— Не. Я не хачу спаць. Але хто скажа, што гэта?
— Ведаем, ведаем. Гэта сон, — ледзь не хорам адказаў дзіцячы гурт, а Янка нават крыху пакрыўдзілася за гэткую хуткую адгадку.
— Ну, добра, усе вы малайцы. Самі ведаеце і адгадкі, і загадкі, — памяркоўна прамовіў Валодзік. — Вось вам мая апошняя, а тады самі загадвайце і адгадвайце, а я, та-скаць, пайду курну. — Саўка, Грышка і Шчыпай ехалі на лодцы. Саўка з Грышкам патанулі. Хто застаўся ў лодцы? Адгадваюць усе.
Што тут пачалося! Дзеці адказалі ледзь не хорам. З аглядкай на хлопцаў давалі свае версіі дзяўчаты. А найбольш хітрыя з іх дык нават знарок гучна і раз за разам паўтаралі:
— Шчыпай! Шчыпай!
— Што, што? — як бы не чуючы, перапытваў Валодзік.
— Шчыпай! — гучала з усіх бакоў. — Шчыпай! Толькі не мяне!
— Ну то й шчыпайцеся на здароўе, — як бы даў дазвол Хвілосаф, а сам выцерабіўся з цеснага кола.
Шчыпанне з віскам, смехам, жартамі і воклічамі і сапраўды пайшло гуляць па надворку. Дарослыя лёгенька шчыпалі сваіх малых дачок і сыноў, хлопцы — з вялікай ахвотай дзяўчат, і ўсе — адно аднаго, часам так балюча, што ў сяго-таго міжволі слёзы каціліся. І ўсе ўцякалі адно ад аднаго, намагаючыся пры гэтым ушчыпнуць іншага. Весялосці на танцах дадалося.
Вядомая справа — на хутары ігрышча.
Яно не толькі сабрала ўсіх разам, яно захапіла, з’яднала, атуліла адным інтарэсам. Паглядзіш збоку і здаецца, што святкуе адна вялікая сям’я. А гэта ж розныя людзі, рознага дастатку, рознай культурнасці, не аднае веры нават. І жывуць дай Бог як далёка адно ад аднаго. Ведама, хутар не вёска. Тут хата ад хаты і кіламетр, і два, а то і больш. А вось жа сабраліся, гамоняць, спяваюць, танцуюць, весяляцца, і ўсім цікава, усім добра. Бо разам, як свае, родныя.
Самы старажыл Язаўца белы, як лунь, дзед Мацейка, якому, напэўна, пад восемдзесят, хоць сам ён заўсёды кажа, што не запомніў, калі нарадзіўся, бо вельмі малы тады быў, калі ўпершыню на свет сваімі вачыма зірнуў, ніколі не прамінаў, каб пахваліць хутарскі побыт. Пагладзіць, бывае, сваю шырокую, нібы драўляная лапата, на якой хлеб садзяць, сівую бараду, хітне галавой, адганяючы непатрэбныя думкі, паплямкае губамі і спаважна, няспешна, як даўно ўсвядомленае і таму бясспрэчнае, прамовіць:
— Ат, мае вы гал_убкі і галубкі, — так звяртаўся ён да кожнага, незалежна ад узросту, — паслухайце мяне старога. Я ўжо нажыўсё на гэтым свеце, ссівеў, занямог, нікога не баюсё, таму магу праўду казаць. Ага... — і цікуе сваім дапытлівым вокам. — А праўда такая, што хібя там жытка ў вёсцы? Я, каб азалацілі, то не хачу. Нажыўсё, наеўсё, — дзед Мацейка, відаць, меў на ўвазе той час, калі ўсе яны — сённяшнія хутаране — жылі ў вёсках. І толькі крыху больш за дзесяць гадоў, як перабраліся на Язавец, — хто купіў зямлі, хто атрымаў бясплатна панскай, калі той не меў за што яе абрабляць. І вось цяпер, адчуўшы сябе хоць трохі гаспадарамі, многія зразумелі і перавагі хутарскога жыцця. — Мяне і на вяроўцы туды не зацягнеш. Там жа цесна, тлумна. Не тоё, што тутака на футары, — так заміж «хутар» казаў не адно Мацейка, а шмат хто са старэйшых, ды і моладзь, як правіла, таксама ўжывала гэтае слова — бо звыклае, сваё, так нават у некаторых навакольных вёсках казалі, мо ад хутаранцаў — ці футаранцаў? — пайшло. — Тутака ж я ў зацішку. Як у самога Бога за пазухай. А наўкруга такі прастор, такая шыр, што нічога ні на грудзі не цісне, ні на галаву. Я волю падабаю, мае вы гал_убкі і галубкі. Дажывіце да майго, самі так думаць будзеце. Ага... А якая воля ў вёсцы? Там, як у куратніку — адзін на адным. Какае на ніжняга, дзяўбе бліжняга. Калі, выбачаюсё, нехта ў сваёй хаце, гэта самае, перне, то ў суседняй нос затыкаюць.
— Ой, дзядуля, што вы такое кажаце? — пярэчыў нехта са старэйшых. — Гэтта ж малых многа, а вы — такоё.
— Дак я ж проста так, прыкладам... Бо і ў нас такоё здараецца. Наесца нехта тоўчанай бульбы з падсмажанай цыбуляй, а пасля з яго дух гэты і выходзіць дробным пёрдам. Але ж прастора вунь якая. Усё адразу разыходзіцца, да чужога носа не дапяўшы. Ага. А што, мае вы гал_убкі і галубкі, хібя з вас мышы выносяць? — хітра зірнуў дзед на прысутных і вытрымаў паўзу. — Ці мо ты не робіш гэтага, га? — пазіраў на таго, хто спрачаўся з ім. Той уцінаў галаву ў плечы, ніякавата моршчыў твар і сціхаў. — А калі скажу, што наб...еў, то лепей будзя?
