— Скакайце, — адчыніўшы дзверцы, выгукнуў малады белабрысы хлапец у зашмальцаванай спяцоўцы, — сядзенне я праціраў, так што не бойцеся запэцкацца. Вы, калі ў Мінск, то давязу і туды. Учора позна перазванілі ў кантору і сказалі, каб патрэбны груз забраў на таварнай станцыі ў Мінску.
— Го, то мне пашэнціла, — парадаваўся Вадзім. — Бо поезд мой будзе недзе к абеду. Доўга давялося б мэнчыцца на вакзале.
Ніколі чалавек не ведае, што чакае яго наперадзе, якія сюрпрызы рыхтуе яму лёс. Кажуць жа ў народзе — ведаць, дзе ўпадзеш, саломкі падсцяліў бы. У іхнім выпадку не дапамагла б і ніякая саломка.
З гадзіну, як выехалі на шашу Брэст — Масква, усё ішло добра. Вадзіла аказаўся гаваркім хлопцам. З гумарам расказваў, як служыў у арміі ў Нямеччыне і як яго ўпадабала адна палкоўнічыха, у мужа якой быў за шафёра. Неяк, калі палкоўнік быў на нейкіх курсах каманднага саставу, жонка яго, дзябёлая румянашчокая маладзіца гадоў трыццаці, папрасіла ў кватэры перасунуць мэблю, прыбіць новую вешалку. Прыйшоў са сваім інструментам — малатком і цвікамі, нарыхтаваўся цягаць і прыбіваць. А палкоўнічыха, нарумяненая, расфрэнчаная ва ўсё яркае, бы той пеўнік, стаіць і ўсміхаецца. Пытаюся, з чаго пачынаць будзем. А пачнём з таго, кажа, што сядзем за стол і вып’ем па кілішку. З халадзільніка вымае бутэльку каньяку «Напалеон» і загадзя падрыхтаваную закусь — рыбу чырвоную, ікру чорную, венгерскія агурочкі, тонка нарэзаную колцамі каўбасу, іншыя якіясь прысмакі, ад чаго ў мяне і сліну пагнала. Стаю, як доўбень, і нічога не разумею. Думаю, мо гасцей важных чакае, мо палкоўнік яе сёння вяртаецца, і з гэтай радаснай нагоды яна рашыла пачаставаць мяне. А яна. Смялей, смялей, кажа, радавы Барыс Пупкін, цяпер я твая камандзірша. Дагодзіш, то будзеш як сыр у масле плаваць. З радавых старшым сяржантам станеш. Я ўсё магу. Я выцягнуўся па струнцы і хацеў ужо гаркнуць: «Служу Савецкаму Саюзу», як яна мяне абвіла рукамі за шыю, упілася ў губы ў гарачым, аж дыханне заняло, пацалунку. Пасля далікатна падпіхнула да стала, усадзіла ў мяккае крэсла. Вось гэта, кажа, усё з’ядзім і вып’ем, тады паглядзім, які ты майстар. Я адразу здагадаўся, чым тут пахне, але маўчу, думаю, што ж будзе далей.
— Ну, і што было далей? — зацікаўлена спытаў Вадзім.
— А далей, калі ледзь не ўсё выпілі ды закусілі, яна павяла паказаць, які ложак трэба перацягнуць у іншае месца. Завяла ў спальню, а сама юркнула кудысь у ванную ці туалет. Я стаю і прыкідваю, дзеля чаго ёй спатрэбілася нейкая перастаноўка. Праўда, ужо здагадваўся, нашто я ёй патрэбен. Пачуліся крокі, я абярнуўся і вачам саім не веру: стаіць палкоўнічыха голенькая, пухленькая, слінкі абліжаш, і . цэліцца на мяне з пісталета. Смяецца:
— Вось цяпер ты ўвесь у маёй уладзе. Што хачу, тое і зраблю.
