Мінулі ашчадную касу і неўзабаве апынуліся ў Жорнаўцы.
— То дзе твая хата? — не цярпелася Рыгору. — Намуляў пятку, то паглядзець бы.
— Пацярпі, браце, ужо недалёка. Мінём роў, падымемся на горачку і за паўкіламетра будзе мая дамоўка. Цікава, як яны там, Коля і Лілька? Коля дык прыязджаў у Г алаброды, а Лілька не ведае нават, у якім яны баку.
У хаце нікога не было, але гаспадары, відаць, недалёка адышліся, бо з клямкі тырчаў бярозавы дубчык. Яны патапталіся па двары, чакаючы. Вадзім уважліва ўглядаўся ў вокны, падышоў да склепа, з якога ў іх некалі скралі бульбу, пасля згледзеў бярозу, што за тры гады значна раздалася ўшыркі і выцягнулася ўверх вышэй за слуп з правадамі.
— Ах ты, мая прыгажуня, — не мог стрымаць свайго захаплення Вадзім. — Я ж цябе пасадзіў во такусенькую, — ён адмераў ад зямлі з метр-паўтара.
Ён абняў яе, як закаханы сваю дзяўчыну, прытуліўся тварам да халоднага шурпатага дрэва.
— Ты мяне прыемна здзіўляеш, — азваўся, назіраючы за ўсім, Рыгор. — Адкрываешся тым бокам, якога я не ведаў. Дарэмна ты, браце, кінуў пісаць вершы.
— Не, што было, тое канула ў Лету. Гэта хвілінная слабасць. Каюся.
Першы прыйшоў Коля. Ён вельмі абрадаваўся, убачыўшы брата, прытым
такога па-святочнаму фарсістага: тонкага сукна цёмна-сіні палітон, пад колер яму і штаны, на галаве — светлы фетравы капялюш. Яны моцна абняліся. Коля нават слязу пусціў. Пасля, павярнуўшыся да братавага напарніка, папытаў:
— Разам, відаць, ехалі? Ці стары сябрук з Радава?
Вадзім пазнаёміў з Рыгорам.
— Ды не, ён з-пад Стаўбуноў. Разам кукуем зараз у інтэрнаце, разам вучымся.
— Дык ты паступіў некуды? А нічога ж не пісаў і не прыязджаў, як усё роўна дарогу сюды, на радзіму сваю, забыў.
— Прыехаў жа, бачыш, а дома пуста. Хацелі ўжо назад паварочваць аглоблі.
— Не пуста, не пуста, — як бы трохі пакрыўдзіўся Коля. — Пуста, калі няма чаркі і скваркі. А гэта мы ўсё знойдзем. Пайшлі ў дом. Зараз Лільку паклічу. Куліне памагалі кабана закалоць, саўсім нямоглая стала. Ходзіць па двары, перасоўвае перад сабой табурэтку.
Коля пайшоў, а хлопцы, распрануўшыся, хоць у хаце было не вельмі цёпла, разглядвалі Лільчыны вышыванкі пад шклом на сцяне і рассцеленыя на канапе саматканыя паласатыя ходнікі — яе пасаг, калі выходзіла замуж.
— А ў тваёй братавай нядрэнны густ, — сказаў Рыгор. — Як шкода, што таленты народныя нікога не цікавяць. Была б мая воля, то я размясціў бы іх у рамках на сценах любога палаца, нават сталічнага.
Вадзіму было прыемна, што сябра хваліць Лільчына ўмельства, але недзе і варухнуўся чарвячок вінаватасці перад братавай, што гэтак па-свінску ўцёк ад іх, а ў пісульцы да Колі нават не ўспомніў пра яе. Хай не ўсё ў іх было гладка, але яна неяк па-свойму шкадавала яго. Занятыя разглядваннем фотакартак на сцяне, яны і не прыкмецілі, як паўз вокны мільгнулі дзве постаці. Пачулі толькі тупат у сенцах і бразганне клямкі. Лілька першая заглянула ў пярэдні пакой. Засаромелася, убачыўшы незнаёмага юнака.
— Вой, а я ж думала, ты адзін. Коля нічога не сказаў. А так бы адразу пераапранулася ў што лепшае.
Больш за тры гады Вадзім не бачыў братавую і адзначыў, што яна ані не змянілася. Гэткая ж чырванашчокая, рухавая, гэткая ж увішная. Адразу відаць было, што ў хуткім часе іхняя сям’я папоўніцца. Коля, калі быў апошні раз у сястры і гушкаў на каленях Анютку, неяк няўзнак выказаў шкадаванне, што ім Бог не дае такога шчасця. Верка тады сказала, што ў яго ўсё яшчэ наперадзе, што паспеюць нацешыцца дзецьмі.
— Ну, то вы пачакайце трохі. Коля зараз падыдзе.
Папрасіўшы прабачэння, Лілька падалася на кухню. Хутка там ужо гарэў керагаз, сквірчэла на патэльні смажаніна. Пах мяса казытаў ноздры, прымушаў глытаць слінкі.
Абедалі ў зале, хоць хлопцы казалі, што не вялікія паны, можна было б і на кухні падсілкавацца. Але і Коля, і Лілька рашуча запратэставалі. Коля паставіў на стол пляшку рускай горкай, наліў у гранёныя шклянкі амаль па поўнай. Вадзім адсунуў сваю шклянку.
— Ад гэткай конскай дозы я і пад стол звалюся.
Рыгор таксама сказаў, што гэтулькі і за месяц не вып’е.
— Го, пад свежынку пойдзе, ды яшчэ як. Мала нават будзе, — настойваў на сваім Коля.
Лілька з дакорам глянула на яго. Усё ж выпілі, хай і не да канца, бо няўсцерп было больш трываць, гледзячы на ружовыя кавалкі свініны, пячонку, на салёныя гурочкі і квашаную капусту. У асобнай місе зыходзіла парай толькі што вынятая з печы бульбяная крышанка з бручкай, часнаком і цыбуляй.
— Малака шкада няма, — пабедавала Лілька. — Гэты раз наша карова падводзіць, ніяк не можа ацяліцца. А так бульба з малачком, салодкім ці кіслым, у смак пайшла б.
Неўпрыкмет, як хлопцы не аднекваліся, выпілі да донца, нават нікуды не адліваючы. Падняўшыся і падзякаваўшы за пачастунак, Рыгор пайшоў аглядзець пятку. Вадзім з карычневага партфеля, які купіў сабе з ганарара, выняў каробку дарагіх цукерак і пакунак, аддаў Лільцы.