Назаўтра раніцай міс Амелія не адчыніла крамы, цэлы дзень не выходзіла з пакояў і ні з кім не бачылася. Якраз у той дзень і пайшла пагалоска, настолькі жахлівая, што ўзрушыла не толькі горад, але і ўсю акругу. А пусціў тую пагалоску ткач, якога звалі Мэрлі Раен. Чалавек гэты быў не вельмі прыкметны: хваравіты на выгляд, няўклюдны і бяззубы. У яго была трохдзённая малярыя: праз два дні на трэці яго калаціла ліхаманка. Два дні ён хадзіў пануры і злосны, а на трэці дзень ажываў і мог выдаць адну-дзве ідэі, найболей — дурныя. I вось у той самы дзень ён раптам узяў ды сказаў:
— Я ведаю, што міс Амелія зрабіла. Забіла. Відаць, у яго нешта было ў чамадане.
Ён сказаў гэта спакойна, нібыта пра факт. Менш чым за гадзіну чутка абляцела ўвесь горад. У той дзень нарадзілася страшная і агідная гісторыя. У ёй было ўсё, ад чаго пачынае калаціцца сэрца: гарбун, начное пахаванне сярод балота, забойца, якую цягнуць па вуліцах горада ў турму, сваркі за спадчыну — усё гэта перадавалася паўшэптам, кожны раз з новымі і жахлівымі падрабязнасцямі. Пайшоў дождж, алежанчыны забыліся пра развешаную на вяроўках бялізну. Некалькі небаракаў-даўжнікоў міс Амеліі прыбраліся, нібы на свята. Людзі тоўпіліся на галоўнай вуліцы, дзелячыся навінамі і паглядаючы на краму.
Нельга сказаць, што ўсе ў горадзе ўдзельнічалі ў гэтым свяце абгавору. Знайшліся разумныя людзі, якія разважалі так: міс Амелія з яе багаццем ніколі не пайшла б на забойства з-за нейкага барахла з чамадана валацугі. Былі нават тры добрыя душы, што не радаваліся думцы аб злачынстве, не хацелі яго, нягледзячы на цікавасць і сенсацыю, якія яно выклікала, не цешыліся надзеяй на тое, што міс Амелію пасадзяць за краты, а потым пакараюць смерцю ў электрычным крэсле ў Атланце. Гэтыя добрыя людзі думалі пра міс Амелію не так, як усе астатнія, і падыходзілі да яе з сваімі меркамі. Калі чалавек зусім не падобны да іншых і калі ў гэтага чалавека назбіралася столькі грахоў, што ўсіх адразу і не прыпомніш, то, зразумела, да яго патрэбны асаблівы падыход. Яны ўспаміналі, што, калі міс Амелія нарадзілася, у яе была цёмная скура і нейкі незвычайны твар, што вырасла яна без маткі і выхоўвалася бацькам-нелюднем і што яшчэ зусім дзяўчынкай яна была росту больш за шэсць футаў — зусім незвычайная з’ява для жанчыны, ну а што да яе звычак і манер — дык ім наогул нельга было знайсці лагічнае абгрунтаванне. Да таго ж успаміналі і яе шлюб — самае недарэчнае і скандальнае здарэнне за ўсю гісторыю гарадка.
Адным словам, гэтыя добрыя людзі амаль што шкадавалі яе. Нават тады, калі яе ахоплівала шаленства і яна ўрывалася да каго-небудзь у дом і выцягвала адтуль швейную машыну ў аплату за доўг ці збірала доказы для якой-небудзь судовай справы — нават тады яны адчувалі адначасова і абурэнне, і нейкую лёгкую ўзбуджанасць, і глыбокі невыказны смутак. Але досыць гаварыць пра добрых людзей — іх было ўсяго трое. А ўсім астатнім жыхарам горада гэтае прыдуманае забойства было сапраўдным святам.
