Вядома, ніякіх рамантычных пачуццяў Мацейка ні ў каго з дзяўчатаў не выклікаў. Наадварот - нават побач з ім затрымацца грэбавалі. Сесці за адну парту з Саломай - мянушка ад ягонага прозвішча Саламярэцкі... Нізавошта! Задражняць. Таму нясмелыя спробы Саломы заляцацца да мяне (“Хочаш ц-цукерку? П-пайшлі ў к-кіно?”) былі сустрэтыя, як заляцелыя ў хату мухі: хуценька прыбіць, каб не дзумкалі.
Але флейтыст не здаўся. Замест таго, каб да канца вучобы шыцца па кутах і пазбягаць увагі якога-небудзь Валодзькі з паламаным носам і пудовымі кулакамі, пазапісваўся ў спартовыя секцыі. І ўжо ў восьмым класе канчаткова развітаўся з пухлявасцю, флейтай і кончыкам мезенца на левай руцэ. Мезенец яму падкараціла ў бойцы заточаная жалезная палоска, здабытая нейкім Вовам ці Мішам у добрых зэкаў. Заіканне засталося толькі калі моцна хваляваўся. Але нават калі я нечакана сустрэла Мацея ў Акадэміі мастацтваў - ён паступіў на кампутарны дызайн, я вучылася на камунікатыўным, усё роўна бачыла ў ім таго ж поўненькага хлопчыка з наіўнымі вачыма, з якім няёмка падтрымліваць знаёмства, бо засмяюць.
Былы флейтыст доўга ў акадэміі не пратрымаўся. Мусіць, курса з другога перайшоў на айцішныя тэхналогіі ў другі інстытут. Хаця маляваў цікава. Графічка такая сюрэалістычная чорнай тушшу, цмокі, эльфы - хоць зараз у раздзел арту на маім сайце.
Некалькі год я анічога пра заікастага Саламярэцкага не чула. Ажно да абароны дыплома - яна ў нас была ў музеі сучаснага мастацтва. І калі я ціха ікала ад хвалявання - дыплом мой быў на тэму “Промапрадукцыя Мінскага трактарнага завода”, я абыграла вобраз трактара-супермэна і баялася, што выкладчыкі не ацэняць сцёбу... Адгадайце, хто падаў мне каву-латэ, прынесеную з суседняй кавярні?
У адрозненне ад мяне, Мацей хутка зрабіўся знакамітасцю ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы... Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі... Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.
Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета - з’яўленне прывіду ягонага бацькі.
- Д-дык т-ты збіраешся яго шукаць? Т-таго каламутнага Корвуса?
Ажно сківіцы сціскае і заікаецца... І не падумаў запэўніваць - “Падалося табе, Ірынка, папі валяр’янкі”. Адчуў, што Адысей падплывае да Ітакі і трэба вызваляць нагрэтае месца на ложку Пенелопы дзеля законнага сужэнца.
- Паслухай, Салома, я табе нічога не абяцала, - я адсунула талерку з недаедзенай рыбай. - Мы ж дамаўляліся... Не будзем ускладняць.
Мацей глыбока ўздыхнуў, бы апошнім паветрам, і з сілай правёў абедзвюма далонямі па твары, нібыта спадзяваўся сцерці рысы, якія не выклікалі ў мяне палкага пачуцця, і набыць іншае, больш прывабнае ў маіх вачах аблічча.
- П-прабач, забыўся пра нашу... канвенцыю. Мір, дружба, сэкс. І ўсё ч-часова, як нумар у гатэлі.
На імгненне зрабілася сорамна ад горычы, што гучала ў ягоным голасе. Але ў наступнае імгненне я раззлавалася. Дакараць, што цябе не кахаюць
- усё роўна што сцябаць вецер. Хопіць, што мне маці мазгі вынесла, калі ж мілы Мацейка са мной ажэніцца, нібыта ўсё залежала ад яго жадання. Але Салома, відаць, і сам зразумеў недарэчнасць прэтэнзій і іранічна ўсміхнуўся - найлепшы сродак хаваць крыўду.
- Ну што, Холмс, паехалі лавіць сабаку Баскервіляў ля Грымпенскай... пардон, Мар’інагорскай, дрыгвы? Цябе пакінь - зноў наламаеш трыснягу.
