Рыгор пакінуў палату, і Вадзім, падбадзёраны сябрам, хутчэй пайшоў на папраўку. Люся прыехала ўжо перад самай выпіскай, устрывожаная, бясконца замучаная.
— Сумлення ў цябе няма, каб гэтулькі часу трымаць мяне ў няведанні. А каб са мной што, і ніхто не даў знаць, як бы ты паглядзеў на ўсё гэта. Ага, маўчыш.
Выгаварыўшыся (яны пайшлі ў калідор, на глухую лесвіцу, якая вяла на гарышча), Вадзім прытуліў да сябе дзяўчыну, горача пацалаваў. Развітваючыся, Люся паабяцала наведаць яго паслязаўтра.
— Дык мяне ж можаш ужо не застаць тут. Давай лепш праз тыдзень стрэнемся ў Мінску, у тым жа прывакзальным скверыку. Буду чакаць. Гэты раз, нават калі і не выпішуць, уцяку.
Яны, прызначыўшы час спаткання, яшчэ раз горача абняліся, пацалаваліся і разышліся. Вадзім вярнуўся ў палату акрылены, са ззяючымі вачыма.
— Ты дзе бадзяешся? — накінулася на яго медсястра Каця. — Прыходзіў прафесар, хацеў агледзець, а цябе і след прастыў. Накрычаў на мяне, што распусцілі хворых.
Вадзім павініўся, адчыніў тумбачку і даў Каці шакаладку, якую Люся прывезла ў якасці гасцінца. Медсястра палагоднела, але папярэдзіла, каб хоць цяпер нікуды не адлучаўся, бо прафесар можа вярнуцца. Ён і праўда зайшоў у палату са світай — урач, яшчэ два нейкія медработнікі, адзін з іх з бародкай, якая падкрэслівала яго вучонасць і на фоне белага халата глядзелася досыць унушальна. Другі, гладкаголены, са стомленым, нават нібы хваравітым тварам, трымаў перад прафесарам рэнтгенаўскія здымкі, перагортваў іх, на латыні штось тлумачыў. Трохі ўбаку стаяў Іван Парфір’евіч і, усміхаючыся, падмігнуў яму: маўляў, не дрэйфі, усё будзе о’кей. Прафесар, выслухаўшы асістэнтаў, павярнуўся да Вадзіма, папрасіў распрануцца да пояса і легчы на ложак.
Вадзіў перад вачыма нейкай палачкай, прымушаў глядзець то ўверх-уніз, то направа ці налева. Пасля біў гэтай жа палачкай па каленях, агледзеў усе рубцы на нагах, на шыі, на спіне. Нешта яго насцярожыла, ён зноў папрасіў асістэнта паказаць адзін са здамкаў. Пацмокаў, углядаючыся, і сказаў Вадзіму:
— Ну, што, малады чалавек. Вас добра падлячылі. Лічыце, выцягнулі з таго свету. Думаю, заўтра можна выпісаць. Але на паўгода, як мінімум, пра фізкультуру забудзьце. Вам дадуць даведку з прадпісаннем вызваліць ад цяжкіх нагрузак.
Прафесар і світа пайшлі, а ў Вадзіма ўсё ў сярэдзіне клекатала ад радасці: нарэшце-ткі ён убачыць усіх сваіх, пойдзе на заняткі, будзе гадзінамі праседжваць у бібліятэцы, спрабуючы нагнаць упушчанае. Як цяжкі сон будзе ўспамінаць трагічны выпадак з ім.
13
Ля будынка Саюза пісьменнікаў ужо тоўпіліся хлопцы і дзяўчаты. Праўда, дзяўчат было толькі дзве, а маладых паэтаў і празаікаў мужчынскага полу сабралася больш за дваццаць чалавек. Усе акружылі маладога, значна старэйшага за астатніх мужчыну гадоў трыццаці з хвосцікам, які штось смешнае расказваў, бо з гурту час ад часу выбухаў дружны рогат.
