіцца аб’ектам кахання, адначасова шалёнага і зневажальнага, а закаханасць у мітуслівага вар’ята можа даць закаханаму сэрцу мір і спакой. Вось таму глыбіню кахання можа вызначыць толькі сам закаханы.
З гэтай прычыны большасць з нас лічыць за лепшае кахаць, чым быць каханымі. Амаль кожны хоча быць закаханым. I, калі гаварыць шчыра, у глыбіні душы многія лічаць ролю каханага нясцерпнай. Каханыя баяцца і ненавідзяць закаханых, і не без падстаў. Бо закаханыя заўсёды імкнуцца абяззброіць каханых. Закаханыя выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб завязаць адносіны з каханымі, нават калі ў выніку выклікаюць толькі боль.
Тут ужо гаварылася, што міс Амелія калісьці была замужам. I цяпер, відаць, варта расказаць падрабязна пра гэты эпізод. Не трэба забывацца, што гэта здарылася даўно і гэта быў адзіны выпадак у жыцці міс Амеліі да таго, як з’явіўся гарбун, калі яна сутыкнулася з гэтай з’явай — каханнем.
Горад быў такі ж самы, як і цяпер, толькі на галоўнай вуліцы былі не тры крамы, а дзве, а персікавыя дрэвы былі ніжэйшыя і яшчэ крывейшыя. Міс Амеліі было тады дзевятнаццаць гадоў, а бацькі яе ўжо даўно памерлі. У той час у горадзе жыў механік па прозвішчы Марвін Мэйсі. Ён быў брат Генры Мэйсі, але вам нават у галаву не прыйшло б, што яны сваякі. Марвін Мэйсі быў першы прыгажун у акрузе — высокі, дужы, кучаравы, з нетаропкім паглядам шэрых вачэй. Жыў ён заможна, добра зарабляў і меў залаты гадзіннік з адкідным вечкам і малюнкам вадаспада ўсярэдзіне. Знешне Марвін Мэйсі здаваўся шчасліўчыкам: яму ні перад кім не трэба было шапку здымаць, ён заўсёды атрымліваў тое, што хацеў. Але на больш сур’ёзны і ўважлівы погляд, Марвіну Мэйсі зайздросціць не было чаго, бо чалавек ён быў благі. У цэлай акрузе нельга было знайсці хлопца з горшай рэпутацыяй. Яшчэ падлеткам ён брытвай зарэзаў у бойцы чалавека і потым доўга насіў з сабой яго высушанае засоленае вуха. Ён лавіў у лесе вавёрак і проста так, дзеля забавы, адсякаў ім хвасты, а ў левай кішэні штаноў у яго заўсёды была забароненая марыхуана спакушаць тых, каго скруцілі няўдачы і хто быў на краі гібелі. Але нягледзячы на такую рэпутацыю яго любілі многія жанчыны і нават дзяўчаты — чысценькія, гладка прычасаныя дзяўчаткі з лагоднымі вочкамі, добрымі манерамі і прыгожанькімі задкамі. Гэтых цнатлівых ён даводзіў да распусты і ганьбы. Нарэшце, ва ўзросце дваццаці двух гадоў, Марвін Мэйсі нацэліўся на міс Амелію. Яго вабіла гэта няўклюдная адзінотніца з косымі вачамі. I прычынай былі не грошы, а толькі каханне.
