— Можа, паедзем? — баязліва спыталася яна.
— Добра.
Голас гучаў жорстка і няласкава. Ён пайшоў паперад. І яна зноў убачыла масіўную, пагрозлівую патыліцу. На яе надзелі футру, але яе па-ранейшаму прабіралі дрыжыкі. Моўчкі яны ехалі побач — Ірэна баялася загаварыць. Невыразна адчувала яна новую небяспеку. Цяпер яна была абкружана з абодвух бакоў.
У гэтую ноч ёй сасніўся страшны сон. Нейкая невядомая музыка грымела ў высокай і светлай зале. Яна ўвайшла і апынулася сярод стракатага натоўпу. Раптам да яе праціснуўся нейкі малады чалавек, яна як быццам ведала яго, але не магла ўспомніць, хто ён. Ён узяў яе пад руку, і яны пайшлі танцаваць. Ёй было хораша і прыемна, хваля музыкі падняла яе і панесла над зямлёю. Так яны танцавалі ў мностве залаў, дзе высока пад столлю пазалочаныя люстры, нібы зоркі, ззялі агеньчыкамі свечак, а люстэркі на сценах вярталі Ірэне яе ўсмешку і перадавалі далей незлічонымі адлюстраваннямі. Усё імклівей рабіўся танец, усё гарачэй іграла музыка. Яна адчувала, што юнак усё шчыльней прыціскаецца да яе, пальцы яго глыбей упіваюцца ў яе голае плячо. Яна застагнала ад салодкага болю і, сустрэўшыся з ім позіркам, успомніла, хто ён. Гэта быў акцёр, якога яна абагаўляла здалёку, калі была яшчэ зусім дзяўчынкаю. Яна ўжо сабралася з захапленнем назваць яго імя, як ён заглушыў яе словы гарачым пацалункам. І вось гэтак, вусны да вуснаў, злітыя ў гарачых абдымках, імчаліся яны па залах, быццам іх нёс жыватворны вецер. Міма праляталі сцены; яна ўжо не бачыла над сабою столі, не адчувала ні часу, ні свайго вызваленага ад путаў цела. Раптам хтосьці дакрануўся да яе пляча. Яна спынілася, і тут жа сціхла музыка, патухлі агні, чорныя сцены абступілі яе, а партнёр знік. «Аддай мне яго, зладзейка!» — закрычала страшная незнаёмая так, што рэхам адклікнуліся сцены, і ўпілася ледзянымі пальцамі ёй у руку. Яна рванулася і сама пачула свой крык, шалёны, пранізлівы жахлівы крык; пачалася барацьба, незнаёмая брала верх, сарвала з яе жамчужныя каралі, а заадно і палову сукенкі; з-пад шматкоў тканіны выглянулі голыя плечы і грудзі. І раптам аднекуль зноў з'явіліся людзі, шум нарастаў, людзі збягаліся з усіх залаў і насмешліва глядзелі на яе, на паўголую, і на страшэннае стварэнне, якое вішчала на ўвесь голас: «Распусніца, гуляшчая! Адабрала яго ў мяне!» Яна не ведала, куды схавацца, куды глядзець, а морды, на якіх застыла ўхмылка, падступалі ўсё бліжэй, цікаўныя позіркі абмацвалі яе голае цела, і вось, калі памутнелы позірк у пошуках выратавання скіраваўся ўдалячынь, яна раптам убачыла ў цёмных дзвярах нерухомую постаць мужа, яго правая рука была за спінаю. Яна ўскрыкнула і кінулася бегчы ад яго цераз усе залы, прагны натоўп падаўся следам, а яна адчувала, што сукенка з'язджае ўсё ніжэй і ніжэй і хутка ўпадзе зусім. Раптам перад ёю расчыніліся дзверы, яна стрымгалоў кінулася ўніз па лесвіцы, спадзеючыся выратавацца, але ўнізе ўжо