Нічога сабе жартачкі, думаю. Ад п’янай бабы чаго хочаш можна чакаць. Яна загадвае і мне распрануцца. Я, гледзячы на яе, і сам хуценька скінуў бы ўсё. Але калі пад прымусам. Нешта ў ва мне ўзбунтавалася. Бачыў я ўсякіх баб, а вось каб такую. Не, думаю, дудкі, сцярвоза, пісталецікам мяне не проймеш. Тым больш ён у цябе напэўна ж цацачны. Стаю, не чухаюся, вачэй з яе не зводжу. Зноў загадвае скінуць з сябе ўсё дазвання. А ў мяне і ўсякая ахвота да яе прапала. А я яшчэ ўявіў, што як лягу ды не змагу нічога зрабіць, тады хоць пельку на сябе накінь ад ганьбы. Выручыў званок у дзверы. Спачатку нямоцны, пасля настойлівы, патрабавальны. Палкоўнічыха мая абамлела ажно. «Муж, — шапнула разгублена. — Бяжы праз акно. Тут невысока, з другога паверха не разаб’ешся». Яна кінулася ў ванную апранацца, а я, расчыніўшы акно, скокнуў, ды няўдала: моцна пабіў нагу, не магу падняцца, але ляжу, ажно не дыхаю. Думаю, каб палкоўнік застукаў нас у кватэры (мусіць, у яго не было з сабою ключа), то хана нам была б абаім. Гэты выняў бы і сапраўдны наган. Праз акно чую, як яна сакоча, спрабуе дагадзіць свайму мужаньку. Я так-сяк падняўся і, стараючыся не нарабіць шуму, паклыпаў у казарму. Во, брат, якія сцярвозы бываюць. А мы на іх молімся. Хвалу ім пяём.
— Ну, не ўсе ж такія, — не пагадзіўся Вадзім. — А твая жонка гэтак бы зрабіла?
— Мая — не, бо яе няма ў мяне. Пасля тога выпадку з палкоўнічыхай мяне адвярнула ад дзяўчат.
— Ну, ты яшчэ на сваю не натрапіў. Знойдзецца такая, што ночы не будзеш спаць, толькі і будзеш думаць, як заваяваць яе сэрца.
— Ат, — хацеў запярэчыць хлапчына, ды тут штось стрэліла пад колам, і машына імгненна вільнула ўбок і з высокага насыпу ўсім сваім цяжарам гахнулася ў прыдарожнае дрэва. У нейкія долі секунды Вадзіма кінула на шкло, ад якога засталіся толькі вострыя аскабалкі, затым выкінула вонкі, ударыла аб камель, мяшком кульнула ў запыленую крапіву. Болю ён не адчуў, толькі, плаваючы ўжо ў паветры, абыякава назіраў, як цела яго распластана ляжыць на зямлі, як ля кабіны курчыцца ў перадсмяротных сутаргах шафёр, спрабуючы адпаўзці ад машыны далей. І ў гэта імгненне слуп зыркага агню адначасова з выбухам узняўся ў неба, ледзьве Вадзім паспеў узмахнуць рукамі-крыламі і адплысці далей. Ён бачыў, як спыніліся адна, другая, трэцяя машыны. З іх павыскоквалі людзі і з жахам глядзелі на ахопленае полымем жалеза.
Вадзім пакружыў над імі, хацеў сказаць, каб ратавалі шафёра, ён жа яшчэ такі малады, і не яго віна ў тым, што яны кульнуліся, відаць, лопнула кола, але чамусьці не мог вымавіць ні слова. Мужчыны, ці то пачуўшы яго, ці самі асмеліліся, спусціліся з крутога адхону, пачалі шнарыць бліз машыны, бо бліжэй усё яшчэ гарэла, ішоў густы едкі дым, ад якога слязіліся вочы.
— Во, адзін нехта нібы жывы, — пачуў Вадзім голас над сваёй плоццю. — У каго ёсць люстэрка? — гукнуў жанчыне на насыпе. — Хутчэй нясі. Праверым, ці дыхае. «Адчапіцеся ад мяне. Мне як нікому добра», — зноў гукнуў і не пачуў свайго голасу. Пасля наглядаў, як клалі яго на насілкі, неслі ў легкавую машыну з чырвоным крыжам на баках. Ён, бесклапотны і легкакрылы, ляцеў за імі ўслед, абыякава назіраў, як неслі ў бялюткую палату, клалі на стол. «Што яны хочуць рабіць? Ну, пакінулі б мяне ў спакоі. Мне так добра». Жанчыны, аднак, хутка распранулі яго, пакінулі зусім голенькага. «Здурнелі яны, ці што?» Вадзім хацеў рукой прыкрыць сваё сарамоцце, але ні адна, ні другая рука не слухаліся, ляжалі ўдоўж цела, бы вяроўкі. Ён успомніў, як палкоўнічыха хацела распрануць дагала шафёра, а таму выпадак памог вылузацца з яе абдымкаў. А як ад гэтых вылузацца? Але, дзякаваць богу, жанчыны пайшлі, іхняе месца занялі два, пасля далучыўся і трэці, хірургі з белымі шапачкамі на галаве і ў такіх жа беласнежных халатах. Яны перамаўляліся між сабой, ківалі галовамі, пасля, калі на століку ім падвезлі інструменты, пачалі паласаваць яго цела. «Пакіньце мяне ў спакоі!» — прасіў-маліў Вадзім. Але яны, не зважаючы ні на што, нешта кроілі, шылі, з-за галоў і спін не было бачна.