I каханне перамяніла Марвіна Мэйсі. Раней, да таго як ён пакахаў міс Амелію, цяжка было сказаць, ці ёсць у гэтага чалавека сэрца і душа. Праўда, можна знайсці нейкае апраўданне агіднасці яго характару, бо Марвіну Мэйсі давялося зазнаць гора, прыйшоўшы на гэты свет: ён быў адзін з сямі нежаданых дзяцей у бацькоў — людзей, якіх наўрад ці варта было называць гэтым словам; гэтыя так званыя бацькі былі шалапуты, якія толькі і рабілі, што бадзяліся па балотах дылавілі рыбу. Дзеці, а іх колькасць павялічвалася амаль кожны год, былі ім непатрэбны клопат. Прыйшоўшы вечарам з фабрыкі, яны глядзелі на сваіх дзяцей так, нібыта не ведалі, адкуль тыя ўзяліся. Калі дзеці пачыналі румзаць, іх лупцавалі, і першае, чаму яны навучыліся на гэтым свеце, дык гэта ўменню знаходзіць у пакоі самы цёмны кут і як мага лепей там хавацца. Яны былі тонкія і белагаловыя, зусім як маленькія здані, і ніхто не чуў, каб яны размаўлялі, нават паміж сабой. Нарэшце бацькі іх зусім кінулі, аддаўшы на літасць горада. Зіма была тады вельмі халодная, фабрыку зачынілі амаль на тры месяцы, і ўсе жылі ў галечы. Але гэта быў не той горад, дзе маглі даць бедным сіротам загінуць на вачах усіх пасярод вуліцы. I вось што выйшла: старэйшы з дзяцей — васьмігадовы хлопчык — пайшоў у Чыха і знік. Мабыць, ускочыў дзе-небудзь у таварны цягнік і памчаў разам з ім у вялікі свет — ніхто добра не ведае. Яшчэ трое дзяцей знаходзілі прытулак у розных дамах у горадзе, вандруючы ад адной кухні да другой, і паколькі яны былі кволыя, то не дажылі да вялікадня. Засталіся двое — Марвін Мэйсі і Генры Мэйсі; гэтыя двое трапілі ў сям’ю. Жыла ў горадзе добрая жанчына — Мэры Хэйл. Яна ўзяла іх да сябе і любіла іх, як сваіх родных дзяцей.
Але сэрца дзіцяці — далікатная рэч. Жорсткасць, напатканая на пачатку жыцця, можа перайначыць яго на самы нечаканы лад. Такое сэрца можа зморшчыцца і потым ніколі не адмякнуць, застаючыся шурпатым, нібыта персікавая костачка. Ці пакрыцца ранамі, якія не загойваюцца, а толькі большаюць увесь час, і вось жыццё з такім сэрцам, што пачынае балець ад самай нязначнай дробязі, робіцца адной пакутай. Апошняе выпала на долю Генры Мэйсі — самаму добраму і ласкаваму чалавеку ў горадзе, ва ўсім процілегламу свайму брату. Ён заўсёды пазычаў грошы тым, каму не вельмі шанцуе, а раней наватдаглядаў дзяцей, чые бацькі бавілі час суботнімі вечарамі ў кафэ. Гэта сарамлівы чалавек, па якім адразу відаць, што ў яго чуллівае сэрца і што ён ад гэтага пакутуе. А Марвін Мэйсі вырас дзёрзкім, жорсткім, пазбаўленым такога пачуцця, як страх. Сэрца яго зацвярдзела, як рогі ў д’ябла, і да таго часу, як ён закахаўся ў міс Амелію, ён прыносіў свайму брату і той добрай кабеце, што выгадавала іх абодвух, толькі сорам і непрыемнасці.
Але каханне перамяніла характар Марвіна Мэйсі. Два гады ён кахаў міс Амелію, не прызнаючыся ёй у гэтым. Ён падыходзіў да яе дома і стаяў ля парога, камечачы ў руках шапку і нясмела паглядаючы на дзверы затуманенымі шэрымі вачыма. Ён зусім выправіў свае паводзіны. Стаў добры да брата і прыёмнай маці, навучыўся берагчы грошы і наогул быць ашчадным. Больш таго: ён звярнуўся да бога. У нядзелю ён больш не ляжаў цэлы дзень на ганку, спяваючы і брынкаючы на гітары, а ішоў у царкву і наведваў усе рэлігійныя сходы. Ён навучыўся добрым манерам —уступаў дамам месца, больш не лаяўся, не біўся і не ўспамінаў святых не тады, калі гэта трэба. Такім чынам, за два гады ён зусім перамяніўся. I вось аднойчы вечарам, пасля амаль двухгадовых ваганняў, Марвін Мэйсі прыйшоў да міс Амеліі з букетам балотных кветак, мяшэчкам смажаных трыбушкоў і срэбным пярсцёнкам. У, тую ноч ён адкрыў ёй свае пачуцці.
