Слязу нядолі праліла...
Да спевакоў пачалі падцягвацца іншыя. Станавіліся ўкруга і пачыналі ў такт мелодыі паводзіць плячамі то ўправа, то ўлева. Гэтая песня сапраўды стала як бы хутарскім гімнам. Яшчэ больш вядомым за афіцыйны польскі гімн «Ешчэ Польска не згінэла...» Яе ведалі і любілі і старыя, і малыя. Разам з калыханкамі маткі напявалі немаўлятам пра наш край.
Да маладзёжнага гурта спевакоў далучаліся дзядзькі з цёткамі, шылася пад рукі дзетвара. Пасля дзявочага запеву пачуліся моцныя галасы хлопцаў. Яны з асаблівай сілай і пашанай выводзілі:
Люблю народ наш беларускі
І хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў...
Як заўсёды, не жадае адстаць ад іншых Валодзік Кусабуцкі — Хвілосаф, як празвалі яго хутаране. Для яго любая кампанія — што родны дом. Мо таму, што ў сваёй хаце не надта шматлюдна, не дае Бог шчасця. Колькі дзетак ні нараджалася, а ніводнае больш за год не пражыло. Валодзік упарта намагаўся даказаць сваё, пускаў на свет то сына, то дачку, але бяда не адступалася. Што толькі не рабілі яны з жонкай — ціхмянай, паслухмянай і як бы занадта пакорлівай Настай: і ў Сноўскай царкве свечку ставілі, і ў грахах перад бацюшкам каяліся. Нават да знахараў ездзілі ў Панюцічы. На картах ім таксама гадалі. У Нясвіжы ў дактароў былі, але там сказалі, што трэба мо ажно ў Варшаву дабірацца, дзе спецыялісты лепшыя. Ды на гэткі подзвіг ні сіл, ні магчымасцей, а галоўнае грошай у Кусабуцкіх не было.
І тады нехта параіў Валодзіку схадзіць да «васточнікаў» — перабрацца праз мяжу і патрапіць у Менск. Там, кажуць, дактары бясплатныя. І ўсё ведаюць, бо свабодна і без грошай, кажуць, могуць вучыцца, дзе захочуць. А Менск — гэта ж сталіца вольнай краіны. Ды і што там такога, некалі ж свабодна хадзілі туды-сюды. Калі па дарозе, то дойдзеш да паласатага шлагбаўма, дасі «Дзень добры» пану-памежніку ў шэра-зялёнай форме і з канфедэраткай на галаве, які падазрона агледзіць цябе: ці не нясеш ніякіх сакрэтаў з багатай краіны савецкім беднякам, пільна праверыць твае дакументы і нарэшце пажадае добрай дарогі.
А пасля — паласаты шлагбаўм з другога боку, насцярожаны чырвонаармеец у ахоўнага колеру форме з зялёнымі пятліцамі і зялёным верхам шапкі-фуражкі, насупіўшы бровы — ці не польскі шпіён? — адкажа на твой «Дабрыдзень»: «Здравствуйте!», таксама праверыць дакументы, убачыць, што ўсё ў парадку, і тады толькі, трохі як бы прыязна, усміхнецца, дазваляючы прайсці. І ты ўжо на тым баку, у вольнай краіне, дзе ні паноў, ні падпанкаў... Як бы на другім канцы зямлі.
А можна і інакш. Каб без паноў-памежнікаў і таварышаў-пагранічнікаў. Таемнымі сцежкамі дабярэшся альбо дасведчаныя людзі правядуць да слупа з чырвона-малінавымі палосамі, зірнеш на белага польскага арла, на надпіс «Rzecz Pospolita Polska», прабяжыш тры метры нічыйнай паласы — мінеш чырвона-зялёны слуп з сярпаста-малаткастым гербам і надпісам «Б.С.С.Р.» і апынешся далёка ад роднай хаты. А ці вернешся назад? Але ў той момант пра гэта не думаецца. Ад страху за зробленае нечакана хаўкнеш ротам і раптам адчуеш, што паветра тутака інакшае, як бы нават дыхаецца вальней, ва ўсякім разе, так хочацца думаць і спадзявацца. Пачуеш ранішняе пяянне пеўня і здасца, што нават ён кукарэкае тут іначай, не па-свойску, не па-дамашняму, а неяк па-замежнаму. Не, каб па-чужому, то не. Аднак жа не як на сваім хутары. Ведама, іншая краіна, іншы лад і склад жыцця...
Валодзік і праўда часам падумваў пра паход за кардон. Небяспечна — гэта так, ды затое грошай не трэба траціць. Лішніх у Валодзіка ніколі не было, нават на пільныя патрэбы не хапала. Мо праз гэта ён і спачуваў камуністым — так называлі на іхнім хутары тых, хто сам быў членам найбольш масавай і актыўнай партыі альбо спачуваў ім: камуністыя. Валодзік здаўна цікавіўся палітыкай. Нават знаёмых меў сярод членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Але надта не выхваляўся, бо часам і дрэвы вушы маюць.
