Люся, аднак, адчула, што над Вадзімам і Рыгорам навісла хмара, бо тыя двое ніяк не дапусцяць, каб іх білі чужакі.
— Пойдзем, хутчэй! — яна, прапусціўшы хлопцаў наперад і як бы засланяючы ад раптоўнага нападу з тылу, падпіхнула іх да выхаду. На дварэ шапнула, каб не высоўваліся на вуліцу, бо будзе пагоня. Услед за Люсяй яны шуснулі за вугал будыніны, а адтуль праз лаз у агароджы — на глухую цёмную вулку без аніводнага ліхтара на слупах.
— Яны недзе тут, далёка не адбегліся, — з-за агароджы чуліся раз’ятраныя галасы. — Дзеўку мы ведаем, яна ў дзевятым у вячэрняй вучыцца. Люська Міронава. А вось тыя два хахалі — невядома скуль. Можа, мінчукі. То мы да мінчукоў асаблівы шчот маем. Стась, дзе твой ліхтарык? Пасвяці вунь за тымі кустамі бэзу.
— Стася я ведаю, — калі трохі адбегліся, задыхана сказала Люся. — Гэта бандзюк з усіх бандзюкоў. Яму скалечыць каго, што раз плюнуць. Тры месяцы таму з турмы прыйшоў. Матку сваю давёў да таго, што пайшла і ўтапілася ў палонцы.
— Носіць жа зямля такіх вырадкаў, — Вадзім сплюнуў сабе пад ногі.
У Жорнаўку яны ішлі паўз роў, дзе немцы ў вайну расстрэльвалі і закопвалі сотні яўрэяў. Стала неяк вусцішна. Тым больш неба было зацягнута шчыльнай посцілкай хмар. Ледзьве праглядвалася нешырокая, паўз агароды, сцяжына, якая зараз, з лёгкім марозікам, пакрылася нятоўстай скарынкай лёду.
— Пад ногі глядзіце, — папярэдзіла Люся. — А то і грымнуцца можна. Тут рэдка хто ходзіць, таму і не вытаптана.
Вадзіму прыгадалася, як сюдой ішлі яны з маці, якая ў царкве заказвала абедню па забітым бацьку. Як даўно гэта было, а помніцца ўсё да драбніц. Пасля ноччу снілася яму жанчына ў белым, якая ўсё хадзіла ля ямы, кагось клікала. Як сёння нібыта сказала тады яго маці: «Перад памяццю людзей гэтых ніколі, колькі б ні жыў, не хлусі, будзь чэсным». Але ж тады яна не сказала, як выжываць чэснаму ў гэтым суровым свеце. Мама, мілая мама. Ведала б ты, колькі тваім дзецям давялося зведаць за гэтыя гады.
Ён вырашыў заўтра схадзіць на могілкі, адшукаць заснежаныя горбікі з самаробнымі драўлянымі крыжамі, пакланіцца і пакаяцца, што за тры гады ніводнага разу не паказаў тут і носа.
— Во, хутка я буду дома, — завярнуўшы ў завулак, дзе збоч, у канцы агарода, была сажалка, якая не высыхала нават у сухмень, сказала Люся. — Мама, пэўна, спіць, ды і брат з сястрой. Гэта адна я такая няўседлівая.
Спыніліся насупраць Люсінай хаты і сцішылі гаману. Вёска, якая прывыкла рана ўставаць і рана класціся, ужо спала. Насуперак Люсіным меркаванням, у іхнім агародзе, з вуліцы было нават бачна, высвечваўся вузкі чатырохвугольнік акна, пад якім раскінула ўшыркі рукі-галіны якоесь дрэва — яблыня ці груша.
— Мама, відаць, чакае, — Люся глянула на хлопцаў і нечакана прапанавала: — А давайце разам да нас. Мама чай паставіць. І цукеркі нават ёсць, — яна скасавурылася на Вадзіма, хіхікнула. — Ледзьве маму пераканала, што не купляла ў Мінску тую каробку. Калі толькі сказала, што, відаць, ты паклаў, тады супакоілася. То як, хлопчыкі? І мне будзе апраўданне.
— Не, няёмка неяк. Хіба іншым разам. Коля з Лількай, пэўна, чакаюць на вячэру. Ды і табе рана заўтра, на сваю будоўлю. У цябе ж вельмі цяжкая праца. Хіба што лягчэйшае не магла знайсці? — пашкадаваў дзяўчыну Вадзім.