Гэта ён намякаў на маю першую спробу забыцца на Корвуса - раман з адным байкерам. Раман скончыўся тым, што я ўцякла ад з выгляду брутальнага (гара цягліцаў, татухі, касухі), а на справе страшэнна зануднага меланхалічнага каханка на ягоным жа байку. Які праз дзесяць хвіль уцёкаў па няўменні загнала ў балота, зарослае сухім трыснягом. Патлумачыць тое, што байкер мяне не прыбіў, калі дабег да таго балота, магу толькі ягоным захапленнем будызмам і філасофскім раманам Роберта Пірсінга “Дзэн і мастацтва догляду за матацыклам”.
- Мушу канстатаваць, Ірына Максімаўна, што ў нашых адносінах прасочваецца глабальная дысгармонія, - толькі і змог прасіпець небарака, шалёнымі вачыма ўтаропіўшыся на жалезнага дрыкганта, які адчайна задзіраў руль угару з твані.
Байкер нават моўчкі давёз мяне, зарумзаную, у панцыры з падсохлай гразі, да горада на выратаваным з дрыгвы байку.
Харошы быў чалавек у прынцыпе. Толькі надта павучаць любіў ды аналізаваць чужую карму.
Тады я змагла сабе прызнацца. Мне патрэбны толькі Корвус. Крумкач, чорны птах смерці.
Добра, што заўтра субота, і можна не адкладаць росшукі. Тут жа патэлефанавала цётачцы Віталя - шчасце, што стары нататнік з нумарамі не згубіўся, дамовілася на візіт. Цётачка гаварыла праз зубы, але прыехаць заахвоціла. Маўляў, даўно трэба было спраўдзіць волю зніклага. Салома ўгаворваў пачакаць, пакуль машыну з рамонту забярэ, але я толькі паціснула плячыма: не хочаш - не едзь, мне і грамадскі транспарт падыдзе. І ўвогуле, гэтай ноччу хачу адна пабыць.
Калі Мацей пасунуўся дахаты, я залезла на свой сайт. Ага, падазроны аўтар у сеціве. Я папрасіла Ублюдка ўдакладніць біяграфічныя звесткі. Запоўніць урэшце анкету, а то не выстаўлю ягоны тэкст.
Вядома, нараніцу менавіта Салома пабудзіў мяне, каб выправіцца, як запланавалі. З’явіўся хвіля ў хвілечку, бы піянер на ранішнюю лінейку. Праўда, не ў чырвоным гальштуку і шортах, а ў байцы з чорным капюшонам, падобным да манаскага клабука. Змрочны, нявыспаны, нібыта схуднелы за адну ноч. Ледзь плячом усе малюнкі ў вітальні са сцяны не змахнуў, хоць раней такой няўклюднасці за ім не заўважалася. У мяне ж усе сцены завешаныя акварэлькамі, керамічнымі пано, батыкамі, фотаздымкамі - іншага багацця ў хрушчоўцы няма. Затое атмасферненька. А што? Кажуць, Ігар Севяранін завешваў сцены сваёй жабрацкай кватэры букецікамі і паштоўкамі, атрыманымі калісь ад прыхільніц. Уявіце сабе... Рэвалюцыя. Усім начхаць на ягоныя “ананасы ў шампанскім” і славу выкшталцонага дэндзі. І сам ён - пастарэлы, у пацёртым аксамітным пінжаку і ні разу не арыстакрат. Букецікі пажоўклі, асыпаюцца, але дапамагаюць захаваць Пачуццё Уласнай Значнасці. Вось і я - гляджу на псіхадэлічныя малюначкі, што натхнёна малявала па начах у студэнцкім юнацтве, і забываюся на кабінет над станцыяй метро і транспартную газетку з чыноўніцкімі пысамі. І здаецца, усё яшчэ будзе. Персанальныя выставы, вялікія карціны, гучныя перформансы. Белы Трактарыст прыедзе і забярэ мяне з саркафагу...
А ў галаве круцілася пытанне, якое Мацей умудрыўся задаць, як нож загнаць: “А ты ўпэўнена, што Віталь хоча, каб ты яго знайшла?”