I міс Амелія выйшла за яго замуж. Пасля ўсе дзівіліся — чаму. Адны гаварылі, што яна зрабіла гэта дзеля вясельных падарункаў, другія лічылі, што яе дапякла сваім бурчаннем бабка — звяглівая па характары старая, што жыла ў Чыха. Як бы там ні было, аднойчы зімой міс Амелія шырокім крокам прайшла па праходзе паміж лаўкамі да алтара. На ёй быў шлюбны ўбор нябожчыцы маці з жоўтага атласу,сантыметраў на трыццаць карацейшы, чым трэба. Праз рубінавае шкло ў вокнах царквы промні яркага сонца неяк дзіўна высвечвалі маладых, што стаялі перад алтаром. Увесь час, пакуль свяшчэннік чытаў шлюбны дагавор, міс Амелія рабіла дзіўныя рухі правай рукой. Яна вадзіла далонню па бядры, ад пояса да падолу жоўтай атласнай сукенкі. Міс Амелія шукала кішэню камбінезона, і, паколькі не знаходзіла, на твары яе быў выраз нецярплівасці, суму і злосці. Калі, нарэшце, пасля шлюбнай малітвы абрад быў скончаны, міс Амелія выскачыла з царквы, нават не падумаўшы ўзяць мужа пад руку, пакінуўшы яго на некалькі крокаў ззаду.
Ад царквы да крамы рукой падаць, і таму маладыя пайшлі дадому пешкі. Кажуць, па дарозе міс Амелія расказвала мужу пра воз дроў, які яна старгавала з адным фермерам. Наогул, яна размаўляла з ім як з кліентам, што прыйшоў у краму па бутэльку гарэлкі. Але пакуль што ўсё ішло даволі прыстойна; жыхары горада радаваліся, гледзячы, што зрабіла з Марвінам Мэйсі каханне, і спадзяваліся, што яно пераменіць на лепшае і маладую. Прынамсі, яны разлічвалі, што пасля замужжа нораў міс Амеліі памякчэе, яна зробіцца больш падобная на жанчыну і з ёй, нарэшце, можна будзе мець справы, як з кожным нармальным чалавекам.
Яны памыліліся. Падшыванцы, што лазілі каля вокнаў маладых у тую ноч, расказвалі вось што. Старая негрыцянка Джэф — служанка міс Амеліі прыгатавала шыкоўную вячэру. Маладая ела напоўніцу, а жаніх толькі калупаў відэльцам у талерцы. Потым маладая занялася сваімі звычайнымі справамі: прачытала газету, скончыла інвентарны вопіс тавару ў краме і гэтак далей. Увесь гэты час Марвін Мэйсі, на якога яна не звяртала ніякай увагі, стаяў непрыкаяна ў дзвярах з разгубленым і шчасліва-прыдуркаватым тварам. У адзінаццаць гадзін маладая ўзяла лямпу і пайшла на другі паверх. Марвін Мэйсі пайшоў за ёй следам. Да гэтага ўсё было даволі прыстойна, але пасля адбылося нешта жудаснае.
Не прайшло і паўгадзіны, як міс Амелія ў брыджах і пінжаку колеру хакі з грукатам збегла ўніз па лесвіцы. Твар яе наліўся крывёй і быў амаль чорны. Яна бразнула дзвярамі ў кухні і з усёй сілы піхнула іх нагой. Потым яна ўзяла сябе ў рукі: паварушыла агонь у печы і села, паклаўшы ногі на край пліты. Яна чытала «Фермерскі альманах», піла каву і курыла бацькаву люльку. Твар яе заставаўся зацятым і жорсткім, але пасвятлеў і меў ужо звычайны колер. Часам яна выпісвала нешта з часопіса на шматку паперы. Перад світаннем яна пайшла ў кантору і адчыніла пішучую машынку. Яна купіла яе зусім нядаўна і пакуль яшчэ вучылася абыходзіцца з ёю. Вось так міс Амелія і бавіла сваю шлюбную ноч. А калі развіднела, яна, як быццам нічога не было, узялася майстраваць пастку на дзікіх трусоў, якую пачала рабіць тыдзень назад, спадзеючыся недзе прадаць.