— Лепей казаць «паветра сапсаваў», — спрабаваў нехта павучыць дзеда культуры маўлення. Але ён не здаваўся:
— А мая ты любачка, мае ж вы гал_убкі і галубкі. Дак тое паветра можна сапсаваць чым хочаш. Гэта самае, і дзёгцем. І гноем. Ага... І картопля ў печы падгарыць. Ці мала што яшчэ. А я ж не пра тоё, я пра...
— Ой, хопіць, хопіць, дзядуля. Мы зразумелі... — таропка перабівалі яго.
— Пра што зразумелі? — не адступаўся дзед і зноўку гладзіў сваю шыкоўную бараду. — Гэта самае, пра пахі ці пра лепшасць футарскога жыцця, га?
— І пра тоё, і пра другоё.
— А-а, ну тады добра, калі пра футар, тады справядліва, мае вы гал_убкі і галубкі. Ага... Бо я не адно ў сваёй хаце магу...
Мацейку не давалі закончыць:
— Ну-у, дзяду-уля, вы ж абяцалі...
— Ага, дакляраваў... Дак я і кажу. Гэта самае, я не адно ў хаце магу чыхнуць, а і на сваім агародзе. І нікому замінаць не буду... От гэта жытка! Ага... — і дабрадушна смяяўся ў сваю схоўную бараду.
— От дзед, от хітрун. Заўсёды ён выкруціцца...
Прытупаў Мацейка і на Васілёў надворак, балазе зусім недалёка — цераз дарогу стаяла іхняя хата. Яго пасадзілі на самае пачэснае месца, а ён абапёрся на сваю арэхавую крывульку — тоўстую палку, сагнутую ўгары, паклаў на яе абедзве далоні, прымружыў вочы і пазіраў на сваіх футаран. Час ад часу падтрымліваў гаворку, нешта ўспамінаў, бо за такое доўгае жыццё шмат пабачыў на свеце. Здаралася, з некім спрачаўся, не згаджаўся, даказваў сваё. А калі загаворвалі пра сённяшні дзень, пра тое, што нялёгка чалавеку з зямлёй упраўляцца, ён толькі пасміхаўся і казаў:
— Ой, мае вы гал_убкі і галубкі, пра што вы кажаце? Каб гэта даўней мелі тоё, што цяпер ёсцека, то ого-го як жылі б. Ага. Бо цяпер і плугі жалезныя, і малацілкі таксама, і мо жнівяркі дзе ёсцека... І яшчэ ўсяго ўсялякага навыдумлялі. А некалі ж хібя было такоё? Дзе вы бачылі, мае вы гал_убкі і галубкі! Драўляная саха, ды і то не ў кожнага, сукаватая барана... Ат, ды хібя вы паверыце? Але праўда! Гэта я вам кажу...
Адны з ім згаджаліся, паддаквалі кіўком галавы, іншыя спрачаліся, а ўсе разам распачыналі бясконцую і невырашальную гаворку пра лёс хлебасея, якому адно на свеце наканавана: сеяць, жаць, малаціць, малоць — адным словам, карміць таго, хто сам не арэ, не сее, не малоціць — не працуе, толькі бізуном махае за самую малую правіну, спіну сялянскую дратуе. І то не сам, а найміта і дзеля гэтай справы мае — цівуна.
— От жа каб якому парабку ці батраку да ў людзі выбіцца, та-скаць. Во быў бы фокус, — уздыхаў Валодзік Хвілосаф.
— А я табе так скажу, — не саступаў са свайго дзед Мацейка. — І некалі парабку не соладка было. Ага. Усякся даводзіласё... Як каму на раду напісана. Аднаму на поўную губу хапае, а другі і крошцы рады. Яшчэ дзед мой расказваў. А яму мо яго дзед. Паслухай, — і Мацейка ўжо больш звяртаўся да Хвілосафа, чым да іншых. — У аднаго пана служыў парабак. Усё рабіў, што той ні загадае. Ва ўсім пану патураў. Да ўсяго здатныя рукі меў. Ага... Вось неяк паслаў яго пан збожжа малоць. Меле хлопец, падсыпае жыта на камень, а сам песню жорнаў слухае. І здаецца яму, што камяні прыгаворваюць: «Не тутака, не тутака. Там лепш, там лепш». Падумаў хлапчына, што гэта лёс яму падказвае, дзе лягчэй хлеба надзённага здабыць можна. І паверыў, мае вы галубкі і галубкі, парабак жорнам, сышоў ад таго пана. Пайшоў у іншага працу шукаць. Знайшоў. Ага. А пан вазьмі і пашлі яго жыта малоць. Прыходзіць парабак на млын, засыпае зерне, а жорны яму і кажуць: «Як тамака, так і тутака. Як тамака, так і тутака». Кінуў ён і гэтага пана. Пайшоў шукаць новага гаспадара. Выпетраў так, што ажно косці свецяцца. Але ж ён не нейкі там цемця-лемця — упарты, да працы ахвочы. Ды ўсюды жорны адну песню спявалі: «Як там, так і тут. Як там, так і тут». Плюнуў хлопец на нялюбую зямлю: чаго тутака марна распінацца, і за мора паехаў. Каб там лепшую долю знайсці. А там мо зноў жыта малоць давялося... Але ўжо мо застраміў сэрца воляй, ага...