чакала гнюснае стварэнне, у запэцканай шарсцяной спадніцы, і цягнулася да яе ўчэпістымі кіпцюрамі. Ірэна кінулася ўбок і, не помнячы сябе, ірванулася наперад, тая следам, і гэтак яны бясконца беглі ў цемры па доўгіх, маўклівых вуліцах, а ліхтары з ухмылкаю нахіляліся да іх. Яна ўвесь час чула, як тупацяць за спінаю драўляныя чаравікі той жанчыны, але варта ёй было павярнуць за вугал, як тая самая жанчына выскоквала насустрач; яна вартавала за кожным вуглом, у кожным пад'ездзе справа і злева; яна была ўсюды, яна множылася з жахліваю хуткасцю, яе нельга было абагнаць, кожны раз яна аказвалася наперадзе, спрабавала схапіць Ірэну, у якой ужо падгіналіся калені. Вось нарэшце-такі яе дом, яна кінулася туды, расчыніла дзверы, але на парозе стаяў муж з нажом у руцэ і глядзеў на яе тым самым дапытлівым позіркам. «Дзе ты была?» — сурова спытаўся ён. «Нідзе», — пачула яна свой голас, а за спінаю ўжо гучаў пранізлівы рогат. «Я бачыла! Я бачыла!» — вішчала праследвальніца, яна раптам аказалася побач і рагатала як шалёная. Тут муж узмахнуў нажом. «Ратуйце! Ратуйце!» — закрычала Ірэна.
Яна расплюшчыла вочы, і яе спалоханы позірк сустрэўся з позіркам мужа. Што... што гэта было? Яна ў сябе ў спальні, цьмяна гарыць уверсе лямпа, яна дома, у пасцелі, а тое быў толькі сон. Але чаму на краі ложка сядзіць муж і глядзіць на яе, як на хворую? Хто запаліў святло, і чаму муж сядзіць гэтак нерухома, з такім суровым выглядам? Ёй зрабілася вельмі страшна. Міжволі зірнула яна на яго руку: не, нажа не відаць. Паволі рассейваўся цяжкі кашмар з бліскавіцамі начных мараў. Значыцца, усё гэта ёй прыснілася, яна крычала ў сне і разбудзіла мужа. Але чаму ён глядзіць на яе такім строгім, такім пранізлівым, такім няўмольна сур'ёзным позіркам?
Яна паспрабавала ўсміхнуцца.
— Што ты? Чаго ты так глядзіш на мяне? Па-мойму, мне сніўся страшны сон.
— Так, ты крычала вельмі гучна. Я пачуў з суседняга пакоя.
«Што ж я крычала, аб чым прагаварылася? — з жахам падумала яна. — Аб чым ён здагадаўся?» Яна баялася падняць на яго вочы. А ён глядзеў на яе вельмі сур'ёзна і пры гэтым, на здзіўленне, спакойна.
— Што з табою робіцца, Ірэна? Цябе зусім нельга пазнаць у апошнія дні — дрыжыш як у ліхаманцы, нервуешся, нейкая рассеяная. А тут яшчэ клічаш на дапамогу ў сне...
Яна зноў паспрабавала ўсміхнуцца.
— Не, ты штосьці ад мяне хаваеш, — настойваў ён. — Можа, у цябе непрыемнасці ці што-небудзь цябе мучыць? Усе ў доме ўжо заўважылі, як ты змянілася. Не бойся, скажы мне ўсю праўду.
Ён непрыкметна падсунуўся бліжэй, яна адчувала, як яго пальцы песцяць і гладзяць яе голую руку, а вочы іскрацца нейкім асаблівым святлом. Яе неадольна пацягнула прытуліцца да яго моцнага цела, прыціснуцца, усё расказаць і не адпускаць яго, пакуль ён не даруе ёй — тут жа, калі ён бачыць, як яна пакутуе.
Але лямпа кідала сваё цьмянае святло на яе твар, і ёй стала сорамна. Яна пабаялася вымавіць жахлівае слова.
