Спыніліся і паляўнічыя, не ведаючы, што рабіць.
Толькі бацька Рана не спыніў пагоні, ён ведаў — калі заваліць Галоўнага зубра, тады статак разгубіцца і пад крыкі паляўнічых пабяжыць да абрыву.
Наблізіўшыся да галавы Галоўнага зубра, бацька Рана з усяе сілы кінуў дзіду ў магутнае тулава. Ён цэліў трапіць дзідаю пад пярэднюю лапатку, туды, дзе пульсавала вялікае сэрца, ганяючы кроў па тулаве звера. Магчыма, бацька Рана і параніў бы моцна зубра, ды той у апошняе імгненне апусціў уніз галаву са злямчанай сівой барадою і магутным чэрапам захаваў сабе жыццё. Крэмень дзіды трапіў не ў тулава, а між рагоў, у тоўстую моцную костку. Слізгануўшы па ёй, не нарабіўшы зубру асаблівай шкоды, дзіда зламалася і ўпала на зямлю, дзе ляжалі белыя мятлікі.
Бацька Рана застаўся адзін на адзін з раз’ятраным Галоўным зубрам. Усе паляўнічыя ведаюць, што няма ў лесе больш страшнага звера, чым паранены зубр. Мыкнуўшы, успароўшы пярэднімі нагамі белых мятлікаў, Галоўны зубр кінуўся на бацьку Рана.
У апошняе імгненне бацька Рана не разгубіўся, схаваўся за бліжэйшую маладую танкастволую елку. Раз’ятраны зубр, падчапіўшы рагамі елку, з карэннем вырваў яе з падмерзлай зямлі і разам з бацькам Рана перакінуў цераз спіну. Затым звер, не азірнуўшыся на скалечанае цела чалавека, тут жа панёсся на астатніх паляўнічых. Следам за Галоўным зубрам з грукатам, аж дрыжала скалелая зямля, кінуўся ўвесь статак.
Паляўнічыя пачалі хавацца за тоўстымі камлістымі дрэвамі, і толькі гэта іх уратавала.
Праз імгненне, калі яны апамяталіся, зубры ўжо зніклі, пакінуўшы пасля сябе белы дым ад мятлікаў. Людзі падбеглі да бацькі Рана. Туды ж, да нерухомага бацькі, падбег і Ран. Угледзеўшы акрываўленыя рэбры, белыя косткі, што выторкваліся з чырвонага мяса, Ран закамянеў і нічога не мог сказаць. Нерухомымі вачыма ён глядзеў на бацьку. Рану стала чагосьці боязна, — так боязна, як яму ніколі яшчэ не было. Рукі і ногі, усё цела прабіралі дрыжыкі. Толькі што, зусім нядаўна, бацька быў побач, мог крычаць і сварыцца на яго, свайго сына, і вось цяпер ён нерухомы...
Вопытны Рун, адразу ж усё зразумеўшы, нахіліўся да галавы бацькі Рана, каб пачуць ягоныя словы.
І ён пачуў:
— Рун, мы з табою разам вучыліся ў Пры плаваць, разам палявалі на звера, у адно лета мы сустрэлі сваіх жонак, у адно лета ў нас паявіліся дзеці. Цяпер, калі я пакідаю гэты свет, прашу цябе — памажы Рану стаць сапраўдным паляўнічым, глядзі, каб яго не крыўдзілі старыя паляўнічыя. Бо несправядлівая крыўда калечыць чалавека болей за ўсё, і, калі боль ад несправядлівых удараў паляўнічых забудзецца, то крыўда ад несправядлівасці застаецца на ўсё жыццё, скалечаным тады становіцца чалавек, сам таго не разумеючы. Прашу цябе, як старэйшыну роду, якому дадзена ўлада — як ні цяжка табе будзе, але не крыўдзі нявінных: ні Рана, ні іншых людзей... Запамятай, Рун, кроў і слёзы нявінных заўсягды адпомсцяць за сябе...
— Абяцаю табе — ён будзе сапраўдным паляўнічым, — прашаптаў Рун. — Я запомню твае словы...
Тады бацька Рана, уцягнуўшы ў апошні раз халаднаватае, настоенае на жыцці паветра, назусім заплюшчыў вочы.
Пахавалі яго на высокім абрывістым беразе Пры, адкуль далёка ўсё бачылася, — і гнуткая шырокая спіна ракі, прыхаваная з берагоў кустамі і дрэвамі, пакрытая зверху льдамі і белым і мятлікамі, і бялюткія ад мятлікаў зарэчныя ціхія лугі, і далёкія, у палец, палоскі блакітных лясоў, якія сутыкаліся з шэрым захмараным небам, дзе вісела чырвонае халоднае Сонца.
У магілу, выкапаную крэмневымі скрабкамі, палажылі ўсё неабходнае, каб Там бацька Рана мог жыць: дзіду, каменную сякеру, крэмневыя скрабкі і нават невялічкі кубачак з бяросты — для таго, каб ён змог напіцца з падземных гаючых водаў Пры. Затым у зямлю асцярожна палажылі бацьку Рана, — укрылі яго скураю аленя, бо Там было холадна.
