- Дарэчы, - падняў Есіп вочы ад нататніка, - варта было б папрасіць каментар да гэтай сітуацыі ў акадэміка Радзіма, ці слушна Брод зрабіў ці не. На маю думку, «Замак» адзін з найлепшых твораў Кафкі, класіка сусветнае літаратуры, яго вывучаюць на ўсіх філалогіях. Але як расцаніць учынак Брода? Як хлусню ў імя дабра ці нешта такое? І што б мы мелі, калі б Брод не парушыў запавету? Нічога. Як не маем і тых лістоў Акутагавы і Камю, дзе яны пішуць пра Гарэцкага. Думаю, тэма вартая яшчэ аднаго адлупу ў апазіцыйнай газеце, - горка пасміхнуўся Есіп. - Але слухай далей:
«Міт нумар два. Дзеля хваробы і ранняе смерці Кафку прынята любіць і шкадаваць, таму выснова: Кафка быў бедны. А што насамрэч? Паходзіў з сям’і багатага камерсанта, вучыўся ў прэстыжных школах, жыў усё жыццё ў самым цэнтры старой Прагі. Дазваляў сабе здымаць кватэру на Златай вулічцы - як рабочы кабінет пісьменніка (дзеля цішыні і спакою, не выносіў, калі недзе скрыпяць дзверы). Можна сабе ўявіць, колькі гэта каштавала ў такім месцы. Ездзіў па Еўропе, у тым ліку ў санаторыі і на спатканні са сваімі каханкамі. Урэшце, працаваў на добра аплатнай працы.
Міт нумар тры. Кафка не ведаў шчасця кахання. Ну, каб існавала такая шкала вымярэння гэтага самага кахання, думаю, мала хто б яму дараўнаў. Прынамсі, заняты ягоны розум быў гэтай справай на ўсе сто. Так, уласнай сям’і і дзяцей ён сапраўды не меў. Але чаму? Выключна з-за свайго характару. Іншы раз заручаўся, пасля перадумваў, ізноў перадумваў і гэтак далей. Словам, напрацягу жыцця меў некалькіх заручоных.
Чацвёрты міт. Кафка - хворы. Паводле асацыяцыі з Багдановічам, калі сухотнік, дык табе капцы. Ледзьве не ад нараджэння. Але як было насамрэч? Да апошніх двух гадоў свайго жыцця хворым Кафка не пачуваўся дакладна. Улетку быў заўсёднікам гарадскіх пляжаў, а круглы год ягоную высокую постаць можна было сустрэць на шпацырах дзе заўгодна па ўсё Празе. Шпацыры па горадзе не мусілі быць карацейшымі за дзве гадзіны.
І апошні міт, нумар пяць, зусім жаласлівы. Калі б не літаратура і напісаныя ім творы, свет ніколі б не даведаўся пра Кафку. Аказваецца, нават гэта няпраўда. Працуючы ў страхавой кампаніі, Кафка бясконца вёў справы пра траўматызм работнікаў. Прага тады моцна разбудоўвалася, і выпадковыя цагліны часцяком падалі работнікам на галаву. І таленавітаму страхоўшчыку прайшла ў галаву ідэя жорсткай каскі для работнікаў (такія й цяпер носяць на будоўлях). Ідэю ўкаранілі ў жыццё, смяротнасць адразу знізілася, і ў 1912 годзе Кафка як вынаходнік быў уганараваны залатым медалём».
- Цікава, як Дубавец можа адначасова выступаць то стваральнікам мітаў, то іх разбуральнікам? Калі, вядома, усё цяпер прачытанае праўда, - заўважыў Імбрык.
- Вось менавіта, праўда, - зірнуў на яго скосу Есіп, - ёсць праўда, аб’ектыўны факт, гэты самы жалезны стол, металічны, каб ужо зусім аб’ектыўна, і ёсць праўдападабенства - галоўны апорны матэрыял усяго мастацтва, які прымушае захоплена перагортваць старонкі рамана і плакаць над імі. Крычаць «Брава!» на прэм’еры спектакля. Нервова жаваць папкорн у кіназале...
З дзвярэй у дзверы тэрасы міма іх спешным крокам прайшоў дырэктар: «Пара ў горад, джэнтльмены!» Яны згодна кіўнулі. І Есіп працягваў з ранейшым запалам:
- А ці стане нехта жаваць папкорн і плакаць над дысертацыяй па мінералогіі ці ад сузірання гэтага металічнага стала? Ясна ж, не. Бо ў аснове мастацтва ляжыць праўда, прадстаўленая аўтарам такім чынам, каб апеляваць у першую чаргу да эмоцыяў, а не да логікі. Такую праўду і называюць праўдападабенствам - і ацэньваюць твор па тым, наколькі гэтае падабенства ўдалае. А цяпер скажы мне, чым такая праўда адрозніваецца ад містыфікацыі?
Усё раптам ператварылася ў сапраўдны інструктаж ды яшчэ з пытаннямі напрыканцы, да якіх Імбрык гатовы не быў. Па шчырасці, ён асабліва глыбока і не ўнікаў у сэнс таго, пра што казаў Есіп. У такіх выпадках найлепшы спосаб зрабіць выгляд, што пытанне было рытарычнае і адказаць на яго сваім:
- І якія высновы робіць Дубавец са свайго выкрыцця мітаў?
Есіп зірнуў на Імбрыка, пасля ў нататнік і прачытаў:
«Але, ясная рэч, што перадусім Кафку памятаюць як пісьменніка, як аднаго з самых праўдзівых празаікаў у сусветнай літаратуры. Памятаюць і нясуць на яго магілу ў Празе каменьчыкі».
- Адзін з самых праўдзівых... Дзіўнавата гучыць, - сказаў Імбрык. - Здаецца, ні пра якога пісьменніка я такога не чуў.
- Угу. Асабліва калі ўлічыць, што пісаў ён не дысертацыі па мінералогіі. Сакрэт у тым, што падабенства праўды часта бывае для нас больш важным і нашмат больш магутна ўплывае на нас, чым тыя дурацкія дысертацыі ці той металічны стол, - сказаў Есіп, калі яны выходзілі з прапускнога пункту Радыё на вуліцу, дзе з лязгатам паварочвалі ў розныя бакі трамваі.
05. На вуліцы
Палюбіць Прагу праз Кафку можна, але з той самай прычыны яе можна і разлюбіць. Калі ты прыехаў сюды, напоўнены духам «Працэсу» ці «Замка», а з’язджаеш, спустошаны назольным чаргаваннем плоскай матэрыі брэндавага імя і такога самага твару. Міжволі захочацца зноў схавацца ў кнігу. А калі не захочацца - яшчэ горш.
- Напэўна, беларусы палюбляюць Прагу ўсё ж не праз Кафку, - сказаў Есіп і паказаў Імбрыку на шэры будынак за высокай каменнай агароджай, які яны праміналі. - Гэта элітная габрэйская багадзельня. Мне распавядалі, што тут багатыя суродзічы Кафкі з усяго свету чакаюць перасялення за агароджу Альшанскіх кладоў. Іхнія ціхія і дзіўныя працэсіі час ад часу назірае з вокнаў усё наша Радыё. Не ведаю, ці гэта ўплывае на журналістыку. А гэта «Дон Джавані», - паказаў ён на высокі ружовы хвалісты будынак без кутоў і без ніводнай роўнай сцяны. - Табе падабаецца Дон Жуан? Юра Дракахруст ходзіць сюды парыцца на 12-м паверсе. Нешта містычнае, як па мне, ёсць у гэтай парылцы пад самым небам. Мяне запрашаў.
- А вы не пайшлі? - безудзельна спытаў Імбрык, разглядаючы пяцізоркавы гатэль.
- Не пайшоў. Не сабраўся. Нешта спыніла, - намацваў адказ Есіп. - Можа, страх вышыні. А можа, прыгадаў раптам «Пры зачыненых дзвярах» Сартра, помніш?
- У ліцэі вучылі, не помню.
- У п’есе гісторыя такая. У адным пакоі сядзяць людзі, памерлыя людзі, усё адбываецца на тым свеце. Сядзяць, ім камфортна, папіваюць розныя напоі, балбочуць на розныя тэмы, яны спакойныя, расслабленыя, добра ім разам.
- Як вам? - спытаўся Імбрык.
- Магчыма. Але пакуль яны абціраюць знаёмых і свае дачыненні, успамінаюць, хто каго пакрыўдзіў, дакопваюцца да нейкіх прычын, высвятляюць, хто ва ўсім вінаваты, яны пачынаюць разумець: як жа яны ўсе тут адно аднога ненавідзяць! І нянавісць гэтая назапашвалася доўгія гады, яшчэ там, пры жыцці. Ім робіцца страшна, і ад гэтага пачуцці абвастраюцца. А пры тым пакой, у якім яны сядзяць-размаўляюць, зачынены на ключ. Выйсці немагчыма. Аднаму адмоўлена ў візе, другі перакананы, што яго пры перасячэнні мяжы заб’юць, трэцяму проста падабаецца тут і не падабаецца там, адкуль яны прыйшлі, чацвертаму ляніва пра ўсё гэта думаць. Але ж тут яны ненавідзяць адно аднога, спадзеючыся, праўда, як разумныя людзі, што здолеюць памяняць сітуацыю, што нянавісць удасца перамяніць на любоў. Часам ім і здаецца, што яны любяць адно аднога, прынамсі, яны шчыра хочуць верыць у гэта. Але ў п’есе - той свет, дзе нічога ўжо перамяніць немагчыма. І тут да іх даходзіць, што яны - памерлыя і патрапілі ў пекла!.. Каб вось так сядзець у зачыненым пакоі і ненавідзець адно аднога. Уяўляеш? І наперадзе вечнасць.
«Нічога сабе паралелі ў яго са сваімі калегамі. Пекла! Зрэшты, калі ніякага асабістага руху не адбываецца, дык і сапраўды можна, відаць, дадумацца да такога параўнання. Ён яўна пераседзеў на станцыі свой час», - падумаў Імбрык, а ўголас сказаў:
- Нечакана! Яны стварылі сабе пекла самі?
- Менавіта. Сартр ім стварыў. Ён лічыць, што большага пекла, чым людзі ўчыняюць сабе самі, ніхто іншы ім не зробіць, - сказаў Есіп, робячы крок на зялёны сігнал святлафора. - Табе ў слове «Сартр» не гучыць слова «чорт»?
Імбрык, які ішоў следам, ці то не дачуў пытання, ці то не меў схільнасці шукаць алітэрацыі.
- А пры чым тут саўна Дракахруста на 12-м паверсе гатэля «Дон Джавані»? - спытаўся ён.
- Калі сон - гэта рэпетыцыя смерці, чаму б саўне не быць рэпетыцыяй пекла?..