— То ж Васіль Быкаў з Гродна, — з захапленнем сказаў Рыгор. — Я чытаў яго апавяданне ў часопісе. Во гэта глыба! Няўжо і ён з намі будзе на семінары?
Яны далучыліся да астатніх, пачалі ўважліва слухаць, што расказваў гэты чалавек. А ён. травіў анекдоты, адзін смяшнейшы за другі. На ганак выйшаў Пятрусь Броўка, з-пад шкельцаў акуляраў зірнуў на моладзь і, звяртаючыся ўжо да Быкава, сказаў:
— Ты, Васіль, насмяшыў, дык насмяшыў. Нават наверсе ўсё чутна было. Вядзі ўсю гвардыю сюды, у памяшканне. А то замерзнеце. Аўтобус, пазванілі, пададуць недзе праз паўгадзіны. К абеду акурат паспеем.
Дом творчасці размяшчаўся ў яловым бары, дзе, казалі, любіў бываць Якуб Колас, збіраў там грыбы.
— Можа, і дзядзька Якуб будзе нашым настаўнікам? — выказаў меркаванне Вадзім, ідучы па дарожцы да галоўнага корпуса. — Вось было б здорава!
— Кажуць, ён цяжка хварэе і ляжыць у бальніцы, — адказаў Рыгор. — Што ты хочаш, семдзесят чатыры гады чалавеку. Добра што вясной пашэнціла яго пабачыць, сфатаграфавацца разам. Ты бачыў у літаратурнай газеце здымак з ім?
— Не-а, — Вадзім хітнуў галавой. — А калі гэта было?
— Калі ты ляжаў у бальніцы. Я купіў адзін экземпляр газеты і для цябе, але дзе запраторыў, не ведаю. Пакажу сваю, калі захапіў з сабою.
Ім выдзелілі домік на двух, назвалі нумар, далі ключы.
— Размяшчайцеся і праз паўгадзіны прыходзьце ў сталоўку, — сказаў дырэктар Дома творчасці.
Адшукалі зялёны домік між кашлатых ялін, густа зацярушаных снегам. Цішыня стаяла такая, што ажно ўвушшу звінела.
— Няўжо такія райскія куточкі ёсць? — захапляўся Вадзім. — Гэта ж пажыць колькі тыдняў на ўсім гатовым, то можна цалюткую кнігу напісаць.
— Ну вось і пішы, не спі ў шапку, — Рыгор адамкнуў дзверы, першы ступіў у прыцемак прыхожай. На іх дыхнула цяплом добра напаленай грубкі. У прасторным пакоі стаялі два драўляныя ложкі, акуратна засцеленыя, з дзвюма ўзбітымі падушкамі ў галовах. Стол з графінам халоднай вады, чатыры крэслы, шафа для адзення, дзве тумбачкі. Уся гэтая мэбля была адмысловай работы, зіхацела лакам.
— Н-да, — сказаў Рыгор, ацэньваючы абстаноўку. — Добра тым, хто мае сюды доступ, жывецца.
Распакаваўшыся, хлопцы пагоцкаліся на мяккіх ложках і пачалі збірацца на абед. Сталоўку знайшлі хутка, бо туды ўжо кіраваліся многія.
— Калі будуць так карміць, як і пасялілі, то вернемся на лекцыі такімі раздабрэлымі. Здзівяцца ўсе, дзе так ад’еліся. Люся цябе не пазнае. А табе пасля хваробы і трэба ражку адкарміць.
— І табе не шкодзіць, — азваўся Вадзім. — Таксама сохнеш па сваёй чарняўцы. Зрэшты, забыўся, як яе светласць велічаюць.
— Паліна, — адказаў Рыгор. — Паліна Сарокіна. Неяк затрымаў яе на перапынку, папытаў пра жыццё-быццё, яна зардзелася, адвяла вочы ўбок, быццам вінячыся ў чым. А тут мяне чорт пацягнуў зноў са сваімі сцішкамі. Пачытаў ёй: