Твар Саломы стаўся натхнёным, як у хармайстра, калі ягоны саліст нарэшце ўзяў до дыез. На экране высвеціўся кавалачак геаграфічнай карты з маркерам. Яшчэ адно набліжэнне... Яшчэ... Чырвоная кропля вострым канцом уніз падала на саменькі цэнтр Волатавай пушчы непадалёк ад Старавежска.
- Вядома, запраста можа быць пагрэшнасць... - мармытаў Мацей, спрабуючы зрабіць карцінку больш яснай. - Ведаеш, нават у Гугле няма дакладнага здымка гэтага месца, нібыта спадарожнікі над ім не лётаюць. Паказвае лес... Непадалёк піянерскі лагер... Але штосьці мне падказвае, што менавіта тут мусіць знаходзіцца зачынены туберкулёзны дыспансер. Падобна, твой Брудны Ублюдак ці сядзіць тут, ці схітрыўся, каб сігнал праходзіў праз тое месца. Сімвалічна, так сказаць.
Салома павярнуўся і ўтаропіўся ў мае вочы.
- А цяпер скажы, чаму ты не з п-панам Капытко. Ён... цябе п-пакрыўдзіў?
Аж голас затрымцеў ад падазрэння і блізкага гневу...
Я хуценька запэўніла, што не. Проста занадта доўга не бачыліся, цяпер як чужыя... Трэба час на прывыканне... Пагаварылі, разышліся. Успомніўшы “размову” з Віталём на змятых прасцінах, сумелася.
- Сп-падзяюся, мне не трэба ўладжваць справу пра яшчэ адзін патоплены байк?
Ну навошта я ў свой час распавяла Салому пра свой няўдалы раман...
- Тады давай далей без нед-дагаворак. Калі ты шукала свайго ненагляднага Віталя - я разумеў т-твой матыў. А цяпер?
Я пастаралася быць сумленнай найперш з сабой.
- Ты ж прачытаў да канца, так? Да вяртання ў Апошні Прытулак? Не павінна на тым скончыцца. Мне патрэбныя адказы. Дзеля чаго, урэшце, сапсавалася і маё жыццё, і тваё. Я мушу...
- Ты мусіш усвядоміць, што адказы т-табе па любому не сп-падабаюцца, - аблічча Мацея раптам пасуровела, і таўсманы хлопчык-батанік з 4-га “А” знік назаўсёды. - П-помню твае пафасныя развагі, што п-праўда заўсёды ўсплыве, і трэба аднаўляць гістарычную справядлівасць. А няма тае сп-правядлівасці!
Мацей адкінуўся на крэсле і скрыжаваў рукі на грудзях, паўзверх выявы Кафкі, так што выглядалі толькі вырачаныя вочы пражскага мізантропа.
- Думаеш, чаму дасюль не адкрылі таямніцу гібелі Купалы? Чаму даследчыкі лёсаў рэпрэсаваных увесь час сутыкаюцца з незразумелым супрацівам - фонд зачынены, тэчкі зніклі, спісаў не існуе... Таму што ўсё працягваецца. Няхай п-пакаленне катаў адыходзіць - жывыя іх нашчадкі. Дзеці. Унукі... Звычайна людзі яны не п-простыя, пры ўладзе. І вось, дапусцім, ты даведваешся, што твой родны дзед страляў людзей у Курапатах. Чаму такога не можа быць? Быў бы пад п-прысягаю, загадалі - і страляў бы ворагаў народа, як на фронце фашыстаў. І як бы ты аднеслася да таго, што хтосьці хоча інфармацыю пра гэта, з фотаздымкамі і дакументамі, са сп-пісамі тых, каго твой продак забіў асабіста, надрукаваць у газеце, вывесіць у сеціве. А ў цябе тое ж п-прозвішча. І ты заўсёды ганарылася дзедам, расп-павядала ўсім, што ён герой. А ў яго вось якая старонка біяграфіі... Як табе тады жыць? А такіх гіпатэтычных дзядоў - мільёны. І ў іх мільёны нашчадкаў. І мільёны п-прадаўжальнікаў іх справы. Якія хочуць быць упэўненымі, што іх саміх у свой час не прыцягнуць да адказу нашчадкі сённяшніх ахвяраў. Гэтыя людзі п-проста сумленна выконваюць свой доўг. У іх прысяга. Як у твайго мужа.
Па маёй спіне прайшоўся халодны ветрык.
