— Дзядзька, ты?! — Міхал не верыў сваім вушам.
— Так, Міхале, не чакаў я цябе больш пабачыць, — створка злёгку прыадчынілася, але цела французскага жаўнера перашкаджала ёй адчыніцца шырэй. — Дапамажы.
Міхал адштурхнуў нябожчыка і расчыніў браму. У прахоне стаяў стары граф са стрэльбай у руках. Пляменнік кінуўся ў абдымкі да дзядзькі.
— Ты жывы, — граф выглядаў стомленым, памятым і яшчэ больш старым, чым у дзень прыезду Агінскага. — Як толькі ты ўчора паехаў, пачалася гэтая навала. Я ўжо думаў, што і цябе зачапіла і што не пабачымся мы больш. А сёння, калі пачуў грукат стрэлаў, зразумеў, што гэта ты вярнуўся да нас з дапамогай, — у вачах старога з’явіліся слёзы.
— Гэта была бойня. Мерцвякі пажэрлі ўсіх маіх людзей, — даляцеў ззаду зломлены голас Халматава.
— Вы іх не знішчылі? — рукі дзядзькі апусціліся долу.
— Не. Выжылі толькі я і капітан Халматаў, — Міхал правёў афіцэрскага каня скрозь браму і свістам падазваў Бакаса. — Капітан Халматаў — камандзір красненскага гарнізона.
— Былы камандзір, былога гарнізона, — ціха выправіў Халматаў.
— Вітаю, капітан, — стары граф кіўнуў галавой.
— Трэба зачыняць, мерцвякі могуць вярнуцца кожную хвіліну, — Агінскі развярнуўся і пацягнуў за створку, дзядзька прыхінуў стрэльбу да сцяны і ўзяўся за засаўку.
— Як там нашы? — спытаў Міхал.
— Я адпусціў хлапцоў адпачыць пасля начной варты. Мы трымаліся да самага світанку, калі французы зменшылі ціск. А потым і вашыя аддцягнулі іхную ўвагу, — стары граф паглядзеў у бок Халматава. Капітан усё яшчэ знаходзіўся ў сядле і моўчкі глядзеў сабе пад ногі. — З ім усё добра? — ціха спытаўся дзядзька.
— Так, наколькі гэта ўвогуле магчыма, — адказаў Агінскі. Ён падышоў да афіцэрскага каня і працягнуў руку, каб дапамагчы капітану спусціцца на зямлю. — Хадземце ў палац, вам трэба адпачыць, — Халматаў моўчкі падпарадкаваўся. Дзядзька, пляменнік і афіцэр рушылі да камяніцы.
На вуліцы паступова развіднелася. Сонечныя прамяні прабілі шчыльную завесу аблокаў і асвяцілі старыя муры і поле вакол замка. Туман споўз у нізіны і яры, дзе канчаткова рашчыніўся ў паветры. Падсілкаваўшыся на замкавай кухні, Міхал выказаў жаданне заняць месца вартаўніка на браме, каб назіраць за дзеяннямі мерцвякоў. Пануры капітан вызваўся ісці разам з ім. Дзядзька пагадзіўся і прапанаваў мужчынам узяць зброю.
Агінскі з Халматавым падняліся на надбрамную пляцоўку. Туман цалкам сышоў, і перад вачыма вартавых адкрыўся від на жахлівыя наступствы няўдалай выправы: вялікі натоўп мерцвякоў віраваў на месцы бойкі, працягваючы сваю жудасную трапезу. Пабачыўшы гэта, Халматаў узняў стрэльбу і хацеў ужо націснуць на дужку, але Агінскі спыніў яго.
— Не варта, — прагаварыў граф, — усё роўна да іх не дастрэліш, дый лішняя ўвага нам не трэба.
Прамаўляючы апошнія словы, Міхал зразумеў, што і без стрэлаў замак прыцягвае да сябе мерцвякоў. Наетыя, акрываўленыя фігуры павольна крочылі па полі да каменных муроў. Пэўне, нейкімі рэшткамі памяці, што захавалася ў мерцвякоў ад людзей, памерлыя памяталі, што ў гэтым месцы іх чакае свежая ежа, да якой, праўда, яшчэ трэба дабрацца. Агінскі заўважыў: з тых, хто наблізіўся да замка, некаторыя нябожчыкі былі апранутыя ў цёмна-зялёныя мундзіры рускіх войскаў. Халматаў таксама пабачыў гэта. Спачатку ён узрушыўся і нават узняў правую руку, каб прывітаць сваіх жаўнераў, але потым да яго пачало даходзіць, што з імі здарылася.
— Мае хлопцы ператварыліся ў гэтую поскудзь, — капітан сплюнуў і гучна вылаяўся.
Так, усе, хто загінуў ад укусаў мерцвякоў, самі сталі пачварамі. Міхал прыкінуў, што колькасць рускіх, якія загінулі сёння на полі, значна перавышае колькасць знішчаных імі ў кароткай сутычцы мерцвякоў. І гэта значыць, што мярцвячая навала павялічыла сваю сілу. У момант, калі да графа гэта дайшло, ягоныя далоні мімаволі сцяліся ў кулакі. У раз’юшаным розуме канчаткова выспела жорсткае рашэнне.
— Я знішчу іх усіх, — прашаптаў Агінскі.
— Што? Вы нешта сказалі, граф? — перапытаў Халматаў.
— Не, — адказаў Міхал. Ён рэзка ўзняў стрэльбу, хутка прыцэліўся і разнёс галаву найбліжэйшаму ад брамы нябожчыку ў сінім мундзіры.
***
На вячэру ў гасцёўні сабралася большая частка мужчын замка. Вартаваць на браме застаўся самы малады хлопец. Яму загадалі страляць толькі тады, калі мерцвякі пачнуць штурм. Балазе, пачвары пакуль не праяўлялі актыўнасці і проста блукалі сытыя вакол муроў. Праўда, перыядычна сярод нябожчыкаў-жаўнераў знаходзіліся і такія, хто шалёна кідаўся на камяні ў надзеі праламіць сваім целам праход. Але іх было няшмат.
У пакоі стаяў гоман. Размова ішла пра аблогу.
— Мы можам трываць доўга, прыпасаў і пораху ў нас досыць, — казаў дзядзька. — Адзінае пытанне, ці вытрымаюць доўгі націск сцены.
— Урэшце, можна дачакацца, пакуль не прыйдзе дапамога, — уставіў сваё слова кашталян. Халматаў паглядзеў на яго так, нібыта хацеў нешта сказаць, але прамаўчаў.
— Невядома, ці ўправіцца тая дапамога з мерцвякамі, — стары граф агучыў думкі капітана.
Міхал з задуменным выглядам пазіраў на суразмоўцаў. Ён доўга абдумваў адно пытанне і нарэшце ў галаве акрэслілася пэўнае рашэнне. Агінскі імкліва падняўся і прамовіў: — Я не хачу сядзець і дрыжэць тут, за сценамі ў надзеі, што нехта прыйдзе і вызваліць нас. Я не хачу пакідаць нашую зямлю на спажыву гэтым пачварам, — Агінскі махнуў рукой. — Гэтая навала можа пашырыцца і далей, калі мы не спынім яе тут. Вы самі бачылі, як у шэрагі пачвараў уліліся знішчаныя зранку рускія стралкі. Не. Усіх мерцвякоў трэба знішчыць тут і цяпер. І я ведаю як.
Постаць графа прыцягнула ўвагу ўсіх прысутных у зале.