- Кшталту выкупіць з рабства? Неяк несправядліва гэта ў дачыненні да беларусаў. Выкупляеш ты таго ж раба. Ён ад гэтага не становіцца свабодным. А калі сам усвядоміць сваю суб’ектнасць - ужо больш ніколі не будзе рабом.
Вінаградская вуліца па-ранейшаму настойліва вяла іх уніз. Калі не проста ісці, а думаць пра гэта, дык аж дух захоплівае. Бо канца не відаць. Можна нават дадумацца да таго, што ляціш у прорву.
Раптам Есіп звярнуў налева, на Італьскую, азірнуўся і спыніўся. «Глядзі», - ён паказаў Імбрыку на сцяну каля першага пад’езду першага дома. Справа ад уваходу было простым алоўкам па шурпатым тынку дробненька і блякла напісана: «Здесь жил и творил Константин Чарухин из Санкт-Петербурга».
- Гэта замест памятнай шыльды? - разважаў Імбрык. - Цікава, я такога ніколі не бачыў. Але тут жа сапраўды шмат хто бывае. Можа, так заведзена? Але даты не паставіў.
- Даты паміж дажджамі, учорашнім і заўтрашнім, - сказаў Есіп. - Надпіс зроблены, хутчэй за ўсё, з адчаю перад прагназаваным нябытам. Але прынамсі нешта мы ведаем.
- Ну і што? - адмахнуўся Імбрык. - Мала хто што напіша на сцяне. Можа, проста папрыкалваўся нехта.
- Ага, нехта. Калі б прыкалваўся, напісаў бы «з Піцера», а тут «из Санкт-Петербурга». Усё павінна быць вельмі сур’ёзна, амаль акадэмічна. Між іншым, не нехта, а люстэрка беларускай эвалюцыі, як сказана ў пасляслоўі да ягонай кнігі.
- Беларускай? - здзівіўся Імбрык. - А чаму з Санкт-Пецярбурга? Дык гэта рэальны чалавек, пісьменнік? Нічога не ведаю пра такога. І колькі праіснуе такая слава?
- Можа, дзень, а можа, і тыдзень, - сказаў Есіп. - Хоць якраз з гледзішча славы розніцы няма: ці просты аловак, ці бронзавая шыльда. Шыльда вісіць толькі трошкі даўжэй. Але ўсё адно не вечна.
- Адкуль вы яго ведаеце?
- Чытаю кніжкі.
- І што, ёсць там вялікія?
- Як заўсёды, - кінуў у бок Есіп, - то паэтаў шмат, а з празаікамі цяжкавата, то наадварот.
Яны рушылі, цяпер ужо ў гару, па Італьскай, а насустрач ім з намнесці Міру даляталі гукі адзінокай тубы. Вялізная жалезіна выдзімала тонкую і знаёмую мелодыю. Неба наперадзе перакрыла чорная готыка сабора святой Людмілы. Стаў накрапваць дожджык, быццам нехта зверху заплакаў.
- Гэта любімая песня Сталіна «Суліко», - сказаў Есіп. - Ты не можаш яе ведаць. «Доўга я брадзіў срэдзі скал, я магілку мілай іскаў. Но её найці нелегко. Гдзе же ты мая Суліко.»
- Сапраўды, жанчыны і могілкі.
06. У кватэры
Есіп жыў у доме на Ландынскай, 33. Тут было шмат службовых кватэраў, якія для сваіх работнікаў здымала Радыё. Жыллё Есіпа з доўгай і вузкай тэрасай мясцілася на самым апошнім паверсе, і з вокнаў адкрываўся раскошны від чырвоных дахаў пражскага раёна Вінаграды. Сюды Есіп і прывёў Імбрыка перад тым, як паказаць яму самае важнае, што ён меўся паказаць яму ў Празе.
«Дэсерт жыцця, дэсерт жыцця, - працягваў уядаць сябе ў думках Імбрык, нервова аглядаючы насычаны колерамі і геаметрычнымі формамі краявід. - Добра ўладкаваўся, дэсертнік. Во якое слова! Дэ-сер-тнік. Толькі гучыць неяк па-кандытарску саладжава».
