— Калі мерцвякоў так цягне да нашага замка, мы падарвем яго! — Агінскі грукнуў кулаком аб стальніцу.
— Як? — здзіўлена прамовіў дзядзька.
— У замку ёсць цэлы воз пораху, вашыя запасы на выпадак паўстання яшчэ не апусцелі — гэтага досыць, каб разнесці тут усё дашчэнту.
— І што далей, — стары граф выглядаў раззлаваным. Ён зіркнуў на Міхала і паказаў яму вачыма на капітана рускай арміі. Агінскі адмахнуўся і працягваў: — Мы пачакаем, пакуль мерцвякі збяруцца ля муроў і… — граф задумаўся. — Дзядзька, а той падземны ход, байкі пра які я чуў з дзяцінства, ён жа напраўду існуе? — запытаўся Міхал праз імгненне.
— Так, — адказаў дзядзька, — тунэль пачынаецца ў схованцы, там, дзе зброя, і вядзе да ўзлеску. Але ж ім даўно ніхто не карыстаўся.
— Нічога, мы праверым яго.
— Я так разумею, Міхале, ты хочаш, каб мы схаваліся ў падземным ходзе і падарвалі муры?
— Так! — адрэзаў Агінскі. — Каля замка цяпер знаходзіцца большая частка пачвар. Калі знішчыць іх выбухам, то з рэштай можна справіцца звычайнай зброяй.
У пакоі ўсталявалася насцярожанае маўчанне.
— Я падтрымліваю ідэю графа, — Халматаў падняўся з месца. — Ад моцнага выбуху каменне з муроў будзе біць не горш за гарматныя ядры.
— Міхал мае рацыю, — таксама падняўся Ясінскі. Следам за ім пачуліся іншыя галасы ў падтрымку Міхалавай прапановы.
— Добра, няхай будзе так, — гучна прамовіў стары граф.
— Тады не будзем марудзіць, — Міхал выйшаў з-за стала.
Мужчыны пакінулі палац і накіраваліся да стайні. Тут у куце, побач з возам, было складзена шмат зброі з рыштункам, якую вынеслі са схованкі па загадзе дзядзькі. Памяшканне ператварылася ў невялікі арсенал. Дзядзька запаліў свяцільню і прайшоў скрозь шэрагі стрэльбаў да спуску ў падзямелле. Хлопцы рушылі за ім следам. Унізе ля далёкай сцяны стары граф адхінуў непрыкметную завесу і асвятліў ліхтаром невялікія драўляныя дзверы.
— Вось ён, ход, — прамовіў дзядзька і адчыніў створку. Памяшканне напоўнілася сырым пахам затхласці.
Казімір наблізіўся да цёмнага праходу і зазірнуў унутр.
— Я праверу, як далёка ім можна прайсці, — Ясінскі запаліў сваю свяцільню ад дзядзькавай і ступіў у цемру.
— Добра, — сказаў Міхал і паглядзеў у кут, дзе стаяла гармата. — Хлопцы, я думаю, гэтая штука нам яшчэ спатрэбіцца, ці не закаціць яе ў ход?
Мужчыны ўзяліся за працу. Неўзабаве амаль усе бачуркі з чорным парашком былі складзеныя ля стойлаў. Гармата і дзве вайсковыя торбы з порахам для яе засталіся ў падзямеллі. З французскай фурманкі знялі палатняны верх і выкацілі на сярэдзіну стайні. Воз быў напоўнены такімі ж бачуркамі. Капітан прысвіснуў, пабачыўшы колькасць выбухоўкі. Ён падняў драўлянае вечка адной з бондаў, узяў пальцамі дробку пораху і паклаў на язык: — Добрая сумесь, — Халматаў нядобра ўсміхнуўся. — Выбухоўкі тут хапіла б нават усё Маладэчна падарваць.
Агінскі загадаў раздзяліць запасы на чатыры роўныя часткі і паступова пераносіць іх да муроў замка. Неўзабаве з падземнага ходу вярнуўся Ясінскі. Казікаў шынэль пакрыўся плямамі бруду, а ў валасы набілася павуцінне.
— Прайсці можна, — расказаў ён Міхалу. — Ёсць, праўда, некалькі вузкіх месцаў, але нічога страшнага. Я нават выбраўся вонкі ля лесу. Пачвараў там няма.
— Добра. Скажы жанчынам, каб збіралі рэчы, — загадаў граф. — А я займуся зброяй. Трэба пакінуць яшчэ колькі тузінаў стрэльбаў з набоямі ў тунэлі. Каб было чым дабіваць мерцвякоў.
Міхал накіраваўся да спуску ў схованку, стаў на лесвіцы і азірнуўся: — Думаю, да раніцы мы павінны ўсё паспець, — у гэты момант на дварэ грымнуў стрэл. Сігнал вартавога, што мерцвякі пайшлі на штурм.
Міхал выбег са стайні і падняўся на браму. Спачатку яму падалося, што пад мурамі разлілося бурлівае сіне-зялёнае мора. Вакол замка сабраліся ўсе ўдзельнікі ранішняй бітвы. Яны моўчкі таўкліся каля самых муроў. Перыядычна ў шэрагах мёртвых нараджалася агульнае рушанне і хваля целаў імкліва кідалася на каменны мур. Удары былі моцныя, пачвары не шкадавалі сваёй плоці. Муры пакуль стрымлівалі націск, але Міхал заўважыў, што на зямлі пасля аднаго з такіх удараў паболела камення, якое павыпадала з муроўкі. Графа напалохала такое ўзаемадзеянне пачвараў. Выяўлялася, што мерцвякі былі не такімі бязглуздымі, як можна было пра іх падумаць. Гэтая акалічнасць ускладняла задачу іх знішчэння. Трэба было спяшацца.
Міхал азірнуўся. Мужчыны ў двары, што пераносілі порах, пакідалі бачуркі і пахапалі стрэльбы. Два чалавекі ўзняліся на вежу і прыцэліліся скрозь байніцы ў натоўп нябожчыкаў.
— Хлопцы, не варта страляць! Гэтым іх надоўга не спыніш, — пракрычаў Міхал. — Трэба як мага хутчэй падарваць замак.
Пакуль Агінскі спускаўся з брамы, хваля мерцвякоў з новай сілай накаціла на паўднёвы мур замка. Удар быў настолькі моцны, што яго адчулі і ў палацы. З гасцёўні, дзе збіраліся рэчы для ўцёкаў, выбеглі некалькі жанчын. Дзядзька, які выйшаў на двор са стайні, спытаў у Міхала, што адбылося.
— Мерцвякі б’юць. Дзядзька, адводзь, каго можна, у тунэль, — хутка прамовіў Міхал. — Зараз будзем падрываць!
Граф прыхапіў вялікую бонду пораху і панёс яе да заходняга мура. Тут, каля купкі бачурак, стаяў Халматаў і прымацоўваў да іх кнот. Ён ужо паспеў звязаць між сабою выбухоўку каля паўночнага і ўсходняга муроў. Капітан трымаў у руцэ кавалак запальнага шнура і нешта падлічваў напаўголаса.
— Да стайні не дацягне, — ціха сам да сябе прамовіў Халматаў.