Але памерці ім не далі. Той жа Корвус. Які напляваў на інструкцыі, што мусіць да апошняга, цаной любых ахвяраў падтрымліваць легенду, заставацца перакладнікам пры фашыстоўскім штабе. Прайсці любыя выпрабаванні - кшталту таго, што яму ўчынілі, узяўшы на карную аперацыю.
Ноч... Здрадлівае святло поўні... Мёртвыя ахоўнікі на снезе... Магістр мые, мые, выцірае снегам акрываўленыя рукі, а рукі трасуцца - чыстаплюй... Вяроўкі перарэзаныя, у руках зброя...
Жэньку Корвус амаль усю дарогу да лагера нёс на руках. На хаду расціраў, захутваў, нечым паіў з маленькіх бутэлечак... Цуд, але рукі-ногі не адмарозіла, толькі два пальцы на левай назе давялося потым адняць. Затое пнеўманія надарылася. Люцыян лячыў, стараўся, але поглядам сустракацца з вучаніцай пазбягаў.
Яны ўсе, і Жэнька таксама, разумелі, ён не мог паводзіць сябе іначай. Каб выявіў спачуванне да палонных, не меў бы магчымасці ім пасля дапамагчы. Але зараз Рыгор успамінаў менавіта той момант, які засеў у галаве. Здраднік Корвус ставіць на калені ў снег іх сяброўку...
Рэм дайшоў да канца калідора, калі пачуўся глухі ўскрык і грукат. Ці не ў кабінеце Самуся? Заазіраўся, мо вярнуцца, але службовец, які ішоў следам, строга кінуў:
- Ідзіце, ідзіце, таварыш старшына. Тут нельга затрымлівацца. Чакаць можна толькі ўнізе. Спатрэбіцеся - выклічуць.
І Рэм цярпліва чакаў на першым паверсе, ля бюро прапускоў. Пакуль не прыбегла Малгося. З такім тварам, быццам зноў пачалася вайна.
- Рыгор мне ў шпіталь патэлефанаваў. Здаецца, бяда...
Яны доўга стукаліся, пакуль Самусь не адчыніў дзверы. А Бож-жа... Увесь у крыві, каўнер гімнасцёркі расшпілены... Далоньмі выцірае твар, размазваючы чырвоныя пісягі...
А Малгося кінулася на калені ля стала... Люцыян Станіслававіч Корвус, які гадзіну таму прыйшоў сюды ў дыяганалевым касцюмчыку пры гальштуку, у белай кашулі, з акуратным партфельчыкам, з засяроджана-важнай інтэлігенцкай фізіяноміяй, і чалавек, які ляжаў у лужыне крыві на падлозе кабінета начальніка аддзела барацьбы з сабатажам, былі падобныя, як кошык яблыкаў і звараны з іх кампот.
- Я ж казала... Табе трэба пралячыцца... - у адчаі мармытала Малгося, аглядаючы непрытомнага Магістра, але звяртаючыся да гаспадара кабінета. Ды яшчэ страшней было глядзець на гэтага гаспадара. Той стаяў, шырока расставіўшы ногі, сціснуў кулакі, напружыўся, ажно жылы набухлі на шыі, нібыта ў смяротнай сутычцы з нябачным дужым супернікам. Прасіпеў:
- Неадкладна забірайце Корвуса... А то зноў у мяне пачнецца. Не стрымаюся. Заб’ю... Аформяць арышт заднім чыслом, і ўсё... На яго ж справы заведзеныя - вагон можна паперамі загрузіць.
Матлянуў галавою, зарычэў. Рэму здавалася, ён бачыць, як штосьці цёмнае, бязлітаснае б’ецца знутры ў грудную клетку маёра. Яны дзецьмі назіралі, як з яшчэ жывога вусеня вылупляюцца маленькія лічынкі асы-наезніка, прагрызаюць знутры млявую зялёную плоць... Ненатуральнае, агіднае да ванітаў відовішча - як цяпер...
- Забірайце Магістра! - зноў рыкнуў Рыгор. - Вось прапускі... Паперка з паўнамоцтвамі... Можаце машыну ўзяць... Галоўнае, не гаварыце мне, дзе яго схаваеце! Бо пасля... - голас Самуся знізіўся да шэпту. - Пасля я буду яго шукаць, каб арыштаваць і дабіць. Гада... Падлюку...
Апошнія словы гаварыў ужо не Рыгор, а той звер, які ў ім узгадаваўся. І Рэм, ужо не саромеючыся свайго страху перад найлепшым сябрам, схапіў Магістра пад пахі...
Вось так яны і апынуліся ў гэтым грузавіку. Які відавочна зведаў франтавыя дарогі, вунь на дошках сляды асколкаў. Цямнее. Туман згушчаецца, дробныя кроплі вісяць у паветры, ліпнуць на твар вільготным павуціннем. Сосны змяніліся чорнымі ў прыцемку елкамі. Быццам сцяна крэпасці, з-за якой паказваюцца шаломы, дзіды, мячы абаронцаў.
Куды яны едуць? Малгося не сказала.
Святло фар яшчэ больш насыціла чарнатой цені. Здавалася, дрэвы з абодвух бакоў дарогі прысоўваюцца бліжэй, каб раздушыць іншародную металічную істоту, якая парушае цішу і раніць цемру. Ды лес Рэма даўно не палохаў - некалькі год знаходзілі ў ім ратунак. І нярэдка малілі ўсёй душой, чуючы далёкі брэх сабак, стрэлы, чужыя галасы, каб сталася яшчэ цямней, яшчэ гусцей было кустоўе ды вецце, яшчэ далей апынуцца ў нетрах...
Між тым грузавік збочыў, марудна, перавальваючыся ў калюжынах, на вузкую дарогу. Цяпер голле ледзь не біла па твары, Малгося перастала гнаць машыну. Падалося ці не - наперадзе засвяціўся слабы агеньчык. Цвічок прыўзняўся, угледзеўся: сапраўды, набліжаюцца да нейкага будынка. Дрэвы расступіліся. Забраны ў жалезныя краты ліхтар - паўжывая зняволеная жарынка - паказваў жалезныя вароты, высокі пабелены плот, паўзверх - некалькі радоў калючага дроту.
І шыльда: “Інфекцыйная спецбальніца. Уваход строга забаронены”.
Малгося выскачыла з кабіны, загрукала кулаком у жалезныя дзверы... Яе каротка стрыжаныя русявыя валасы зліпліся ў неахайныя пасмы. У жалезным палотнішчы ўтварыўся чорны прагал - з агідным рыпам адчынілася акенца. Малгося ціха перамовілася з нябачным ахоўнікам, падала дакументы...
Вароты раз’ехаліся па сталёвых пазах. Іх ахоўвалі двое ўзброеных салдат, але, што палохала больш за зброю - у белых марлевых павязках на тварах. Што за праклятае месца?
Наколькі можна было разгледзець у святле рэдкіх ліхтароў, за варотамі цэлае паселішча. Аднапавярховыя будынкі. Некаторыя - са светлай сучаснай цэглы, а былі цёмныя, з вялікімі аркамі-ўваходамі, магчыма, былыя панскія стайні. Малгося спыніла машыну перад адзіным двухпавярховым будынкам - нецікавы светлы простакутнік з закратаванымі вокнамі, два вакны на першым паверсе свяціліся мёртвым цьмяным святлом. У тым доме яна прабыла хвілін пяць. Вярнулася не адна. Двое ў белых халатах, з насілкамі, прычым адзін кульгавы, другі гарбаты - як у нейкай прыпеўцы. І жанчына, танклявая, з укладзенай на галаве цяжкой касой, з ганарыстай паставай і ўладнымі рухамі:
- Бярыце хворага і ў аперацыйную.
Рэм саскочыў з грузавіка на вільготную зямлю, якая незадаволена чмякнула пад ягонымі ботамі.
- Жэнька! Ты?
Жанчына ў белым халаце азірнулася, вусны трошкі-трошкі кранула былая шчырая ўсмешка:
- Прывітанне, Рэм! Давай усе пытанні пасля, а?
Калі Корвуса занеслі ў дом, Рэм агледзеўся вакол і, як ні дзіўна, нават памятаючы пра бетонную агароджу і калючы дрот, марлевыя павязкі і невядомыя страшныя хваробы, адчуў сябе незвычайна свабодным.
Раздзел трэці. ГНЯЗДО КРУМКАЧА