Якраз такім раннем Ран неяк і пачуў, як у завадзі нешта гучна бабухнула: ба-бух, ба-бух... І тут жа ён убачыў — штосьці чорнае і доўгае пялёхнулася ў вадзе і знікла. Затаіўшыся ў траве, Ран узіраўся ў тое месца, дзе толькі што хтосьці гучна бабахнуў. Напачатку падумалася, што гэта бабёр сваім пляскатым хвастом нарабіў гэтулькі шуму. Але бабёр глыбокія вірыстыя завадзі не любіў, звычайна ён сяліўся ў ціхіх лясістых рэчках і затоках, дзе вострымі зубамі пілаваў дрэвы для сваіх хацін. Біць хвастом магла выдра, але гнуткая выдра залішне разумная і асцярожная, каб лішні раз палохаць рыбу. Мабыць, то быў шчупак. Вялізны агромністы шчупак, які ганяўся за плоткаю. Так думалася Рану, калі збіраўся адыходзіць ад берага.
І тут, азірнуўшыся напаследак на пясчаную водмель, Ран закамянеў — з глыбокай завадзі паволі высоўвалася нешта агромністае і доўгае, як камлісты абломак дрэва. Гэта быў той, які нядаўна бабахаў па вадзе хвастом, аглушаючы сонную рыбу.
Колькі разоў пасля гэтага Ран, Му і Галу прыходзілі раніцай да берага Пры. Затаіўшыся ў траве, трымаючы ў руках рыбацкія дзіды, яны глядзелі, як з чорнай бяздоннай завадзі на водмель высоўваецца тоўсты галавасты сом. Ля рота ў яго меліся доўгія гнуткія вусы, якімі ён вадзіў па пяску, у яго была шырачэнная пляскатая галава і гэткая ж шырачэнная пашча з вострымі зубамі, тлустае чорнае тулава і вузкі, як у гадзюкі, гнуткі хвост. Там, у вадзе, сом адчуваў сябе гэтак жа вольна, як адчуваў сябе зубр у навакольных лясах.
Але як толькі сябры падпаўзалі бліжэй да вады, сом тут жа адплываў ад берага, — ляніва і павольна, быццам бы дражнячыся.
Кідаць здаля дзідаю ў сома было няварта. Нават калі б яны і патрапілі ёю ў рыбіну, то сом лёгка пацягнуў бы дзіду ў завадзь, і тады старэйшына роду сарамаціў бы прылюдна іх, няўмелых рыбакоў, за страчаны крэмень. І ўвесь род, гледзячы на іх, пасміхаўся б. І, самае балючае, пасміхалася б Мая.
Мінулым вечарам, калі Ран глядзеў у вочы Таму ўсемагутнаму, які жыў наверсе, ён прасіў парады, як злавіць сома. Ран шаптаў:
— Усемагутны, дазволь мне злавіць сома. Калі я злаўлю сома, род будзе паважаць мяне, як сапраўднага паляўнічага. Мяне будзе паважаць Мая. Я не ведаю, як злавіць сома. Бо ён, сом, усё бачыць і чуе, хоць і жыве ў іншым свеце. Усемагутны, падкажы мне, як злавіць сома...
І — дзіва! — Той усемагутны моўчкі падказаў Рану, як злавіць сома. Побач з водмеллю на беразе Пры расла тоўстая старая вярба са звешаным да вады веццем. Пад гэтым веццем у спёку хавалася рыба. Тут па вадзе заўсёды шнырылі групкамі хуткія вадамеркі. Сваім цячэннем Пры падмывала карані вярбы, і таму яна была нахіленай якраз у тым месцы, дзе заканчвалася завадзь і пачыналася водмель.
Паверхня ракі, укрытая туманам, была роўнай і ціхай, але Ран ведаў, што пад паверхняю моцнае цячэнне запраста зносіць як чалавека, так і звера. Людзі гэта добра ведалі і таму, калі дзеці выпраўляліся да Пры вучыцца плаваць, з імі звычайна ішоў стары вопытны паляўнічы, бо не раз здаралася, што нехта з дзяцей незваротна знікаў...