На палітычных жа ўсё больш настойліва паліцыя палюе, сваіх віжоў у розныя кампаніі падсылае, каб пачулі, хто чым дыхае. Кажуць, не аднаго ў пастарунак адправілі. Але жыццё вымушае ігнараваць небяспеку. Асабліва калі не надта салодкае яно. Валодзіку, мо як нікому, не хапала гэтай вабнай салодкасці. Таму з падтрымкі камуністых наважваўся пераходзіць мяжу. Думка гэтая моцна засела ў галаве. Як стрэмка ў пальцы: ные і ные. Але што ён адзін там рабіць будзе? Трэба з жонкай. А гэта яшчэ большы клопат, яшчэ мацнейшая небяспека. Ці мае ён права рызыкаваць чужым жыццём, хай сабе блізкага чалавека?
Пакуль Хвілосаф разважаў-вагаўся, міласэрны Бог злітаваўся над саракагадовымі бяздзетнымі хлебасеямі. Пусцілі яны на свет сынка, і жыве, дзякаваць Богу. Ужо чацвёрты годзік. Пасля таго Хвілосаф пры любым выпадку не праміне кульнуць чарачку за яго здароўе. Не, каб напіваўся, то не — проста трохі пад газам. А падвесяліць душу ён любіць.
Праўда, імя ў сыночка вельмі нязвыклае. Пра яго паходжанне ведае толькі ён з жонкай. Падчас чарговай размовы пра Валодзікаву бяду нехта з парцейных таварышаў ці то жартам, ці то ўсур’ёз параіў добра над іменем дзіцяці падумаць, бо як назавеш, так і павядзецца ў жыцці. Мо праз тое і паміралі Валодзікавы дзеткі, што не мелі добрых імёнаў.
Казалі, калі сын будзе, то добра было б назваць у гонар самага мудрага і справядлівага на свеце чалавека, якога працоўныя ўсіх краін любяць і шануюць. Завуць гэтага чалавека Леніным Уладзімірам Ільічом. Пра яго чуў і Валодзік, але найбольш з негатыўнай ацэнкай, бо не любілі польскія ўлады бальшавікоў і іхняга правадыра. А назваць сыночка, казалі знаёмыя парцейцы, можна Уладленам. Такія імёны сустракаюцца ў Савецкай Беларусь І дзеці гэтыя жывуць шчасліва, здаровенькія. Уладлен — скарочанае ад Уладзімір Ленін. А паколькі Ленін за працоўных, то гэткае імя абавязкова паспрыяе працоўнаму Уладзіміру Кусабуцкаму, даказвалі таварышы. Бо і сам жа ён цёзка вялікаму Леніну, да таго ж з беднякоў. Дык хіба можа не раўняцца на вялікага чалавека, не верыць яму?
Калі ж дачушка на свет з’явіцца, казалі, то можна назваць Розай. У гонар сусветна вядомай нямецкай рэвалюцыянеркі Розы Люксембург. Валодзік «па-хвіласофску» разважыў:
— Не, Роза, то гэта ж неяк не па-нашаму. У нас кажуць «ружа». Ды зноў жа, та-скаць, Люксембург... Нешта яўрэйскаё, хай Бог даруе, бо, таскаць, не хачу крыўдзіць добрых людзей...
Яго спрабавалі пераканаць, але Хвілосаф стаяў на сваім:
— Не, на Розу цяжка будзе жонку ўгаварыць. А сварыцца з ёю, таскаць, не хачу. І так у нас клопату хапае... Давайце што-небудзь, іншаё, больш наскаё, та-скаць...
Таварышы доўга раіліся, падказвалі, спрачаліся. Называлі нейкія дзіўныя імёны, кшталту Эра, Акцябрына, Сталгна, Даздраперма... Але то самі не даходзілі да згоды, то Валодзік не хацеў. Калі назвалі Даздраперму, ён увогуле пакрыўдзіўся, абураўся, што здзекуюцца з простага чалавека, выдумалі некую абракадабру і пацяшаюцца, пакепліваюць, думаюць, што нічога не кеміць селянін. Як ён мае паважаць у такім выпадку таварышаў, як давяраць ім? З цяжкасцю тыя загладзілі канфлікт, пераконваючы, што
Даздраперма — гэта скарочанае слова ад перадавога пралетарскага лозунга сусветнага пралетарыту: «Да здравствует Первое Мая!»
На гэта Валодзік яшчэ больш рашуча запярэчыў:
— Ды калі я, та-скаць, назаву гэдакаё імя ўдома, мяне не толькі жонка засмяе. Усе людзі пацяшацца будуць. Гэта ж вам не сусветная рэвалюцыя. Гэта польскія парадкі... Хай ужо тая Дразда ферма ці як яе там жыве не на нашай зямлі...
Настойваць таварышы не сталі. Урэшце сышліся на Вілене. Нешта блізкае да іхняга Лена, падумаў Хвілосаф, хоць вядома, што з Леніным звязана — Уладзімір Ільіч Ленін. Спачатку Валодзік не надта разумеў:
— Як гэта выходзіць, та-скаць, Вілена і Уладзімір Ільіч? Тады ж трэба, каб было Улена альбо Уілена...
Але яго заспакоілі:
— Вілена — гэта ад рускага Владимир Ильич. Ты ж не супраць рускага, праўда? — і пільна-пільна пазіраюць у вочы.
А дзе ты тут будзеш супраць? Прывучаны...
І добра было б, раілі яму, не ў царкву несці. Не поп павінен у халодную ваду апусціць дзіцятка, а трэба прынародна акцябрыны справіць, мо ў сельсавеце запісаць. Але ж не павязеш немаўля дзеля гэтага праз мяжу, ды яшчэ таемна.