P.S. Магчыма, гэта мой апошні запіс у дзённіку».
***
Міхал Клеафас Агінскі доўга не мог заснуць. Некалькі гадзін ён проста ляжаў у ложку з расплюшчанымі вачыма і глядзеў у столь. Перад ягоным унутраным зрокам стаяў вобраз мёртвай пакаёўкі: пагрызены твар, акрываўленае адзенне, вытарашчанае вока. Міхал усё намагаўся прыгадаць, якой Паліна была пры жыцці, але ў яго нічога не выходзіла. У ягоным запаленым розуме крывавым адбіткам замацавалася постаць пакаёўкі ў момант стрэлу. Ранейшыя ўспаміны былі выкрасленыя.
Перш чым пайсці ў свой пакой, Міхал папрысутнічаў пры спаленні нябожчыкаў у замкавым дворыку. Пасля стрэлаў у аранжарэю, нягледзячы на дзядзькаў загад, прыбеглі ўсе не занятыя вартаваннем мужчыны. Дзядзька не стаў іх за гэта дакараць. Ён сабраў хлопцаў вакол забітых мерцвякоў і расказаў, як усё было.
— Браты, не дапускайце, каб пачвара вас укусіла, — навучаў ён. — Ейная сліна — гэта атрута, якая з часам ператворыць вас у такую ж пачвару. Ні я і ніхто іншы не павінны праяўляць літасці да ўкушанага, — жорстка рэзаў дзядзька. — Кожны ўкушаны — гэта вораг у нашым доме, і ён павінен быць забіты. — Мужчыны сурова пазіралі адзін на аднаго, у іх вачах чыталася неразуменне і страх. — Перадайце мае словы вартавым. Так, гэта цяжка ўсвядоміць, але мы павінныя больш не дапусціць такога, — гаспадар паказаў на раструшчаную куляй патыліцу конюха.
Пасля прамовы дзядзька загадаў раскласці на двары вогнішча і спаліць застрэленых мерцвякоў. Мужчыны асцярожна, каб не запэцкацца крывёй, выцягнулі целы з аранжарэі. Казімір разам з сябрамі нацягалі палення з дрывотні. У няясным святле паходняў Міхал назіраў, як на бярвенне кладуць нябожчыкаў: спачатку мужчыну, потым жанчыну. Гэта нагадала яму варажскі пахавальны абрад.
Першым да складзеных дроваў падышоў дзядзька. З хвіліну ён стаяў нерухома. Затым апусціў сваю паходню і ўзяўся падпальваць палены з розных бакоў. Полымя паступова разгарэлася і ўзнялося высока, паглынуўшы ў сваё жоўтае чэрава дзве знявечаныя фігуры. Агінскі стаяў блізка і мог бачыць, як агонь знішчае чалавечыя целы. Ён назіраў, як чарнее і згарае адзенне, як лупіцца і злазіць скура, як тапырыцца плоць. Гэтае відовішча ўразіла і захапіла яго. І цяпер, лежачы ў ложку, ён уяўляў, як і яго паглынае агонь.
***
Неўзабаве графа адолеў сон, праўда, назваць яго салодкім было нельга. Агінскаму нячаста сніліся жахі, ён увогуле рэдка запамінаў сны, але гэтым разам пабачанае моцна ўелася ў памяць. Міхал уяўляў сябе ў калідоры драўлянай сядзібы ў Залессі, той самай, што, са словаў дзядзькі, згарэла дашчэнту. Ён ішоў у бок гасцёўні, адкуль даносілася музыка. Міхала апанавала загадкавае пачуццё, ён адначасова пазнаваў і не пазнаваў гэтае месца. Знаёмыя партрэты на сценах праз момант ператвараліся ў невядомыя карціны. Шпалеры, да якіх ён прызвачаіўся за гады жыцця тут, мянялі свой колер, пакрываліся бруднымі плямамі, а затым зноў вярталіся да звыклага выгляду. Падлога, на якой Міхал, здавалася, памятаў усе рыпучыя дошчачкі, выдавала скрыгат у нечаканым месцы. І сама музыка, што лілася з адчыненых дзвярэй гасцёўні, падавалася графу нечым знаёмай, часам ён улоўліваў чутыя раней мелодыі, некаторыя з іх былі аўтарства самога Агінскага. Часам гукі рабіліся зусім чужымі і нават непрыемнымі, дысананс рэзаў слых кампазітара.