Сама ж міс Амелія, незразумела чаму, здавалася, не заўважала ўсяго гэтага. Амаль увесь дзень яна была на другім паверсе. Калі ж спускалася ўніз, то спакойна хадзіла па краме, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні камбінезона і апусціўшы галаву так нізка, што падбародак хаваўся ў каўняры кашулі. Крывавых плям на ёй не было відаць. Яна часта спынялася і стаяла нерухома, панура ўглядаючыся ў шчыліны ў падлозе, круцячы ў руках пасму каротка астрыжаных валасоў, мармычучы сабе нешта пад нос. Але большую частку дня яна прабыла на другім паверсе.
Сцямнела. Ад дажджу, што прайшоў днём, пахаладала, таму вечар быў маркотны і пахмурны, нібыта ўзімку. На небе не было зорак, імжыў сцюдзёны дожджык. Святло ад лямп у вокнах дамоў здавалася з вуліцы дрыготкім і вельмі самотным. Падзьмуў вецер не з балота, а з поўначы, з боку чорнага сасновага бору.
Гадзіннікі ў горадзе адбілі восем. Нічога так і не здарылася. Пахмурная ноч, што прыйшла на змену дню, поўнаму жудасных пагалосак, прынесла з сабой страх, які вымушаў некаторых сядзець дома, бліжэй да агню. Іншыя ж збіраліся ў гурты. Восем ці дзесяць чалавек тоўпіліся на ганку крамы міс Амеліі. Яны маўчалі, нечага чакаючы. Яны і самі не ведалі чаго. А чакалі яны вось чаго: у напружаныя моманты, калі немінуча павінна адбыцца якая-небудзь вялікая падзея, людзі вось так збіраюцца і чакаюць. I вось настае момант дзейнічаць зладжана, і тады рухаюць іх не розум ці воля аднаго чалавека, а інстынкты, аб’яднаныя адным рашэннем, прынятым зноў жа не адным якім-небудзь чалавекам, а натоўпам. У такія моманты ніхто не вагаецца. I ад аднаго толькі лёсу залежыць, скончыцца ўсё мірна ці ўсе разам пачнуць рабаваць, гвалтаваць ці ўчыняць іншыя злачынствы. Вось і цяпер мужчыны мірна чакалі на ганку крамы міс Амеліі, не ведаючы, што рабіць, але разумеючы ў душы, што чакаць трэба і што іх час амаль надышоў.
Дзверы ў краму былі адчыненыя. Усярэдзіне гарэла святло, і ўсё было як звычайна. У левым баку, на прылаўку, ляжалі кавалкі свінога мяса, цукеркі і тытунь. За ім, на паліцах — саланіна і мука. У правым баку былі выстаўлены сельскагаспадарчыя і іншыя прылады. У глыбіні крамы, злева, былі дзверы, за якімі пачыналася лесвіца, што вяла на другі паверх, і гэтыя дзверы былі цяпер расчыненыя. А ў далёкім правым куце былі яшчэ адны дзверы, што вялі ў пакойчык, які міс Амелія называла канторай. I гэтыя дзверы былі адчыненыя. Праз іх можна было бачыць, што ў той вечар, у восем гадзін, яна сядзела за бюро з вечным пяром, перабіраючы паперы.