Лёгка і хутка, бы кот, Ран ускараскаўся на пахіленую вярбу. Трымаючы ў руцэ дзіду, ён вострым крэменем накіраваў яе ў бок водмелі. Затым рукою паказаў сябрам, каб тыя схаваліся ў траве.
Усе закамянелі ў чаканні. Паволі на палаючым небасхіле паказаўся агромністы малінавы дыск. Ён яшчэ не наліваўся беллю і таму на яго можна было глядзець. І тут жа дружна зацвілінькалі дагэтуль нябачныя птушкі. Першыя берагавыя ластаўкі выпырхнулі са сваіх глыбокіх нораў, у якіх здаля чулася птушынае слабае папіскванне. Ластаўкі імклівымі дзідамі насіліся над вадою ля самай вярбы, не зважаючы на застылага Рана.
Нямела рука, але паварушыць ёю ён не мог. Здавалася, што Ран быў зліты з вярбою, і моцная дзіда з крэмневым наканечнікам была як звешаная да вады высахлая галіна.
Туман рассейваўся, цяпер ён толькі легкім дымком забельваў ціхую ваду, на паверхні якой то там, то сям разыходзіліся кругі. Пачынала гуляць рыба. Тыцкаліся знізу ў паверхню вады чародкі далікатных лёгкіх плотак. Гэткімі ж чародкамі ля берага, дзе быў аер і чарот, плавалі калючыя настырныя акуні, якія ганяліся за малькамі, — час ад часу тыя малькі з шуханнем, падымаючы хвалі, ратаваліся ці то ад акунёў, ці то ад шчупакоў. Гусцера і яльцы лавілі на паверхні ўсялякую жыўнасць: мух, жукоў, мятлікаў. Плоскія вялікія ляшчы таксама выплывалі да паверхні, каб зірнуць на гэты чужы і загадкавы для іх свет, а затым, пакрасаваўшыся, бліснуўшы на сонцы белай лускою, зноўку вярнуцца ўніз да сваіх цёмных багністых уладанняў, дзе, пускаючы бурбалкі, маглі шукаць корм.
Калі зусім дранцвела рука, якой Ран трымаў дзіду, калі яму здавалася, што сом неяк уведаў пра ягоны намер і сёння перадумаў выплываць на водмель, тады Ран зноў і зноў прасіў:
— Усемагутны, дазволь мне злавіць сома. І ты, магутная Пры, адпусці сома на водмель. Няхай ён выплыве на водмель, дзе пагрэецца на цёплым пяску, бо тут ён можа знайсці вялікага смачнага вужа, чорнага ўюна, п’яўку ці тую ж недарэку жабу. Выплыві, выплыві з завадзі, сом! Дай мне яшчэ раз зірнуць на цябе. Няўжо ты, сом, баішся мяне?..
І яны дазволілі, адпусцілі сома...
Вялізнай чорнай карчавежынай высунулася з бяздоннай завадзі шырачэнная пляскатая галава, наперадзе якой варушыліся і варушыліся доўгія вусы. Услед за галавою паказалася тулава, злітае з галавою. Яно было такім доўгім, што, здавалася, яму і канца не будзе...
Трэба было не спяшацца. Але і не спазняцца. На вялікай глыбіні Ран не даставаў дзідаю сома. Але і на водмелі, калі сом аддаляўся ад пахіленай вярбы, дзіда таксама не даставала рыбіну. Цэліць дзідаю ў яе пляскатую галаву Ран баяўся — дзіда магла саслізнуць з моцнай косткі. Трэба было біць толькі ў адно месца — туды, дзе заканчвалася тулава і пачыналіся жабры.