Міхал павольна пасоўваўся калідорам, які быў чамусьці даўжэйшы, чым звычайна. Нарэшце граф спыніўся ля ўваходу у гасцёўню. Гэтае памяшканне таксама ўспрымалася дваяка. Абрысы вокнаў, мэбля, жырандоля — усё, здавалася, знаходзілася на сваіх месцах, але пры гэтым выглядала незнаёмым і чужым. У цэнтры пакоя стаяла фартэпіяна. За клавішамі спінаю да Міхала сядзела дзяўчынка. Амелія, пазнаў Агінскі. Ён асабіста даваў дачцэ першыя ўрокі ігры на фартэпіяна і нават прывёз з Парыжа італьянскага кампазітара Джузэпэ Паліяні ў якасці настаўніка музыкі для таленавітай дзяўчынкі. Амелія сядзела нерухома, але інструмент перад ёй працягваў граць музыку сам. Агінскі павольна пайшоў да дачкі. Калі да фартэпіяна заставалася некалькі крокаў, мелодыя раптоўна сціхла. Міхал спыніўся і мімаволі агледзеўся навокал. Гасцёўня знікла, граф апынуўся пад хмарным шэрым небам сярод засыпаных снегам абпаленых бярвёнаў. Такую ж карціну ён бачыў у знішчаным Маладэчне. Тым не менш, і фартэпіяна, і дачка ўсё яшчэ знаходзіліся за пару крокаў ад Міхала. Ён працягнуў руку, каб дакрануцца да пляча дзяўчынкі, але тут жа застыў. Тая перад графам імкліва змянялася, светлая сукенка пакрывалася чорнымі плямамі сажы і барвовымі разводамі, прычасаныя валасы змяніліся неахайнымі пасмамі. Белыя выпешчаныя рукі дзяўчынкі ператварыліся ў ссінелыя крывыя граблі. Амелія пачала сама разварочвацца ў бок бацькі. Міхал з жахам адступіў ад яе на некалькі крокаў. З-пад растрапаных валасоў на графа ўтаропілася пара нежывых шкляных вачэй. Дзяўчынка ўсміхалася і з яе жоўтых крывых зубоў сцякала на сукенку чорная жыжка.
Агінскі страсянуўся і падняўся на ложку.
— Гэтага не будзе! — нечакана вырвалася ў яго.
Міхал ўстаў, накінуў паліто, запаліў свяцільню і выйшаў з пакоя. Ён накіраваўся да дзядзькавай схованкі, каб выбраць сабе зброю для ранішняй выправы ў горад. На дварэ было холадна. Начны мароз моцна прыхапіў дваровы бруд. Тонкія коркі лёду на шматлікіх лужынках гучна хрусцелі пад ботамі графа. Міхал заўважыў на замкавых сценах агні ліхтароў. Ён некалькі разоў прыклаў далонь да сваёй свяцільні, падаючы такім чынам прывітальны сігнал вартавым. Агеньчыкі лыпалі ў адказ. Усміхнуўшыся, Агінскі зайшоў у стайню. У цемры ён дабраўся да спуску і высвеціў праход уніз. Схованка была адчыненая, частка зброі вынесеная вонкі. Міхал узяўся спускацца ўніз.
Ён прайшоў міма даўгіх шэрагаў са стрэльбамі і спыніўся ля шафы з рыштункам. Тут Агінскі выбраў сабе шырокі армейскі пас, торбу з патронамі для пістолі і тальмах з афіцэрскай шпагай. Начапіўшы рыштунак на сябе, Міхал выцягнуў шпагу з ножнаў. Смяротная сталь была вельмі лёгкай, амаль бязважкай. Эфес зручна клаўся ў далонь, а клінок здаваўся працягам рукі. Кароткімі ўзмахамі Агінскі некалькі разоў рассёк перад сабой паветра.
— Вазьміце лепш гэта, — азваўся з-за спіны знаёмы голас.
Міхал азірнуўся. Каля лесвіцы стаяў Казімір. Ён працягваў Агінскаму цяжкі салдацкі цясак: — Мерцвяка трэба секчы, і секчы моцна. Гэтая цацка, — Ясінскі паказаў рукой на шпагу, — хутчэй для парадаў. Ад яе раны лёгкія, як драпіны. Мярцвяк іх нават не адчуе. А вось гэта ён адчуе, — хлопец са свістам секануў цесаком.
Агінскі адклаў убок шпагу і ўзяўся за прапанаваны цясак. Заточаная паласа металу цьмяна блішчэла ў святле ліхтара. Салдацкі цясак быў значна цяжэйшы за афіцэрскую шпагу, але гэта быў прыемны цяжар. Міхал адчуваў моц і сілу зброі, якую трымаў у руцэ. Ён прыняў ад Казіміра ножны і начапіў іх на свой тальмах замест старых. Затым ён падышоў да скрыні з пістолямі, дзе прыхапіў сабе яшчэ адзін самастрэл.
