- Самы іхні кадр. Я не аднаго такога бачыў... Як спецыяльна іх вышукваюць.
- Ну вось, пасля спаткання з Рыгорам, які зусім не хацеў мне зла, я ў непрытомным стане патрапіў у спецлячэбніцу, якой загадвала Яўгенія... Расказваць усё не буду. Але ўрэшце мы абое апынуліся ў турме.
- Справа ўрачоў-забойцаў? - скрывіўся геолаг.
- Не без таго... - доктар зноў машынальна пацёр перабіты нос. - Рыгор удзельнічаў у допытах нашай... так бы мовіць, злачыннай групоўкі. Зразумела, пад наглядам таварышаў, каб не скалечыў каго да смерці. Ведаеце, якое ў яго было прозвішча? Касталом.
На твары геолага з’явілася невясёлая ўсмешка.
- Люцыян Станіслававіч, такія Касталомы - у кожным НКУС. У Кіеве я спаткаўся з тыпусам з такой жа мянушкай, але яму было гадоў пяцьдзясят, лысы, чырванаморды. У перасыльнай турме ў Тамбове кабета працавала, наглядчыца, якую звалі Касталомка.
Доктар углядаўся светлымі, быццам вада ў вадаспадзе, вачыма ў нешта вельмі далёкае і не вельмі радаснае.
- Самае страшнае было не калі мой нядаўні вучань нас збіваў. А калі пару разоў мне ўдалося прывесці яго да розуму. Калі ён усведамляў, што адбываецца... Крычаў ад роспачы, маліў аб прабачэнні... Пакуль яго не забіралі калегі. Тады мяне пачалі прыводзіць на допыты з кляпам у роце. І вочы завязвалі.
Корвус саркастычна засмяяўся.
- Вось вам увесь сэнс іх правасуддзя. Допыт з кляпам у роце. Для пацверджання віны досыць твайго існавання.
Ходзікі на сцяне тахкалі да крыўднага абыякава.
- Ну а з Жэнькай... Што ў вас з ёй? - не цярпелася дазнацца Лізе. Корвус правёў па вуснах тонкімі пальцамі з акуратна, па-ўрачэбнаму абрэзанымі пазногцямі, нібыта ўспамінаючы дотык іншых вуснаў.
- Што ў нас з ёй было? Пацалунак у варанку, у кампаніі двух трупаў. Тады я даў слова, што калі выжыву, знайду яе. А аднойчы, на вочнай стаўцы, я злавіў Жэньку, калі яна падала. А я і сам асабліва падняцца не мог. Канвеерны допыт, стаялі на расцяжцы... Пакуль следчыя нешта доўга пераціралі між сабою - наш трэці саўдзельнік вельмі ўдала адцягнуў увагу на сябе, узяў ды пачаў паміраць, - мы так і ляжалі з ёй, абняўшыся, на халоднай падлозе, у плямах крыві, блявоціны і мачы... Вось такая рамантыка, Лізанька.
Вочы дзяўчыны напоўніліся слязьмі.
- Няхай будзе вам шчасце, Люцыян Станіслававіч.
...Перад жалезнай брамай тоўпілася няшмат народу. Пару дзясяткаў. Хтось апрануты папрасцей, у ватоўках ды валёнках. А вунь нейкая цётка ў капялюшыку, паўзверх якога наматаная шэрая пуховая хустка, і ў пацёртым лісіным футры. Гнілая інцілігенцыя. Былі і дзеткі. Дзяўчынка ў завялікай для яе чорнай цыгейцы, крысо па зямлі валакаецца, тузала за руку немаладую кабету: “Бабуля, а дзе мама? Мама хутка прыйдзе?” З шэрага нізкага неба паляцелі цяжкія снегавыя згусткі, нібыта хтось наверсе вычэсваў белага лінючага сабаку. Высокі хударлявы мужчына ў ватоўцы і шапцы-аблавушцы, з чыста паголеным разумным засяроджаным тварам падняў каўнер. На мужчыну касавурыліся, бо ён трымаў букет. Галінкі арабіны з чырвонымі гронкамі і піхтавыя лапкі. Таксама інцілігент. Хоць і ў ватоўцы.
Дзверы натужліва зарыпелі. Людзі змоўклі ў напружаным чаканні, пасунуліся наперад... Ахоўнік з вінтоўкай за спінай адпусціў жалезную створку і пахмура агледзеў купку сустракаючых, перасунуў рэмень вінтоўкі, нібыта карцела сарваць яе з плеч і прыцэліцца з крыкам: “Разысціся, сукі, а то страляю!”
Але толькі павярнуўся назад і махнуў рукою... Першая нерашучая фігура, у ватоўцы з нашытым нумарам, здранцвела пратупала за лінію варотаў, нібыта нацягвалася гумка, што вось-вось тузане назад...
За першай постаццю пачалі выходзіць іншыя. Падобныя між сабою, як мерцвякі. Гэта мусілі быць жанчыны. Шэрыя твары, апухлыя ад марозу, недасыпання і голаду... Шэрыя хусткі... Нязграбныя рухі... Ніхто не азіраўся радасна па баках, ці не сустракаюць яго. Не ўсміхаўся. Страх гучна гаварыць, усміхацца, ісці без канвою і ўвогуле рабіць шмат якія простыя чалавечыя дзеянні для многіх зрабіўся такім звыклым станам, што проста не асэнсоўваўся.
Зрэшты, сустракалі мала каго.
“Гэта не мая мама! Мая мама не такая!” - плакала побач дзяўчо.
Толькі адна постаць не была прыгорбленай. Высока паднятая галава, з-пад пачварнай шэрай хусткі паказваюцца зусім сівыя валасы.
- Жэнька!
Мужчына з букетам кінуўся да вызваленай зэчкі. Яго рукі дрыжэлі, калі ён прытуліў бясформную постаць у ватоўцы. Вусны цалавалі лоб, белую пасму, худую шчаку, абсівералыя вусны...
- Гэта табе... - успомніў, працягнуў рабінавы букет. Жанчына павольна, нібыта ўспамінаючы, як гэта робіцца, прыняла падарунак... У нязграбнай тоўстай рукавіцы гэта было нязручна, зубамі яе сцягнула, узяла так, голай рукой, усё яшчэ прыгожай, хоць і з абламанымі пазногцямі.
- Дзякуй... - варухнуліся вусны. - Як толькі пазнаў...
Ён шчасліва засмяяўся і зноў прытуліў да сябе.
- Глупства гаворыш.
Яна падняла галаву і нарэшце сустрэлася з ягонымі светлымі вачыма сваімі, зялёна-брунатнымі, не выцвілымі на сібірскіх маразах. І, відаць, штось такое пабачыла ў позірку мужчыны... Таму што яе вусны задрыжэлі, з грудзей вырваўся глыбокі ўздых, які перайшоў ва ўсхліп.
- Мой верны паладын...