Кантора была ярка асветленая, і міс Амелія, здавалася, не заўважала дэлегацыі, што тоўпілася на ганку. Усё ў пакоі, як звычайна, было ў ідэальным парадку. Гэтая кантора наганяла жах на ўсю акругу. Менавіта тут міс Амелія вяла ўсе свае справы. На стале стаяла акуратна прыкрытая пішучая машынка. Міс Амелія ўмела друкаваць на машынцы, але друкавала на ёй толькі самыя важныя дакументы. У шуфлядах стала захоўваліся літаральна тысячы папер, і ўсе яны былі падшытыя ў алфавітным парадку. Менавіта ў гэтым пакоі міс Амелія прымала хворых, бо любіла лячыць і не шкадавала на гэта часу. Дзве паліцы былі адведзены пад бутэлечкі і розныя медыцынскія прылады. Пры сцяне стаяла лаўка для пацыентаў. Міс Амелія так умела зашывала раны напаленай іголкай, што тыя не гнаіліся. Апёкі яна лячыла халодным салодкім сіропам. На той выпадак, калі чалавеку проста нездаровілася, меўся цэлы шэраг розных лекаў, якія яна гатавала згодна з толькі ёй вядомым рэцэптам. Яны былі выдатным слабільным сродкам. Праўда, гэтыя лекі нельга было даваць малым дзецям, бо ў іх пачыналіся сутаргі. Таму ім гатавалася асобная мікстура, не такая моцная і саладзейшая. Увогуле, міс Амелія лічылася добрым лекарам. Далоні ў яе шырокія і касцістыя, але рука, як кажуць, лёгкая. Да таго ж у яе была багатая фантазія, і яна ўжывала самыя небяспечныя і незвычайныя сродкі, і не было такой хваробы, якой бы яна не ўзялася лячыць. Праўда, было адно выключэнне. Калі прыходзіла пацыентка з якой-небудзь жаночай хваробай, міс Амелія не магла ёй нічым дапамагчы. Больш таго, варта было жанчыне загаварыць пра такую хваробу, як міс Амелія пачынала чырванець ад сораму, замаўкала і толькі варочала галавой, перабіраючы нагамі, быццам вялікае, знямелае ад сораму дзіця. А што да астатніх хвароб, то людзі цалкам давяралі ёй. Грошай з хворых яна не брала, і ад пацыентаў не было адбою.
У той вечар міс Амелія спісала сваім вечным пяром шмат паперы. Але ж не магла яна зусім не заўважыць людзей, што стаялі на ганку і сачылі за ёй. Часам яна ўзнімала галаву і спакойна глядзела ў іх бок. Але ні разу не прыкрыкнула на іх і не спыталася, чаго яны туляюцца каля яе крамы, нібыта хеўра абібокаў. Міс Амелія сядзела з ганарлівым і суровым выглядам, які заўсёды быў на яе твары, калі яна садзілася за стол у канторы. Праз нейкі час іх цікаўнасць, відаць, ёй надакучыла. Яна правяла па твары чырвонай насоўкай, устала і зачыніла дзверы канторы.
Тым, хто стаяў на ганку, гэты рух якраз і быў сігналам. Час надышоў. Доўга яны чакалі ў золкай і змрочнай цемры, і вось цяпер імі авалодаў інстынкт дзеяння. Нібыта падпарадкоўваючыся адзінай волі, яны зайшлі ў краму. У той момант усе восем чалавек былі падобныя адзін да аднаго: усе ў блакітных камбінезонах, большасць з сівізной у валасах, як адзін — бледныя, з застылым летуценным позіркам. Ніхто з іх не ведаў, што рабіць далей. Але ў той самы момант пачуўся шум уверсе на лесвіцы. Мужчыны ўзнялі галовы і анямелі. На прыступках стаяў гарбун, якога яны лічылі забітым. Да таго ж ён зусім не выглядаў такім, якім яго распісвалі,— нікчэмным, замурзаным балбатуном, нікому не патрэбным жабраком. Перад імі было стварэнне, якога яны яшчэ ніколі не бачылі ў жыцці. У пакоі панавала мёртвая цішыня.
Гарбун памалу сышоў з лесвіцы з ганарлівым выглядам, нібыта ўсё тут, да апошняй масніцы, належала яму. За апошнія дні ён вельмі перамяніўся. Па-першае, ён быў неверагодна чысты. На ім было ўсё тое ж пальтэчка, але вычышчанае і акуратна зацыраванае. Пад паліто — чорна-чырвоная кашуля міс Амеліі. Замест штаноў, што носяць нармальныя мужчыны, на ім былі кароткія — да каленяў — і вузкія брыджы. На тонкіх ножках — чорныя панчохі і дзіўнага фасону чаравікі — высока зашнураваныя, наваксаваныя і да бляску начышчаныя. Вакол шыі быў завязаны шалік лімоннага колеру. Шалік закрываў вялікія белыя вушы, а яго канцы даставалі да падлогі.
