— Якім чынам?
— Ён пакусаў іх, — плябан змоўк.
— Вось і наш конюх, — прыгадаў Агінскі, — таксама казаў, што ў лесе яго пакусаў шалёны француз.
Плябан са шкадаваннем у голасе прамовіў: — І цяпер ваш конюх ляжыць з ліхаманкай.
— Так, адкуль вы ведаеце? — здзівіўся Міхал.
— Ва ўсіх пацярпелых такія ж сімптомы, — брат Крыштоф паказаў рукой у бок келляў. — Мы збіраліся ўчора накіраваць у ваш замак пасыльнага з папярэджаннем, але праз наплыў людзей не змаглі гэтага зрабіць. На ўліку былі ўсе працаздольныя людзі.
— Але як такое магло здарыцца? — бедаваў Агінскі. — Я не разумею.
— Пацяплела, — нібы сам сабе прамовіў плябан.
— Што? Я вас не чую, — Міхал падвысіў голас.
— Поле за Вушою было завалена трупамі, пасля бойкі ніхто не парупіўся іх прыбраць, — брат Крыштоф павярнуўся да Агінскага. Пачырванелыя, напоўненыя смуткам і болем вочы плябана, здавалася, глядзелі скрозь Міхала. — Сёння брат Валянцін быў там. Яно пустое. Усе нябожчыкі зніклі. Цяпер яны блукаюць па наваколлі.
— Вы нейкую лухту плецяце, брат. Вы доўга не спалі. Вам трэба адпачыць, — цвердзіў Міхал гучным шэптам. — Мерцвякі не могуць хадзіць.
— Я не спаў, гэта так, — голас плябана быў спакойны, ён нібыта размаўляў сам з сабою. — Але я бачыў усё тое на ўласныя вочы. Гэта так.
— Вы хочаце сказаць, што надыходзіць Апошні Суд? Ці вы проста наслухаліся страшных гісторый ад сваіх французскіх сяброў? — Міхал дазволіў сабе грубасць. Роспачны стан плябана пачаў выклікаць у яго раздражненне. Брат Крыштоф прамаўчаў.
— Добра, — граф вырашыў змяніць тэму. — Скажыце, вы можаце мне дапамагчы і паслаць да нас чалавека, які разбіраецца ў медыцыне?
— На жаль, не, пане сенатару, — не адразу адказаў плябан, — усе занятыя. Брат Крыштоф адвярнуўся да акна і скрозь шчыліну ў аканіцы паглядзеў на двор. — Але я хачу даць вам параду, — плябан усё яшчэ стаяў спінай да графа. — Вам трэба як мага хутчэй вярнуцца ў замак, зачыніць усе дзверы, усе вокны і нікога не ўпускаць. Дакладней, упускаць толькі тых, хто можа назваць сябе. Упускаць жывых, якія могуць гаварыць, бо мерцвякі не здольныя да словаў, — манах рэзка павярнуўся, сухія вочы ўтаропіліся ў Міхала. — Яны здольныя толькі забіваць, — прашаптаў плябан.
Міхал адступіў. Ён нічога не адказаў, моўчкі развітаўся і шпарка пашыбаваў да выхаду. Манах, які сустракаў Агінскага ў кляштары, кінуўся следам, каб зачыніць дзверы.
Выйшаўшы з будынка, граф вылаяўся. «Гэты Крыштоф, мусіць, непрытомны. Дарэмна толькі з’ездзіў», — думаў Міхал. На дварэ было ўсё гэтак жа ціха і пустынна, але Бакас, які ўвесь час прастаяў на прывязі, моцна расхваляваўся. Конь узбуджана біў капытом, круціў вачыма ў розныя бакі і ржаў.
— Спакойна, Бакас. Усё добра, — Агінскі пагладзіў каня па шыі.
Забіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: «Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа». Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку пра тое, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заўважыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінаю да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой. «Пэўна, вогнішча раскладае», — мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыне быў брудны шынэль вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.
Праз хвіліну, калі вершнік знік за паваротам, чалавек азірнуўся. Зямлісты твар мужчыны быў выпацканы крывёй. Скрозь парваныя вусны бачыліся скрываўленыя дзясны з чорнымі зубамі. Здавалася, што чалавек усміхаецца.
***
Міхал пад’ехаў да замка. Ля адчыненай брамы яго сустрэў служка з дваровых. Хлопец пачакаў, пакуль вершнік праедзе ў дворык, зачыніў вароты і падбег да Агінскага.
— Пане Міхале, ваш дзядзька загадаў мне правесці вас да яго адразу, як прыедзеце, — выпаліў Янка. — На полі французы!
— Што? — Міхал паспешліва спусціўся з каня. — Вядзі мяне хутчэй.
Разам з хлопцам граф прайшоў у паўночную вежу замка. На другім паверсе іх чакаў дзядзька. Ён стаяў каля аконнага прахону з падзорнай трубой і глядзеў у даль.
— Міхале, як ты думаеш, што за людзі сабраліся там? — спытаў стары граф і працягнуў Міхалу трубу.
Той моўчкі стаў ля акна. Сярод поля, якое цягнулася ад берага ракі да блізкага лесу, Міхал налічыў з два дзясяткі чалавечых фігур. Некаторыя з іх стаялі на месцы, іншыя павольна перасоўваліся сярод плямаў нерасталага снегу. Міхал прыгледзеўся: усе людзі на полі былі апранутыя ў форму французскіх жаўнераў.
— Французы! — Міхал не верыў сваім вачам.
— Падобна на тое, — спакойна прамовіў дзядзька.
— Брат Крыштоф якраз расказваў мне нейкую лухту пра паўсталых мёртвых французаў, — і пляменнік апавёў дзядзьку тое, што сказаў яму плябан.