Ад сарокі-белабокі
На усіх сыходзяць токі,
Водзіць проста у бакі
Ад мілосцяў ад такіх.
О, лепш бы мне рот чым заляпілі. Гэта ж толькі пачаў наладжваць масты, ужо і спатканне хацеў прызначыць, а тут сваім вершаплёцтвам зусім збянтэжыў. Назвала дурнем і пабегла.
— Далікатная дзяўчына. Будзь надалей абачлівы з ёй. А не пытаўся, як марак яе?
— Пытаўся. Хмыкнула толькі і адвярнулася. Відаць, такая ў яго і любоў была.
— Нічога, прыедзеш і ўсё наладзіцца. Ты ёй сур’ёзны верш напішы. А то ўсё хіханькі ды хаханькі.
— Ёсць, ёсць у мяне такі верш. Ды не адзін. Пасля пачытаю.
У сталоўцы іх пасадзілі ля акна. Два месцы за сталом пакуль што заставаліся вольныя. Зайшоў Васіль Быкаў, павадзіў вачыма па зале і спыніў позірк на іхнім стале.
— Вось бы да нас яго, — шапнуў Рыгор. — Не засумавалі б. Ён прайшоў такую школу жыцця, ваенных дарог, што мы, малакасосы, заслухаліся б яго аповедамі.
Быкаў і сапраўды накіраваўся да іх, сеў леваруч ад Вадзіма. Перш-наперш падаў кожнаму руку, моцна паціснуў, назваў сябе.
— Хто ж вас не ведае, Васіль Уладзіміравіч, — сказаў Рыгор. — Чытаў вашу кароткую біяграфію, вашы апавяданні. Куды ўжо нам, маладняку, да вашай глыбіні, да вашага майстэрства. Мы нізка пакуль яшчэ лётаем.
— Ну-ну, не трэба, — асадзіў Быкаў. — Не трэба, не люблю, па-руску кажучы, самоуничижения. Усе мы тут роўныя. Прыехалі, во, вучыцца ў старэйшых і адзін у аднаго.
Прынеслі першае — салянку з кавалачкамі каўбасы, скрылікамі лімона, маслінамі, якія хлопцы бачылі ўпершыню, толькі здагадваліся, што ёсць такія. І ўсё гэта плавала ў апетытнай жыжцы, палітай смятанай.
— Ну, то, хлопцы, паднаціснем. Не кожны дзень такое смакоцце перападае. Зрэшты, вы мяне загаварылі, а самі не назваліся, — Быкаў павініўся за сваю прамашку. — Ваша фота, — яшчэ раз угледзеўся ў Рыгораў твар, — здаецца, бачыў у часопісе. Ага, успомніў, вы — Рыгор Сініца?
— Ён самы, — сціпла адказаў Рыгор.
— Во, бачыце, а пра сябе ні слова, — Васіль Быкаў зноў паціснуў Рыгору руку. — Таленавітыя вершы. Думаў расшукаць вас і сказаць колькі добрых слоў. А тут сам Бог паспрыяў нам такой сустрэчы. Ну, а вы хто? — звярнуўся да Вадзіма.
— Я толькі яшчэ вучуся, — сціпла адказаў хлопец. — За плячыма ў мяне ўсяго некалькі апавяданняў і гумарэсак.
— Хай не сціплічае, — умяшаўся Рыгор. — Вот тут будуць разбіраць кожнага, і скажуць пра яго прозу. Зараз ён новае вялікае апавяданне закончыў. Ён Гурко, Вадзім Гурко.
— О, дык я чытаў у гумарыстычным часопісе вашыя рэчы. Вось і нядаўна была гумарэска. Здаецца, «Певень падвёў». Я не памыляюся?
— Яна самая, — за Вадзіма адказаў сябрук.
Падалі другое — катлеты па-кіеўску з грыбной падліўкай, ад якой ішоў такі смачны пах, што можна было ачмурэць.
— Ну, хлопцы, пры такой ядзе не шкодзіла б і па кілішку ўзяць, — усміхнуўся Быкаў. — У мяне тут у партфелі тое-сёе ёсць. Нават і дзве шклянкі захапіў. Трэба расстарацца і трэцюю. Ціхенька разальём і перад кампотам вып’ем. Як, га?
Вадзім прамаўчаў, а Рыгор падахвоціўся схадзіць на кухню папрасіць шклянку. Быкаў, хаваючыся ад іншых, неўпрыкмет пад сталом адкаркаваў пляшку белай, наліў амаль поўныя дзве шклянкі, а Вадзіму, па яго просьбе, менш, чым палову.
— Ну, то за знаёмства. І «не той паэт, хто піша вершы, а той паэт, хто вып’е першы». Пад смех хлопцаў ён кульнуў усё да донца. Рыгор, па яго прыкладзе, таксама асушыў свой посуд. Вадзіму піць не хацелася, тым больш гарэлку, але, каб не аказацца белай варонай, усё ж змусіў сябе глынуць гэтую пякучку. Адчувалася, што і за іншымі сталамі прычасціліся, бо спачатку ціхая сталоўка напоўнілася вясёлым гоманам і смехам.
Катлеты былі адмысловыя, не тое што на фабрыцы-кухні, куды студэнты, у тым ліку Вадзім з Рыгорам, час ад часу бегалі, калі дазвалялі грошы. Гэтыя былі пульхныя, сакаўныя, па-сапраўднаму мясныя, з цыбулькай і яшчэ якойсьці прыправай.
Перад кампотам абвясцілі, што збор у семнаццаць у вялікай зале галоўнага корпуса.
— О, то можна яшчэ радкоў колькі напісаць. — Васіль Уладзіміравіч пажадаў хлопцам удачы і першы пайшоў апранацца.
— Нам здорава пашэнціла сустрэцца з такім чалавекам, — сказаў Рыгор. — Пасля як-небудзь папросім, каб больш расказаў пра сябе. Як ваяваў, якія ўзнагароды мае, над чым новым працуе.