Дробненька, але рашуча перабіраючы нагамі, гарбун выйшаў на сярэдзіну крамы і спыніўся пасярод натоўпу. Мужчыны расступіліся, ад нечаканасці апусціўшы рукі і вылупіўшы вочы. Гарбун паводзіў сябе дзіўна. Ён агледзеў кожнага з вышыні свайго росту — яго твар быў на ўзроўні жыватоў мужчын. Потым задуменна і ўважліва агледзеў кожнага ад жывата да пят. Зрабіўшы гэта, ён заплюшчыў на момант вочы і пакруціў галавой, нібыта паказваючы, што, на яго думку, убачанае не мела асаблівай вартасці. Потым, быццам жадаючы ўпэўніцца ў гэтым, ён узняў галаву і абвёў доўгім позіркам кола твараў, што нахіліліся над ім.
Ацаніўшы становішча, гарбун усеўся на мех, напалову засыпаны ўгнаеннем, што стаяў каля левай сцяны крамы. Зручна ўладкаваўшыся, злажыўшы накрыж ножкі, ён дастаў нешта з кішэні паліто.
Праз некалькі хвілін мужчыны, што былі ў краме, нарэшце ачуліся. Першы загаварыў Мэрлі Раен, той самы хворы на малярыю, што пусціў пагалоску пра забойства. Зірнуўшы на штуку, якую лашчыў сваімі ручкамі гарбун, ён ціха спытаўся:
— Што гэта ў цябе?
Усе яны ведалі, што круціў у руках гарбун. Гэта была табакерка бацькі міс Амеліі, аздобленая блакітнай эмаллю, з вечкам, упрыгожаным залатым узорам. Прысутныя добра ведалі гэтую табакерку і таму вельмі здзівіліся. Яны насцярожана глянулі ў той бок, дзе былі дзверы канторы, пачулі, як там ціха пасвіствае міс Амелія.
— Дык што там такое, Карантыш?
Гарбун зыркнуў на дзверы, сцяў вусны і адказаў:
— Нешта такое для занадта цікаўных.
Гарбун засунуў у скрыначку свае ўчэпістыя пальцы, узяў адтуль нешта і паклаў сабе ў рот, нікога не пачаставаўшы. Тое, што ён узяў, нават было не тытунь, а сумесь цукру і какавы. Але ўзяў яе двума пальцамі, нібыта тытунь, засунуў дробку за ніжнюю губу і прыціснуў кончыкам языка з адпаведным выразам твару.
— У мяне заўсёды кісла ў роце,— растлумачыў ён.— Таму і смакчу салодкае.
Мужчыны па-ранейшаму тоўпіліся вакол гарбуна з нейкім пачуццём збянтэжанасці і разгубленасці. Хоць гэтае пачуццё зусім і не знікла, хутка яно пачало згладжвацца пачуццём сяброўскай блізкасці і нават весялосці. Час назваць прозвішчы людзей, што былі ў той вечар у краме: Хэсці Мэлоўн, Роберт Калверт Хэйл, Мэрлі Раен, прападобны Т. М. Уілін, Росер Клайн, Рып Уэлбарн, Генры Форд Крымп і Хорэйс Уэлс. Усе яны, акрамя прападобнага Т. М. Уіліна, былі шмат у чым падобныя адзін да аднаго — адно іх цешыць, другое — смуціць і нават выклікае слёзы, усе яны лагодныя людзі, праўда, пакуль іх не выведзеш з сябе. Кожны працуе на фабрыцы і жыве з сям’ёй у двух- ці трохпакаёвым дамку, за які плаціць дзесяць — дваццаць долараў на месяц. У той дзень — была субота — яны атрымалі зарплату. Такім чынам, успрымайце іх як аднародную групу.
Аднак гарбун, у думках, ужо сартаваў іх. Зручна ўсеўшыся на мяху, ён па чарзе загаворваў з кожным, пытаючыся, ці жанаты той, які яго ўзрост, колькі звычайна зарабляе за тыдзень і гэтак далей, выпытваючы паступова рэчы ўжо зусім інтымныя. Хутка да іх далучыліся і іншыя жыхары горада, у тым ліку Генры Мэйсі, а таксама розныя абібокі, якія адчулі, што адбываецца нешта незвычайнае, жанчыны, што прыйшлі па сваіх прыпозненых мужоў, а адзін белагаловы жэўжык зайшоў на пальчыках у краму, схапіў пачак салёнага пячэння і паціху шмыгнуў за дзверы. У краме міс Амеліі было поўна людзей, а гаспадыня ўсё яшчэ не выходзіла з канторы.