Не вельмі прыемна, калі, ажаніўшыся з любай жанчынай, не можаш прымусіць яе легчы з сабой у пасцель і пра гэта ведае ўвесь горад. У тую раніцу Марвін Мэйсі сышоў уніз з кіслай мінай. Ён так і не зняў шлюбнага гарнітура. Усю раніцу ён сноўдаўся па двары, паглядаючы на міс Амелію, але трымаючыся ад яе наводдаль. Блізка поўдня яму ў галаву прыйшла нейкая думка, і ён накіраваўся да Сасаеці-Сіці. Вярнуўся ён з падарункамі: апалавым пярсцёнкам, ружовай эмалевай брошкай, што былі тады ў модзе, срэбраным бранзалетам, упрыгожаным двума сэрцамі, і каробкай цукерак, што каштавала два з паловай долары. Міс Амелія глянула на тыя цудоўныя падарункі і адчыніла каробку з цукеркамі, бо ёй хацелася есці. Уважліва агледзеўшы астатнія рэчы, янапрыкінула ў галаве кошт кожнай з іх — і паклала на прылавак — на продаж. Ноч прайшла гэтаксама як і першая, з той розніцай, што міс Амелія прынесла ў кухню пярыну, паслала сабе каля пліты і добра выспалася.
Так працягвалася тры дні і тры ночы. Міс Амелія, як звычайна, займалася сваімі справамі, і калі дайшлі чуткі, што за дзесяць міляў ад горада будуць будаваць мост, яна гэтым вельмі зацікавілася. Марвін Мэйсі, як і раней, хадзіў за ёй следам, і па яго твары было відаць, што ён пакутуе. На чацвёрты дзень ён зрабіў надзвычай легкадумны ўчынак: паехаў у Чыха, прывёз адтуль юрыста і ў канторы міс Амеліі перапісаў на яе імя ўсю сваю маёмасць: дзесяць акраў лесу, якія ён купіў на сабраныя грошы. Міс Амелія з суровым выглядам уважліва прачытала паперу, пераканалася, што ніякага падману няма, і спакойна паклала яе ў шуфляду стала. У той дзень Марвін Мэйсі ўзяў кварту віскі і пайшоў да балота, калі сонца было высока ў небе. Пад вечар ён вярнуўся ў краму п’яны, падышоў да міс Амеліі і, гледзячы на яе шырока адкрытымі мокрымі вачыма, паклаў ёй руку на плячо. Ён хацеў ёй нешта сказаць, але не паспеў адкрыць рота, як міс Амелія ўдарыла яго наводмаш кулаком у твар так моцна, што Марвін Мэйсі адляцеў да сцяны з выбітым пярэднім зубам.
Астатняе можна расказаць некалькімі словамі. Пасля гэтага выпадку міс Амелія біла яго кожны раз, калі ён падыходзіў занадта блізка і калі прыходзіў п’яны. Нарэшце яна выгнала яго за парог, і ён быў вымушаны пакутаваць на вачах у людзей. Цэлы дзень ён круціўся каля дома міс Амеліі, а часам з выглядам вар’ята прыносіў стрэльбу і садзіўся яе чысціць, не зводзячы вачэй з міс Амеліі. Калі яна і баялася яго, дык не падавала выгляду, але выраз яе твару быў як ніколі суровы, і яна раз-пораз плявала сабе пад ногі.
