- Мы яшчэ амаль не гаварылі пра музыку. Давайце, я пастаўлю вам Starless.
«Інструктаж-такі працягваецца. Музыка і радыё - вядома, звязаныя рэчы, усё нібыта лагічна. Але можа быць і па-іншаму. Напрыклад, прывёў слухаць музыку, каб паказаць мне, што я нічога ў ёй не разумею, - бурчэў сабе ў думках Імбрык. - Ці - ах, ты хацеў быць вялікім, дык слухай цяпер гэты гробаны Starless і пачынай развітвацца са сваёй дурацкай ідэяй-фікс».
- Сэнс можа хавацца зусім не там, дзе ты яго шукаеш, - заўважыў раздражненне Імбрыка Есіп. - Я абраў Starless, каб пагаварыць пра высокае, а зараз зірнуў на само слова і ўбачыў, што яго можна расшыфраваць як прадказанне канца. Глядзіце: St - гэта святы, ARL - Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, ess - можна чытаць як «былы». Былы святы - гэта здараецца, калі німб надзець у пару свайго біялагічнага жыцця.
Імбрык ёрзаў на крэсле. Наста наліла сабе крыху віна і таксама ёрзала, але чамусьці не побач з Імбрыкам, а побач з Есіпам на канапе. Зусім нядаўна Насце споўнілася дваццаць пяць, пра што яна ўсім і паведаміла. Есіп сказаў: «А я думаў 69», і яны абое зарагаталі. Гэта яшчэ больш абурыла Імбрыка, бо для Насты, на ягонае перакананне, гэта быў не жарт, а абраза. Але ён ізноў не падаў выгляду.
- Шчыра кажучы, я не люблю King Crimson, - казаў Есіп. - Гэта не тая музыка, якую б я слухаў штодня. Ад самага пачатку я не любіў джаз-рок. Любіў джаз і рок, але джаз-рок для мяне не нешта цэлае, а дзве чужыя адна для адной палавінкі. Але бывае так, што нешта ў цэлым не любіш, але нейкая дэталь табе падабаецца, і на тле агульнага нялюбага падабаецца шмат мацней, чым бы проста падабалася. Ёсць адна песня ў Крымсанаў... Яна моцна выбіваецца з ёрзання дзвюх палавінак, яна цэльная і сапраўды вялікая, - пры гэтым слове ён ужо традыцыйна кінуў выразны позірк на Імбрыка. - Для мяне ў ёй сыходзяцца разам дзве магутныя беларускія ракі - любоў і каханне. Як вы ведаеце, каханне - гэта любоў з сэксам. І Starless - гэта не песня пра сэкс, а само ўвасабленне акту. Многія намагаліся ўвасобіць гэта ў музыцы, а ўдалося King Crimson.
«Неадчэпная для яго тэма, - працягваў бурчэць сам у сабе Імбрык. - Яна з’ела яго ўсяго з вантробамі і як змагара, і як адраджэнца, і інтэлектуала. Он севодне очэнь очэнь сэксуальна азабочан. Спадзяюся, мяне ён гэтаму навучаць не будзе. Гідка! І што такі старык Казладоеў можа сказаць моладзі, вось хоць бы гэтай маладзенькай Насце? Увогуле якую беларушчыну, які змагарны дух ён можа данесці да людзей з такім гнілым кантэкстам? Правільна, гніль. І таму трэба, каб яго не было. І трэба думаць, як гэта зрабіць. Каб ён сам сышоў, знік, растварыўся ў паветры».