— Я бачыў з мура, як вы ідзяце да складу, — сказаў Ясінскі, — і вырашыў дапамагчы вам са зброяй.
— Дзякуй, — прамовіў Міхал. Ён накіраваўся да выхаду з падзямелля. — Дапаможаш мне яшчэ запрэгчы Бакаса, калі развіднеецца?
— Так, — кіўнуў Казімір.
Яны выбраліся са схованкі і накіраваліся да замкавага палаца. Міхал увайшоў у гасцёўню, дзе першым чынам запаліў ад свайго ліхтара свечкі на абедным стале. Ён усеўся каля падсвечніка і, паклаўшы перад сабой патранташ з пістолямі, пачаў іх набіваць. Ясінскі прысеў побач. Нейкі час мужчыны маўчалі.
— Я быў яшчэ дзіцем, калі пачалося паўстанне, — парушыў цішыню Казімір. — Мой бацька — Баляслаў — загінуў у адной з першых бітваў паўстання. Тады я застаўся адзін. Маці мая памерла, калі мне было тры гады. Бацькавы сябры клапаціліся пра мяне гэтак жа, як і пра ўласных дзяцей, але і яны пасля паразы вымушаныя былі мяне пакінуць. Мяне і некаторых іншых сірот прыняў у сваім замку ваш дзядзька. Ён вельмі добры чалавек. Ён даў нам адукацыю і выхаваў у любові да Радзімы, — у вачах Ясінскага застылі слёзы. — Ерамей быў мне як брат, мы ўсе тут былі братамі. Мне вельмі цяжка ад таго, што мне давялося сёння зрабіць. — Некалькі імгненняў Казімір маўчаў. — Вішнева. Мой бацька загінуў пад Вішневам, — працягнуў ён.
Міхал мімаволі страпянуўся. Менавіта ён кіраваў тым аддзелам паўстанцаў, які трапіў пад нечаканы ўдар імперскіх казакоў у полі пад Вішневам. Тады палегла шмат адданых сыноў Бацькаўшчыны. Сярод памерлых мог апынуцца і сам Агінскі: кулі двойчы прашылі ягоны капялюш, але граф ацалеў.
— Я ведаю, вы былі там, — сказаў Ясінскі. — Некаторыя вінавацілі вас у той паразе, і хацелі, каб я таксама ўсклаў віну за ўсе мае страты на вас. Але я не стаў гэтага рабіць. І не толькі таму, што ваш дзядзька быў ласкавы да мяне. Проста я чуў пра вас шмат станоўчага. Я бачыў і бачу, што ўсё гэта праўда. Вы мужны і самаадданы чалавек. І ваш сённяшні ўчынак — доказ гэтаму. Я хачу пажадаць вам удачы ад усяго сэрца.
— Дзякуй, Казік, — Міхал расчуліўся. — Сонца падымаецца. Пойдзем рыхтаваць Бакаса.
Мужчыны выйшлі ў двор. За ўсходняй сцяной замка пачынала чырванець неба. Надыходзіў новы дзень. Міхал з Казімірам пайшлі ў стайню і пабудзілі Бакаса. Ясінскі дапамог Агінскаму забрацца на каня і праводзіў вершніка да замкавай брамы. З муроў іх прывіталі вартавыя.
— Ці ёсць пад замкам французы? — запытаўся ў хлапцоў Міхал.
— Няма, — адгукнуўся нехта з вышыні. — Але ў полі іх шмат.
— Прарвуся, — сказаў Агінскі хутчэй самому сабе, чым вартавому.
Казімір адчыніў цяжкую створку і адпусціў аброць. Міхал выехаў з замка. За спінай рыпнулі завесы, пакінуўшы Агінскага сам-насам з перадсвітальнаю цішынёй. Граф пастаяў імгненне, узіраючыся ў наваколле. Дарога перад ім была пустая, але ў смузе, што сцялілася над палямі, віднеліся змазаныя сілуэты хадзячых мерцвякоў. Міхал, узяўшы ў правую руку пістолю, пусціў каня наперад. Хлопцы на браме выставілі свае стрэльбы і суправаджалі рулямі перамяшчэнне Агінскага аж да вялейскага гасцінца, гатовыя кожную хвілю адкрыць агонь па мерцвяках, якія б падабраліся занадта блізка да вершніка. Але французы мала рэагавалі на графа. Пасля ночы іхныя рухі былі соннымі, а перамяшчэнне — павольным. Міхал здагадаўся, што гэта мароз такім чынам уплывае на мёртвую плоць. Зразумеў ён і тое, што як толькі надыдзе дзённая цеплыня, да французаў вернецца іх неймаверная жвавасць. Міхал вырашыў паскорыць каня.