- У мяне самога адзін п-прадзед быў вайскоўцам, а другога ў 1937-м загналі ў Сібір ды закатавалі, - нечакана прызнаўся Саламярэцкі. - У сям’і пра гэта не прынята было гаварыць. Я выпадкова даведаўся ад бабулі. І тое яна сказала, што яе бацьку “п-паслалі працаваць у Сібір, а там бандыты яго забілі”. Я п-пачаў расшукваць. Хакнуў некалькі архіваў. Сфабрыкаваная справа - стаматолаг раённай п-паліклінікі выявіўся японскім шпіёнам. А заадно ангельскім. Таму што п-падчас п-ператрусу ў кватэры знайшлі томік Бёрнса ў арыгінале. А калі сядзеў у турме ў Томску, у іх камеру падсадзілі п-прафесійную “наседку” гарадскога НКУС. Той называўся прадстаўніком польскага генштаба і вербаваў аднакамернікаў у “П-партыю народных герояў”. Даведзеныя да адчаю людзі, якія не маглі больш выносіць сваю бездапаможнасць, лавіліся лёгка. Як і мой п-прадзед. Следчым асабліва спадабалася, што п-прозвішча “Саламярэцкі” лёгка кладзецца на канву “польскай змовы”. П-побач з японскай і ангельскай.
Манітор без увагі гаспадара “заснуў”, і на ім пачалі звівацца, нібы ў агоніі, рознакаляровыя змеі.
- Дзеда расстралялі. Я ведаю, хто з калег напісаў на яго данос. Ведаю імёны следчых. І як звалі стукача - Іван Хведаравіч Бушнеў. Ведаю, хто яго ўнукі. Але што я выпраўлю? Што тут увогуле магчыма выправіць?
Салома задумліва круціў на запясці стыльныя скураныя фенечкі, пад якімі хаваўся белы шнар. Я прашаптала:
- І ўсё-ткі трэба збіраць імёны. Хаця б збіраць. Тады і нашы сучаснікі будуць ведаць, што іх справы не знікнуць, ні добрыя, ні кепскія. Гэта так страшна - калі знікае памяць. Ведаеш, я ж яшчэ сем гадоў таму пачала маляваць партрэты рэпрэсаваных пісьменнікаў. І калі перабірала архіў Тамары Цулукідзэ, грузінскай актрысы, якая ў высылцы выйшла замуж за беларускага празаіка Алеся Пальчэўскага, знайшла аркушык... На ім Цулукідзэ пасля пекла сталінскіх турмаў ды лагероў напісала імёны і прозвішчы сваіх катаў. Жанчын-следчых. Каго магла ўспомніць. Часам толькі імя, ці нейкую прыкмету. “Падольская (імя не памятаю, муж у яе Кулагін)”... “Вера Марцірасян”... “Ніна Цэрэтэлі, кат”... Апошняе імя - буйным, няроўным почыркам, думаю, ад узрушэння. Я за гэтым аркушыкам столькі пабачыла... Дні ў карцэры, страшныя допыты, адчай і бяссілая нянавісць да садыстак... І гэты аркушык - уся помста, якая аказалася магчымай. Пракрычаць у вечнасць: гэта тварылі яны! Не забудзьце!
Пантофлі багіні памяці Мнемазіны пратупалі свінцовымі абцасамі дзесьці побач, і Саламярэцкі ўздыхнуў.
- Добра, заўтра паедзем. Я разумею, з мужам пасля ўсяго, што высветлілася, у такую вандроўку табе ехаць... няёмка. А ты ўсё адно пацягнешся, сама, у лес... Усё, прабач, мне трэба адну халтурку закончыць. Заўтра а дзявятай выедзем.
Мацей зноў адвярнуўся да кампа, змеі на маніторы зніклі, але я адчувала па ягонай спіне - напружаны, трывожны... У ягоных словах я вычула, што ён нібыта шукаў апраўданняў, каб не выглядаць смешным, што пасля ўсяго па адным маім кіўку зноў гатовы служыць...
А мне зараз вяртацца ў сваю кватэру... Куды ў любы момант можа прыйсці мой каханы муж.
- Мацей, можна я ў цябе пераначую?
Сказала і сама спалохалася. А што, калі мой верны паладын няправільна зразумее, падумае, што я гатовая выкупіць віну больш, чым кубкам гарбаты...
Саламярэцкі павольна павярнуўся і ўтаропіўся ў мяне, як у праграмны глюк.
- Мне проста занадта складана зараз... - мармытала я, паціху адступаючы да дзвярэй.
- Рэчы твае ў п-пакеце, у белай шафе, - прамарудзіўшы, прамовіў роўным тонам Мацей. - Зубная шчотка і начнушка таксама там. Бялізну ведаеш дзе браць. Мне п-пасцялі на крэсле. Але п-папярэджваю, што буду сядзець яшчэ доўга, заказчык чакае.
Ясна, грошы ж трэба зарабляць...