І хоць сын ведаў, што калісьці сустрэне бацьку, але дзіўна: у апошні міг, калі паляўнічыя пачалі закідваць яго цела мерзлай зямлёю, Ран нечакана для сябе заплакаў. Дагэтуль ён ні разу не плакаў. Пачуццё страты было такім моцным, што ў яго задрыжалі вусны. І тут жа першыя ў жыцці пачуцці адзіноты і безабароннасці апяклі яго. Дагэтуль, калі бацька быў жывы, Ран адчуваў, што ў любы міг, і днём і ноччу, ён схаваны ад усялякіх бед і непрыемнасцей, бо ў яго ёсць БАЦЬКА, які самы дужэйшы, які ўсё ведае і ўсё ўмее. Ён, БАЦЬКА, быў як тая нябачная сцяна, за якой Рану было спакойна і лёгка жыць. І вось цяпер тая нябачная сцяна абвалілася, і сын разгубіўся перад тым, што яму адкрылася, бо цяпер усё, што ён бачыў, чуў, успрымалася іначай...
Ран ведаў, што паляўнічыя не плачуць, не павінны плакаць, ды не мог стрымаць слёз.
Да яго тады падышоў Рун, палажыў цяжкую руку на галаву і сказаў:
— Не трэба, не трэба... Твой бацька ўсё бачыць і чуе. Ён цябе будзе апекаваць. Свой дух адважнага паляўнічага ён перадасць табе. Перадасць і сваю сілу.
Вось і ўсё...
Колькі разоў, калі ніхто не бачыў, прыбягаў Ран на высокі бераг Пры. Там ён садзіўся ля курганка зямлі і пачынаў шаптаць:
— Ты бачыш, як магутная Пры лёгка разрывае белыя ільды і разносіць іх па заліўных лугах? Ты бачыш, як чародамі вяртаюцца птушкі з далёкіх вандровак, — лапатлівыя качкі, гагатлівыя гусі, як журавы нясуць нам свае курлыканні, як белыя буслы доўга-доўга, не махаючы крыламі, кружаць у высокім блакіце, выглядаючы месцы для гнёздаў? Ты чуеш, як соладка пахнуць першыя пралескі, як соладка пахнуць бэз і чаромха, як соладка пахне ўсё на зямлі: і лісце на дрэвах, і травы, і кветкі, над якімі з дзумканнем лётаюць пчолкі, як чароўным пахам поўніцца лес, што звініць ад птушыных спеваў, у якім чуецца рытмічнае чамусьці балючае сэрцу ку-ку, ку-ку... Ты чуеш усё гэта? Ты бачыш?..
І тады, калі Ран шаптаў, ён адчуваў, што бацька і сапраўды ўсё бачыць і чуе, ён, бацька, пачуўшы сынаў шэпт, тут жа пачынаў перадаваць яму свой дух, сваю смеласць... І палёгкаю поўніўся Ран, калі з прасветленымі вачыма пакідаў высокі бераг ракі.
Цяпер жа, калі Ран злавіў сома, упэўніўся — бацька не пакінуў яго, перадаў яму свой дух адважнага паляўнічага, і з гэтага часу ён зусім іншымі вачыма глядзеў на людзей, на таго ж Сына мядзведзя. Цяпер Ран нікога не баяўся.
Нечаканая здабыча маладых паляўнічых абрадавала род. Не трэба было ісці на паляванне, людзі заняліся іншым.
Захавальніца агню Вая павінна была асцярожна перанесці агонь з будана ў тое заглыбленне ў цэнтры стаянкі, дзе было выкладзена каменне і дзе звычайна смажылася мяса вялікага звера. Паклаўшы на чорнае каменне белы высахлы мох, ігліцу, галіны, Вая прынесла з будана на палцы агонь і тут жа пачала прыкормліваць яго. Для таго, каб агонь пачаў хутчэй есці новую ежу, Вая, нагнуўшыся да камення, перадавала агню свой дух — лёгенька дзьмухала і дзьмухала на яго.
Нарэшце язычок полымя перабег на мох, ухапіўся за сухую ігліцу і тады ўжо Вая пачала падсоўваць агню большыя палкі і галіны.
Жанчыны пайшлі ў лес збіраць травы і дубовае лісце. Знайшоўся занятак і дзецям — пабеглі па вялікія палкі.
Урачыста сома аблажылі травою, крапівою, лістамі маліны, шчаўем — усім, што звычайна елі і што магло напоўніць сома смакатою. Нават грыбы паклалі людзі ў траву.
Цяпер, калі перад вачыма людзей ляжала вялікая рыбіна, здаецца, яны зусім забыліся пра голад, нават пра паляванне на мядзведзя забыліся. Усе, здаецца, толькі тым і былі занятыя, што пазіралі на кемлівых адважных рыбакоў. Між людзей, павільваючы хвастом, круціўся ваўчок, ведаючы, што хутка і яму перападзе спажыва. І нават шэры кот, унюхаўшы пах рыбы, раз за разам мільгаў у кустах. Праўда, да людзей пакуль не падыходзіў, але далёка ад стаянкі таксама не адбрыдаў. Тут яму заўсёды штосьці перападала: тут бегалі вёрткія мышы, тут у пяску, калі нікога не было, купаліся шумныя дурнаватыя вераб’і, ды і пасля яды людзі спецыяльна штосьці пакідалі для ката. З лесу на бліжэйшую ад стаянкі сасну шухнула трашчотка-сарока. Звесіўшы ўніз дзюбастую галаву, круцячы ёю, то адным, то другім вокам пазіраючы на сома, яна дзелавіта распытвала ў людзей, дзе ж яны знайшлі такую смачную спажыву: «Чачэ-чачэ... Чачэ-чачэ...»
Так атрымалася, што побач з Ранам была пачырванелая, нечым узбуджаная Мая. Знарок ці незнарок, хто ведае, але яе рука дакраналася да яго рукі. Тады Ран уздрыгваў, як ад агню, і гэтаксама чырванеў.