— Ну? — падахвочваў Валодзік. — Няўжо ніхто не ведае? А яшчэ ў кавалеры, та-скаць, запісаліся. Ды кожны з вас тоё бачыў, — зноў падказваў Валодзік. — Нават каштавалі... Дак што, ніхто не здагадваецца?
— Ну, чаму? — падаў голас Жора Бандзюк. — Я ведаю.
Усе з цікавасцю павярнуліся да яго.
— Гэта арэх... — і патлумачыў: — Касматы? Касматы. Слабка вісіць? Калі паспее — слабка. І кончык тады лысы вытыркаецца.
— Ага, і праўда, — пачуліся галасы згоды.
— А цяпер я загадаю, — прапанаваў Жора.
— Не, мы так не дамаўляліся, — запярэчылі самыя малыя. Але Валодзік зірнуў на Жорыка, той на яго, і Хвілосаф згадзіўся:
— Давай, та-скаць. Чашы...
— Што за загадка, што пад яйцамі гладка? — выпаліў Жорык і задаволена пазіраў на старэйшых хлопцаў з дзяўчатамі, вусны якіх расплыліся ў хітраватай усмешцы. А вось малыя запытальна павярнулі тварыкі да дарослых: маўляў, што гэты дзяцюк вярзе, ці не брыдка яму. Сёй-той з дарослых, найперш жанчыны, і праўда паспяшаўся супакоіць:
— Загадка не брыдкая. Але не трэба перад усімі выхваляцца... Тут жа дзеці...
— Дак яна ж і праўда нармальная, — прамовіў Жорык.
— І адгадка таксама нармальная, — уступіў у гаворку Сіневічаў Славік. — Гэта скаварада... Яна мусіць быць гладкай, каб яечня не падгарэла...
Дзіцячай радасці не было супынку. Гульня захапіла ўсіх, задаволены быў і Валодзік, што нарэшце яму ўдалося апынуцца ў цэнтры.
— А цяпер увага. Моцна загадкавая, та-скаць, загадка, — паспяшаўся суцішыць Валодзік. — Віса вісі, хода ходзі, віса ўпала — хода з’ела, — назваў ён новую загадку. — Што гэта?
Кароткая паўза запанавала ў дзіцячым асяроддзі, адно чуваць напружанае сапенне, перашэптванне ды варушэнне вуснамі.
— Нейкія словы незразумелыя, — прамовіў нехта з дзяцей.
— Што? — перапытаў Валодзік. — Не зразумелі? Тады кажу яшчэ раз. Для непанятлівых, та-скаць. Віса вісіць, хода ходзіць, віса ўпала — хода з’ела. Цяпер зразумела?
— Цяпер зразумела, — адказаў той жа голас.
— Калі зразумела, то давай адказ, — падахвоціў Валодзік.
Аднак адказу не чулася. Нейкі час панавала шапатлівая цішыня. А тады азваўся Гэтэвічаў Валодзька:
— Я ведаю. Гэта жалуды і свіння.
— Малайчына, — пахваліў Хвілосаф. — Кемлівы. Далёка пойдзеш...
— Ага, пойдзе, — насмешліва падкузьміў Гэтэвічаў Міхась. — Калі паліцыянт не спыніць...
— Ты адгадаў тры загадкі. — звярнуўся Валодзік да свайго цёзкі. — Маеш права на сваю. Хочаш?
— Хачу, — адказаў Валодзька.
— Давай.
— Ляжыць — маўчыць, а як памрэ, то зараве.
З многіх галасоў, што абмяркоўвалі магчымы адказ, выдзеліўся Янчын, Пахвалёнчыкавай меншай дачкі:
— Снег! Снег і вада. Пакамісь снег ляжыць, ён маўчыць. А калі пачне раставаць, пачнецца паводка, вось вада і раве, — грунтоўна патлумачыла Янка. І пакуль яе не спынілі, прапанавала сваю: — А цяпер я, я загадаю. Слухайце. Што чалавеку самаё мілаё?
— На што ты намякаеш? — спытала адразу некалькі галасоў. — Калі хочаш спаць, то сама і ідзі.