— Не турбуйся, Фрыц, — паспрабавала яна ўсміхнуцца, у той час як па ўсім яе целе да кончыкаў голых пальцаў на назе прабягалі дрыжыкі страху. — Гэта проста нервы. Усё пройдзе.
Рука яго, працягнутая ўжо, каб абняць яе, імгненна адсунулася. Ірэна паглядзела на мужа і здрыганулася — ён быў вельмі бледны ў гэтым невыразным святле, лоб хмурыўся ад змрочных думак. Паволі падняўся ён з месца.
— А мне ўсе гэтыя дні чамусьці здавалася, што ў цябе ёсць нешта сказаць мне. Тое, што датычыцца мяне і цябе. Мы цяпер адны, Ірэна.
Яна ляжала і не варушылася, быццам загіпнатызаваная гэтым сур'ёзным, загадкавым позіркам. Як бы ўсё адразу стала добра, падумала яна, калі б яна сказала адно толькі слова, адно-адзінюткае слоўца «прабач», і ён не стаў бы распытваць — за што. Але чаму гарыць святло, бессаромнае, нахабнае, цікаўнае святло? Яна адчувала, што ў цемры магла б загаварыць. Але святло паралізавала яе волю.
— Значыцца, табе няма чаго, зусім няма чаго мне сказаць?
Якая вялікая спакуса, які мяккі голас! Ніколі ён не гаварыў з ёю гэтак. Ах, каб не святло лямпы, гэтае жоўтае, прагнае святло!
Ірэна страпянулася.
— Што ты выдумваеш? — засмяялася яна, і сама спалохалася свайго звонкага голасу. — З таго, што я трывожна сплю, у мяне абавязкова павінны быць таямніцы? Зрэшты, можа, і любоўныя прыгоды?
Яна ўся дрыжала, адчуваючы, як штучна і лжыва гучаць яе словы; ёй да глыбіні душы абрыдзеў яе фальш, і яна міжволі адвяла ўбок позірк.
— Ну што ж, спі спакойна. — Ён сказаў гэта адрывіста і нават рэзка. Тон яго голасу зусім змяніўся, і голас гучаў неяк пагрозліва, як злая, жорсткая насмешка.
Ён патушыў святло. Яна ўбачыла яго бледны цень, маўклівы, невыразны, які аддаляўся, нібы начны прывід, а калі зачыніліся дзверы, у яе было такое адчуванне, быццам зачыняецца века труны. Увесь свет, здавалася, вымер, і толькі ў яе анямелым целе гулка і бурна білася сэрца, і кожны ўдар болем аддаваўся ў грудзях.
Назаўтра, калі ўся сям'я сядзела за абедам — дзеці толькі што пасварыліся, і іх ледзь удалося суняць, — увайшла пакаёўка і падала Ірэне ліст. Чакаюць адказу. Здзіўленая, паглядзела Ірэна на незнаёмы почырк і паспешна распячатала канверт. З першага ж радка яна смяротна пабляднела, ускочыла на ногі і яшчэ мацней спалохалася, убачыўшы, якое аднадушнае здзіўленне выклікала яе неабдуманая гарачнасць.
Ліст быў кароткі. Усяго тры радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон». Ні подпісу, ні даты пад гэтымі наўмыснымі крамзолямі, толькі жахліва нахабны загад. Ірэна пабегла па грошы ў спальню, але яна кудысьці засунула ключ ад шкатулкі і цяпер ліхаманкава высоўвала шуфляду за шуфлядай, пакуль не знайшла яго. Дрыготкімі рукамі ўклала яна паперкі ў канверт і сама аддала ліст пасыльнаму, які чакаў каля ўвахода. Усё гэта яна зрабіла несвядома, як пад гіпнозам, не вагаючыся ні хвіліны. Потым вярнулася ў сталовую — яна адсутнічала не болей дзвюх хвілін.