- Пачатак 1970-х - унікальны час у гісторыі року, - распавядаў тым часам Есіп. - Я яшчэ быў школьнікам, але ўжо слухаў гэтую музыку, мы даставалі запісы ў фарцоўшчыкаў, бо афіцыйна тыя вінілы былі не тое, што забароненыя, але не распаўсюджваліся і не віталіся. Дык вось, у пачатку 1970-х усе найважнейшыя гурты, незалежна ад таго, наколькі яны былі розныя і якую вызнавалі стылістыку, напісалі кампазіцыі працягласцю 12 хвілін. Такая песня займала палову вінілу. Deep Purple напісалі Child In Time, Led Zeppelin - «Лесвіцу ў неба», Uriah Heep - July Morning. King Crimson напісалі «Старлес». Я папрасіў Шупу, каб пераклаў тэкст з ангельскай. Не столькі словы каб пераклаў, а менавіта сэнсы. Вось што атрымалася. - Есіп дастаў нататнік:
Захад сонца сляпучы дзень
Золатам скрозь мае вочы
Але вочы глядзяць мне ў душу
І бачаць толькі
Бяззорна-біблійную чорнасць
Ледзяное сіне-срэбнае неба
Блякне й шарэе
Шэрай надзеяй, якая ох як прагне быць
Бяззорна-біблійнай чорнасцю
Спагада старога сябра
Жорсткая крывая ўсмешка
Усмешка што значыць пустэчу
Для мяне
Бяззорна-біблійную чорнасць
- Бліскуча, праўда? Гэта той выпадак, калі трэба прачытаць некалькі разоў, і тады прыходзіць пранікненне ў сутнасць, - працягваў захоплены Есіп. - Тут столькі тэмаў і сюжэтаў! Дый сам той час у гісторыі музыкі пакінуў безліч пытанняў, як такое магло быць? Сабраліся тры гітарысты без адмысловай адукацыі, без ведання тэорыі і нот, адно хіба з натрэніраванымі навыкамі ігры. Ну літаральна як у нас у парку на лаўцы. Сабраліся, нешта трэнькаюць. Напісалі за паўгадзіны песню, і ўсё. Цяпер маеш. Гэтую песню граюць сімфанічныя аркестры. Пінк Флойд, гэтых валасацікаў, за якіх нас ганялі ў школе, выконвае прафесійны аркестр мандалін, і настаўнік музыкі, сам гітарыст, які найбольш нас і ганяў, выконвае сола! Валасацікі сталі вялікімі, - зноў выразна паглядзеў Есіп на Імбрыка.
- Ваш настаўнік музыкі яшчэ жывы? - зрабіў Імбрык круглыя вочы. Але Есіп пакінуў ягонае пытанне без адказу.
- Па-мойму, Імбрык нічога не разумее ў музыцы, - з паблажлівым выглядам сказала Наста. - Я, прызнацца, таксама. Прынамсі, мы слухаем зусім іншыя песні.
- А што, без гэтага зусім нельга стаць вялікім? - з выклікам спытаўся Імбрык.
- Па-мойму, калі гавораць пра вялікіх, ну не пра дыктатараў усякіх, там рознае стаўленне, у першую чаргу маюць на ўвазе якраз музыкаў, - сказала Наста. - Можа быць, табе трэба вучыцца граць на барабане? - яна відавочна хацела яго падчапіць.
- Не ведаю, музыка прыгожая, а словы. - падшукваў як назваць Імбрык, - беліберда нейкая, па-мойму.
- Ну давай паспрабуем прачытаць гэта так, як бы яно было напісанае прозай, - угледзеўся Есіп у нататнік. - Вось што атрымліваецца. Яркае сонца сядае, але вочы глядзяць не на яго, а ў адваротны бок, у цемру душы. І неба, дзе толькі што было сонца, таксама ператвараецца ў цемру. Значыць, і ззаду, і спераду ў цябе - біблійная чорнасць, цемра егіпецкая, якую можна памацаць рукамі, сцяна. Бязвыйснасць, бяззорнасць, тупік. Што застаецца? Можа быць, нешта збоку? Натуральна, усмешка старога сябра, спагада мусіць быць выйсцем. Трэба зірнуць, што там у цябе збоку. Але ніфіга, усмешка чамусьці жорсткая і крывая. Збоку таксама - глухая чорная сцяна.
- Адным словам, поўная задніца, - сказаў Імбрык. І не вытрываў. - Не падабаецца мне гэта ўсё.
- Можа задніца, а можа й пярэдніца, - перадражніў Есіп. - Няўдзячная справа разбіраць жывы куст паэзіі, нібыта гэта нейкая электрашвабра. Але памарыць разам з аўтарам - чаму б і не? Хоць словы заўсёды значаць непараўнальна мала побач з музыкай. Мізэрна мала. Ніякая літаратура табе нічога ні пра што не раскажа, калі яна не музыка. Я разумею, што біблійная чорнасць - гэта для цябе пра нейкае хентайскае порна. Але насамрэч нявыкруткі, якія нараджаюцца ў дачыненнях са старым сябрам ці нават з самім сабой, - яны зусім не такія, як з іншымі. Вось што трэба зразумець. Яны заўсёды ўтрыраваныя да ўпору, напроч незразумелыя, невытлумачальныя, і ты адчуваеш сябе перад імі абсалютна бездапаможным, нават калі ты самы вялікі і ўсемагутны фараон. Бог паказвае табе сваю сілу. А што яму застаецца рабіць, калі ты ў яго не верыш, хоць гэта яшчэ сяк-так, вер не вер, але калі ты парушаеш ягоныя планы.