Штосілы Ран кінуў дзіду ў ваду. Разам з дрэўкам дзіды ён таксама кінуўся ўніз, — гэтак некалі кінулася на Ваю рысь, якая доўга нерухома сядзела над сцежкаю, высочваючы сваю ахвяру.
Дзіда тарганулася і застыла. Яе ўдар быў такі магутны, што крэменем наскрозь працяла сома і яе завостраны канец увайшоў у пясчаную водмель.
Толькі гэта Рана і ўратавала. Калі б ён не здолеў працяць наскрозь сома, то рыбіна лёгка пацягнула б дзіду, а заадно і Рана ў свае ўладанні — у бяздонную цёмную завадзь.
— Ааа-ааа! — закрычаў узбуджаны Ран. Ягонае цела трэслася, як падчас хваробы. Калі б цяпер сом здолеў вырваць з пяску крэмень дзіды і пацягнуў бы яе ў завадзь, то і Ран, не выпускаючы з рук дрэўка, кінуўся б туды, дзе не было чым дыхаць, дзе жылі вялікія і малыя рыбы. Нішто цяпер не магло раз’яднаць Рана і сома.
На крык Рана імгненна выскачылі з травы сябры. Вёрткі невысокі Му кінуўся яму дапамагаць — да дрэўка дзіды. Му разумеў, што цяпер самае важнае — не выпусціць з дзіды сома. Высокі Г алу, заскочыўшы ў ваду, нават разгубіўся, угледзеўшы шырачэзную пашчу, якая пакручвалася перад ягонымі нагамі. А мо яго напалохалі вялізныя круглыя мутнаватыя вочы, якіх Галу ніколі не бачыў?
— Хапайце яго за вусы ці за жабры. Іначай мы яго не выцягнем, — зноўку закрычаў Ран.
Вады на водмелі было па плечы. Ля ног адчувалася магутнае хуткае цячэнне, якое вымывала і вымывала з-пад ног белы пясок. Трое рыбакоў і сом круціліся на водмелі, падымаючы пырскі, з шумам каламуцячы ваду. У любы міг сом мог саслізнуць з дзіды ці пацягнуць рыбакоў уніз па цячэнні, дзе была невымерная глыбіня. Му і Галу нарэшце ўхапілі рыбіну за жабры, але, пляснуўшы хвастом па вадзе, сом тут жа вылузнуўся з рук і толькі магутная дзіда стрымала яго — Ран чуў рытмічнае торганне дзіды ўнізе, дзе быў крэмень. І боязна было — а раптам дзіда зломіцца?..
Урэшце Му і Галу аберуч добра ўчапіліся ў рыбіны жабры, і тады ўжо, аслабіўшы дзіду, рыбакі павалаклі бярвеністага сома да берага.
Дзіўна, гаспадар глыбіняў пакуль надта і не трывожыўся. Але Ран ведаў: калі сом захоча, дык адным ударам моцнага хваста зваліць з ног любога з іх, таму трэба трымацца як мага бліжэй да пляскатай галавы. Але і там было не весялей — шырачэзная пашча з белымі вострымі зубамі ўвесь час пакручвалася ва ўсе бакі.
Не выцягваючы з цела дзіды, трымаючы сома за жабры, сябры вывалаклі яго на белы пясок. І толькі цяпер, на пясчаным беразе, рыбіна, мабыць, адчула, што трапляе ў чужы нямілы і жахлівы свет. Яна нечакана і рэзка выгнулася і ўдарам хваста зваліла Рана на пясок. Сом, можа, і валюхнуўся б у ваду, ды моцная дзіда ўсё яшчэ ўтрымлівала яго на беразе. Ран ускочыў на ногі, не адчуваючы болю.
Рыбакі штосілы валаклі цяжкога сома па пяску, — хутчэй, хутчэй і як мага далей ад Пры, блізкасць якой сом, як і ўсякая рыбіна, адчуваў падсвядомым чуццём і да якой жадаў дабрацца.
Рыбакоў калаціла. Трэсліся рукі. Трэсліся ногі.