Ёсць тып людзей з асаблівымі рысамі, дзякуючы якім яны адрозніваюцца ад іншых звычайных чалавечых істот. Такія людзі валодаюць здольнасцю, характэрнай толькі малым дзецям, адразу ж наладзіць непасрэдны кантакт з акружэннем. Гарбун, бясспрэчна, належаў да гэтага тыпу людзей. Не прайшло яшчэ і паўгадзіны, а ён пазнаёміўся ўжо з кожным. Быццам пражыў у горадзе не адзін год і ўсе яго тут ведалі, і невядома, колькі вечароў прабавіў ён у размовах, седзячы тут у краме на мяху з угнаеннем. Акурат гэтым, а таксама і тым, што вечар быў суботні, і тлумачылася тая атмасфера непасрэднасці і прытоенай радасці, што панавала ў краме. Адчувалася між тым і нейкая напружанасць, часткова, відаць, ад незвычайнасці сітуацыі, а таксама ад таго, што міс Амелія па-ранейшаму сядзела зачыніўшыся ў сваёй канторы і ні разу пакуль адтуль не выйшла.
У той вечар яна з’явілася ў краме а дзесятай гадзіне. I расчаравала тых, хто чакаў драматычных падзей. Яна адчыніла дзверы і паволі ўвайшла ў залу як заўсёды няўклюдна-велічна. Шыю яна абвязала чырвонай хусткай, а на носе з аднаго боку цямнела чарнільная рыска. Здавалася, яна не заўважала нічога незвычайнага. Яе косыя шэрыя вочы знайшлі ў натоўпе гарбуна і на момант запыніліся на ім. На астатніх людзей, што знаходзіліся ў краме, яна глядзела здзіўлена, але спакойна.
— Каго-небудзь трэба абслужыць? — нямоцна спыталася яна.
Кліенты знайшліся — была субота, і ім хацелася выпіць. Усяго тры дні назад міс Амелія выцягнула з ямы на балоце бочку вытрыманай гарэлкі і разліла яе ў бутэлькі. Цяпер яна брала ў кліентаў грошы і лічыла іх, стоячы ў яркім святле ад лямпы. Так яна рабіла заўсёды. Але гэты раз здарылася незвычайнае. Раней, бывала, заплаціўшы грошы, кліенту трэба было выйсці з двара, абысці вакол яго ў цемры і ў другім канцы, праз адчыненыя дзверы ў кухні, атрымаць з рук міс Амеліі бутэльку. Радасці ад такога торгу было мала. Атрымаўшы гарэлку, кліент звычайна знікаў у цемры. Аднак, калі жонка забараняла піць дома, яму дазвалялася вярнуцца на ганак крамы і выхлебтаць бутэльку на прыступках ці дзе-небудзь паблізу на вуліцы. I ганак, і вуліца перад ім належалі міс Амеліі, наконт гэтага ніхто не сумняваўся, але яна не лічыла іх сваёй уласнасцю: яе маёмасць пачыналася ад дзвярэй і ўключала ўсё тое, што было ў сярэдзіне будынка. I тут ужо нікому, апрача яе самой, не дазвалялася адкаркаваць бутэльку і выпіць з яе гарэлкі. Цяпер яна ўпершыню парушыла гэта правіла. Яна пайшла ў кухню разам з гарбуном, які не адставаў ад яе ні на крок, і прынесла бутэлькі ў цёплы асветлены пакой. Больш таго: яна дастала некалькі шклянак і распакавала два пачкі пячэння, вылажыла яго на талерку і гасцінна выставіла на прылавак, і кожны, хто хацеў, мог узяць кавалачак задарма.
Яна ні з кім не гаварыла, апрача гарбуна, спытаўшыся ў яго крыху рэзкім і сіпатым голасам: