- Ат, давайце... Экстраных выпадкаў няма, цьху-цьху... Абход увечары Анціпаўна правядзе. У мяне дзесьці сухары яшчэ былі, і нават скрылёк сала.
З абдоймаў змятай, у тлустых плямах “Праўды” сапраўды дастаўся бела-ружовы скрылёк памерам з партсігар.
- Ого, адкуль такое багацце, доктар? - галодна выскаліўся геолаг.
- Той паляўнічы прынёс, у янотавай шапцы, якога я ад заікання вылечыў, - трохі збянтэжана патлумачыў Корвус. - Вы ж ведаеце, я ў хворых нічога не бяру. І яго адправіў з норкавымі скуркамі... А тады агледзеўся - ляжыць скрутак на падваконні. І пахне... Большую частку аддаў людзям, але зграшыў. Пакінуў для сябе лустачку.
Хутка на стале, з якога прыбралі манаграфію пра наступствы голаду, апынуліся тры алюмініевыя кубкі ў кампаніі са згаданымі сухарамі і танютка парэзаным салам на парцалянавым сподку, прыкрашаным чырвоным пеўнікам. За вакном загуў восеньскі сібірскі вецер, сціскаючы ў няветлых абдоймах арабіну, на якой крывавых гронак засталося больш, чым рудога лісця.
- Ну, за волю! - падняў свой кубак чарнявы сіваскроневы Уладзімір.
- За справядлівасць! - строга дадала Ліза. - І маглі б наліць мне больш за чайную лыжку. Пакуль зімой з пасёлка сюды, у санчастку, дабягу, скалею часам так, што толькі глыток спірту ратуе.
Сказана з выклікам, на хмыкание - маўляў, маладая яшчэ вадкі агонь ужываць.
- За тых, хто не дажыў... - ціха прамовіў Люцыян Станіслававіч і кульнуў свой кубак, нібы берсерк перад бойкай адвар з мухаморчыкамі.
- Дзіўна нам будзе, мясцовым, калі вы ўсе з’едзеце, - задумліва прагаварыла расчырванелая Ліза. - Мы прывыклі, а калі ўдумацца... У маленькім сібірскім пасёлку ў доме культуры вядзе гурток заслужаная артыстка, у бальніцы прымае хворых не проста доктар, а доктар навук, у школе выкладае сапраўдны пісьменнік, а ў канторы налічвае працадні прафесар эканомікі. Вы ведаеце, Люцыян Станіслававіч, вас завуць Чараўніком з Затокі.
- Экзатычныя птушкі ў клетцы... - прамармытаў доктар. - Ці перамруць, ці разлятуцца. Нічога, Лізанька, затое колькі ў вас цікавых знаёмстваў будзе па ўсім Савецкім Саюзе! На вашу дабрыню ніхто не забудзецца. Калі я ўсё-ткі вярнуся да даследаванняў... - у Корвуса ажно голас сарваўся ад такога яшчэ нядаўна фантастычнага ўяўлення, - дапамагу вам паступіць у медінстытут. Спадзяюся, не ўсе мае былыя калегі... скурвіліся.
- Дзякую, Люцыян Станіслававіч! - Ліза круціла ў пальцах сухар, так і не надкусіўшы. - Але гэта наўрад. Паходжанне ў мяне не тое. Уладзімір Пятровіч вунь ведае, ён даўжэй за вас тут... - кіўнула дзяўчына ў бок чарнявага, трохі прамарудзіла, але працягнула прызнанне. - Мае бацькі прыехалі сюды яшчэ ў дваццаць сёмым. Бацька быў начальнікам аховы партыі зняволеных, а маці - адной са зняволеных. Ён - з вёскі на Пскоўшчыне, а яна - графіня. Сапраўдная. З Ленінграда. Генрыета Бястужава-Штольц, - іранічна працягнула арыстакатычнае імя дзяўчына. - У мяне, дарэчы, нос - як ва ўсіх гэтых граф’ёў на партрэтах, пачынаючы з чатырнаццатага стагоддзя. І вось - тайга. Партыя контррэвалюцыянераў. У асноўным - раскулачаныя. Пры іх ахова. А тут нічога няма. Трэба будаваць жытло. Здабываць ежу.
Ліза абвяла пальцам валошку, вышытую на абрусе.
- Першую зіму ледзь выжылі, палова, мабыць, паўмірала... А маці мая яшчэ ў Ленінградзе, калі вучылася ва ўніверсітэце, скончыла курсы сясцёр міласэрнасці. І тут ратавала, лячыла... А бацька мой... Ён сумленны. Ён таксама ратаваў. Сам бярвенні з зэкамі цягаў для баракаў. На паляванне хадзіў - ён добры паляўнічы.
- А хіба людзі з Затокі не дапамагалі? Лагер жа побач з пасёлкам... - папытаўся Уладзімір.
- Хто ж будзе дапамагаць ворагам народа? - Ліза прамовіла гэта, як само сабой зразумелую ісціну. - Уявіце... Вось ходзім па беразе сажалкі, у ёй кішыць жыццё. Мы праз ваду можам бачыць, як там адзін аднаго ядуць, гінуць нейкія гідкія стварэнні... Ніхто ж не палезе ў брудную ваду ўмешвацца ў іх справы.
Гэта прагучала страшна - і мужчыны не насмеліліся запярэчыць. Бо многа трэба перажыць, каб прыйсці да такіх спакойных словаў... Сінія вочы Лізы, аднак, засталіся яснымі.
- Яны праўда адно аднаго пакахалі, тата і мама. Я нарадзілася, калі мама яшчэ тэрмін адбывала. Але і потым, калі сюды, у Затоку, перасяліліся... Кляйно. Мяне нават у піянеры не хацелі прымаць. Так што ў інстытут...
Доктар Корвус упарта прыкусіў губу.
- У Маскве, Ленінградзе - магчыма, будуць складанасці... Але ў Мінску заўсёды з гэтым было прасцей. Да таго ж, спадзяюся, настануць сапраўдныя перамены.
Ліза сумна ўсміхнулася.
- Дзякую, Люцыян Станіслававіч, за клопат. Але вам адразу трэба са сваімі бедамі разабрацца. Гэтая вашая знаёмая, да якой вы паедзеце... Яна вам хто?
Голас дзяўчыны чамусь гучаў трохі напружана, нібыта яна баялася пачуць адказ. Доктар трохі сумеўся пад настойлівым сінім позіркам.
- Я ў школе выкладаў, Яўгенія - мая былая вучаніца.
- Ого, Люцыян Станіслававіч, закруцілі раман проста ў класе? - весела азваўся геолаг. Корвус нахмурыўся.
- Мне і ў галаву такое не прыходзіла. Ніколі б сабе не дазволіў нават пажадлівай думкі... І для Жэні я быў проста настаўнік. Яна закахалася ў аднакласніка, добрага, смелага хлопчыка Рыгора. Я вёў у іх археалагічны гурток. А потым... Вайна.
На рабіне за вакном адчайна гайдаліся крывавыя гронкі.
- Вы ваявалі? - папыталася Ліза. Корвус кіўнуў.
- І я, і мае вучні... А з Жэняй зноў пабачыўся пасля вайны, калі сустрэўся з ейным мужам. Тым самым Рыгорам. Пасля кантузіі ў яго пачаліся прыступы гневу, некантраляваныя... А ён працаваў следчым НКУС.
Уладзімір прысвіснуў.