— Гэта ты мне?! — здзівілася яна. — Чым жа я заслужыла? А што там? — яна кіўнула на пакунак.
— Разгарні, пабачыш.
Гэта быў мяккі пуховы шалік, і Лілька, накінуўшы яго на шыю, ажно праслязілася.
— Чым жа я аддзячу табе? Хіба, можа, увосень, як заколем свайго кабана. Пасля і кілбасы будуць, і кумпяка засолім. Прыедзеш, то не пакрыўдзім.
— Калі яшчэ гэта будзе, — сказаў Коля. — Ты вось што, дай хоць трохі хлопцам з таго, што прынесла ад Куліны.
— Не-не-не, — рашуча запратэставаў Вадзім. — Мы ходзім у сталоўку, нам даюць стыпендыю, нават там-сям ганарар адхопім. Рыгор часта друкуе свае вершы, яны гучалі і па радыё.
— Божачка, дык, можа, яго сцішкі я слухала і ажно качалася ад смеху. Як жа яго называлі?..
— Мо Сініца? — падказаў Вадзім.
— Во-во, Сініца, дальбог жа Сініца. А я яшчэ думала, што за чалавек птушыным імем назваўся. Дак гэта ён?!
— Ён, ён. Мы разам жывём у адным пакоі.
Калі зайшоў Рыгор, Лілька зусім іншымі вачыма глянула на яго.
— Першы раз бачу паэта. Во сказаць бабам, то з усёй вёскі прымчаліся б, дальбог. Жывы паэт у нашай хаце. То, можа, і кніжка свая ё?
Рыгор нядобра зіркнуў на сябра, сказаў:
— Во, пакуль мяне не было, паспеў ужо растрызвоніць. А пра сябе дык маўчыць. А сам жа вершы піша, і, што яшчэ мудрэй, гумарэскі і апавяданні.
— Ён з дзяцінства пісаў нешта сабе ў блакнот, але нікому не паказваў, — сказаў Коля. — А цяпер глядзі ты!
Рыгор паабяцаў, як будзе кніжка, абавязкова падараваць ім. Яны апрануліся.
— То вы ж будзеце начаваць? — папытала Лілька. — У нас хапае месц. І пасцелі ё.
— Там паглядзім, — Вадзім яшчэ не ведаў, ці стрэне Люсю. У суботу, тым больш падвечар, яна наўрад ці сядзіць дома. Мо памчалася куды ў кіно альбо да сябровак? Аднак, не пагаварыўшы з ёй, не павініўшыся, што не прыйшоў на спатканне, у Мінск ён не паедзе.
Дзе жыла Люсіна мама, ён добра ведаў, аднак у хату да іх ісці саромеўся. Ды, можа, дзяўчына і не хоча, каб мама ведала пра іхнія спатканні. Тады як жа перадаць ёй, каб прыйшла да кінатэатра альбо клуба. Ён напісаў пісульку і цяпер гадаў, як і кім перадаць ёй. У першага стрэчнага падшыванца папытаў, ці ведае ён Люсю Міронаву. Той шмаргануў носам і задаў стрэчнае пытанне:
— А вы хто? Можа, жаніх яе? — ён хітранька хіхікнуў.
— Ну, многа будзеш ведаць, хутка дзядком станеш. Вот табе жменя цукерак, — з партфеля ён выняў невялікі кулёк і перадаў малому. — А гэта — паперка. Забяжы да іх у хату і перадай у рукі самой Люсі. Зразумеў?
— Панятна, але не пайду. Яна ў Мінск паехала і зараз павінна ісці з поезда.
Малы не ашукаў. Праз якога паўкіламетра, яшчэ не дайшлі да Радава,
Вадзім згледзеў дзяўчыну, якая і па паходцы, і па паставе нагадвала Люсю. Гэта і праўда была яна. Яшчэ здаля і яна пазнала Вадзіма.
— Ці не ў сваты вы куды хадзілі? — павітаўшыся, гарэзна спытала дзяўчына, з ног да галавы аглядаючы абодвух.
— Мой сябра Рыгор, — бачачы, што Люся затрымала на ім увагу, сказаў Вадзім. — Хлопцу жаніцца самы раз, вось і гойсаем туды-сюды, выглядваем красуню.
— Ну і што, стрэлі такую?
— Ага, і не адну, але ён ад усіх нос варочае. Падай яму і багатую, і разумніцу, і прыгажосці незямной. Пераборлівы кавалер.
— А ты ў якасці свата? — падтрымлівала гульню дзяўчына.
— Гэты сват і сам рад, — Рыгор з цікавасцю разглядаў Люсю, параўноўваючы яе са сваёй чарняўкай. У думках аблаяў сябрука, што такую дзяўчыну, якая хінецца да яго, выпускае з рук. Даўно ўжо трэба было прыехаць і павініцца.