Я дачытала фанфік Grjaznogo ubludka і, не адрываючы вачэй ад манітора, паспрабавала адпіць з пустога кубка каву. Прычым не адразу зразумела, што ён пусты. Вось жа, супакоіла сябе пасля сузірання на станцыі метро ўваскрэслага мужа.
Тое, што чарговы дасланы мне як адміну тэкст апавядаў пра нейкага Корвуса, падавалася дурной містыкай. Нашэсце крумкачоў...
Я неслухмянай рукой паставіла на стол кубак з лагатыпам метрапалітэна, падобным да чырвонага нязграбнага птаха з квадратнымі крыламі. Шкада, што, выходзячы з сеціва, нельга ляснуць дзвярыма.
З чаго б гэты Ублюдак даслаў раптам не фанфік пра якогась Тора альбо джэдая Люка Скайуокера, а арыджынал, гэта значыць, цалкам самастойны твор? Чаму на гэты задрыпаны сайт, запаведнік няпужаных графаманаў, а не на якую Прозу.Ру? І што мне з тым аповедам рабіць, выстаўляць ці не на агульнае прачытанне? Я, вядома, не літаратурны крытык, але магу адрозніць опус пра палкае каханне Мэры Сью і Арагорна, усе гэтыя “Трепеща, как птичка на проводах высокого напряжения, я приблизилась к предмету своего вожделения”, ад сапраўднага мастацкага твора, а “Ордэн захавальнікаў” ім быў. А можа, Ублюдак сплагіяціў?
Вы спытаеце - чаму гэта я такая спакойная пасля з’яўлення нябожчыка і рэфлексую пра фанфікі...
Напэўна, мне належала загарлаць, тыцкаючы пальцам у манітор, кінуцца даганяць... Каго? Чалавек, якога я бачыла, мог быць Корвусам. А мог быць страшэнна да яго падобным. Кажуць жа, што ў кожнага з нас ёсць двайнік. Допельгангер. Гі дэ Мапасан аднойчы бачыў яго - вярнуўся дадому, а двайнік у фатэлі ля каміна сядзіць. Гётэ таксама допеля сустрэў, калі ехаў у карэце на Страсбург. Той стаяў на ўзбочыне, апрануты ў шэры сурдут з залатой вышыўкай, які ў стваральніка Фаўста з’явіцца праз восем гадоў. Імануіл Кант, Персі Бішы Шэлі, лорд Кавендзіш, Сяргей Ясенін... Ведаюць пасланцы Аіда, каму з’яўляцца. Часам мы бачым двайніка як цёмны сілуэт альбо празрыстую смугу...
Але ніякай містыкі я не адчула. Віталь быў цалкам рэальны. Нават куточак вуснаў прыўзняў, як заўсёды рабіў, калі ў галаву прыходзілі невясёлыя думкі - гэткая саркастычная паўусмешка...
Лагічнае апраўданне майго бяздзеяння - пабаялася, каб у дурку не забралі. Але нічога такога я не думала. Мазгі завіслі, як кампутар на пірацкім сайце. У мяне ў стрэсавых сітуацыях такая вось рэакцыя: замерці, і няхай усё само рассмокчацца, развеецца, выпарыцца.
Перажываць пачынаю пасля. Як боль вяртаецца ў сцерхлую руку, калі пачынаеш ёю варушыць.
Галоўная прычына маёй стрыманасці: раптам Віталь хаваецца? Выглядаў ён цалкам здаровым. Знешнасць змяніў да непазнавальнага: заміж доўгіх валасоў - пад нуль, бараду адгадавў, дый рудым раней не быў. Каб не характэрны жэст - паціраць пальцам лоб, не пазнала б. Калі раптам я папрашу сваіх мянтоў знайсці патрэбны кадр, прасачыць, дзе пасажыр сеў... Ці не падстаўлю Корвуса? Што б ні сачыніла тыпу “падобны да аднаго чувака, які мне пазыку не вярнуў”, прагоняць жа па базе дадзеных, запомняць, зацікавяцца... Гэта ж сістэма, Вялікі Брат, які глядзіць на ўсіх нас!
Мент Паша зноў уключыў “Любэ”, і я сыходзіла пад “Не валяй дурака, Америка”.
Ехаць давялося ў вагоне, абклееным шпалерамі з кніжнымі паліцамі - рэклама электроннай бібліятэкі. Якраз патрапіла ў “аддзел класікі”. Тамы на фоташпалерах здаваліся сапраўднымі, хацелася правесці пальцамі па карэньчыках з залатымі паскамі і адчуць іх выпукласць... Вось толькі ні на водным карэньчыку не было назвы. Кніжкі без імёнаў, са сцёртым мінулым. Быццам Корвус. Як можа апынуцца жывым чалавек, які сем год таму загінуў у аўтакатастрофе? Як мае аўтары гэта б вырашылі?
Галоўныя спецыялісты - тыя, што ажыўляюць прафесара Снэйпа з фандома паводле “Гары Потэра”. Іх галоўны аргумент - цела не знайшлі. Вісклівы Дамок, дзе супершпіён прыняў смерць ад жудаснай змяюкі Цёмнага Лорда, згарэў. Зусім як “Жыгуль” майго Віталя. Таму верагодна, што прафесар споўз. Інсцэнаваў сваю смерць, сціскаючы ў кішэні супрацьяддзе і кроваспыняльнае зелле, і падпаліў дэкарацыі. Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць... Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).
Але каб хацеў Корвус проста знікнуць - ён і так за мяжой быў... Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?
Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці. А насамрэч таксама інсцэнаваў сваю смерць і вярнуўся праз нейкі час у Лондан, каб давершыць справу выкрыцця злачыннай арганізацыі. Статус нябожчыка дазволіў лягчэй праводзіць расследванні.
Якая ж важная недавершаная справа ў Корвуса?
Я ледзь успомніла, што зараз трэба выходзіць, давялося людзей расштурхоўваць. Нават значок з заплечніка, самы прыкольны, з няшнай постаццю прафесара Снэйпа ў стылі анімэ, з надпісам “Не хвалюйся, я бессмяротны” адчапіўся і застаўся дзесьці за жалезнымі дзвярыма цягніка.
Я завярнула за шэра-мармуровую калону станцыі і сутыкнулася з маладой чарнявай кабетай у паношанай балоневай куртцы колеру капуснага ліста. Кабета, сагнуўшыся, старанна лічыла грошы. Ад майго штуршка адна паперка паляцела на падлогу. Маё “прабачце” непрыкметна растала ад палючай нянавісці чорных вачэй. А гэтую спадарыню я ж нядаўна бачыла ў вагоне - яна гнюсавым плачучым голасам старанна выгаворвала: “Выбачайце, што я адцягваю вашу ўвагу. Я не падманваю вас, дарагія людзі. Збіраю грошы на аперацыю дачцэ. Дапамажыце, хто чым можа, блаславі вас Гасподзь”. Плач у голасе гучаў занадта прафесійна. Акцэнт сведчыў, што спадарыня не мясцовая. І я, гэтак жа, як многія пасажыры, утаропілася ў шпалеры з кнігамі і праігнаравала пацёрты поліэтыленавы пакет з міласцінавымі купюрамі, які на пару імгненняў затрымаўся перада мной.
Кабета не дала сіняй паперцы ўпасці на бетонную падлогу, спрытна падхапіла, быццам птушка матыля.
- Што лупішся? - цяпер яе голас зусім не плакаў і не маліў. - Будзеш, красунька, з нябожчыкам цалавацца!
Мой погляд зачапіўся за танныя завушніцы ў выглядзе птушыных пёркаў з белага металу, што пагойдваліся ў вушах чарнявай жабрачкі. Я яшчэ раз мармытнула абсалютова непатрэбнае “Прабачце” і бегма пакінула станцыю. “Цалавацца з нябожчыкам”... Гэта праклён, прадказанне ці прапанова?
Я нацягнула на галаву капюшон талстоўкі - красавіцкі вецер насвістваў у вушы штось сімфанічнае. Мокры асфальт, белыя захляпаныя красоўкі з калісь жоўтымі шнуркамі... З чаго ж пачаць росшукі свайго нябожчыка?
Ясная справа, з мінулага. Раптам мар’інагорская цётачка штосьці ведае? Месяц таму сама мне патэлефанавала, прычым двойчы. Пыталася, чаму не прыязджаю. Маўляў, у рэчах пляменніка, пакінутых у яе доме, маецца адрасаваная мне рэч. Пакет, канверт... Не памятаю. Але я па-ранейшаму хацела пазбавіцца ўсялякіх успамінаў і нават не падумала ехаць забіраць, у той час, як сама ўсё Віталева аддала. А цяпер з’езджу. Таму што калі не ўпэўнюся, жывы Корвус ці не... Самае страшнае - няпэўнасць.
Першы пацалунак пасля сустрэчы з чарнявай жабрачкай, аднак, дастаўся не ад нябожчыка. Мацейка ў вітальні маёй кватэры крануў цёплымі вуснамі шчаку... Хоць я адразу раздражнёна адхілілася. Не да сантыментаў. З варыўні пахла тушанай рыбай. Бэ-э... Зноў рыба... Успомніўся хек у белай пенапластавай скрыначцы, з’едзены на абед. Ну, але сам факт - хлопец гатуе мне вячэру, вунь пантофлі падае...
- Дзякуй... - мармытнула я, усунуўшы ногі ў вязаныя сіне-белыя пантофлі са скандынаўскім арнаментам.
- Ірынка, што здарылася?
Ён заўсёды адчувае мой настрой. Мацей глядзеў уважліва-трывожна, гэтак жа, як Кафка з ягонай майкі, якая абцягвала даволі шырокія плечы. Вы, напэўна, сказалі б - прывабны хлопец, спартыўны, стылёвы. Прычоска з доўгім русявым чубам і каротка стрыжанымі скронямі, на абедзвюх руках - скураныя фенечкі, іх уладальнік не здымаў нават дома, плюс “татушка” на загрыўку ў выглядзе лацінскага выслоўя “A probis probari, ab improbis improbari aequa laus est”. “Аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных”. Што значыць, фіялетава мне на вашую крытыку.
Мне зразумела, адкуль гэтая дэманстрацыя незалежнасці ад чужога меркавання. Нацярпеўся Мацей... Я дасюль, як на яго гляджу, бачу не шыракаплечага падцягнутага мужчыну, а поўненькага хлопчыка з наіўным ружовашчокім тварам, аж хочацца ўшчыкнуць за пухлую шчаку. Ці штурхануць у спіну, каб не глядзеў так, быццам увесь свет з цукерак і сонечных зайчыкаў. Што ж, з ім, нізенькім пухлявым навічком, усё гэта ў нашым чацвёртым “Б” і рабілі. І не толькі гэта. Штурхалі, шчыкалі, лупілі, падкладалі кнопкі на крэсла... Клас наш быў паскудны. А што вы хочаце, рабочы раён. Побач - зона строгага рэжыму, чыгунка, ля якой мы бавілі вольны час, скачучы па застылых грудах шлаку. А хлапцы бегалі да зоны, хваліліся, што вось учора ледзь вартавыя з вышак не падстрэлілі. Кідалі праз калючы дрот пачкі з чаем, цыгарэты. Атрымлівалі ўзамен нажы з наборнымі ручкамі, адмысловыя бранзалеты з жалезных ланцужкоў... І ў класе парадкі былі, як на зоне. Нават спіс іерархіі па партах хадзіў. На чале - Атаманша, самая высокая і мажная дзяўчынка, дзве яе шасцёркі, і ўжо не памятаю, як там ролі размяркоўваліся. Я з дзвюма сяброўкамі апынулася ў асобнай партыі, анархістаў. У мяне спісвалі ўрокі, мы разам з усімі ўцякалі з заняткаў і пляваліся гарохам з трубачак. Але ўдзельнічаць у “цёмных”, кагось няўгоднага лупіць, падтрымліваць байкоты я наадрэз адмаўлялася. Атаманша паблажліва дазволіла мне быць трохі паасобку - і за тое, што рабіла хатнія заданні за ўвесь клас, і за тое, што маніць не ўмела. Прынамсі, такое меркаванне пра мяне склалася.
Галоўнае было - не патрапіць да ізгояў, якім згаданыя “цёмныя” і ўчынялі. А вось Мацей якраз - у тых ізгоях... Мілы такі хлопчык, разумненькі, настаўнікі не нахваляцца. З добрай сям’і - тата і мама медыкі. Акуратненькая вопратка, акуратненькая стрыжачка, у музычную школу ходзіць, грае на флейце...
Не, вы падумайце, у класе, дзе палова бацькоў пабывала ў калоніі, вучыцца флейтыст! Не хачу ўспамінаць, як яго абзывалі. А ён яшчэ да ўсяго і заікаўся. “Ад-д-д-чап-п-піцеся... ”