Усе маўчалі. Яна збянтэжана села на сваё месца і сабралася наспех прыдумаць нейкае тлумачэнне, як раптам рука яе так задрыжала, што яна мусіла хуценька паставіць паднятую шклянку — з вялікім страхам яна заўважыла, што ад хвалявання пакінула распячатаны ліст каля сваёй талеркі. Яна ўпотай скамячыла лісток, але, засоўваючы яго ў кішэню, падняла вочы і сустрэлася з пільным позіркам мужа, пранізлівым, суровым і пакутным позіркам, якога ніколі не бачыла ў яго раней. Менавіта ў гэтыя апошнія дні яго позірк так нечакана загараўся недаверам, што ўсё абрывалася ў яе ўнутры, але супрацьстаяць яму яна была няздольная. Ад такога позірку ў яе тады на балі анямелі ногі, і такі ж позірк учора ноччу, як кінжал, бліснуў над ёю ў паўсне. І пакуль яна дарэмна намагалася штосьці сказаць, у яе ў памяці раптам усплыў даўно забыты ўспамін — муж неяк расказаў ёй, што яму, адвакату, давялося мець справу з адным следчым, у якога быў свой спецыяльны прыём: у час допыту ён пераважна сядзеў, уткнуўшы нос у паперы, і толькі пасля таго, як задаваў рашаючае пытанне, імгненна ўскідваў вочы, нібы кінжал, утыкаў позірк у разгубленага злачынца, а той, аслеплены гэтым яркім выбухам праніклівасці, губляўся, адчуваў сваё бяссілле і пераставаў адпірацца. А раптам ён сам цяпер вырашыў папрактыкавацца ў гэтым небяспечным майстэрстве і абраў яе ахвяраю? Ёй стала страшна, бо яна ведала, што да свае прафесіі ён падыходзіў з такою псіхалагічнаю гарачнасцю, якая далёка перавышала патрабаванні юрыспрудэнцыі. Высачыць, выкрыць злачынца, прымусіць прызнацца — усё гэта захапляла яго гэтак жа, як другіх гульня ў карты або ў каханне, і ў тыя дні, калі ён быў заняты сваім псіхалагічным высочваннем, ён увесь унутры гарэў. Пякучы непакой, які вымушаў яго ночы напралёт капацца ў старых, даўно забытых справах, ад чужога позірку быў схаваны за жалезнаю непранікальнасцю. Ён тады мала еў і піў, толькі курыў увесь час і амаль не гаварыў, быццам сваё красамоўства бярог для выступлення на судзе. Яна толькі раз прысутнічала пры яго абароне і нізашто не пайшла б другі раз, гэтак яе напалохала змрочная апантанасць, амаль што раз'юшаная гарачнасць яго прамовы і нешта панурае, жорсткае ў выразе твару, што, здавалася ёй, яна бачыла цяпер у яго пільным позірку з-пад грозна насупленых броваў.
Усе гэтыя далёкія ўспаміны разам нахлынулі на яе ў кароткі міг, і яна не магла вымавіць ні слова. Яна маўчала, і чым далей маўчала, тым мацней хвалявалася, бо разумела, наколькі небяспечнае гэтае маўчанне. На шчасце, абед хутка скончыўся, дзеці выскачылі з-за стала і пабеглі ў суседні пакой з гучным, вясёлым шчабятаннем, а гувернантка дарэмна намагалася ўціхамірыць іх. Муж таксама падняўся і, не аглядваючыся, цяжкаю хадою пайшоў у суседні пакой.
Ледзь толькі Ірэна засталася адна, яна дастала фатальны ліст, яшчэ раз прачытала радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон», а потым раз'юшана парвала яго на шматкі і сабралася ўжо шпурнуць іх у урну для папер, але адумалася, нахілілася да печкі і кінула шматкі ў агонь. Калі белае полымя прагна пажэрла гэтую пагрозу, у Ірэны паспакайнела на сэрцы.