Нарэшце ён выкінуў зусім бязглуздую штуку: залез ноччу праз акно ў краму і праседзеў там да раніцы ў цемры немаведама чаго, пакуль міс Амелія не сышла ўніз. Яна адразу падалася ў суд, збіраючыся дамагчыся арышту Марвіна Мэйсі за парушэнне межаў прыватнай маёмасці. У той жа дзень Марвін Мэйсі непрыкметна знік з горада. Перад тым як адысці ў невядомым накірунку, ён падсунуў пад дзверы міс Амеліі дзіўнае пасланне, напісанае напалову алоўкам, напалову чарнілам. Гэта было гарачае любоўнае пасланне, але ў ім былі і пагрозы, і абяцанне паквітацца з ёю. Іх шлюб працягваўся дзесяць дзён. А жыхароў горада ахапіла тое пачуццё задаволенасці, якое ўзнікае ў людзей, калі хто-небудзь на іх вачах трапляе ў скандальную і страшную гісторыю.
Міс Амеліі засталася ўся маёмасць Марвіна Мэйсі: яго лес, залаты гадзіннік, усе яго рэчы. Але для яе яны былі, відаць, мала чаго вартыя, бо ў тую ж вясну яна парэзала яго куклукскланаўскі каўпак, каб накрыць саджанцы тытуню. Такім чынам, усё, што зрабіў Марвін Мэйсі, дык гэта памножыў багацце міс Амеліі і падараваў ёй сваё каханне. Але дзіўная справа: яна ўспамінала яго заўсёды са злосцю і лютай нянавісцю. Калі заходзіла гаворка пра Марвіна Мэйсі, яна ніколі не называла яго імя, а толькі пагардліва гаварыла: «Ды той механік, за якога я выходзіла замуж».
I потым, калі да горада дайшлі жахлівыя чуткі пра Марвіна Мэйсі, міс Амелія была вельмі задаволеная, бо, вызваліўшыся ад свайго кахання, Марвін Мэйсі нарэшце паказаў свой сапраўдны характар. Ён зрабіўся злачынцам: яго фатаграфія і прозвішча з’яўляліся ва ўсіх газетах штата. Узброены абрэзам, ён абрабаваў тры бензакалонкі і зрабіў налёт на магазін фірмы «Эй-энд-пі» ў Сасаеці-Сіці. Яго падазравалі ў забойстве Вузкавокага Сэма, вядомага налётчыка.
Усе гэтыя злачынствы былі звязаны з Марвінам Мэйсі, і гэта жахлівае імя было вядома ўсюды. Нарэшце яго злавілі, знайшлі п’янага на падлозе ў начлежніцы для турыстаў. Побач ляжала яго гітара, а ў правым чаравіку знайшлі пяцьдзесят сем долараў. Яго судзілі, прыгаварылі да зняволення і пасадзілі ў турму недзе недалёка ад Атланты. Міс Амелія была вельмі задаволеная.
Ну, дык вось, усё гэта здарылася даўно, і вам цяпер вядома гісторыя замужжа міс Амеліі. Жыхары горада яшчэ доўга смяяліся з гэтай недарэчнай падзеі. Але хоць знешне ўсё гэта было сумна і недарэчна, не трэба забывацца, што сапраўдныя падзеі адбываюцца ў душы закаханага. Таму хто, як не гасподзь бог, можа быць сапраўдным суддзёй гэтага альбо іншага кахання? У першы ж вечар, калі адчынілі кафэ, знайшліся людзі, што раптам успомнілі пра бедалагу мужа, які мучыцца ў змрочнай турме за многія мілі ад свайго горада. I потым, калі мінуў ужо не адзін год, пра Марвіна Мэйсі ў горадзе не забыліся. I хоць яго імя ніколі не згадвалі пры міс Амеліі альбо гарбуне, успаміны пра яго палкае каханне, пра яго злачынствы, а таксама думка пра тое, што якраз цяпер ён сядзіць за кратамі ў турме, кідала трывожны водсвет на шчаслівае каханне міс Амеліі і атмасферу весялосці, што панавала ў кафэ. Таму не забывайцеся пра Марвіна Мэйсі, бо яму яшчэ давядзецца адыграць жудасную ролю ва ўсёй гэтай гісторыі.