— Толькі па блату. Брат на электрастанцыі шафёрам, то, гаварыў, паспрабуе закінуць слова перад дырэктарам. — Засмяялася: — Можа, хоць коміны чысціць.
— Смех смехам, а дзяўчыне на будоўлі, тым больш зімой, на скразняках і ветры, цяжка. Я праўду кажу, Рыгор? — Вадзім таўхануў у бок сябра. — Нешта ты сёння змэнчаны. Відаць, упадабаў тую кралю, з-за якой ледзьве не пабіліся. Хто хоць яна, не сказала?
— Як жа, сказала. У райкаме інструктарам. Партыйную школу скончыла, вось і прыслалі нядаўна.
— Ого-го, высока сягаеш, — засмяяўся Вадзім. — Вось праз яе і за Міронаву закінь слова.
— Я ўжо неяк сама буду караскацца ўверх. Мне толькі б школу скончыць, а там у тэхнікум, а то і ў інстытут паспрабую паступіць, — з гэтымі словамі Люся падала абодвум руку, пабегла, бразнуўшы веснічкамі, на ганак.
8
Літаб’яднанне, якое дзейнічала пры універсітэце, правяло трэцяе ў гэтым годзе пасяджэнне. Кіраваў імі — паэтамі, празаікамі, нарысістамі — новы выкладчык беларускай літаратуры Вадзім Уладзіміравіч Туркоў. Вадзім Туркоў сам пісаў вершы і час ад часу змяшчаў што ў насценным друку, што ва «Універсітэцкім лістку», які выходзіў раз на два тыдні. Некалькі твораў змясціла нават адна з маладзёжных газет. Туркоў жа насіўся з імі, бы гэта былі шэдэўры сусветнай велічыні. Хадзіў ён паважна, уразвалку, часам з кійком, хоць гады яго былі яшчэ не тыя, каб трымаць у руцэ палку. Пры сустрэчы са знаёмымі, асабліва жанчынамі, Туркоў спыняў іх, цікавіўся жыццём і як бы між іншым пытаўся:
— Ну, як вам мой новы верш? — называў выданне і дату выхаду. — Ах, не паспелі прачытаць? То не бяда. — Ён поркаўся ў сваім пузатым пацёртым партфелі, вымаў газету, разгортваў апошнюю старонку. — Бярыце. У мяне яшчэ ёсць экземпляр. Ведаеце, колькі ўжо ўдзячных чытачоў адгукнуліся на гэту. публікацыю. Паштарка носіць і носіць лісты мне. Цікава, скуль людзі дазнаюцца, дзе жыву? Мо праз рэдакцыю?
Як пра спецыяліста ў сваёй галіне, пра Туркова ніхто не мог сказаць нічога кепскага. Ён самааддана любіў беларускую літаратуру, вывучаў старыя летапісы, часта за свой кошт ездзіў у Маскву і Вільню, корпаўся ў бібліятэках, вынаходзіў такія скарбы, якім зайздросцілі многія гуманітарыі з Акадэміі навук. І ўсе гэтыя веды перадаваў студэнтам. Яны любілі Вадзіма Уладзіміравіча як чалавека і выкладчыка, але цішком пасмейваліся з яго паэтычных практыкаванняў.
Аднойчы ён прыйшоў у аўдыторыю чарнейшы за хмару. Не распачынаў лекцыю, пасля выйшаў і доўга не паяўляўся. Студэнты выглядвалі ў калідор, але, паколькі ішлі заняткі, усюды было ціха. Нехта з дзяўчат спусціўся ўніз, у вестыбюль, каб глянуць, мо Туркоў там і яму кепска. Тады трэба клікаць «хуткую дапамогу».
Высветлілася праз хвіліну-другую. Дзяўчына — а гэта была Каця Плужына — прачытала ўголас пісульку, якую сарвала з дошкі аб’яў.
Добра ладзіцца ў Туркова —
Пыкнуў-мыкнуў — верш гатовы.
Ён іх столькі напячэ,
На плячах не ўвалачэ.
Многія засмяяліся, а Рыгор асадзіў насмешнікаў:
— Хай бы гэты вумнік сам паспрабаваў што-небудзь спячы. Выскаляцца лягчэй лёгкага. Туркоў як умее, так і піша. Часам горш, часам лепш. Але з яго будзе толк. А ў таго, хто гэткую брыдоту павесіў, ніколі нічога людскага не атрымаецца.