Сюжэтаў, як закаханая дзяўчына ідзе па слядах свайго зніклага прынца, хапае. Старажытныя немцы верылі, што віхура - няшчасная жонка, якая шукае мужа, нават і цяпер называюць тую з’яву Windsbraut, «нявеста ветру». Пяшчотная прыгажуня Псіхея, каб вярнуць свайго Амура, аж у царства мёртвых датупала па ваду са Стыкса. Наша Вужыная Каралева, дарэчы, таксама мужа страціла і жаласна клікала яго з дрыгвы. О, а вось згадаўся эксклюзіў! Сука Фініст Ясны Сокал з расейскай казкі. Калі ад жонкі сыходзіў, заявіў: бывай, маўляў, красунька, калі надумаеш шукаць мяне за трыдзевяць земляў, стопчаш тры пары жалезных чаравікаў, тры жалезныя кавенькі зломіш, тры прасвіры каменныя згрызеш, тады і знойдзеш мяне, добрага малойца. Красунька, вядома, стоптвае, згрызае і знаходзіць... Потым, у палацы сукі Фініста, лечыць раматус і харчуецца кашкамі. Суставы застуджаныя, зубоў няма...
Каму сокал, каму крумкач.
Кажуць, каб даведацца, па якім сцэнарыі жывеш, трэба ўспомніць улюбёную казку з дзяцінства. Але ж у мяне гэта дакладна не той навалачны Фініст. А - не можа быць! - “Снежная каралева”. Герда ў пошуках Кая. Збяры слова “вечнасць” з падручных матэрыялаў і прамяняй палову свету на канькі.
У электрычцы на Асіповічы я купіла ў дзядзечкі-карабейніка сінюю накідку ад дажджу. І каб Салому пазлаваць, які прыхапіў для мяне, бездапаможнай, парасон з чорнымі катамі на гарчычным фоне. І шкада зрабілася дзядзечку, які відавочна зусім нядаўна, мусіць, пасля вылету на пенсію, паспрабаваў гандлярскай долі. Рэкламаваць тавар свой толкам не навучыўся, ажно голас зрываўся і ад сораму, і ад страху, што ні капейкі не заробіць.
І як адчувала... Толькі выйшлі ў той Мар’інай Горцы, дождж абрынуўся, нібы спазняўся на спатканне з зямнымі нетрамі. Так што мне ў сінім шаргатлівым “доміку” было куды выгодней, чым Мацею хай бы і з двума парасонамі. Корвусава цётка-пашпартыстка, сур’ёзная кабета з па-мужчынску буйнымі рысамі твару ў карэ фарбаваных пад каштан валасоў, злосна зыркнула на наш мокры абутак, які пакінуў абуральныя сляды на ламінаце пад мораны дуб у вітальні ейнай кватэры, хоць мы адразу разуліся да шкарпэтак (пантофляў нам не прапанавалі). Алена Рыгораўна - ёй бы іграць улюбёную дачку злой мачыхі беднай сіроткі, тую, дзеля якой у сіроткі адбіраюць усё, ад напрадзеных нітак да багатага жаніха, буркатнула: “Праходзьце”. Тоўсты кацяра на канапе скрывіў пляскатую пысу і адвярнуўся. У серванце бялеў падораны нам з Корвусам на вяселле сервіз, з кучаравымі пастушкамі і кветкавымі гірляндамі. Пахла таннай пудрай і карвалолам. Фотаздымка зніклага пляменніка не відаць нідзе.
Алена Рыгораўна так і не спытала, што за фацэт прыйшоў з жонкай пляменніка, нават не кінула на Мацея ніводнага цікаўнага позірку. Раздражнёна дастала з шуфляды пакет, загорнуты ў цэлафан:
- Зрабіла ласку завітаць, дык бяры. Віталь перад ад’ездам свае рэчы спакаваў, каб у Мінск перавезці, так і стаялі валізы ў кладоўцы. Перад новым годам вырашыла перабраць, падалося, што моль там развялася. А ў валізе зверху вось гэта... Табе адрасавана. Вырашыла, варта перадаць, хоць табе, даражэнькая, відаць, усё роўна.