Пасля ён адчуў, як неадольная сіла выпіхнула яго ў якуюсь трубу. Ляцець было і страшна, і прыемна. Страшна, што занадта вузкая адтуліна, а прыемна ад самога лёту, тым больш, што ўперадзе мільганула святло незвычайнай яркасці, якой на зямлі ніколі не бачыў. У зіхоткай прасторы да яго падплылі маці, бацька, брат Лёва, усё такія ж, як помніў іх з дзяцінства. Ён хацеў усіх абняць, сказаць, як цяжка яму, сястры, абдвум яго братам без бацькоў, колькі яны выцерпелі ўсяго, што адзін Бог толькі ведае. Але маці, хоць і ласкава глядзела, адпіхнула яго ад сябе, сказала адно: «Табе яшчэ рана сюды, пажыві». Яны, узяўшыся за рукі, кудысь адплылі, і ў гэты момант Вадзім адчуў, што зноў неадольная сіла пацягнула яго ў трубу.
— Во, здэцца, пачаў дыхаць, — пачуў Вадзім голас аднаго з мужчын. — Але ж і трывушчы. Другі даўно б канькі адкінуў.
Толькі зараз Вадзім адчуў, як востры боль працінае ўсё цела. Ён застагнаў, у бяспамяцтве нешта прамармытаў.
— Змачыце яму губы, — распарадзіўся той жа голас, — піць, але адну лыжачку.
Калі дайшоў да памяці, першым чынам паспрабаваў пашавяліць рукой, нагой. Правая нага трохі слухалася, а левая ляжала дзеравяшкай. «Божа, хоць бы не аднялі», — жахнула думка. Ён паспрабаваў адкінуць коўдру, каб глянуць, што там унізе, нават падняў галаву, але ў шыі і ў грудзях кальнула так, што страціў на нейкі час прытомнасць. Відаць, моцна застагнаў, бо ў палату прыбегла сястра, схілілася над ім. Прыйшоўшы ў сябе, Вадзім асмяглымі губамі прашаптаў:
— А левую нагу. Што, адрэзалі?
Сястра паклала халодную далонь яму на лоб, супакоіла:
— Ды цэлая, цэлая нага, і правая, і левая. Яшчэ месяц-паўтара і скакаць будзеш. А вось грудзі, шыю, ды і бок правы моцна зачапіла. Як сэрца толькі вытрывала?
— Што з шафёрам, ну, тым, з кім ехаў, сталася? Жывы хоць?
— Не, кажуць, згарэў разам з машынай. Эх, хлопцы, хлопцы. Нап’юцца, а пасля за руль садзяцца. Жонцы, бацькам якое гора.
Вадзіму хацелася сказаць, што чалавек быў зусім цвярозы, што няшчасце здарылася па іншай прычыне. Але ў яго перахапіла дыханне. Пякучыя слёзы пацяклі па твары.
Недзе праз тыдзень яго адшукаў Рыгор. Усяго забінтаванага, схуднелага і ўчарнелага, Рыгор ледзьве пазнаў сябра.
— У міліцыю, ва ўсе бальніцы званіў і ніяк не мог напасці на твой след. Яшчэ ад бабулі дачуўся, што згарэла калгасная машына. Я адшукаў тваю сястру, швагра, папытаў, калі ты паехаў. Супадала, што акурат у гэты дзень з машынай і здарылася бяда. Швагер думаў, што ты сышоў у Стаўбунах, паехаў цягніком, таму не забілі трывогу. А яно во як атрымалася.
Вадзім, аслабелы дазвання, не мог яшчэ пашавяліцца, аднак гаварыць ужо мог, хоць і з вялікай цяжкасцю. Рыгора папярэдзілі, каб доўга не затрымліваўся, каб нічога непрыемнага не гаварыў. Зараз, развітваючыся, папрасіў у Вадзіма адрас Люсі і дазволу ад яго імя напісаць ёй колькі слоў. Швагру і сястры таксама, хай, хто зможа, прыедзе, наведае. Наконт Люсі Вадзім прасіў устрымацца, не хацеў, пакуль трохі не акрыяе, каб дзяўчына бачыла яго такога.
— А на курсе што? — папытаў зацікаўлена. — Я ж так адстану. А тут і зімовая сесія не за гарамі.
— Галоўнае, ачуняць і стаць на ногі. Астатняе неяк асіліш. Я буду прывозіць табе падручнікі, свае канспекты. Будзеш чытаць, як толькі зможаш. Не забывай жа, што нас чакае Дом творчасці. Твае апавяданні і гумарэскі, як я дазнаўся, будзе разглядаць адзін вельмі салідны пісьменнік. Прозвішча пакуль не сказалі. Гэта каб было сюрпрызам.