- Таксама па-свойму акіян, - сказаў ён уголас.
- Гэта скалы, чырвоныя ад крыві, - паправіў яго Есіп. - Тут тэрыторыя драпежных ястрабаў вайны і тлустых галубоў міру. Ястрабы нападаюць на галубоў, адшчыкваюць ім галовы і выдзёўбваюць вантробы. А паколькі гэта адбываецца тут на кожным кроку ці ўзмаху крыла, дык дахі сцякаюць галубінай крывёю. У адрозненне ад Альшанаў, у гэтага акіяна няма інтэлекту і «купальшчыкаў», якія б вынырвалі з хваляў. Тут жывуць самыя звычайныя людзі, у якіх тое купанне наперадзе. Будзеш каву? Зараз зраблю. Але без дэсерту. Я не люблю пірожкі, не ем іх, таму ў мне іх і не бывае.
Імбрык пірожкі любіў, як любіў усё ўвогуле салодкае, нават цукеркі. Напэўна, калісьці ў маладосці і Есіп не адмовіўся б ад дэсерту. Ізноў усё станавілася з ног на галаву. У каго дэсерт жыцця, той дэсерту не прымае, а прымае той, каму да гэтага дэсерту яшчэ далёка. Нейкі збой у натуральным працэсе змены пакаленняў праз гэты новы неназваны перыяд паміж сталасцю і старасцю. «Як бы не выйшла так, што гэта пярэстаркі пачнуць скідаць нас з карабля гісторыі, а не мы іх», - асцярожна падумаў Імбрык.
Недзе ў самым нізе паміж шатамі дрэваў віравала жыццё: відаць былі вулічныя мінакі, дзеці, кулямётнай чаргой адбіваліся ад бруку колцы чыёйсьці гружанай валізкі, цэнтар Прагі жыў шумам машын, чалавечымі галасамі, крыкамі птушак. - зусім не так, як на тэрасе Радыё Салярыс, адкуль звонку даляталі хіба што пошум хваляў разумнага акіяна, а то і ўвогуле - цішыня.
- Пару гадоў таму я страціў стрыечнага брата Воўку, - падслухаўшы Імбрыкавы думкі, Есіп пачаў распавядаць сваё. - Бацька Воўкі, спраўны і энергічны трэнер-спартовец, мой дзядзька Валодзя, заўсёды хацеў, каб і сын займаўся акадэмічным веславаннем. Але сын вырас паспяховым праграмістам і бізнесоўцам, заможным, дарэчы, чалавекам. Ён меў некалькі кватэраў, машыны з гаражамі, нейкія свае базы. Гэта мазырская гісторыя. А яшчэ ён з дзяцінства пісаў вершы. Такая лірычная душа, тонкая. Але маці ягоная, цётка Зіна, чамусьці прымала Воўкаў талент паэта ў штыхі і, пакуль была жывая, паліла ягоныя вершы, як толькі іх знаходзіла, - Есіп зрабіў паўзу, задумаўся. - Ведаеш, я маю некалькі такіх гісторыяў, калі маткі знішчаюць вершы сваіх дзяцей. Прычым зацята знішчаюць, як быццам з рэўнасці. Чаму?.. Гэта, вядома ж, асобная гісторыя, трэба будзе некалі яе абдумаць, чым кіруюцца тыя маткі, - ён ізноў памаўчаў і працягваў. - Цэлыя Воўкавы паэмы ляцелі ў печку. Прычым заўсёды ў адсутнасць аўтара. Ён крыўдаваў, крыўдаваў, але ўрэшце яна дамаглася свайго, вершы пісаць ён перастаў. Гэта была першая траўма. Не задалося Воўку і з асабістым жыццём. Ён ажаніўся з самай прыгожай дзяўчынай у Мазыры, а тая, доўга не думаючы, папрасіла, каб ён фундаваў ёй паездку ў Лондан, дзе хутка знайшла працу мадэлі ў модным бізнесе, з’явіліся заляцанты, сапраўдныя лонданскія мільянеры, і куды ўжо ёй было вяртацца ў той Мазыр да таго Воўкі. Другая траўма. Але Воўка не здаваўся, ажаніўся з простай дзяўчынай, сіратою. Але ж і яна аказалася зусім не простай і аблаташыла Воўку, ну не да ніткі, але парадкам, здрадзіла, адным словам. І тады Воўка запіў. А мы з ім раўналеткі. Я не раз прыязджаў да яго і бачыў, як уся п’янота з раёну збіраецца ў яго на кватэры, і як яны гуртом ідуць за ім у краму па гарэлку, і як пры маім з’яўленні раствараюцца ў паветры, і як пакутуе ягоная тонкая паэтычная душа. Тады дзядзька Валодзя (а ён жыве ў Менску) прыехаў у Мазыр, разагнаў кавалькаду і паставіў Воўку ўмовы. Найперш каб перастаў піць. І Воўка перастаў. Яны разам спарадкавалі кватэру і самога Воўку. Дзядзька Валодзя правёў сына па ўсіх медычных аглядах. Нармальны, нібыта здаровы. Але напрыканцы таго паходу ён прывёў яго ў рытуальную краму. Уяві сабе, два спраўныя мужчыны спартовага выгляду, прыблізна аднаго веку на вока, у добрым гуморы выбіраюць труну. З жартамі, з пад’ялдыкамі. Здзіўленая прадавачка пытаецца ў Воўкі: «А вы каму труну выбіраеце?» - А Воўка са сваёй адкрытай усмешкай адказвае ёй: «Мне». - Сам высокі прыгажун, радасны такі, забаўляе яго сама сітуацыя. Як табе такі сучасны варыянт «змены пакаленняў»?
- То бок, усё наадварот? Але ж гэта ненатуральна, - стараўся зразумець Імбрык. - Дэсерт жыцця перамагае маладосць? Яны абодва і выглядалі на адзін узрост? «Маладыя чалавекі»? Яўны збой логікі. І чым усё скончылася?
- Маеш рацыю. Збой логікі праз гэты новы неназваны перыяд, - сказаў Есіп. - А скончылася ўсё таксама паводле гэтае логікі ці гэтага збою. Дзядзька з’ехаў, Воўка зноў пачаў піць і неўзабаве дапіўся да смерці. Не спалохала яго тая труна.
Прыйшла Наста, Есіп адчыніў ёй дзверы. Яе добра ведалі на Радыё і калі-нікалі запрашалі на падпрацоўку. Наста далучылася да кампаніі з кавай на тэрасе і таксама закурыла.
- Касцёл царквы адвентыстаў, - прачытаў Імбрык надпіс па-чэшску вялікімі залатымі літарамі над будынкам праз вуліцу. - Дзіўна. Для беларуса, мабыць, кагнітыўны дысананс, разрыў шаблону. У нас калі касцёл дык каталіцкі, калі царква дык праваслаўная. А пры чым тут Чэхія ды яшчэ й адвентысты...
Пасля расповеду пра Воўку і збой логікі ў змене пакаленняў настрою ў Імбрыка не было зусім. Ён адчуваў, як свет думак і пачуццяў, з якога ён прыехаў сюды з Менску, пакідае яго, сядае, як вось гэтае невыразнае бляклае сонца заходзіць за небакрай чырвоных пражскіх дахаў і неўзабаве ўсё навокал агорне цемра. Тым часам нічога, ніякі іншы новы свет не прыходзіць наўзамен. Усярэдзіне ўтвараецца гадкая, непрыемная, яшчэ й пагрозлівая пустэча. Ясна, што прыйдзе і новы свет, і запоўніць гэтую мярзотную пустэчу, так будзе. Але цяпер Імбрык нават не прадчуваў таго новага, як прадчуваў яшчэ раніцай на тэрасе, як прадчуваюць шчасце. Кажуць, што гэтае прадчуванне ўласна шчасцем і ёсць. І вось цяпер яго не было ані каліва.
Яны зайшлі ў пакой, палову якога займаў масіўны антыкварны сервант і такі самы аграмадны стол. Есіп нешта шукаў у сваім ноўтбуку і неўзабаве сказаў: